РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА СВАБОДУ І МАРУ АБ ЗВЫЧАЙНАЙ СМЕРЦІ
        
МАНАЛОГ ПРА СВАБОДУ І МАРУ АБ ЗВЫЧАЙНАЙ СМЕРЦІ

        
        "Гэта была воля... Там я адчуваў сябе вольным чалавекам... Вам гэта не зразумець, зразумець гэта можа толькі той, хто быў на вайне. Яны вып'юць, ваяваўшыя мужыкі, і гамоняць, я іх чуў, дасюль смуткуюць... Па той волі, па тым узлёце... Ні кроку назад! – сталінскі загад. Заградатрады. Але ты страляеш, выжываеш, атрымліваеш належныя табе сто грамаў, махорку... Тысячу разоў можаш памерці, разляцецца на шматкі, але калі пастараешся, перахітрыш,– чорта, д'ябла, старшыну, камбата, таго, хто ў чужой касцы і з чужым штыком, самога Усявышняга, – ты можаш выжыць! Самотнасць волі. Я спазнаў яе, мы зведалі яе, тыя, хто быў на рэактары. Як у акопе на пярэднім краі... Страх і воля! Жывеш на поўную раскрутку... Вам гэтага не зразумець, у звычайным жыцці... Памятаеце, нас увесь час рыхтавалі: будзе вайна. А свядомасць аказалася не падрыхтаванай. Я быў не падрыхтаваны. Прыйшлі на завод двое вайскоўцаў. Выклікалі мяне: "Салярку ад бензіну адрозніш?" Пытаюся: "Куды пашлеце?" – "Куды-куды? Добраахвотнікам у Чарнобыль". Мая вайсковая прафесія – спецыяліст па ракетным паліве. Сакрэтная спецыяльнасць. Забралі проста з завода, у адной майцы і футболцы, дадому не далі забегчы. Прасіў: "Жонку трэба папярэдзіць". – "Мы самі паведамім". У аўтобусе нас сабралася чалавек пятнаццаць, афіцэры запасу. Людзі мне спадабаліся. Трэба – паехалі, трэба – працуем, пагналі на рэактар – лезлі на дах рэактара.
        Ля выселеных вёсак стаялі вышкі, салдаты на вышках са зброяй. Шлагбаумы. Таблічкі: "Узбочына заражана. Уезд і прыпынак строга забаронены". Шэрыя дрэвы, аблітыя дэзактывацыйнай вадкасцю. Мазгі адразу набакір! У першыя дні баяліся сесці на зямлю, на траву, не хадзілі, а бегалі, ледзь машына пройдзе – нацягвалі рэспіратары.Пасля змены сядзелі ў палатках. Ха-ха! Праз пару месяцаў... Гэта ўжо нешта нармальнае, – гэта ўжо тваё жыццё. Рвалі слівы, брадніком рыбу лавілі, там шчупакі – ого-го! I ляшчы. Ляшчоў сушылі да піва. Вам пра гэта ўжо, напэўна, расказвалі? У футбол гулялі. Купаліся! Ха-ха...(Зноў смяецца.) Верылі ў лёс, у глыбіні душы мы ўсе фаталісты, а не аптэкары. Не рацыяналісты. Менталітэт славянскі... Я верыў у сваю зорку! Ха-ха! Інвалід другой групы... Захварэў адразу. "Прамянёўка" праклятая... А ў мяне нават медыцынскай карткі ў паліклініцы не было да гэтага. Ліха з ім! Не я адзін... Менталітэт...
        Я – салдат, я зачыняў чужую хату, заходзіў у чужое жытло. Гэта такое адчуванне... Зямля, на якой нельга сеяць... Карова торкаецца ў весніцы, а яны зачынены і на хаце замок. Малако капае на зямлю... Гэта такое адчуванне! У вёсках, якія яшчэ не выселілі, сяляне гналі самагонку, іхні заробак. Прадавалі нам. А ў нас грошай засыпся: трайныя аклады на рабоце і сутачныя ішлі трайныя. Пасля выйшаў загад: хто будзе піць, пакінуць на другі тэрмін. Дык гарэлка памагае ці не? Ну, хоць бы псіхалагічна... Там у гэта свята верылі... Сялянскае жыццё цякло проста: нешта пасадзіў, вырасціў, сабраў, а ўсё астатняе ідзе без іх. Ім ні да цара, ні да ўлады... Ні да касмічных караблёў і атамных станцый, мітынгаў у сталіцы. I яны не маглі паверыць, што жывуць у Чарнобылі, яны ж нікуды не з'язджалі. Людзі паміралі ад узрушэнняў... Дровы з сабой забіралі тайком, зялёныя памідоры зрывалі, закручвалі. Слоікі ўзрываліся, яшчэ раз кіпяцілі. Як гэта знішчыць, закапаць, ператварыць у смецце? Тое, чым займаліся мы. Мы для іх былі ворагі... Рваўся на рэактар. "Не спяшайся, – кажуць, – у апошні месяц, перад дэмбелем усіх на дах пагоняць". Служылі мы шэсць месяцаў. I праўда, праз пяць месяцаў столькі, колькі мы пражывём. Так і напішыце... перадыслакацыя, цяпер ужо пад самы рэактар. Жарцікі розныя і сур'ёзныя гаворкі, што вось праз дах прапусцяць. Ну, хай пяць гадоў пасля гэтага працягнем... Сем... Дзесяць... Часцей называлася лічба "пяць" чамусьці. Адкуль яна ўзялася? Без шуму, без панікі. "Добраахвотнікі, крок наперад!" Уся рота – крок наперад. Перад камандзірам – манітор, уключае – на экране дах рэактара: кавалкі графіту, расплаўлены бітум. "Вунь, хлопцы, бачыце, абломкі ляжаць. Пачысціце. А вось тут, у гэтым квадраце, тут праб'ём адтуліну". Час – сорак-пяцьдзесят секунд. Туды – назад, забег – кідок. Хтосьці нагрузіў насілкі, іншыя скінулі. Туды, у рэактар. Скінуў, але ўніз не глядзі, нельга. Зазіралі. Газеты пісалі: "Паветра над рэактарам чыстае". Чыталі, смяяліся, мацюкаліся. Паветра чыстае, а мы дозы вунь якія хапаем. Выдалі дазіметры. Адзін –на пяць рзнтгенаў, яго з першай хвіліны зашкальвала, другі, накшталт аўтаручкі, на дзвесце рэнтгенаў, таксама зашкальвала. Пяць гадоў, сказалі, нельга будзе мець дзяцей... калі за пяць гадоў не памром... Ха-ха! (Смяецца.) Жарцікі розныя... Але без шуму, без панікі. Пяць гадоў... Я ўжо дзесяць пражыў... Ха-ха!.. (Смяецца.) Уручылі нам граматы. Іх у мяне дзве... З усімі гэтымі карцінкамі: Маркс, Энгельс, Ленін... Чырвоныя сцягі... Адзін хлопец знік, думалі, што збег. Праз два дні знайшлі ў кустах. Павесіўся. Адчуванне ва ўсіх такое, самі разумееце... Тады выступіў нампаліт, што, маўляў, ён пісьмо з дому атрымаў – жонка яму здрадзіла. Хто яго ведае? Праз тыдзень у нас дэмбель. А яго знайшлі ў кустах... Быў у нас кухар, ён гэтак баяўся, што жыў не ў палатцы, а на складзе, дзе выкапаў сабе нару пад скрынкамі з маслам і тушонкай. Перанёс туды матрац, падушку... Жыў пад зямлёй... Прысылаюць разнарадку: набраць новую каманду і ўсіх на дах. А ўсе ўжо былі там. Знайсці людзей! Ну, і яго замялі. Адзін толькі раз залез... Другая група інваліднасці... Звоніць часта мне. Сувязі не губляем, трымаемся адзін за аднаго, за сваю памяць, яна будзе жыць
        У газетах хлусня... Нідзе не чытаў, як шылі мы сабе кальчугі... Сарочкі свінцовыя... Трусікі... Нам выдалі гумавыя халаты, напыленыя свінцом. Але плавачкі варганілі сабе свінцовыя... За гэтай рэччу сачылі. У адной вёсцы нам паказалі два тайныя дамы спаткання... Мужчыны, адлучаныя ад дому, шэсць месяцаў без жанчын, экстрэмальная сітуацыя. Усе наязджалі. А дзяўчаткі мясцовыя пагульвалі, усё роўна, плакалі, хутка памром. Плавачкі свінцовыя... Надзяваліся паверх штаноў... Напішыце... Анекдоты травілі. Вось, калі ласка. Амерыканскі робат выправілі на дах, пяць хвілін папрацаваў – стоп. Японскі робат пяць хвілін папрацаваў – стоп. Рускі робат дзве гадзіны працуе. Каманда па рацыі: "Радавы Іваноў, праз дзве гадзіны можаце спусціцца ўніз на перакур". Ха-ха!.. (Смяецца.)
        Перад тым, як нам выходзіць на рэактар, камандзір інструктуе... Строй стаіць... Некалькі хлопцаў узбунтаваліся: "Мы ўжо там былі, нас дадому павінны адправіць". Мой, напрыклад, клопат – паліва, бензін, а мяне таксама на дах пасылалі. Але я маўчаў. Я сам хацеў. А гэтыя ўзбунтаваліся. Камандзір: "У нас на дах пойдуць добраахвотнікі, астатнія крок са строю, з вамі правядзе гаворку пракурор". Ну, гэтыя хлопцы пастаялі, параіліся і пагадзіліся. Прысягу прымаў, значыць, павінен, сцяг цалаваў... Мне здаецца, ніхто з нас не сумняваўся, што могуць пасадзіць і даць тэрмін. Чутка прасачылася, што два-тры гады даюць. Калі салдат атрымліваў больш за дваццаць пяць рэнтгенаў, то камандзіра маглі пасадзіць за тое, што апраменіў асабовы састаў. Ні ў кога больш чым дваццаць пяць рэнттенаў... Ува ўсіх меней... Разумееце? Але людзі мне падабаліся. Двое захварэлі, знайшоўся адзін, сам сказаў: "Давайце я". А ён ужо адзін раз на даху быў тым днём. Запаважалі. Прэмія – пяцьсот рублёў. Другі яму наверсе дзёўб, час злазіць –дзяўбе. Мы яму махаем: "Уніз!" А ён на калені ўпаў і дабівае. Дах трэба было ў гэтым месцы прабіць, каб жолаб уставіць, смецце спускаць. Пакуль не прабіў – не падняўся. Прэмія – тысячу рублёў. За гэтыя грошы тады можна было купіць два матацыклы. У яго цяпер першая група інваліднасці... Але за страх плаціліадразу...
        Дэмбель. Пагрузіліся ў машыны. Колькі ехалі па зоне, столькі сігналілі. Я азіраюся на тыя дні... Я быў побач з чымсьці... З чымсьці фантастычным. Слоў не хапае... А вось гэтыя словы: "гіганцкі", "фантастычны", – яны ўсяго не перадаюць. Было такое адчуванне... Якое? Такое адчуванне я не зведаў нават у каханні..."
        
        Аляксандр Кудрагін, ліквідатар

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.