РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
8
        
8

        
        Нёман застаўся ззаду, яны нядоўга паазіраліся на яго, ідучы полем, хаця ракі ўжо не было відаць. Амаль не стала відаць на тым беразе і лесу; знік, патануў між берагоў Астравок; памаячыла здаля і прапала нейкая вёсачка ніжэй вострава. Пайшоў снег. Шэры палявы прастор навакол усё болей цямнеў, затканы бялявай смугой завеі. Неўзабаве амаль нічога не стала відаць, трэба было добра напружыць зрок, каб за мільготкаю сеткай сняжынак згледзець які-небудзь прыцьмелы ў полі куст ці адзінокае дрэўца на ўзмежку. Усчаўся вецер. Часам яго шалёныя парывы так моцна шыбалі ў грудзі, што забівалі дыханне, і Антон на хвіліну адварочваўся, падстаўляючы ветру шырокую, у кажуху спіну.
        – Во, халера, як раз’юшыўся!..
        Зоська паднімала насустрач расчырванелы ад ветру твар з наліплымі да яго мокрымі сняжынкамі, якія заляпілі таксама ўсю яе хустку, пасму валасоў на лобе, густа замуравалі касмылявую шчэць яе плюшавага сачка. Яна спрабавала ўсміхнуцца, хістка заграбаючы ботамі ў снезе і не трапляючы ў шырокія Антонавы сляды.
        – От жа халера! Ішлі па лесе, дык ціха было. А ў голым полі як задуло! – пракрычаў праз вецер Антон. – Замерзла, малеча?
        – Не-а, – сказала Зоська і ўсміхнулася астыглымі вуснамі.
        – Табе калі трэба ў Скідзель? Заўтра?
        – Сёння ноччу.
        – Сёння не выйдзе. Адсюль да Скідзеля кіламетраў шаснаццаць.
        – Так далёка? – здзівілася яна, таксама павяртаючыся спіной да ветру. I праўда, увесь час ісці полем было пакутай, а дарогі яны абміналі, усё ж тут – не на тым баку Нёмана. Тут ваўсю гаспадарылі немцы і іхнія халуі паліцаі. У адным, аднак, ім пашэнціла – завея памагала прайсці незаўважна і гладка раўняла ззаду сляды. Калі б толькі не гэты шалёны вецер.
        – Нічога, датупаем, – бадзёра сказаў Антон, павяртаючыся тварам да ветру.
        Кепска, канешне, што яны не разлічылі свой шлях, змарнавалі час на пераправе праз Нёман і сёння не маглі дабрацца да Скідзеля, куды з самага ранку так імкнулася Зоська. Зрэшты, Зоську можна было зразумець: у яе заданне, розныя тэрміны і дзе-небудзь у ціхай напаленай хаце – самотная адзінокая маці. Але не меней, чым Зосьцы, Скідзель патрэбны быў і Антону, хаця ў яго не было там ні маці, ні якога-небудзь задання. Праўда, з нейкага часу там аб’явіўся ягоны стары, яшчэ барысаўскі сябра Жорка Капыцкі, хуткая сустрэча з якім цяпер не на жарт хвалявала Антона. Ведама, яны былі сябрамі, і Антон меў нейкую надзею на яго, але хто ведае, які стаў Капыцкі за тыя пяць або шэсць месяцаў, каторыя яны не бачыліся. Мабыць, маючы нейкую ўладу ў Скідзелі, ён, калі б схацеў, мог бы памагчы Антону. Але ці паможа – во ў чым загвоздка. Тым больш што той з’явіцца да яго не адзін, а з гэтай во сімпатычнай малышкай, на якую ў яго былі свае планы. Антон ужо разумеў, што ў жахлівую пару вайны людзі, як ніколі раней, здольны крута мяняць свае погляды, і ўчарашні сябра вельмі нават проста можа аказацца ворагам. Гэта дурань Антон, некалі зважаючы на старое сяброўства, памог Капыцкаму ўладкавацца ў сакрэтную спецгрупу, якую фарміравалі для засылкі ў дальні тыл немцаў, і яны разам прыбылі на Беласточчыну. Праўда, пасля іх шляхі разышліся, але тут ужо Антон ні пры чым, тут ва ўсім вінаваты Капыцкі.
        У тым, што яго цяперашні шлях так здатна супаў з Зосьчыным выхадам, Антон гатовы быў бачыць шчаслівы знак свайго ваеннага лёсу. Іх сённяшняя пераправа праз Нёман, якая болей за ўсё іншае турбавала Антона, прайшла ўвогуле добра, на заставе не спатрэбілася нічога тлумачыць, памагла Зоська. Мабыць, для Зоські ён штосьці ўжо значыў, калі яна паставілася да яго так прыязна, асабліва пасля іх малапрыемнай размовы каля бабровай запруды. Зоська – не Капыцкі, думаў Антон, маючы амаль цвёрдую ўпэўненасць, што яму пашэнціць з гэтай разведчыцай. Яшчэ ніводная дзеўка, на якую ён кідаў вокам, не грэбавала ім, Антон ведаў сілу сваёй прывабнасці і ўмеў пакарыстацца ёю, калі толькі гэта было яму трэба. Цяпер Зоська стала яму надта патрэбнай, і Антон спадзяваўся, што калі пастараецца, дык усё задуманае ім збудзецца. Толькі б не падвёў Капыцкі.
        Прыкідваючы кірунак у полі, ён упарта ішоў супраць ветру і думаў, што калі да Скідзеля сёння ім не дайсці, дык трэба паклапаціцца аб начлезе. Тым больш што кароткі дзень памалу канчаўся, неба на ўсходзе змерклася, здаецца, пачынала цямнець. Яны спусціліся ў лагчынку з кустоўем, Антон трохі ўзяў у абход, каб не лезці ў калючы гушчар, цяпер у голым полі было зручней. Нямоцны ўдзень марозік пад вечар пачаў зусім адпускаць, на хадзе стала цяплей, нават душна пад кажушком. Але Антон з непрыемнасцю заўважыў, што вецер усё болей паварочваў з захаду, адкуль ён заўжды прыносіў адлігу і непагадзь. Сухія крупчастыя сняжынкі ў паветры сталі бухматыя і раставалі на твары, рукавы і полы кажушка хутка зачарнеліся ад вільгаці. Антон зачэрпнуў з долу жменю свежага снегу, пакамячыў у далонях – снег ужо ляпіўся, і ён падумаў, што ноччу, мабыць, ударыць адліга, якая дашчэнту спляжыць іх палявы шлях. Як бы не давялося выходзіць на дарогу.
        Ён азірнуўся на схіле – Зоська ўсё адставала і калі дагнала яго, Антон ціха сам сабе засмяяўся – так яе пераўтварыў снег, што паналіпаў на галаву, грудзі і плечы. Антон пачаў моўчкі змятаць яго з Зоські, і тая, паварочваючыся, слушна падстаўляла сябе пад нямоцныя ўдары яго далоні.
        – Замарылася?
        – Трошкі...
        Увесь дзень Антон наважваўся загаварыць з ёй, падбіраў зручны момант, настрой і прыглядаўся да абставін, каб сказаць ёй тое галоўнае, дзеля чаго ён апынуўся з ёй разам. Але, як наліха, абставіны мала спрыялі такога роду гаворцы: замінала то небяспека паблізу, то прысутнасць чужых людзей побач. Ён мусіў перапыняць сябе на паўслове і чакаць болей спрыяльнага моманту. I Антон чакаў, з затоенай трывогай пазіраючы на спадарожніцу – то заклапочаную, то спалоханую, а цяпер во яшчэ і змораную гэтай снегавой дарогай. Яны пратупалі ад Нёмана, можа, кіламетраў дзесяць, нідзе не напаткаўшы жылля, і Антон не мог даўмецца, дзе тут магла быць якая-колечы вёска. Гэты лесавы раён на паваротцы Нёмана ён быццам ведаў някепска, летам выездзіў яго ўдоўж і ўшыркі, але цяпер не пазнаваў нічога – так змяніла яго завея. Праўда, сам ён не надта стаміўся і мог бы ісці доўга, аднак яму шкада было Зоську. Хаця тая і не наракала на стому, але Антон бачыў, як нялёгка даводзілася ёй на ветры, у лёгкай вопратцы і мокрых з той ночы ботах.
        Тым часам неяк раптам зрабілася цёмна, дзень неўпрыкмет скончыўся. Праўда, ноч абяцала быць відная ад свежага снегу на зямлі, але завея ўсё не сціхала, і нічога не было відаць. Можа, так яно і лепш, думаў Антон, ніхто іх не ўбачыць у гэтым завейным полі. Але і яны не шмат маглі згледзець і брылі амаль што навобмацак, кожную хвіліну рызыкуючы наткнуцца на нечаканасць.
        Усё напружана ўзіраючыся наперад, Антон убачыў у мільгаценні завеі некалькі тэлеграфных слупоў паблізу – пэўную адзнаку дарогі. На іх шчасце, дарога ляжала пустая, яны таропка перабеглі яе па слізкім пад снегам бруку, стараючыся адысціся як мага далей. Але за дарогай пад нагамі аказалася засыпаная снегам ралля ці, можа, ускапанае бульбяное поле, ісці па якім было пакутай, і Антон павярнуў наўкось ад ранейшага свайго кірунку. Калі наперадзе зацьмела нешта шырокае, ён падумаў, што наткнуўся на ўзлесак, але падышоў бліжэй і ўбачыў шэраг нахіленых у розныя бакі вербаў, што стаялі на гаці..Прыглядаючыся да іх, Антон міжвольна пацяг у сябе носам і разам са звыклым пахам мокрага снегу адчуў смачны пах ежы.
        – О, сала! – сказаў ён, спыняючыся ў некаторым нават здзіўленні. – З цыбуляй...
        Зоська таксама спынілася, яны памаўчалі, прыслухаліся, і Антон зразумеў, што не памыліўся. Сапраўды, вецер хутка данёс і пах дыму, значыць, дзесьці ў тым баку была вёска ці, можа, хутар, напэўна, яны б далі прытулак. Антон крута павярнуў да вербаў.
        Толькі яны ўзышлі на невысокі насып пад вербамі з белаю гладдзю сажалкі побач, як раптам зусім блізка наперадзе ўбачылі купу будынін: пад нізкім аснежаным дахам цямнела сцяна хлеўчука, заснежанае голле дрэў угары. Трошкі далей за плотам цьмела, напэўна, хата, страха яе была вышэй, чым хлеўчукова, з бліжэйшага да вугла акенца выбівалася слабая плямка святла; данёсся дзіўнаваты ўночы, нейкі рыплівы гук. Калі гук паўтарыўся на болей высокай ноце, Антон здагадаўся, што гэта іграў гармонік. Засцярожліва варухнуўшы рукой да Зоські, ён спыніўся за дуплістым камлём аблепленай снегам вярбы. Пах дыму стаў тут выразней, але гармонік, здаецца, прыціх; данёсся і абарваўся зводдаль нечы прыглушаны смех.
        – Ану пачакай. Я зараз, – ціха кінуў Антон Зосьцы, а сам асцярожна скіраваў да хаты, беручы трошкі ўбок, каб наблізіцца да яе з гарода.
        У твар ляпіў снег, які не даваў як след разгледзець жытло, ды ўжо Антон здагадаўся, што ў хаце ідзе гульбішча, значыцца, немцаў у вёсцы няма. Але ці ўдасца тут неўпрыкмет прыдбаць дзе начлег, ён не ведаў. Мабыць, трэба было спаткаць каго-небудзь з тутэйшых ды пагутарыць з ім. Або хоць бы дазнацца, як завецца вёска і якая абстаноўка ў іншых вёсках паблізу.
        На двары, аднак, не было нікога, на хвіліну ён стаіўся за вуглом хлеўчука, услухаўся ў прыглушаны гоман у хаце. Адначасова чулася некалькі мужчынскіх галасоў, зрэдку між імі раздаваўся жаночы смех, але пра што ішла гамана, зразумець было немагчыма. Счакаўшы хвіліну, Антон асцярожна перабег ля паркана і прыцяўся спіной да шурпатых бярвенняў хаты.
        Праз адталую шыбку ў дол падала расплывістая пляма святла, у якой белымі матылямі несліся з цемры і асядалі сняжынкі. Галасы за сцяной сталі гучнейшыя, ён ужо злавіў некалькі ўрыўкаў фраз (да некага звярталіся, называючы яго «пан Юзік»), і зноў зайграў гармонік. Раптам святло ў акне прыцьмела, амаль знікла, на снезе пад акном засталася толькі касая яго палоска, якая то шырылася трошкі, то зусім знікала. Антон зрабіў крок ад сцяны і асцярожна зазірнуў у акно.
        За рамай на падаконніку цьмяна паблісквала шкло, пэўна, пустой бутэлькі, побач стаялі міскі з закускай, за імі чарнелі нечыя шырокія мужчынскія плечы. Гэтыя плечы раптам хіснуліся, падаліся ўбок, і ў акне, прыкрыўшы святло, з’явіўся на падаконніку локаць. Антон міжвольна адхіснуўся ад гэтага блізкага за шклом руху, у апошні момант ухапіўшы позіркам штосьці знаёмае на рукаве... Зноў зазірнуўшы з-за ліштвы, ён ціха пра сябе вылаяўся – на цёмным рукаве паддзёўкі святлела знаёмая паліцэйская павязка.
        Антон прыхінуўся да бёрнаў сцяны, паглядзеў за вугал. Ісці ў гэты двор не мела ўжо сэнсу, мяркуючы па ўсім, там пілі паліцаі або нехта з удзелам паліцаяў, што таксама не лепей. Трэба было шукаць іншае месца.
        Па сваіх, ужо ледзьве прыкметных у снезе слядах ён хутка перайшоў за хляўчук і пад прыціхлыя гукі гармоніка пакрочыў да недалёкіх вербаў. I раптам ён ярка прыпомніў, што некалі ўжо бачыў гэтыя пахілыя вербы і сажалку, мабыць, у верасні яны праязджалі тут з Кузняцовым, Антон яшчэ хацеў напаіць каня ў сажалцы, але Кузняцоў спяшаўся і не даў спыніцца. Праўда, ён не ведаў, як называецца вёска, але цяпер ужо і так зарыентаваўся і прыпамятаў, што недалёка быў лес, а наўкось ад яго ручэй і далей хутар, да якога вяла з вёскі абсаджаная бярозкамі наезджаная палявая дарожка.
        Зоська стаяла каля крайняй вярбы, і Антон не адразу ўбачыў яе, але вось яна нецярпліва падалася да яго, і ён моўчкі махнуў рукой, павяртаючы да грэблі ў завейную імглу поля. Гэты раз ён крочыў рашуча і таропка, не чакаючы Зоську, бо ўжо ведаў, куда трэба ісці, і яму карцела хутчэй апынуцца пад дахам. Зноў жа – хацелася есці. Пах смажанай ежы ды гэтае паліцэйскае гульбішча ў хаце не на жарт абвастрылі яго апетыт.
        I сапраўды ён хутка набрыў у полі на радок маладых бярозак, якія роўненька выстраіліся ўздоўж завеянай снегам дарогі, і ўпэўнена павярнуў улева, насустрач ветру. Цяпер ужо не мела значэння, дзе ісці – полем ці па дарозе, і ён пакрочыў уздоўж ледзьве прыкметных у завеі прысадаў. Зоська старалася не адставаць і, угнуўшы галаву, дзе крокам, а дзе і бягом, як-колечы паспявала за ім.
        Як ён таго і чакаў, спярша з прыцемкам з’явіліся дзве вялізныя ліпы ў гародзе, пасля зацямнеліся будыніны хутара – хата, гумно, некалькі хляўкоў каля хаты. Хутарок гэты, як памятаў з восені Антон, не кідаўся ў вочы заможнасцю, ды і хатка мела даволі бядняцкі выгляд – урослая ў зямлю пяцісценка з нізенькімі квадратамі акенцаў. Тады тут калупаўся дзед з некалькімі немаладымі жанчынамі, мужчын у той раз, калі яны сюды заязджалі, не было відаць, і яны ні аб чым не пыталіся ў гаротнага, са зблытанай барадой старога, бо не думалі калі-небудзь паявіцца тут зноў.
        Аднак Антон паявіўся.
        Касабокія вароты ў плоце былі зачынены і нечым завязаны знутры, Антон, не спрабуючы адчыніць іх, пераскочыў цераз верхнюю жэрдку плота, дапамог пералезці Зосьцы. Тут ён амаль не баяўся нікога: на гэтым Богам забытым хутары наўрад ці хто мог быць старонні. Добра яшчэ, калі тут наогул хто-колечы будзе. Зрэшты, гэта цяпер не мела значэння, ім трэба было перш за ўсё захінуцца ад ветру і трохі аддыхацца ад гэтай начной завеі.
        Прыземістая хата пад вялізнаю шапкай страхі з дрывотняй каля хлеўчука спаткала іх глухой цішынёй і бязлюддзем, з вокнаў нідзе не прабівалася ні плямкі святла, можна было падумаць, што хутар даўно пакінуты і нідзе нікога няма. Але Антон невыразна адчуваў нейкія адзнакі жыцця, хтосьці там быў, хоць і нічым не выдаваў гэтай сваёй прысутнасці. Так ціха і неўпрыкмет жывуць і дажываюць на свеце старыя – самі ў сабе, ціха, малапрыкметна для старонняга вока.
        Зоська след у след тупала ззаду, Антон моўчкі ўзышоў на каменныя прыступкі ганка і піхнуў дзверы ў сенцы. Дзверы, як ён і чакаў, лёгка адчыніліся, выцягнуўшы рукі, ён прамінуў цёмны прастор сяней і неўзабаве намацаў дзверы ў хату. Адчыніўшы іх, адразу пераступіў высокі парог, ды так і застаўся стаяць у прынесеным з сабой белым воблаку сцюжы.
        З трохі падсветленага свечкай паўзмроку да яго павярнулася некалькі твараў жанчын у цёмным адзенні, іх складзеныя на грудзях рукі раптам замерлі, вымаўленая ціхім голасам маліцвенная фраза перапынілася на паўслове. Антон перавёў позірк ніжэй і са страхам ці агідай зірнуў на жоўты, зморшчаны тварык у дамаўі, забыўшыся зачыніць дзверы і ўжо выразна разумеючы, што з’явіўся сюды недарэчы.
        – Да-а... Ладна, – прамармытаў ён, ступаючы зноў да Дзвярэй, адкуль уваходзіла ў хату Зоська.
        Ледзьве асветленыя знізу мільготкім агеньчыкам свечкі, жалобныя твары жанчын зноў павярнуліся да нябожчыцы, з ціхай напеўнасцю загучалі незнаёмыя словы каталіцкай малітвы, і ён адчуў, што трэба затрымацца тут хоць бы на адну хвіліну. Мокрай рукой ён сцягнуў з галавы мокрую ад снегу шапку і маўчаў. Зоська вялізнымі вачыма моўчкі ўтаропілася ў нябожчыцу. Напэўна, трэба было сказаць нешта, прыдатнае ў такім выпадку, але ён не мог прыдумаць, што можна сказаць, і ўсё пазіраў то на свечку, то на мёртвы твар і думаў. Мабыць, гэтую яго збянтэжанасць жанчыны зразумелі па-свойму – адна з іх нячутна крутанулася ў змрок і вярнулася з нечым, прыхінутым канцом фартуха.
        – Во, не абяссудзьце на горачка... Не абяссудзьце на горачка...
        Яна казала гэта да Зоські, і тая паслухмяна і без слоў узяла ў яе нешта і, слаба піхнуўшы локцем Антона, павярнулася да дзвярэй. Сунуўшы на галаву шапку, Антон з нечаканай палёгкай выбраўся з цёмных сянец на белы ад снегу двор хутара.
        – Халера! – сказаў ён, аддаючыся ранейшаму клопату. З начлегам у іх упарта не клеілася.
        Ён не ведаў ужо, куды ісці далей, не папытаўся пра тое ў хаце, а зноў вяртацца туды ў яго не хапала адвагі. Уражаная тым, што ўбачыла, Зоська гаротна стаяла побач, прыціскаючы да грудзей голыя рукі.
        – Што гэта? – запытаў Антон. – А, хлеб? Ану дай сюды.
        Ён узяў з яе рук акраец чэрствага, як камень, хлеба і чатыры звараныя ў лушпінах бульбіны, распіхаў іх па кішэнях, акрайчык засунуў за пазуху.
        – Ну? Пойдзем. Можа, яшчэ што натрапіцца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.