РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
ТРЫ МАНАЛОГІ ПРА "ТЛО ХАДЗЯЧАЕ" І "ЗЯМЛЮ ГАВОРАЧУЮ"
        
ТРЫ МАЛАНОГІ ПРА "ТЛО ХЯДЗЯЧАЕ" І "ЗЯМЛЮ ГАОВРАЧУЮ"

        
        Старшыня Хойніцкага добраахвотнага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Віктар Іосіфавіч Вержыкоўскі і двое паляўнічых – Андрэй і Уладзімір, што не захацелі назваць прозвішчы.
        – Першы раз я забіў лісу... У дзяцінстве... Другі раз ласіху... Ласіх, пакляўся, ніколі не забіваць. У іх такія выразныя вочы...
        – Гэта мы, людзі, штосьці разумеем, а жывёліны проста жывуць. I птушкі.
        – Восенню казуля вельмі чуйная. Калі яшчэ вецер дзьме ад чалавека, дык ужо ўсё – не падпусціць... А ліса хітрая...
        – Тут бадзяўся адзін, кажуць... Вып'е, лекцыі ўсім чытае. Вучыўся на філасофскім факультэце, пасля ў турме сядзеў. У зоне напаткаеш чалавека, ён ніколі праўду пра сябе не раскажа. Рэдка. Гэта быў разумны мужык... "Чарнобыль, – казаў, – для таго, каб даць філосафаў". Жывёлін называў "тлом хадзячым", а чалавека – "зямлёй гаворачай". А "зямля гаворачая" таму, што мы ядзім зямлю, гэта значыць з зямлі складаемся...
        – Зона вабіць... Прыцягвае, скажу я вам. Хто там пабыў. Будзе прыцягваць...
        – Ну, хлопцы, трэба па парадку...
        – Давай-давай, старшыня. А мы пакурым.
        – Значыць, было гэтак... Выклікаюць мяне ў райвыканком: "Слухай, галоўны паляўнічы: у зоне засталося шмат свойскай жывёлы – каты, сабакі, каб пазбегнуць эпідэміі, іх трэба адстрэліць. Дзейнічай!" На наступны дзень я ўсіх склікаў, усіх паляўнічых. Аб'яўляю, што так і гэтак... Ніхто не хоча ехаць, бо не выдалі ніякіх ахоўных сродкаў. Я звярнуўся ў грамадзянскую абарону – у іх нічога няма. Ніводнага рэспіратара. Давялося ехаць на цэментавы завод і браць там маскі. Такая танюсенькая плевачка... Ад цэментавага пылу... А рэспіратараў не далі.
        – Там салдат спатыкалі. У масках, у пальчатках, на бронетранспарцёрах, а мы ў сарочках, павязачка на носе. У гэтых сарочках і ботах дадому вярталіся. У сям'ю...
        – Сабраў дзве брыгады... Дзве брыгады... Па дваццаць чалавек... Да кожнай прымацаваў ветурача і чалавека з санэпідстанцыі. Быў яшчэ трактар з каўшом і самазвал. Крыўдна, што не далі ахоўных сродкаў, пра людзей не падумалі...
        – Затое прэміі давалі – па трыццаць рублёў. А пляшка гарэлкі тым часам каштавала тры рублі. Дэзактываваліся... Аднекуль рэцэпты паявіліся: адну лыжку гусінага памёту на бутэльку гарэлкі. Два дні настоіць і піць. Ну каб гэта самае... Ну, мужчынскае... Прыпеўкі былі, памятаеце? Процьма. "Запарожац – не машына, украінец – не мужчына. Калі хочаш быць айцом, абгарні яйцо свінцом". Ха-ха...
        – Ездзілі мы па зоне два месяцы, у нашым раёне палову вёсак эвакуіравалі. Дзесяткі вёсак: Бабчын, Тульгавічы... Першы раз прыехалі – сабакі бегаюць ля сваіх хат. Вартуюць. Людзей чакаюць. Абрадаваліся нам, бягуць на чалавечы голас... Стралялі ў хаце, у хляве, на гародзе. Выцягвалі на вуліцу і грузілі ў самазвалы. Яно, вядома, непрыемна. Яны не маглі ўцяміць: чаму мы іх забіваем? Забіваць было лёгка... Свойскія жывёліны... У іх няма боязі зброі, боязі чалавека... Бягуць на чалавечы голас...
        – Паўзла чарапаха... Божа! Міма пустой хаты. Акварыумы ў кватэрах стаялі... З рыбкамі...
        – Чарапах не забівалі. Пярэднім колам "уазіка" наязджаеш на чарапаху, панцыр вытрымлівае. Не лопаецца. Па п'янцы, вядома, пярэднім колам. У дварах клеткі насцеж. Трусы бегаюць... Нутрыі былі зачынены, іх мы выпускалі, калі побач якая-небудзь вада: возера, рэчка, – яны сплывалі. Усё пакінута спехам... Часова... Бо як было? Загад: "На тры дні". Малых дзяцей падманвалі: "Едзем у цырк". Яны плакалі. А людзі думалі вяртацца... Скажу я вам, ваенная сітуацыя. Каты зазіралі ў вочы, сабакі вылі, прарываліся ў аўтобусы. Дварнякі, аўчаркі... Салдаты іх выкідвалі. Выспяткаў давалі. Яны доўга беглі за машынамі... Эвакуацыя... Не дай Бог!
        – Значыць, гэтак было... Вунь у японцаў была Хірасіма, дык яны цяпер паперадзе ўсіх. На першым месцы ў свеце. Значыць...
        – Ёсць магчымасць пастраляць, ды яшчэ ў жывое, тое, што бегае. Інстынкт. Азарт. Выпілі – і паехалі. На рабоце мне залічваўся працоўны дзень. Налічвалі зарплату. Маглі, вядома, за такую працу прыбавіць. Прэмія – трыццаць рублёў... На тыя грошы... На тыя, што пры камуністах...
        – Значыць, так... Спачатку хаты стаялі апячатаныя, з пломбамі. Пломбы мы не зрывалі. Сядзіць за вакном кот – як ты яго дастанеш? Не чапалі. Пакуль марадзёры не палезлі – дзверы павыбівалі, вокны разбілі, фортачкі. Разрабавалі. Перш-наперш пазнікалі магнітафоны, тэлевізары... Футравыя рэчы... А пасля падчысцілі ўсё... Валяюцца на падлозе адны алюмініевыя лыжкі... I ацалелыя сабакі перасяліліся ў хату... Заходзіш – ён на цябе кідаецца... Яны перасталі ўжо людзям верыць... Я зайшоў – сучка сярод пакоя ляжыць і шчанюкі вакол. Шкада? Яно, вядома, непрыемна... Я параўноўваў... Калі папраўдзе, як у вайну, мы дзейнічалі, як карнікі. Па той жа схеме... Ваенная аперацыя... Мы таксама прыязджаем, бярэм у кольца вёску, і сабакі, як пачуюць першы стрэл, ужо ўцякаюць. У лес уцякаюць. Каты хітрэйшыя, і ім лягчэй схавацца. Кацяня ў гліняны збанок залезла... Я яго вытрасаў... З-пад печы выцягвалі... Непрыемнае адчуванне... Ты ў хату, а кот міма ботаў куляй, бегаеш за ім са стрэльбай. Худыя яны, брудныя. Поўсць касмылямі. Па першым часе было шмат яек, куры пааставаліся. Сабакі і каты елі яйкі, скончыліся яйкі, з'елі курэй. I лісы курэй елі, лісы ўжо жылі ў вёсцы разам з сабакамі. Значыцца, курэй не стала, сабакі паелі катоў. Бывалі выпадкі, што мы свіней у хлявах знаходзілі... Выпускалі... У паграбах закатак усялякіх: агуркі, памідоры... Мы паадкаркоўваем і ў карыта ім кідаем. Свіней не забівалі...
        – Старая, было... Адна ў вёсцы... Зачынілася ў хаце: пяць катоў у яе і тры сабакі... Не давала... Кляла. Мы сілком забралі. Аднаго ката і аднаго сабаку пакінулі. Кляла. Абзывала: "Бандыты! Турэмшчыкі!"
        – Пустыя вёскі... Адны печы стаяць. Хатыні! Сярод Хатыні сядзяць дзве бабулі. Ім не страшна. А іншы б звар'яцеў!
        – Ха-ха... "Пад гарою арэ трактар, на гары стаіць рэактар. Калі б шведы не сказалі, і дагэтуль мы б не зналі". Ха-ха...
        – Значыць, гэтак было... Пахі розныя... Я ўсё не мог даўмецца, адкуль такі пах у вёсцы? Шэсць кіламетраў ад рэактара... Вёска Масалы... Як у рэнтген-кабінеце. Пахла ёдам... Нейкай кіслатой... Страляць даводзілася ва ўпор... Сучка ляжыць сярод пакоя і шчанюкі вакол... Кінулася на мяне – кулю ва ўпор... Шчанюкі ліжуць рукі, лашчацца. Дурэюць. Страляць даводзілася ва ўпор... Аднаго сабачку... Пудзялёк чорненькі... Мне яго дасюль шкада. Нагрузілі іх поўны самазвал, з коптарам. Вязём да "магільніка"... Праўду кажучы, звычайная глыбокая яма, хоць належыць капаць так, каб не даставаць грунтовыя воды і засцілаць дно цэлафанам. Знайсці высокае месца... Але гэта, самі разумееце, паўсюль парушалася, цэлафану не было, месца доўга не шукалі. Яны, калі недабітыя, а толькі параненыя, пішчаць... Плачуць... Высыпалі іх з самазвала ў яму, а гэты пудзялёк караскаецца. Вылазіць. Ні ў кога патрона не засталося. Няма чым дабіць... Ніводнага патрона... Яго назад у яму спіхнулі і так зямлёй завалілі. Дасюль шкада.
        А катоў было куды меней, чым сабак. Можа, яны за людзьмі сышлі? Ці пахаваліся? Пудзялёк хатні... Запешчаны...
        – Забіваць лепш здалёк, каб не спаткацца вачыма.
        – Ты вучыся трапна страляць, каб не дабіваць.
        – Гэта мы, людзі, нешта разумеем, а яны проста жывуць. "Тло хадзячае"...
        – Няпраўда, што ў жывёлін няма свядомасці, і яны не думаюць. Казуля параненая... Ляжыць... Яна хоча, каб яе пашкадавалі, а ты дабіваеш. У апошнюю хвіліну ў яе зусім усвядомлены, амаль чалавечы позірк. Яна цябе ненавідзіць. Або маленне: я таксама хачу жыць! Хачу жыць!
        – Вучыся! Скажу я вам, дабіваць больш непрыемна, чым забіваць. Паляванне – гэта спорт, від спорту. Чамусьці ніхто не лае рыбакоў, а паляўнічых усе лаюць. Несправядліва!
        – Паляванне і вайна – галоўныя заняткі для мужчыны. Для сапраўднага мужчыны...
        – Я не мог прызнацца сыну... Дзіця. Дзе я быў? Што рабіў? Ён дагэтуль думае, што тата там кагосьці абараняў. Стаяў на баявым пасту! Па тэлевізары паказвалі: вайсковая тэхніка, салдаты. Шмат салдат. Сын пытаецца: "Тата, ты быў, як салдат?"
        – З намі паехаў аператар з тэлебачання... Памятаеце? З камерай. Плакаў. Мужчына... А плакаў... Усё хацеў пабачыць трохгаловага дзіка...
        – Ха-ха... Ліса бачыць: коціцца па лесе Калабок. "Калабок, куды ты коцішся?" – "Я не Калабок, я вожык чарнобыльскі". Ха-ха... Як той казаў, мірны атам – у кожны дом!
        – Чалавек, скажу я вам, памірае, як жывёліна. Я бачыў... Шмат разоў... У Афганістане... Мяне параніла ў жывот, ляжу на сонцы. Спёка невыносная. Піць!! "Ну, – думаю, – здохну, як жывёліна". Скажу я вам, і кроў аднолькава цячэ... Як і ў іх... I баліць...
        – Міліцыянер, што з намі быў, гэта самае... Звар'яцеў. Сіямскіх катоў шкадаваў, дарагія, маўляў, яны на рынку. Прыгожыя. Хлопец, гэта самае...
        – Ідзе карова з цяляткам. Не стралялі. I коней не стралялі. Яны баяліся ваўкоў, чалавека не баяліся. Але конь лепей можа сябе абараніць. Першымі пагінулі ад ваўкоў каровы. Па законе джунгляў.
        – З Беларусі жывёлу везлі і прадавалі ў Расію. А цялушкі лейкозныя. Але затое збывалі іх танна.
        – Больш за ўсё шкада старых... Яны падыходзяць да нашых машын: "Паглядзі ты там, хлопчык, на маю хату". Ключ у рукі тыцкаюць: "Забяры касцюм. Шапку". Грошы даюць... "Як там мой сабака?" Сабаку прыстрэлілі, дом разрабавалі. А яны ніколі туды не вернуцца. Як гэта сказаць? Я ключы не браў. Не хацеў падманваць. Іншыя бралі: "Дзе самагонку схаваў? У якім месцы?" Дзед і скажа... Знаходзілі паўнюткія бідоны, вялікія бідоны з-пад малака.
        – Папрасілі на вяселле забіць дзіка. Заказ! Печань у руках распаўзаецца... Усё роўна заказваюць... На вяселле... На радзіны...
        – Страляем і для навукі. Адзін раз у квартал: два зайцы, дзве лісы, дзве казулі. Усе заражаныя. Але ўсё роўна і сабе б'ём, ядзім. Спачатку баяліся, а цяпер прывыклі. Нешта ж есці трэба, на Месяц усе не пераселімся. На іншую планету.
        – Хтосьці шапку з лісы на рынку купіў – аблысеў. Армянін купіў за бясцэнак аўтамат з "магільніка" – памёр. Палохалі адзін аднаго.
        – А ў мяне там ані ў душы, ані ў галаве нічога не адбывалася... Муркі і Шарыкі... Страляў... Работа...
        – Я размаўляў з вадзіцелем, які вывозіў хаты адтуль. Вывозяць. Хоць гэта ўжо не школа, не дом і не дзіцячы садок, а нумарныя аб'екты дэзактывацыі. Вывозяць! Мы сустрэліся з ім ці то ў лазні, ці то ля піўнога ларка... Не памятаю дакладна. Дык вось ён распавядаў: пад'язджаюць на КамАЗе, за тры гадзіны дом разбіраюць і іх пад горадам перахопліваюць. Ірвуць з рук. Зону раскупілі на дачы. Яны грошы атрымаюць і яшчэ іх накормяць і напояць.
        – Сярод нашага брата ёсць драпежнікі... Паляўнічыя-драпежнікі... А іншыя любяць проста пахадзіць па лесе. На дробнага звера. На птушку...
        – Скажу я вам... О колькі людзей пацярпела, а ніхто за гэта не пакараны. Пасадзілі дырэктара атамнай станцыі і хутка выпусцілі. У той сістэме, хто быў вінаваты – вельмі цяжка сказаць. Калі вам загадалі зверху, што вы павінны былі рабіць? Яны нешта там выпрабоўвалі. Чытаў у газетах, што вайскоўцы плутоній напрацоўвалі... Для атамных бомбаў... Таму і грымнула... Калі груба, дык пытанне стаіць гэтак: чаму – Чарнобыль? Чаму – у нас? А не ў французаў ці ў немцаў?
        – Засела ў памяці... Было гэтак... Шкада, што ні ў кога не засталося тады патрона, не было чым прыстрэліць. Таго пудзелька... Дваццаць чалавек... Ніводнага патрона пад канец дня... Ніводнага патрона...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.