РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА СТАРЫЯ ПРАРОЦТВЫ
        
МАНАЛОГ ПРА СТАРЫЯ ПРАРОЦТВЫ

        
        "Мая дзяўчынка... Яна не такая, як усе... От яна падрасце і яна спытаецца ў мяне: "Чаму я не такая?"
        Як яна нарадзілася... Гэта было не дзіцятка, а жывы мяшэчак, зашыты з усіх бакоў, ніводнай шчылінкі, толькі вочкі расплюснуты. У медыцынскай картачцы запісана: "дзяўчынка, народжаная з множнай комплекснай паталогіяй: аплазія ануса, аплазія похвы, аплазія левай ныркі"... Гэтак гучыць яно на навуковай мове, а на звычайнай: ні піскі, ні попкі, адна нырка... Я несла яе на другі дзень на аперацыю, на другі дзянёк яе жыцця... Яна расплюшчыла вочкі, быццам і ўсміхнулася, а я спачатку падумала, што хоча заплакаць... О, госпадзі, яна мне ўсміхнулася! Такія, як яна, не жывуць, такія адразу паміраюць. Яна не памёрла, бо я яе люблю. За чатыры гады – чатыры аперацыі. Гэта адзінае дзіця ў Беларусі, якое выжыла з такой комплекснай паталогіяй. Я яе вельмі люблю. (Маўчыць.) Я нікога больш не змагу радзіць. Не рашуся. Вярнулася з раддома: муж пацалуе ўначы, я ўся дрыжу – нам нельга... Грэх... Страх... Чула, як урачы між сабою гаварылі: "Дзяўчынка не ў сарочцы нарадзілася, а ў панцыры. Паказаць па тэлевізары, ніводная маці не раджала б". Гэта яны пра нашу дзяўчынку... Як нам пасля гэтага з любошчамі тымі?!
        Хадзіла ў царкву. Распавяла бацюшку. Ён кажа, што трэба адмольваць свае грахі. Але ў нашым родзе ніхто нікога не забіў...
        У чым я вінаватая? Спачатку наш пасёлак хацелі эвакуіраваць, а пасля выкраслілі са спісу: не хапіла ў дзяржавы грошай. А я ў гэты час пакахала. Выйшла замуж. Я не ведала, што нам тут няможна кахацца... Шмат гадоў назад мая бабуля чытала ў Бібліі, што надыдзе на зямлі час, калі ўсяго будзе ў дастатку, усё будзе цвісці і пладаносіць, у рэках стане поўна рыбы, у лясах звера, але пакарыстацца гэтым чалавек не зможа. Ён не зможа і нарадзіць на сябе падобнага, прадоўжыць несмяротнасць. Я слухала старыя прароцтвы, як жахлівую казку. Не верыла. Раскажыце ўсім пра маю дзяўчынку. Напішыце. У чатыры гады яна спявае, танцуе, чытае на памяць вершыкі. У яе нармальнае разумовае развіццё, яна нічым не адрозніваецца ад іншых дзяцей, у яе толькі іншыя гульні. Яна не гуляе "ў краму", "у школу", яна гуляе з лялькамі "ў бальніцу": робіць ім уколы, ставіць градуснік, прызначае кропельніцу, лялька памірае, – пакрывае яе белай прасціною. Чатыры гады мы з ёй жывём у бальніцы, яе нельга пакінуць там адну, і яна не ведае, што жыць трэба дома. Калі забіраю яе на месяц-два дадому, пытаецца: "А мы хутка вернемся ў бальніцу?" Там у яе сябры, яны там жывуць, растуць. Ёй зрабілі попку... Фармуюць похву... Пасля апошняй аперацыі цалкам спынілася мочаспусканне, катэтар уставіць не ўдалося – трэба яшчэ некалькі аперацый. Але далей раяць аперыравацца за мяжою. А дзе нам узяць дзесяткі тысяч долараў, калі муж атрымлівае сто дваццаць долараў у месяц? Адзін прафесар па сакрэце параіў: "З такой паталогіяй ваша дзіця ўяўляе вялікую цікавасць для навукі. Пішыце ў замежныя клінікі. Іх павінна гэта зацікавіць". I я пішу... (Стараецца не заплакаць.) Я пішу, што кожнае паўгадзіны трэба выціскаць мачу рукамі, мача выходзіць праз кропкавыя адтуліны ў вобласці похвы. Калі гэтага не рабіць, адмовіць адзіная нырка. Дзе яшчэ ў свеце ёсць дзіця, якому кожнае паўгадзіны трэба выціскаць мачу рукамі? I колькі гэта можна вытрываць? Ніхто не ведае ўздзеяння малых доз радыяцыі на чалавека, на дзіцячы арганізм. Вазьміце маю дзяўчынку, хай для вопытаў... Я не хачу, каб яна памёрла... Я згодная, каб мая дзяўчынка стала паддоследнай жабкай, паддоследным трусікам, толькі б яна выжыла. (Плача.) Дзесяткі лістоў напісала... О, Госпадзі!
        Пакуль што яна не разумее, але калі-небудзь спытаецца ў нас: чаму яна не такая, як усе? Чаму яе не зможа пакахаць мужчына? Чаму ёй нельга нарадзіць дзіцятка? Чаму ў яе ніколі не будзе таго, што адбываецца ў матылька... у птушкі... Ува ўсіх, але толькі не ў яе... Я хацела... Я павінна была даказаць... Каб... Я хацела атрымаць дакументы... Каб яна вырасла і даведалася: гэта не мы з мужам вінаватыя... Не наша каханне... (Зноў стараецца не заплакаць.) Чатыры гады ваявала... З урачамі, з чыноўнікамі.. .Стукалася ў высокія кабінеты...Толькі праз чатыры гады мне выдалі медыцынскую даведку, якая пацвярджае сувязь іянізуючай радыяцыі (малых дозаў) з яе страшэннай паталогіяй. Мне адмаўлялі чатыры гады, мне ўсё казалі: "Ваша дзяўчынка – інвалід дзяцінства". Які ж яна інвалід дзяцінства? Яна – інвалід Чарнобыля. Я вывучыла сваё радаводнае дрэва: не здаралася ў нашым родзе такога, да васьмідзесяці-дзевяноста гадоў усе жылі, мой дзядуля – да дзевяноста трох. Урачы апраўдваліся: "У нас – інструкцыя. Такія выпадкі мы пакуль што павінны ацэньваць, як агульнае захворванне. Вось праз дваццаць-трыццаць гадоў, калі назапасіцца банк чарнобыльскіх дадзеных, пачнём звязваць хваробы з іянізуючай радыяцыяй. А пакуль што медыцыне і навуцы пра гэта мала што вядома". Але я не магу чакаць дваццаць-трыццаць гадоў. Хацела падаць на іх у суд... На дзяржаву... Мяне называлі вар'яткай, смяяліся, маўляў, такія дзеці нараджаліся і ў Старажытнай Грэцыі. Адзін чыноўнік крычаў: "Чарнобыльскіх ільгот захацела! Чарнобыльскіх грошай!" Як я не страціла прытомнасці ў яго кабінеце...
        Яны не маглі зразумець аднаго... Не хацелі... Мне трэба было ведаць, што гэта не мы з мужам вінаватыя... Не наша каханне... (Не стрымліваецца. Плача.)
        Гэта дзяўчынка расце... Усё роўна дзяўчынка... Не хачу, каб назвалі прозвішча... Нават суседзі нашы... На адной лесвічнай пляцоўцы ўсяго не ведаюць. Апрану ёй сукеначку, запляту коску: "Кацечка ваша такая прыгожая", – кажуць яны мне. А сама я гэтак дзіўна гляджу на цяжарных жанчын... Як быццам здалёк... З-за вугла дома... Не гляджу, а падглядваю... Ува мне сумесь розных пачуццяў: здзіўлення і жаху, зайздрасці і радасці, нейкай нават помслівасці. Неяк спаймала сябе на думцы, што з тым жа пачуццём гляджу на шчэнную суседскую сучку... На бусліху ў гняздзе...
        Мая дзяўчынка..."
        
        Ларыса З., маці

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.