РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
5
        
5

        
        – А во і рака. Яе пералазіць будзем? – запытаў Антон, спыняючыся на невысокім, падмытым вадой беразе. – Пераскочым? Ці паплывем?
        Вядома, ён жартаваў, ссунуўшы на патыліцу аблезлую, з аўчыны, шапку з абарванымі матузамі, а яна глядзела на цёмную сярод белых снегавых берагоў няроўную паласу вады, і тая сёння не здалася ёй страшнай. Ужо ўдваіх яны як-колечы пералезуць цераз гэтую недалыгу-рэчку, якая ледзьве не ўтапіла яе ўчора.
        Тым не менш, як пералезці, яшчэ трэба было падумаць, і яны няхутка пайшлі ўздоўж купчастага, парослага голым кустоўем берага. Ледзяныя закраіны месцамі былі шырэйшыя і туліліся да самага берага, за ноч іх добра прысыпала снегам, на якім дзе-нідзе расплываліся мокрыя плямы вады. У адным месцы, дзе рака была трохі вузейшая, ледзяныя крыллі амаль сыходзіліся на сярэдзіне, але мокрая шчыліна, што чарнела між імі, сведчыла пра здрадніцкую ненадзейнасць гэтай ледзяной мясціны. Трэба было пашукаць што-небудзь больш здатнае.
        – Можа, палку якую пакладзем? – няўпэўнена прапанавала Зоська.
        – I далёка ты дастанеш той сваёй палкай? – сказаў Антон, і ў ягоным голасе прагучала лёгкая насмешка з яе прапановы.
        – А што! Я ўчора перакінула і ледзь не пералезла.
        – Ледзь? Ледзь у такой справе не лічыцца.
        Зоська падумала, што, напэўна, ён лепей ведае, што трэба рабіць, і болей нічога не прапаноўвала, пераклаўшы гэты клопат на Антона. Хоць ёй і здалося, што ў некалькіх месцах варта было паспрабаваць, яна маўчала, чакаючы, што скажа ён.
        – Чортава рэчка! – бурчаў тым часам Антон, прабіраючыся ў берагавым лазняку. – I не ўмерзла, як трэба, і мелі заліла. Самы храновы час...
        Час для дальняй дарогі быў, канешне, не самы лепшы. Тыдзень назад ударыла сцюжа з ветрам, учора паваліў снег, які не пераставаў і сёння – снежныя крупінкі рэдка, быццам без жаднай ахвоты несліся аднекуль з мутнай вышыні, было няўтульна і холадна. Зоська пасля стажка не пераставала дробна дрыжаць, увесь час карцела пайсці хутчэй, прабегчы, каб як-небудзь сагрэцца. Каб толькі не гэта праклятая рэчка, якая другі дзень неадольнай перашкодай пралягла на яе шляху.
        Раптам Антон сціх у хмызняку, трывожна павярнуўшы ўбок галаву, і Зоська пачула наперадзе ціхі, але выразны пляскат вады. Антон адвёў лазіну, прыгнуўся, усё ўзіраючыся кудысь праз зараснікі, і зноў дзесьці пад берагам пляснула раз і другі. Хтосьці там быў, і яны на хвіліну прыціхлі ў хмызняках. Але вось насцярожаны, з выпнутым носам Антонаў твар кранула лагодная ўсмешка.
        – Бабёр! Глядзі, вылазе.
        Стаўшы на засыпаную снегам купіну, Зоська пацягнулася вышэй і ўбачыла зводдаль на павароце ракі, як нешта жывое і мокрае з шырокай лапаткай хваста няўклюдна выбралася з вады на палку і, павярнуўшыся, стаілася на задніх лапах. Антон ціхенька свіснуў, і звярок, трапятнуўшыся, таропка схаваўся ў дзірцы, якая тут жа чарнела ў аснежанай кучы бязладна наваленых палак.
        – Глядзі, прыжыліся! – сказаў Антон з лагодным захапленнем у позірку і палез праз хмызняк да бабровае хаткі.
        – Няхай! Не трэба пужаць! Не трэба... – замахала на яго рукамі Зоська.
        – Нічога! Глядзі, запруда якая. Во тут і паспрабуем пераправіцца.
        Сапраўды, бабры навалілі на ўзбярэжны мысок добрую кучу галля, палак, розных рагацін, абгрызеных, без кары, дрэўцаў, якія ўтварылі шырокую, напалову ўмёрзлую ў берагавы лёд запруду. Абсыпаная снегам, яна высілася над рэчкай амаль на ўзроўні берагавога абрыву, і Антон, хапаючыся рукамі за сцюдзёнае голле асінніку, асцярожна пералез на яе.
        – А што? Трымае. Ну – давай памалу... I не бойся, не бойся, я памагу! – падахвоціў ён Зоську. Тая таксама ступіла адною нагой на голы, прысыпаны снегам сук, які раптам пагрозліва пасунуўся пад яе ботам.
        – Ой, слізка!
        – Нічога... Давай за мной! Куды я ступіў, туды і ты ступай.
        Хапаючыся за нізка навіслае з берага сучча і няпэўна ступаючы па слізкім ламаччы, яны перабраліся па завале амаль да сярэдзіны ракі і спыніліся. Далей было метры два чорнай вады, якая імкліва імчала каля крайніх, глыбока ўтопленых палак; з таго берага было відаць прытопленае гнілое бервяно, канец якога ціха пагойдваўся на плыні. Антон прымерыўся, прыкінуў адлегласць да канца бервяна, спрытней уладзіў нагу на ўпоры.
        – Будзем сігаць.
        – Ой! А раптам сарвемся?
        – Зрывацца не трэба. Першы скакаць буду я. I падтрымаю цябе. Ну!
        Уся куча палак і голля аднабока хіснулася, пляснуўшы вадой, штось пад нагамі хруснула, Антон узмахнуў рукамі і, лёгка наступіўшы на прытоплены канец бервяна, апынуўся на тым баку.
        – Ну?
        Ён шырэй расставіў ногі і чакаў, гатовы падхапіць яе, але Зоська раптам згубіла рашучасць, адчуўшы, што для такога скачка ў яе проста не хопіць сілы.
        – Не дапрыгну...
        – Ну, ну! Дапрыгнеш, давай, не бойся! – падганяў Антон з таго берага. Яна ў каторы раз прымервалася да страшнай вадзяной шырыні, кідаючы вінаватыя позіркі на ажыўлены, поўны нецярпення Антонаў твар, і не магла адважыцца.
        – Не магу. Не дапрыгну...
        – Ну што ж мне, назад вяртацца? – урэшце зазлаваў Антон. – Я ж во дапрыгнуў, ты бачыла?
        – Дык гэта ж ты!
        – А ты? Галоўнае – смела! Ну, скачы, я падхаплю!
        Зоська слухала яго і сама ўсё разумела: трэба адважыцца і скокнуць. Але спярша трэба было разлічыць штуршок з адлегласцю, і каторы раз, зрабіўшы тое, яна разумела, што да бервяна не дастане, значыць, зноў апынецца ў ледзяной вадзе. А новае купанне ніяк не ўваходзіла ў яе планы – даволі з яе ўчарашняга, ад якога яшчэ не высахла апратка.
        – Ах ты, такую тваю мацер! – вылаяўся на тым беразе Антон і, ломячы ботамі лёд, рашуча сігануў у ваду. Яна не зразумела яшчэ, навошта ён так зрабіў, і спалохалася, убачыўшы яго па калені ў вадзе, адкуль ён патрабавальна працягнуў да яе рукі.
        – Прыгай, ну!
        Зоська скокнула – не на бервяно, а ў гэтыя выстаўленыя да яе рукі, ён пахіснуўся, але ўтрымаў яе, пераступіў, ледзьве сам не паваліўшыся ў ваду, і дужа штурхнуў нагамі наперад, да самай ледзяной закраіны ля берага. Яна ўпала на адно калена, але хутка ўскочыла і, запэцкаўшы рукі, узлезла на невысокі тут, аблытаны карэннем бераг.
        – Дзякуй, – ніякавата сказала яна, пазіраючы, як выбіраўся з вады Антон. Мабыць, спяшацца яму ўжо не было патрэбы, абедзве ягоныя нагі да самых калень былі мокрыя, з левай палы кажушка лілася на бот вада.
        – Набраў, ага? У абодва? Ну во... Ты мне даруй, калі ласка.
        – Што рабіць! Зялёная ты яшчэ разведчыца. Напэўна, зялёная, падумала яна, выразна ўсведамляючы сваю віну і з непрыемнасцю адчуваючы трохі прыкрытую яго незадаволенасць. Стоячы збоку, яна моўчкі глядзела, як ён з сілай сцягнуў з левай нагі бот і выціснуў на снег брудную дзіравую анучу.
        – Во так! Цяпер абое купаныя, – упершыню падняў ён да яе яшчэ строгі, але трохі падабрэлы позірк, і яна зразумела, што ён ужо не сярдуе.
        – Так шырока, што я не магла, – сказала яна. – А ў другім боце як? Суха?
        – У другім суха, – сказаў ён. – Левы дзіравы, даўно ваду прапушчае.
        Тым не менш Антон сцягнуў з нагі і правы бот, сухую анучу з правай нагі накруціў на пачырванелую ад сцюжы левую ступню.
        – Каб крыўдна не было. Мокры бот, затое сухая ануча. Ён зусім ужо не злаваў, і ў Зоські адлягло ад душы – усё ж ён малайчына, гэты Антон Галубін.
        – Напэўна, змёрз? Давай прабяжым, – прапанавала яна, але Антон не згадзіўся і нетаропка падняўся з берага, старанна выцер аб снег запэцканыя ў гразі рукі.
        – Сагрэюся. Мароз невялікі.
        – Куды цяпер – не зразумею нават. Пушча там быццам, так?
        – Там, – пацвердзіў ён. – Недзе тут павінна быць дарога. А табе куды – на Астравок?
        – Ага, на Астравок. Дазорцаў сказаў. Там хлопцы на заставе перавязуць цераз Нёман.
        З гэтага боку рэчкі куп’сты балотны бераг густа зарос кустоўем, сярод якога ледзьве не да калень тапырылася ссохлая, перасыпаная снегам трава, і яны ішлі, пракладваючы паміж кустоў і купін дзве пары глыбокіх слядоў. Напэўна, гэтыя сляды трэба было б маскіраваць неяк, але Зоська не ведала, як тут іх можна было замаскіраваць, і не здзівілася, калі Антон загадаў:
        – Ты ідзі за мной. Каб у адзін след.
        – Правільна.
        Балота ўсюды добра прамерзла і няблага трымала чалавека, у траве было суха, дробныя лужыны павымярзалі да дна, і пад нагамі часам хрумсцела – нятоўсты лядок лёгка ламаўся ў траве.
        – Зося! – нейкім асаблівым голасам сказаў раптам Антон і азірнуўся. Яна ледзьве не наткнулася на яго ззаду і спынілася, пазіраючы ў яго заклапочаны, нават азмрочаны чымсьці твар. – Зося, я павінен табе сказаць...
        – Што?
        – Знаеш... Я ў самаволцы, – сказаў ён і ўважліва паглядзеў на яе. Яна не зразумела нічога.
        – У якой самаволцы? У разведцы...
        – У тым-та і справа, што не ў разведцы. Я схлусіў табе. Мяне ніхто не пасылаў, я сам...
        – Як сам?
        – Сам. Як дазнаўся, што ты ідзеш на такую справу... Не вытрымаў. Ну і во...
        Падняўшы высока бровы, Зоська стаяла і няўцямна глядзела ў яго азмрочаны перажываннем твар, і сэнс яго слоў не адразу даходзіў да яе свядомасці. У самаволцы? Чаму ў самаволцы? Чаму яна пайшла і ён не вытрымаў? Але вось пачала разумець нешта, і блытанае пачуццё спагады і спалоху ахапіла яе.
        – Што ж ты нарабіў?
        – Во нарабіў, – развёў ён рукамі. – Цяпер позна перарабляць.
        – Не, табе трэба вярнуцца! – спахапілася яна. – Што ты! Цябе ж за такую справу...
        – А цябе? – з нейкай незразумелай пераконанасцю перапыніў ён яе. – Ты ж у першай вёсцы ўліпнеш. Прападзеш за нішто.
        – Чаму? – яшчэ болей здзівілася Зоська.
        – Чаму? Табе растлумачыць, чаму? Што ты ўмееш? Пералезці цераз рачулку ты ўмееш? Ашукаць паліцая ўмееш? На дакумент свой спадзяваешся? Дык першы ж бобік усё адразу сцяміць. Ану дай твой аўсвайс!
        Не могучы перасіліць сваю збянтэжанасць, яна сунула руку за пазуху і са спецыяльна прышытай для таго кішэні ў сачку дастала паламаную кніжачку аўсвайса.
        – Ну во! – адразу расчаравана прамовіў ён. – Хто так дакументы носіць? Хіба вясковыя дзеўкі так аўсвайсы свае хаваюць? Трэба было абгарнуць у паперку ды завязаць у кужэльную трапачку. Ды схаваць пад сёмую апратку. А ў цябе – усё нагатове. Цяпер фатаграфія, – сказаў ён і сціх, разглядаючы здымак на дакуменце. – Ну, канешне, адразу відаць: пашпарт аднаго чалавека, а фота другога. Старое фота з чужога дакумента. Ды і пячатка... Ну хто ж так пячаткі ставіць! – абурыўся ён. – Рукі б таму паламаць. Глядзі, нават літары не супадаюць.
        Яна зірнула на разгорнутую ў ягоных руках кніжку – сапраўды, літары на фатаграфіі яўна адрозніваліся ад тых, што стаялі на старонцы аўсвайса і ішлі неяк крыва, нібы распаўзліся ад вільгаці. Хаця ўчора аўсвайса яна не намачыла.
        – Ну, бачыш? Як за цябе не баяцца?
        Падобна, што ён у чымсьці меў рацыю, яе падрыхтавалі не дужа старанна, і яна вельмі лёгка можа ўліпнуць. Але як і чым апраўдаецца ён? Цэлая ноч адсутнасці ў лагеры не застанецца там без увагі, як тады ён растлумачыць гэтую сваю адлучку? Трывогай за Зосю Нарэйка? Але ці не будзе гэта дзіўна і смешна? I хто гэтаму паверыць?
        
        Збянтэжаная нечаканым адкрыццём, Зоська прыхінулася спіной да алешыны і стаяла, не могучы прыдумаць што-небудзь. Яна толькі няўцямна пазірала на свой злашчасны аўсвайс з няўдалым здымкам, адарваным ад яе даваеннага студэнцкага білета.
        – Дык што ж нам рабіць?
        Антон трошкі прытаптаў ботамі чорную палеглую папараць і нецярпліва варухнуў пад кажушком плячыма.
        – Пойдзем разам. Авось я табе не перашкоджу.
        – Ты мне не перашкодзіш, наадварот, – запэўніла Зоська. – Але...
        – Быццам муж і жонка, ідзем у Скідзель да маці. Там сапраўды ў цябе маці, могуць праверыць.
        – Ну што ты! Якая я жонка?..
        – Не хочаш жонкай – сястрой будзеш. А што? Удваіх, знаеш, зручней.
        – Яно так. Але...
        – Хочаш сказаць: як у атрадзе пасля?
        – Ну.
        – Відаць будзе. Авось апраўдаемся. Ты ж за мяне ўжо заступішся?
        Зоська ўсё не магла даўмецца, што ёй трэба зрабіць, на чым цяпер спыніцца і нават што сказаць Антону. Вядома, сэнс яго недарэчнага ўчынку не пакідаў сумнення, што ён зрабіў кепска і што, вярнуўшыся ў атрад, ім абаім не мінуць бяды. Антон зрабіў няправільна і нават злачынна, самавольна пакінуўшы атрад. У нейкай меры яго апраўдвала хіба тая акалічнасць, што адправіўся ён не на п’янку на які-небудзь хутар, не на гульбішча, а пайшоў з ёй на небяспечную справу, адкуль невядома яшчэ, як вярнуцца. Зноў жа гэты спалох за яе, амаль безразважная рызыка ад страху за яе жыццё збянтэжылі Зоську. Яшчэ ніхто ў яе жыцці не спрабаваў зрабіць нічога падобнага, і гэта болей за ўсё аслабляла яе рашучасць, рабіла саўдзельніцай Галубіна.
        – Ну што задумалася? – падобна, канчаткова адагнаўшы свае перажыванні, бадзёра сказаў Антон. – Няма чаго думаць. Ужо я цябе не пакіну. Пойдзем разам. Ці, можа, ты супраць?
        – Я не супраць, Антон. Наадварот. З табой мне, сам разумееш... Але...
        – Розных «але» хапае. Цяпер не будзем пра «але»... Халера, усё ж нага мерзне, – сказаў ён і прытупнуў левай, мокрай, нагой. – На Астраўку скажаш, што паслалі ўдваіх. Ты старшая, я ў падмогу. Пропуск далі?
        – Далі, ага...
        – Во і добра. Пераправімся, а там пабачым.
        Ён зноў рабіўся ўпэўнены, нават ажыўлены, быццам наперадзе не было смяртэльнай небяспекі, а ў атрадзе не чакалі яго непрыемнасці, калі ён вернецца з гэтай самавольнай разведкі. Але што рабіць – сапраўды, яна не магла прагнаць яго ад сябе, ды і не мела на гэта жадання. Яна ўспомніла сваё адзінокае блуканне ўчора па гэтым балоце, і ёй стала паныла. А як будзе адной па той бок Нёмана, у незнаёмых, набітых паліцаямі вёсках?
        – Няма чаго гараваць! – падбадзёрыў ён і паклаў вялікую руку на яе плячо. – Пайшлі!
        Мусіць, каб канчаткова вывесці яе з панылай заклапочанасці, ён жартам скалануў бліжнюю бярозку, і цэлае воблака сняжынак сыпанула на абаіх. Зоська знячэўку здрыганулася, але не ўсміхнулася нават, і ён надзеў рукавіцу і няхутка пайшоў між зарасніку, пракапваючы ботамі глыбокі след у засыпанай снегам траве.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.