РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА ФІЗІКУ, У ЯКУЮ ЎСЕ МЫ БЫЛІ ЎЛЮБЁНЫЯ
        
МАНАЛОГ ПРА ФІЗІКУ, У ЯКУЮ ЎСЕ МЫ БЫЛІ ЎЛЮБЁНЫЯ

        
        "З юнацтва я меў звычку ўсё запісваць. Калі памёр Сталін – што рабілася на вуліцах, пра што гаварылі. I Чарнобыль я запісваў з першага дня, ведаў, што мінецца час і многае забудзецца, незваротна знікне. Так гэта і сталася. Мае сябры, яны былі ў цэнтры падзей, фізікі-ядзершчыкі забыліся, што тады адчувалі, пра што гаварылі са мною. А ў мяне ўсё запісана...
        Тым днём... Я, загадчык лабараторыі Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі, прыехаў на працу, інстытут наш за горадам, у лесе. Цудоўнае надвор'е! Вясна. Расчыніў акно. Паветра чыстае, свежае. Здзівіўся: чамусьці сёння не залятаюць сінічкі, якіх я прыкарміў за зіму, вывешваючы за акном кавалачкі каўбасы. Знайшлі спажыву смачнейшую?
        А ў гэты час на нашым інстытуцкім рэактары паніка: дазіметрычныя прыборы паказвалі рост актыўнасці, на паветраачышчальных фільтрах яна паднялася ў дзвесце разоў. Магутнасць дозы ля прахадной – каля трох мілірэнтгенаў у гадзіну. Гэта вельмі сур'ёзна. Такая магутнасць дапускаецца як гранічная, у радыяцыйна небяспечных памяшканнях пры рабоце не больш, чым шэсць гадзін. Першае меркаванне – у актыўнай зоне разгерметызавалася абалонка аднаго з цеплавыпраменьваючых элементаў. Праверылі – норма. А можа, перавозілі кантэйнер з радыехімічнай лабараторыі і гэтак трасанулі на дарозе, што пашкодзілі ўнутраную абалонку, забрудзілі тэрыторыю? Паспрабуй цяпер адмый пляму на асфальце! Што ж здарылася? А тут яшчэ па ўнутраным радыё аб'явілі: супрацоўнікам не рэкамендуецца выходзіць з будынка. Між карпусамі стала бязлюдна. Ніводнага чалавека. Страшнавата. Нязвычна.
        Дазіметрысты праверылі мой кабінет: "свеціць" стол, "свеціць" адзенне, сцены... Я падымаюся, у мяне няма жадання нават сесці ў крэсла. Памыў галаву над ракавінай. Паглядзеў на дазіметр – эфект відавочны. Няўжо гэта ўсё-такі ў нас, ЧП у нашым інстытуце! Уцечка? Як цяпер дэзактываваць аўтобусы, якія развозяць нас па горадзе? Супрацоўнікаў? Давядзецца паламаць галаву... Я вельмі ганарыўся нашым рэактарам, я вывучыў яго да міліметра.. .Звонім на Ігналінскую атамную, яна побач. У іх прыборы таксама крычаць. Таксама паніка. Звонім у Чарнобыль... На станцыі не адказвае ніводны тэлефон... Пад абед высвятляецца. Над усім Мінскам радыеактыўнае воблака. Мы вызначылі – актыўнасць ёдавая. Аварыя на нейкім рэактары...
        Першая рэакцыя: пазваніць дадому жонцы, папярэдзіць. Але ўсе нашы тэлефоны ў інстытуце праслухоўваюцца. О, гэты вечны, цягам дзесяцігоддзяў заганяны ў нас страх! Але ж яны там нічога не ведаюць... Дачка пасля заняткаў у кансерваторыі гуляе з сяброўкамі па горадзе. Есць марожанае. Пазваніць?! Але могуць быць непрыемнасці. Не дапусцяць да сакрэтных прац... Усё роўна не вытрымліваю, падымаю трубку:
        – Слухай мяне ўважліва.
        – Пра што ты? – голасна перапытала жонка.
        – Цішэй. Зачыні фортачкі, усе прадукты – у цэлафанавыя мяшэчкі. Надзень гумавыя пальчаткі і пратры мокрай анучкай усё, што можна. Анучку – таксама ў мяшэчак і схавай як мага далей. Развешаную на балконе бялізну – зноў у мыццё.
        – Што ў вас здарылася?
        – Цішэй. Развядзі дзве кроплі ёду ў шклянцы вады. Памый галаву...
        – Што... – але я не даю жонцы дагаварыць, кладу трубку. Яна павінна зразумець, сама супрацоўнік нашага інстытута.
        У пятнаццаць гадзін трыццаць хвілін высветлілі – аварыя на чарнобыльскім рэактары...
        Увечары вяртаемся ў Мінск на службовым аўтобусе. Паўгадзіны, якія едзем, маўчым ці перамаўляемся пра пабочнае. Баімся загаварыць уголас адзін з адным пра тое, што здарылася. У кожнага – партбілет у кішэні...
        Перад дзвярыма кватэры ляжала мокрая анучка. Значыць, жонка ўсё зразумела. Заходжу, у вітальні скідаю з сябе касцюм, сарочку, распранаюся да трусоў. Нечакана падкочваецца злосць... Да д'ябла гэтую сакрэтнасць! Гэты страх! Бяру гарадскі тэлефонны даведнік... Тэлефонныя кніжкі дачкі, жонкі... Пачынаю ўсім запар званіць, што я – супрацоўнік Інстытута ядзернай энергетыкі, над Мінскам радыеактыўнае воблака... I далей пералічваю, што трэба зрабіць: памыць галаву, зачыніць форткі... Мокрую бялізну з балкона – зноў у мыццё... Выпіць ёду. Як яго правільна прымаць... Рэакцыя людзей: дзякуй. Ні роспытаў, ні спалоху. Я думаю, што яны мне не верылі ці не ў сілах былі ахапіць грандыёзнасць падзей. Ніхто не спалохаўся. Рэакцыя здзіўляючая.
        Увечары звоніць мой сябра. Фізік-ядзершчык, доктар навук... Як бяспечна! З якою вераю мы жылі! Толькі цяпер гэта разумееш... Ён звоніць і кажа між іншым, што хоча паехаць на майскія святы да жончыных бацькоў на Гомельшчыну. Адтуль жа рукою падаць да Чарнобыля? Едзе з малымі дзецьмі. "Выдатнае рашэнне! – я крычаў. – Ты звар'яцеў!" Гэта аб прафесіяналізме. I пра нашу веру. Я роў на ўсё горла. Ён, напэўна, не памятае, што я ўратаваў ягоных дзяцей... (Пасля перадышкі.)
        Мы... Я кажу пра ўсіх нас... Мы Чарнобыль не забылі, мы яго не зразумелі. Што дзікуны маглі зразумець у маланцы?
        У кнізе Алеся Адамовіча... Яго размова з Андрэем Сахаравым пра атамную бомбу... "А вы ведаеце, як хораша пахне азонам пасля ядзернага выбуху?" – пытаўся акадэмік, бацька вадароднай бомбы. У гэтых словах рамантыка. Для мяне... Майго пакалення... Прабачце, па твары бачу рэакцыю... Вам здаецца гэта захапленнем перад сусветным кашмарам... А не перад чалавечым геніем... Але гэта цяпер ядзерная энергетыка ўніжана, зганьбавана. А маё пакаленне... У сорак пятым, калі ўзарвалі атамную бомбу, мне было семнаццаць гадоў. Я любіў фантастыку, марыў паляцець на іншыя планеты. Вырашыў, што ядзерная энергія падыме нас у космас. Паступіў у Маскоўскі энергетычны інстытут і там даведаўся, што ёсць звышсакрэтны факультэт – фізіка-энергетычны. Пяцідзесятыя-шасцідзесятыя гады... Фізікі-ядзершчыкі... Эліта... Захапленне. Гуманітарыі адапхнуты... У трох капейках, гаварыў наш школьны настаўнік, столькі энергіі, што можа працаваць электрастанцыя. Дух займала! Я зачытваўся амерыканцам Смітам, ён пісаў, як вынайшлі атамную бомбу, праводзілі выпрабаванні, пра падрабязнасці выбуху. У нас усё трымалася ў сакрэце. Я чытаў... Уяўляў... Фільм пра савецкіх атамшчыкаў "Дзевяць дзён аднаго года" ўся краіна глядзела. Высокія зарплаты, сакрэтнасць дадавалі рамантызму. Культ фізікі! Час фізікі! Нават калі ўжо ў Чарнобылі рванула... Выклікалі вучоных... Яны прыляцелі на рэактар спецрэйсам, але многія не ўзялі з сабою нават прыбора для галення, меркавалі, што ляцяць на некалькі гадзін. Час фізікі ў Чарнобылі скончыўся...
        Вы ўжо інакш глядзіце на свет... У Канстанціна Лявонцьева нядаўна вычытаў думку аб тым, што вынікі фізіка-хімічнай разбэшчанасці прымусяць калі-небудзь касмічны розум умяшацца ў нашы зямныя справы. А мы, выхаваныя ў сталінскі час, мы не маглі ў сваіх думках дапусціць існавання нейкіх звышнатуральных сіл. Біблію я прачытаў пасля... I пашлюбаваўся з адной і той жа жанчынай двойчы. Пайшоў і вярнуўся. Яшчэ раз спаткаліся ў гэтым свеце. Жыццё дзівосная нпука! Загадкавая! Цяпер я веру... У што я веру? Што трохмерны свет ужо зацесны для сучаснага чалавека... Чаму сёння гэткая цікавасць да фантастыкі? Чалавек адрываецца ад зямлі... Ён арудуе іншымі катэгорыямі часу, не адной зямлёй, а рознымі светамі. Апакаліпсіс... Ядзерная зіма... У заходняй літаратуры ўсё гэта ўжо напісалі, як быццам адрэпеціравалі. Яны рыхтаваліся да будучыні. Выбух вялікай колькасці ядзернай зброі прывядзе да велізарных пажараў. Атмасфера напоўніцца дымам. Сонечныя праменні не змогуць прабівацца да зямлі, а там ланцуговая рэакцыя пайшла – холадна, халадней, халадней. Гэтую свецкую версію пра "канец свету" ўкараняюць з часу прамысловай рэвалюцыі васемнаццатага стагоддзя. Але атамныя бомбы не знікнуць нават тады, калі знішчаць апошнюю боегалоўку. Застануцца веды...
        Вы толькі пытаецеся, але я з вамі ўвесь час спрачаюся. У нас спрэчка паміж пакаленнямі... Вы заўважаеце? Гісторыя атама – гэта не толькі ваенны сакрэт, тайна, пракляцце. Гэта – наша маладосць, наш час... Наша рэлігія...
        Пяцьдзесят гадоў мінула, усяго пяцьдзесят гадоў. Цяпер мне таксама часам здаецца, што светам кіруе нехта іншы, што мы са сваімі гарматамі і касмічнымі караблямі – як дзеці. Але я ў гэтым яшчэ не пераканаўся... Дзівосная штука жыццё! Я любіў фізіку і думаў: нічым, акрамя фізікі, займацца ніколі не буду, а цяпер хачу пісаць. Усё адыходзіць, усё знікае, нашы пачуцці мяняюцца...
        ...Перад аперацыяй... Я ўжо ведаў, што ў мяне рак... Я думаў, што мне засталося жыць дні, і страшэнна не хацелася паміраць. Знячэўку я ўбачыў кожны лісцік, яркія краскі, яркае неба, найярчэйша-шэры асфальт, трэшчыны на ім, а ў іх мурашы бегаюць. Не, думаю, іх трэба абыходзіць. Шкада іх. Навошта, каб яны паміралі? Ад водару лесу ў мяне кружылася галава... Пах успрымаўся мацней, чым колер. Лёгкія бярозы... Цяжкія яліны... I ўсё гэта я не ўбачу? На секунду, на хвіліну даўжэй пражыць! Навошта я столькі часу, гадзін, дзён прасядзеў ля тэлевізара, сярод кіпаў газет? Галоўнае – жыццё ісмерць..."
        
        Валянцін Аляксеевіч Барысевіч,
        былы загадчык лабараторыі Інстытута ядзернай
        энергетыкі Акадэміі навук Беларусі


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.