РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
4
        
4

        
        Сярод ночы Зоська прачнулася, як-колечы прыгрэўшыся ў сене за цёплай мужчынскай спіной, якая адразу напомніла ёй пра ўсё, што з ёй здарылася. Каб не парушыць мернае дыханне Антона, яна кончыкамі пальцаў ціхенька дакранулася да яго крутога пляча і ўсміхнулася сама сабе ў цемры. Гэта ж трэба такому здарыцца! Выпраўлялася адна, перажывала, баялася розных прывідаў у балоце і не марыла спаткаць тут таго самага, хто, здаецца, ужо запаліў у ёй маленькую іскрынку дзявочай цікаўнасці да сябе. Чамусьці ёй дужа спадабалася нечаканае яго прызнанне, што ён затрывожыўся пра яе, як дазнаўся, што яна ідзе на заданне. Усё ж гэта прыемна, калі за цябе нехта трывожыцца, перажывае і нават гатовы памагчы. Тут, напэўна, ужо не проста таварыскасць і не сяброўства нават, а, мабыць, і нешта большае. Можа, нават каханне... Усё ж ён слаўны, гэты Антон Галубін, а яна ўжо і кінула думаць аб ім, клопаты з гэтым заданнем выціснулі ўсе іншыя думкі, і яна гатова была пагадзіцца з тым, што болей яго не ўбачыць. I вось ён з’явіўся ў цяжкую для яе хвіліну і прынёс з сабой радасць.
        Прыпамятаўшы цяпер яго нясмелую спробу блізкасці і свой грубаваты адпор яму, Зоська адчула няёмкасць. Усё ж, мабыць, не трэба было так рэзка, ён жа з дабром і ласкай, а яна... Але што яна магла тут зрабіць? Яна заўжды пасля шкадавала, але ў той самы рашучы момант была нязломная, жорсткая і нават грубая – толькі гэта і памагала ёй абараніць сябе ад мужчынскіх дамаганняў.
        Што і казаць, нялёгка было дзяўчыне сярод столькіх мужчын, дзе кожны імкнуўся наблізіцца, хто сапраўды для спагады, каб памагчы, паспачуваць, перакласці на сябе частку яе мулкай ношкі, а хто з яўнай або тайнай карысцю, маючы на ўвазе сваё, кароткачасовае і зняважлівае. Раней, калі ў атрадзе была Аўдоніна, ёй было лягчэй; дзве жанчыны заўсёды стараліся трымацца разам, часам памагаючы адна адной. Але ўжо месяц, як Аўдоніну пераманіў камандзір суседняга атрада, начальства згаварылася, ды і сама Аўдоніна была не супраць пераехаць у Сцяброўскі лес да бравага камандзіра дэсантнікаў. А Зоська асталася. Спярша, калі былі раненыя, яна памагала ў санчасці, а пасля, як атрад перабазіраваўся ў Сухі бор і стала меней сутычак, рабіла са старой Сцепанідай на кухні, пакуль не спатрэбілася начальніку разведкі Дазорцаву.
        Вядома, разведка – не кухня, тут часам даводзіцца рызыкаваць галавой, але ў чымсь тут цікавей і нават спаважней, чым на атраднай кухні. Яна адразу заўважыла, што з таго дня, як над ёй узяў шэфства Дазорцаў, мужчыны ў атрадзе пачалі ставіцца да яе з нейкаю нават пашанай, усё ж атрад з кастрычніка амаль увесь час сядзеў у лагеры, зрэдку вы сылаючы групы падрыўнікоў у розныя мясціны на шашу ці «жалезку», а яна ўжо другі раз ішла туды, адкуль не заўжды вярталіся. Нават і задзірала Вырвік, які раней не ўпускаў выпадку, каб лішні раз зачапіць яе ў размове або нават цішком ушчыкнуць, цяпер прыкметна прыціх і ветліва вітаўся першы. I толькі ў вачах гэтага нахабнаватага хлопца заўжды цьмеў дураслівы агеньчык, гатовы прарвацца ў самы няздатны момант. (Неяк яна дала яму добры адпор, і ён з падрапаным тварам з’явіўся ў строй перад камандзірам атрада, які тут жа пры ўсіх пацікавіўся, чыіх гэта курэй лавіў уначы Вырвік.)
        Стараючыся не пабудзіць Антона, Зоська ціхенька разграбла ў нары сена і босая вылезла са стажка.
        Была відная зімовая ноч, снег перастаў сыпаць, нібыта цішэйшы стаў вецер, трошкі марозіла. Усё навакол было белае, па-святочнаму ўбранае, як гэта бывае толькі ў першую ноч зазімку. У снежным сутонні знікалі зараслі хмызняку, на краі поплаву цьмяна драмалі абсыпаныя снегам стажкі; толькі яны і былі відаць сярод свежага снегу, ды яшчэ шарэла паблізу прысыпаная снегам трава. Увесь астатні свет стаіўся ў прыцемках зімовае ночы, прыціх, сцяўся да ранку. Угары слалася хмарнае, без зор і месяца неба, якое матавароўна свяцілася, напэўна, адбітым ад снегу святлом.
        Зоська збегала за стажок і зноў вярнулася да нары. У яшчэ не прасохлай апратцы яе адразу скаланулі дрыжыкі, і яна таропка на карачках падалася ў нару. Тут было цёпла, сапраўды, дыханнем яны добра ўгрэлі гэта сваё сховішча, і Зоська падумала, што шкада будзе заўтра пакідаць яго. Але пакідаць трэба. Раніцай яны знойдуць брод цераз рэчку, напэўна, ужо Антон ведае, як пераправіцца, каб абысціся на гэты раз без купання, відаць, ён болей за яе кемлівы, а галоўнае, мабыць, дужэйшы. Цікава, аднак, колькі яму можа быць год, падумала Зоська. Хаця і на выгляд можна заўважыць, што ён старэйшы за яе, напэўна, мае гадоў пад трыццаць, бадай, ужо не хлопец, а дзядзька.
        Яна зноў палезла пад цёплую палу кажушка. Антон, сонна ўздыхнуўшы, блізка прываліўся да яе, і яна соладка прыціхла, ледзьве прыкметна ўздрыгваючы і патроху грэючыся. Яна хутка і моцна заснула, нібыта сіганула адразу ў іншы, маркотна-цягучы свет сну. Чамусьці стала надта трывожна на душы, яна невядома чаго пакутавала, хаця доўга нічога благога з ёй не рабілася, але ў соннай свядомасці ўсё шырылася-расла трывога, прычына якой заставалася для яе невядомай. Нейкі час, нібы памятаючы пра рэальнае, яна недаўменна пыталася ў сябе: чаму так? Усё ж было добра, асабліва благога яшчэ не здарылася, яна не адна, з ёй той, пра каго яна нядаўна яшчэ толькі марыла, праўда, не Антон, нехта іншы і яшчэ невядомы, але несумненна добры, свой чалавек. Але чамусьці ён зрабіўся нейкі няпэўны, нібыта д’ябал і анёл у адной асобе, і самым пакутным для Зоські была гэтая яго няпэўнасць. З цягам часу невыразныя душэўныя перажыванні самі па сабе прытупіліся, пачалася іншая частка сну. Зоська ўбачыла сябе на краі камяністага абрыву ў гарах, дзе яна ні разу ў жыцці не была і нават не ведала, як яны выглядаюць. Але цяпер яна выразна бачыла перад сабой голыя шархоткія камяні з вострымі краямі разломаў, за якія яна з усяе сілы чаплялася пальцамі, каб неяк утрымацца на абрыве і не зрынуцца ў бездань. Яна не азіралася, але спіной выразна адчувала за сабой правалле, куды ўсё болей спаўзала. Ёй трэба было хоць на што-колечы ступіць, абаперціся нагамі, яна шкрэбла па камянях, але ступіць не было на што. Тады яна паспрабавала крычаць, але голасу не было, з грудзей вырывалася незразумелае глухое мычанне, і ніхто не ішоў памагчы ёй, хоць, ведала яна, той чалавек быў дзесь побач. I вось нарэшце ён паявіўся над безданню, але яна не пазнала яго, гэта быў хтось іншы, чужы і агідны, да яе выпнулася яго рукалапа з чорнымі, як у мядзведзя, кіпцюрамі. Зоська спалохалася гэтай лапы болей, чым бездані, глуха крыкнула і сарвалася з абрыву. Некалькі секунд перад тым, як разбіцца ў праваллі, яна выразна ведала, што гіне, але за імгненне да пагібелі раптам прачнулася.
        Праз разварушанае сена ў нару пранікала цьмянае святло хмарнага ранку і дзьмуў вецер. Зоська ўспомніла, дзе яна, адкінула палу кажушка і памкнулася выскачыць, але толькі села, прыгнуўшы зацярушаную сенам галаву. Антона ў стажку ўжо не было. Усё яшчэ перажываючы свой страшны сон, Зоська прыслухалася, дзесь паблізу чуліся крокі, і яна ціхенька паклікала:
        – Антон!.. Галубін...
        – Што? Прачнулася? Ану, уставай! Выхадзі на зарадку!
        Паволі вызваляючыся з-пад улады соннага страху, яна стала таропка збіраць сваю ўтаптаную ў сена апратку, якая амаль ужо высахла, толькі спадніца і боты былі яшчэ макраватыя. Лежачы, як-колечы надзела на сябе спадніцу і з ботамі ў руках выскачыла са стажка.
        Займалася позняя зімовая раніца, над поплавам віднела, выплывалі з прыцемку невыразныя ўначы плямы, якімі аказаліся зараснікі, зводдаль цямнела паласа хвойнага лесу. На прысыпанай свежым снегам траве стаялі чатыры стажкі, і ў суседнім з іх Зоська пазнала той іх стажок, дзе яны ўчора спрабавалі ўладкавацца на ноч. Каля яго з падкасанымі рукавамі сподняй кашулі націраў снегам шыю Антон. Як толькі яна вылезла з нары, ён скамячыў дужымі рукамі снежку і жартам шпурнуў у яе. Зоська міжволі ўхілілася, снежка мякка шлёпнулася аб стажок і рассыпалася.
        – Хутка мыйся, соня! – грубавата пажартаваў Антон. – А то разаспалася, не дабудзішся. Быццам вайна скончылася.
        – Учора ўжо вымылася, – сказала Зоська, таропка нацягваючы на панчохі макраватыя боты.
        – Учарашняе не ў залік. Хто першым снегам памыецца, усю зіму без прастуды абыдзецца. Ану!
        Ён падчапіў рукой жменю свежага снегу і, падышоўшы да Зоські, нацёр ёй лоб і пераноссе мокрым, сцюдзёным снегам.
        – Ой, ой! Не трэба!
        – Нічога, прывыкай! Спатрэбіцца.
        Зоська завязала цёплую шэрую хустку, крадком пазіраючы на Антона. Ёй было трохі ніякавата перад ім за іх не зусім звычайны начлег, яго дамаганне і сваю рэзкасць учора, але Антон трымаў сябе дзелавіта проста, быццам яны толькі цяпер спаткаліся, і гэта супакоіла Зоську. Абое быццам дамовіліся не ўспамінаць пра маленькі інцыдэнт, робячы выгляд, быццам нічога між імі не здарылася. Зосьцы, праўда, гэта ўдавалася горш, у яго ж выходзіла як найлепш. Быццам ён і не начаваў з ёй у гэтым стажку.
        Антон падперазаў ваеннаю дзягай свой руды сялянскі кажушок, прыдзірлівым позіркам зверху ўніз акінуў Зосьчыну постаць, і ў ягоных шэрых вачах з’явіўся клопат.
        – Ну як? Трохі падсохла?
        – Падсохла. Толькі спаднічка макраватая яшчэ.
        – Высахне. На марозе ўсё хутка сохне. Слухай, а паесці ў цябе няма?
        – Няма нічога, – вінавата сказала Зоська. – Я ж у Азярках дняваць меркавала. Там бы і пакармілі.
        – Го! Азяркі яшчэ вунь дзе! Да Азяркоў паўдня топаць трэба.
        – Цяпер ужо што. Усё роўна спазнілася.
        – А табе ад Азяркоў куды? – запытаў ён і трошкі пакасіў на яе свае шэрыя на грубаватым абветраным твары вочы.
        – Далей. У бок Нёмана. Слухай, а ў Лунна гарнізон, кажуць? – з трывогай запытала яна.
        – Гарнізон, ага. У Лунна хадзіць нельга.
        – Мне і сказалі – нельга. А я думала...
        – Няма чаго і думаць. Цераз Нёман у другім месцы трэба перабірацца. Табе ж сказалі, у якім?
        – Сказалі, – ціха зазначыла Зоська.
        – Во там і пераправімся. Пароль жа ведаеш, мусіць?
        – Пароль ведаю, – сказала Зоська і з трывогай у голасе загаманіла: – Слухай, давай схаваем наган. Во ў стажку. А пасля возьмеш, га?
        – Ну, прыдумала! Нашто хаваць? Яшчэ спатрэбіцца.
        – А раптам вобыск? Бо калі знойдуць, дык усё прапала. I як Дазорцаў табе дазволіў наган браць?
        – Буду я пытацца ў Дазорцава. Яшчэ на плячах сваю галаву маю.
        – Ой, баюся я, – ціха сказала Зоська.
        – Не бойся. За мяне няма чаго баяцца. Калі я сам за сябе не баюся.
        – Дарэчы, кепскі сон бачыла.
        – Ну і дзівачка! – развесяліўся Антон, надзяваючы рукавіцы. – Не раўнуючы, як баба якая. А яшчэ студэнтка, у тэхнікуме вучышся.
        – Пры чым тут тэхнікум, дзівак. Проста сон кепскі. Непрыемны.
        – Я во ніякіх сноў не прызнаю. Калі б я снам верыў, даўно б капыты адкінуў.
        – I табе нічога не сніцца?
        – Сніцца, чаму. Рознае. Але я нуль увагі. Куды ноч, туды і сон.
        Зоська засунула рукі ў маленькія кішэнькі сачка, нявесела пазіраючы ўдалячынь, куды пралягаў іхні шлях. Усё ж ёй было холадна на ветры ў непрасохлай апратцы, і яна, міжвольна скаланаючыся, ледзьве стрымлівала дрыжыкі. Вядома, сны – забабоны, але ў іхнім становішчы гэтыя забабоны вельмі проста маглі ператварыцца ў злую рэальнасць. Месяц назад дажджлівай непагоднай ноччу ў Селіцкім лесе Зосьцы прыснілася, што яе даганяе аўчарка; закрычаўшы ў сне, яна разбудзіла Аўдоніну, з якой яны спалі ў будане, і тая, пасмяяўшыся над яе дзіцячым спалохам, сказала, што немцы ў такую непагадзь наўрад ці ў лес сунуцца. А яны ранічкай якраз і сунуліся, ледзьве не захапіўшы знянацку сонны атрад, добра, што хлопец-вартавы стрэліў на ўзлеску, і Кузняцоў паспеў вывесці атрад за балота.
        – Што сны! – уздыхнуўшы, сказаў Антон. – У жыцці горш бывае. Вунь учора каля сталовай страчаю Куманца, пісара, кажа: рыхтуйся, Галубін, на гарнізон пойдзем. – На які гарнізон? – На Дзярэчын, кажа, паліцаяў выкурваць, памагаць першамайцам. – Ты чула: зноў, значыць, батрачыць на дзядзю. Ды яшчэ з такім камандзірам.
        Антон гаварыў расстроена, амаль злосна, і Зосьцы стала няёмка за ўвогуле някепскага, хоць, можа, і не дужа віднага і не заўжды ўмелага новага камандзіра атрада, які ласкава клікаў яе дачушкай.
        – Дык яму ж загадваюць. Міжрайцэнтр загадвае, што ён, сам усё выдумляе? – паспрабавала яна абараніць Шаўчука.
        – Загадваюць, канешне. I Кузняцову загадвалі. Аднак Кузняцоў быў такі, што дзе на яго сядзеш, там з яго і злезеш. Умеў адбрыкацца. Людзей паберагчы. А гэта цюха-мацюха: загадалі – ёсць, будзем выконваць. А як – у яго і ў паняцці няма.
        – Во ты і падказаў бы, – не стрывала Зоська. – Ты ж стары партызан, з самай вясны ў атрадзе.
        – З вясны, ага. Наваяваўся ўжо, во, – адмераў ён сабе даланёй да шыі. – Ды я што? Я радавы. Мая справа цялячая.
        – Канешне, які з яго камандзір! Усё ж ён ваенны чалавек. Хаця і старшынёй быў.
        – З немцамі ваяваць – не вераб’ёў страляць. Умець трэба. Іх вунь колькі напёрла. Сіла!
        Зоська прамаўчала. Сіла. Гэта, вядома, яна ведала, бачыла і на сабе адчувала гэтую сілу. Але як справіцца з ёй, гэтай чужаземнай сілай, якая захапіла палавіну Расіі, як вярнуць усё назад – гэтага яна не магла сабе ўявіць. Затое яна выразна адчувала, што ў гэтай вайне, апроч як выстаяць і перамагчы, іншага выбару не існуе. Інакш не варта і жыць, лепш адразу галавой у прорву, каб не ашукваць сябе, не пакутаваць.
        Яна была маленькі чалавек на гэтай зямлі – да вайны яшчэ толькі вучылася ў Навагрудку, некалькі месяцаў працавала піянерважатай у глухой сельскай школцы, жыла труднавата, ледзьве зарабляючы на якую-ніякую апратку, перабіваючыся з бульбы на хлеб. Але яна верыла ў лепшую будучыню, а яшчэ болей – ва ўсвоены ёю з кніг ідэал дабра і справядлівасці, які так нахабна растапталі фашысты. Яна іх ненавідзела, як толькі можна ненавідзець сваіх асабістых ворагаў: за тое, што яны расстралялі яе швагра-настаўніка, пазнішчалі ўсіх яе яўрэйскіх сябровак у мястэчку, папалілі хутары і прычынілі столькі неспатольнага гора яе разбуранай акупаванай зямлі. I яна сказала сабе, што жыць на адным свеце з гэтым звяр’ём немагчыма, што яна будзе ім шкодзіць, як толькі льга, калі толькі яны не заб’юць яе раней. Каб не спазніцца, вясной, як толькі растаў снег, яна згаварылася з сяброўкай і пайшла ў лес, і вось ужо некалькі месяцаў для яе няма іншага лёсу, апроч ляснога жыцця атрада з яго небяспекамі, голадам, сцюжай, з мноствам іншых нягод – апрача вайны.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.