РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ШТО РУСКІ ЧАЛАВЕК ЗАЎСЁДЫ ХОЧА Ў ШТО-НЕБУДЗЬ ВЕРЫЦЬ
        
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ШТО РУСКІ ЧАЛАВЕК ЗАЎСЁДЫ ХОЧА Ў ШТО-НЕБУДЗЬ ВЕРЫЦЬ

        
        "А вы хіба не заўважалі, што між сабою мы нават не гаворым пра гэта? Праз дзесяткі гадоў, праз стагоддзі – гэта будуць міфалагічныя гады...
        Я баюся дажджу – вось што такое – Чарнобыль. Баюся снегу... Лесу... Гэта не абстракцыя, не выснова розуму, а асабістае пачуццё. Чарнобыль... Ён у маім доме... У самай дарагой для мяне істоце, у маім сыне, які нарадзіўся вясною восемдзесят шостага... Ён хворы. Жывёліны, нават тараканы, яны ведаюць, колькі і калі раджаць. Людзі гэтага не могуць, Творца не даў ім дару прадчування. Нядаўна ў газетах апублікавалі, што ў дзевяноста трэцім годзе толькі ў нас, у Беларусі, жанчыны зрабілі дзвесце тысяч абортаў. Асноўная прычына – Чарнобыль. Мы ўжо паўсюль жывём з гэтым страхам... Прырода быццам скурчылася, чакаючы. Вычэкваючы. "Гора мне! Куды прапаў час?" – усклікнуў бы Заратустра.
        Я шмат думаў. Шукаў сэнс... Чарнобыль – гэта катастрофа рускай ментальнасці. Вы пра гэта не задумваліся? Вядома, я згодзен, калі пішуць, што гэта не рэактар узарваўся, а ўся ранейшая сістэма каштоўнасцяў. Але ў гэтым вытлумачэнні мне чагосьці не хапае...
        Я б гаварыў пра тое, пра што першым сказаў Чаадаеў – пра нашу варожасць прагрэсу. Пра нашу антытэхнічнасць, пра нашу антыінструментальнасць. Угледзьцеся ў Еўропу. Пачынаючы з эпохі Адраджэння, яна жыве пад знакам інструментальных адносін да свету. Разумных, рацыянальных. Гэта павага да чалавека-майстра, да інструмента ў ягоных руках. Ёсць выдатнае апавяданне ў Ляскова – "Жалезны характар". Што гэта такое? Рускі характар – авось і нябось. Лейтматыў рускай тэмы. Нямецкі характар – стаўка на інструмент, на машыну. З аднаго боку – спроба пераадолець, закілзаць хаос, з другога – наша родная стыхійнасць. Паедзьце куды хочаце, ну, напрыклад, у Кіжы, і што вы пачуеце, пра што з гонарам усклікне любы экскурсавод? Што гэты храм пабудаваны сякерай ды яшчэ без адзінага цвіка! Замест таго, каб пабудаваць добрую дарогу, падкуём блыху. Калёсы патанаюць у гразі, затое трымаем жар-птушку ў руках. Другое. Гэта расплата за хуткую індустрыялізацыю. За скачок. Зноў жа на Захадзе – ткацкі, мануфактурны век... Машына і чалавек рухаліся, мяняліся разам. Фармавалася тэхналагічная свядомасць, мысленне. А ў нас? Што ў нашага мужыка, акрамя рук? Да гэтай пары! Сякера, каса, нож – і ўсё. На гэтым увесь ягоны свет трымаецца. Ну, яшчэ рыдлёўка. Як рускі чалавек размаўляе з машынай? Толькі матам. Ці кувалдай, выспеткам. Ён яе не любіць, машыну, ненавідзіць, пагарджае ёю, на самой справе, ён да канца не разумее, што ў яго ў руках. Я недзе чытаў, што рабочы персанал атамных станцый часта называе рэакгар – каструляй, самаварам, керагазам. Канфоркай. Тут ужо ёсць гардыня: на сонцы спячом яечню! Сярод тых, хто працаваў на Чарнобыльскай станцыі, шмат вясковых людзей. Днём яны на рэактары, а вечарам – на сваіх гародах ці ў бацькоў у суседняй вёсцы, дзе бульбу яшчэ саджаюць рыдлёўкай, гной раскідваюць сахаром... Іх свядомасць існавала ў гэтых двух перападах, у двух часах – каменным і атамным. У дзвюх эпохах. Чалавек пастаянна, як маятнік, гайдаўся. Уявіце сабе чыгунку, пракладзеную выдатнымі інжынерамі-пуцейцамі, імчыцца цягнік, але на месцы машыністаў – учарашнія рамізнікі. Возчыкі. Гэта лёс Расіі падарожнічаць у дзвюх культурах. Паміж атамам і рыдлёўкай. А тэхналагічная дысцыпліна? Для нашага народа яна – частка насілля, калодкі, ланцуга. Народ стыхійны, вольны. Заўсёды марыў не пра свабоду – пра вольніцу. Для нас дысцыпліна – гэта рэпрэсіўны інструмент. Штосьці ёсць асаблівае ў нашым невуцтве, нешта блізкае да невуцтва ўсходняга...
        Я – гісторык... Раней шмат займаўся лінгвістыкай, філасофіяй мовы. Не толькі мы думаем моваю, але і мова думае намі. У васемнаццаць гадоў, а можа, і трохі раней, калі я пачаў чытаць самвыд, адкрыў для сябе Шаламава, Салжаніцына, я раптам зразумеў, што ўсё маё дзяцінства, дзяцінства маёй вуліцы, а рос я ў інтэлігентнай сям'і (прадзед святар, бацька прафесар Пецярбургскага універсітэта), прасякнута лагернай свядомасцю. I ўвесь слоўнік майго дзяцінства – мова зэкаў. Для нас, падлеткаў, гэта было зусім натуральна: бацьку называлі паханам, маці – маханай. "На хітрую жопу ёсць х... з вінтом" – гэта я ў дзевяць гадоў засвоіў. Ніводнага цывільнага слова. Нават гульні, прымаўкі, загадкі былі зэкаўскія. Таму што зэкі – гэта не асобны свет, які існаваў недзе ў турмах, далёка. Гэта ўсё было побач. Як пісала Ахматава, "полстраны сажало, полстраны сидело". Думаю, што вось гэта наша лагерная свядомасць немінуча павінна была сутыкнуцца з культурай. З цывілізацыяй, з сінхрафазатронам...
        Ну і, вядома, мы былі выхаваны ў асаблівым савецкім паганстве: чалавек – уладар, вянец тварэння. I ягонае права рабіць са светам усё, што ён захоча. Мічурынская формула: "Мы не можам чакаць літасцяў ад прыроды, узяць іх у яе – наша задача". Спроба прышчапіць народу тыя якасці, тыя ўласцівасці, якіх у яго няма. Псіхалогія гвалтаўніка. Выклік гісторыі, выклік прыродзе. Цяпер усе раптам загаварылі пра Бога. Чаму яго не шукалі ў Гулагу, у камерах трыццаць сёмага, на партсходах сорак восьмага, калі грамілі касмапалітызм, пры Хрушчове, калі бурылі храмы? Сучасны падтэкст рускага богашукальніцтва хлуслівы. Бамбім мірныя хаты ў Чачні... Абгарэлых рускіх танкістаў зграбаюць рыдлёўкамі і віламі... Тое, што ад іх засталося... I тут жа са свечкай ідзём у храм... На Хрыстовы Народзіны...
        Што трэба? Адказаць на пытанне: ці здольная руская нацыя на такі глабальны перагляд усёй сваёй гісторыі, як аказаліся на гэта здольныя пасля другой сусветнай вайны японцы? Немцы? Ці хопіць у нас інтэлектуальнай мужнасці? Пра гэта амаль не гавораць. Гавораць пра рынак, пра ваўчэры, чэкі... Мы ў чарговы раз выжываем. Уся энергія траціцца на гэта. А душа пакінута... Тады навошта ўсё гэта? Ваша кніга? Мае бяссонныя ночы? Калі жыццё наша, як чырк запалкай? Тут можа быць некалькі адказаў. Прымітыўны фаталізм. I могуць быць вялікія адказы. Рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць: у чыгунку, у жабу (нігіліст Базараў), у візантыйства, у атам... А цяпер вось – у рынак...
        Булгакаў у "Кабале святош": "Усё жыццё грашыла. Актрысай была". Усведамленне грахоўнасці мастацтва. Амаральнасці ягонай прыроды. Зазіранне ў чужое жыццё. Але яно, як сываратка заражанага, можа стаць прышчэпкай чужога вопыту. Чарнобыль – гэта тэма Дастаеўскага. Спроба апраўдання чалавека. А можа быць, усё вельмі проста: увайсці ў свет на дыбачках і спыніцца ля парога?!"
        
        Аляксандр Равальскі, гісторык

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.