РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пайсці і не вярнуцца
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
11
        
11

        
        Рэшту гэтага ветранага снежнага дня яны прастаялі на сцюжы за шулам шырокіх варот, пазіраючы на дарогу і поле. Але ў полі скрозь было пуста, а на дарозе толькі адзін раз праехалі сані з двума мужыкамі, і болей ніхто не ішоў і не ехаў. Зоська трошкі паплакала, хоць слёзы не далі палёгкі, і яна адчувала сябе зусім кепска. Суседства забітых падрыўнікоў, якіх яны не маглі тут пахаваць, прыгнятала яе. Але болей за ўсё яе прыгнятаў Антон. У тым, што ён надумаўся на недарэчнасць, у яе не было сумнення, але яна не знаходзіла спосабу, каб утрымаць яго ад гэтай злачыннай недарэчнасці. Усе яе довады ён абвяргаў з лёгкасцю, кіруючыся сваёй увогуле няблага пабудаванай логікай, за якой было натуральнае для чалавека жаданне выжыць. Але якім чынам?
        Зосьцы таксама вельмі хацелася жыць, але той спосаб ратунку, які настойліва навязваў Антон, яна прыняць не магла. Ён жа ўпарта не пагаджаўся ні на якія яе ўгаворы, не слухаў ніякіх яе разважанняў.
        I стала так, што за час, калі яны то перапынялі адзін аднаго ў спрэчцы, то пасля доўга варожа маўчалі за шулам, Зоська адчула, як стала меншаць для яе чалавечая вартасць Антона. Часам ён выклікаў у ёй шкадаванне тым, што ўпарта не разумеў простых, як снег, людскіх ісцін, часам яна пачынала яго ненавідзець за яўны, шыты белымі ніткамі, разлік. Баючыся канчаткова паддацца гэтаму нядобраму да яго пачуццю, Зоська стрымлівала сябе, ёй пачынала здавацца, што Антон не разумее чагосьці, што ў аснове канфлікту між імі ляжыць не ягоны злачынны намер, а нейкае непаразуменне, што варта яму нешта растлумачыць, як ён зробіцца ранейшым слаўным Антонам. I яна, усё стараючыся растлумачыць яму ягоныя памылкі і не ў стане справіцца з ягонай упартасцю, думала: які ж ён на самай справе? Такі, які ён здаўся ўпачатку – дужы, спагадлівы, умелы партызанскі хлопец Галубін, ці той, хто нечакана адкрыўся ёй у гэтай аборы – напалоханы за сваё жыццё баязлівец, які надумаў зрабіць такой жа і яе. Праўда, пакуль ён не зрабіў ёй нічога кепскага і паводзіў сябе як звычайна, толькі гаварыў не зусім звыклыя для яе словы. Але ад гэтых слоў яе ахапляў жах. Дык што ж ёй рабіць, што рабіць?.. Было, аднак, відавочна, што, апроч як сядзець тут ды чакаць прыцемак, нічога зрабіць было нельга, і яны то маўчалі, то нягучна спрачаліся, то азябла тупалі за шулам, ляскаючы зубамі на скразным пранізлівым ветры. Але вось дзень перайшоў у адвячорак, поле пачало цямнець, дарога, што бегла на дальні бальшак, ляжала пустая, і Антон глыбей насунуў на галаву шапку.
        – Хай, ладна, – сказаў ён у адказ на нейкія свае думкі. – Пайшлі.
        Зоська дужа азябла і ледзьве стрымлівала дрыжыкі, усё ў ёй ірвалася з гэтай праклятай аборы, абы толькі выйсці ў поле, прабегчы, сагрэцца. Але яна не адразу выйшла з варот, штосьці ў ёй супраціўлялася гэтаму, ногі раптам страцілі лёгкасць, і яна нясмела ступіла на мокры, збуцвелы снег. Яе нядаўняе захапленне Антонам катастрафічна знікала, і пад вечар яго засталося не шмат. У яе ўжо знікла ахвота ісці за ім, у думках усё перамяшалася, ногі сталі быццам чужыя, самы раз было павяртаць назад, за Нёман, у атрад.
        Вялізным намаганнем яна спрабавала адагнаць кепскія прадчуванні, сказаўшы сабе, што рана яшчэ адступацца ад гэтага чалавека, пакідаць яго аслепленым, можа, часовай дурнотай; трэба яшчэ паспрабаваць пераканаць яго, не даць зрабіць апошні неразумны крок у жыцці, за якім – пагібель. Усё ж Галубін быў някепскі партызан у атрадзе і калі наважыўся на такое, дык, напэўна, і праз яе таксама. I яна ўхапілася за апошні магчымы для яе сродак.
        – Антон! Пастой...
        Ён хутка крочыў па раскіслым снезе, кіруючы ўздоўж хмызняку ля дарогі, і неахвотна спыніўся каля зламаных калкоў агароджы. Увесь яго змрочны, незадаволены выгляд казаў: ну, што табе яшчэ трэба? Зоська падбегла бліжэй, каб У вечаровых прыцемках лепей бачыць ягоны твар, і не пазнала яго: такі ён чужы стаў і нядобры.
        – Антон, ты падумай... Ведаеш, я даю слова... Я нікому не скажу. А ты ідзі назад. Хочаш, я напішу Шаўчуку. Аловак у цябе ёсць?
        – Што ты напішаш? – холадна запытаў ён, стоячы да яе бокам.
        – Ну, што я цябе ўпрасіла правесці мяне. Каб цябе там за самаволку...
        – Тожа мне скажаш! – пагардліва буркнуў ён і, як заўжды, спорна пакрочыў уздоўж хмызняку. Яна марудна паплялася следам.
        «Што ж мне рабіць? Што рабіць? – ледзьве не са слязьмі ў каторы раз пыталася сама ў сябе Зоська. – Няўжо ж ён пойдзе да немцаў? Яны ж павесяць яго. Як жа ён не разумее таго?»
        Яшчэ падсвядома, але ўсё выразней яна адчувала, што далей ісці з ім нельга, што так яна проста заваліць заданне, падвядзе пад пятлю людзей, сябе і нават, можа быць, маму. Што Антон у такім яго стане – нібыта п’яны ці, можа, горш нават за п’янага, што ён можа нарабіць тое, чаго сам не чакае. Антон жа між тым, здавалася, зусім не турбуючыся, упэўнена крочыў па снегавым цаліку да недалёкага ўжо Скідзеля. Захмаранае неба хутка цямнела, снег на зямлі ляжаў белы і чысты, дзьмуў свежы заходні вецер, які прынёс ноччу адлігу і за дзень ператварыў снег у хлюпкую кашу. Ісці было цяжка, Зосьчыны ногі адразу ж прамоклі і правальваліся да самай зямлі, але яна трохі сагрэлася і пайшла павольней. Антон вырваўся далёка наперад, аднак яна бачыла на снезе яго сляды і не баялася адстаць, даганяць жа яго ёй не хацелася. Яна нават падумала, што, можа, ён так і пойдзе адзін, пакінуўшы яе сярод ночы, і не спалохалася гэтай думкі. Чымсьці яна нават спадабалася ёй, гэтая думка.
        Але ён не пайшоў адзін. Крочачы наперадзе, ён усё ж выбраў час азірнуцца і, напэўна, заўважыўшы, як далёка яна адстала, прыпыніўся на ўзлеску. Наперадзе быў малады хвойнік, справа ляжала голае раўніннае поле. Зоська не памятала гэтых мясцін, але адчувала, што Скідзель дзесь побач. Ісці заставалася гадзіну ці дзве, і за гэты час ёй трэба было нешта рашыць. Яна ўжо ведала, што ісці з ім у Скідзель проста не мела права.
        – Ну, што ты адстаеш? – запытаў ён з папрокам, калі яна падышла бліжэй. – Хіба прыстала?
        – Нагу нацёрла, – буркнула Зоська. Сапраўды ў левым боце тоўстым вузлом збілася ануча, якая балюча церла ступню.
        – Дык пераабуйся.
        Не ведаючы яшчэ, што рабіць, Зоська хуценька агледзелася вакол – далёка наперадзе каля ўзлеску, здалося, бліснуў і прапаў агеньчык.
        – Там што – вёска?
        – Там? – Антон паўзіраўся ў вечаровыя, амаль начныя ўжо прыцемкі. – Вёскі тут не павінна быць. Можа, хутар.
        – Зойдзем на хутар, – сказала яна.
        – Нашто? Да Скідзеля вунь пяць кіламетраў.
        – Ну зойдзем. Мне трэба.
        – Во яшчэ! Нашто табе хутар? Прыйдзем на месца, там можна пасушыцца і ваабшчэ...
        Але яна хутка пайшла наперад па ўзлеску на далёкі чырванаваты агеньчык пад лесам. Яна і сама не ведала, нашто ёй быў гэты адзінокі хутар, але адчувала, што цяпер нельга ісці ў Скідзель і неяк трэба змарнаваць час. Не ведаючы пра яе намер, Антон незадаволена патупаў следам.
        Яны доўга ішлі па раскіслым снезе ўздоўж лесу, кіруючы на мільготкі агеньчык у нечым акне. Зоська ўжо не старалася размаўляць з Антонам, яна ціхенька плакала, неўпрыцям выціраючы пальцамі вочы. Гэта ж трэба так усё спляжыць у іхняй і без таго нялёгкай дарозе, думала яна пра Антона, адчуваючы сябе глыбока абражанай і няшчаснай. Аказваецца, яна патрэбна была яму для шкурнага яго намеру, а зусім не таму, што ён пакахаў яе. Хаця... Усё ж ён ад яе не адмовіўся – наадварот, ён гатовы быў звязаць свой лёс з яе лёсам. Ды і яна таксама была б не супраць, яна была б рада, калі б толькі ён заставаўся ранейшым партызанскім хлопцам Галубіным. Але ж ён надумаў перамяніцца, стаць нечым іншым – як на гэта магла пагадзіцца Зоська?
        I, апроч усяго іншага, ён надумаў яўную дурнату з гэтым Скідзелем. Дзіва, як ён не можа зразумець, што немцы ніколі не даруюць яму яго партызанства і рана ці позна павесяць з біркай на шыі. Дарма ён спадзяецца на нейкага свайго земляка. У такой справе ніякі зямляк не заступнік.
        Трэба было затрымацца самой і затрымаць на хутары Антона, але як зрабіць гэта, Зоська яшчэ не ведала. У той жа час яна адчувала, што сама надта спазнялася, што так могуць мінуць усе тэрміны яе задання. Хаця цяпер ёй было не да тэрмінаў. Пад пагрозай апынуліся яе галава і яе заданні наогул.
        Агеньчык, што бліскаў воддаль, недзе прапаў, яны нейкі час нічога не бачылі ля сябе, апроч цьмянага снежнага поля, дужа шумеў на ветры хвойны ўзлесак побач. Гэты ўзлесак цягнуўся і цягнуўся кудысь у снегавыя прыцемкі, і Зоська, ужо не адстаючы, таропка ішла за Антонам, пакуль за чарговым паваротам наперадзе зноў не з’явіўся чырвоны агеньчык у акенцы. Блізка пад самым лесам тоўпілася некалькі хутарскіх будынін, чарнеўся на снезе пункцір плота і на суччы дрэў у чорным небе цьмяна шарэлі камякі снегу. Антон раптам спыніўся, Зоська таксама замарудзіла крок – з хутара даляцеў скрып асвера і невыразны пляскат вады, якую пералівалі з аднаго вядра ў другое.
        Нічога не сказаўшы, Антон скіраваў уздоўж плота да хутара, і Зоська, трохі адстаўшы, пайшла следам. Мабыць, яны зайшлі з тылавога боку сядзібы, ад лесу, – хату і акенца з агеньчыкам неўзабаве затулілі снежныя стрэхі нейкіх паветак, з’явілася лазня наводшыбе. Пад нізкай сцяной хаты ляжала засланая снегам куча бярвення, мабыць, нарыхтаванага на дровы ці на якую іншую патрэбу. Антон абышоў гэтае бярвенне і амаль сутыкнуўся з чалавекам у кажусе, які нёс у абедзвюх руках два драўляныя вядры з вадой.
        – О, поўныя, удача будзе! – замест прывітання жартоўна сказаў Антон. Чалавек спыніўся, асцярожна паставіў вёдры на снег, моўчкі разглядаючы ў прыцемках начнога госця. – У хаце чужых няма? – ціха запытаў Антон.
        – Нёма, – глуха азваўся чалавек.
        – Хазяін? – кіўнуў Антон.
        – Так, так.
        – Ну запрашай у хату. Пагрэцца нада.
        – Проша, проша пана, – не надта, аднак, узрадавана прамовіў гаспадар. Пакінуўшы на снезе вёдры, ён ступіў на дашчаны, ачышчаны ад снегу ганак, расчыніў нізкія дзверы. – Проша пана.
        Пераступіўшы следам за Антонам парог, Зоська апынулася ў прасторным трысцене, гаспадар зачыніў за ёй дзверы, і яна агледзелася. Насупраць ад увахода дымна палілася ў печы з вялікімі чорнымі чыгунамі ля агню – напэўна, на корм жывёле, падумала Зоська. Тут жа з вілачнікам у руках стаяла белатварая, не старая яшчэ кабеціна, спакойна і моўчкі яна аглядзела Антона, пасля перавяла позірк на Зоську. З-за стала здзіўлена пазіраў на іх хлопчык-падлетак, які сядзеў над раскладзенай кніжкай, побач мільгаў агеньчык капцілкі, той самы, напэўна, які прывёў іх сюды.
        У хаце было амаль цёмна, сцюдзёна дзьмула з дзвярэй, дровы ў печы, напэўна, толькі яшчэ разгараліся.
        – Мы трошкі адпачыць, – сказаў Антон, стоячы перад жанчынай.
        – Проша, проша, – ціха сказала гаспадыня і паставіла ў кут вілачнік.
        Зоська спрабавала даўмецца, куды яны трапілі, што за людзі на гэтым хутары, але адразу што-небудзь зразумець было цяжка. Здаецца, гаспадар з гаспадыняй размаўлялі па-польску, значыцца, належалі да мясцовай шляхты, якая, як памятала Зоська, мела свае асаблівыя адносіны да ўсяго на свеце. Белавалосы хлопчык выскачыў з-за стала і паслужліва падсунуў гасцям кароткую лаўку, якая стаяла каля сцяны.
        – Проша пані і пана сядаць, – з лагоднай напеўнасцю ў голасе сказала гаспадыня.
        – Сядзем, – сказаў Антон. – Сядай, Зоська, пераабувайся. Пагрэемся трохі.
        Зоська з асалодай апусцілася на гладкую дубовую лаўку, сцягнула ўшчэнт раскіслы бот. Хлопчык зноў заняў сваё месца за сталом.
        – Што чытаеш? – запыталася Зоська, зазіраючы ў кніжку.
        – Я? «Таямнічы востраў», – пераадольваючы ніякаватасць, адказаў хлопчык па-беларуску.
        – Ведаю. Харошая кніга.
        – Ага. Толькі канца няма. Канец тут выдраны, – сказаў і, мабыць, засаромеўся хлопчык.
        – Канец, проша пані, выдраны, так ён яе чатыры разы прачытаў. Ужо амаль на памяць ведае, – загаварыла ад печы гаспадыня, і ў тоне яе Зоська пачула ледзьве прытоены гонар за поспехі сына. Што ж, увогуле гэта ёй спадабалася.
        – Дык калі б канец быў, – сумна сказаў хлопчык, забаўляючыся з кніжкай. Зоська паправіла анучу і з натугай ледзьве надзела змакрэлы бот.
        – Дык ты і не ведаеш, чым скончылася? Я зараз табе раскажу. Цябе як завуць?
        – Вацык.
        – Ану дай кніжку, Вацык.
        Яна прысунулася бліжэй да капцілкі, узяла з рук хлопчыка кніжку. Гаспадыня адышлася ад печы і з яўнай цікаўнасцю назірала за гасцямі і сынам. Зазірнуў у кніжку і Антон. За іхнімі плячамі ў паўзмроку сцішыўся зарослы шчэццю гаспадароў твар.
        – Так. На чым тут адарвана? Ага, выбух на востраве. Ну, а далей людзі кінуліся ў мора. Карабель жа дабудаваць яны не паспелі і ратаваліся на рыфах. Здаецца, усе павінны былі загінуць. Але ў самы апошні момант на гарызонце паявіўся карабель капітана Гранта. Грант плыў па Айртона...
        – А, каб зняць яго з вострава? – здагадаўся Вацык.
        – Во-во. Бо тэрмін ссылкі мяцежніка скончыўся, і капітан Грант плыў яго зняць. I ён выратаваў усіх.
        З рэдкай для падлетка ўвагай у вялікіх вачах Вацык сачыў за кожным рухам на яе твары, лавіў кожнае яе слова, і гэты ягоны позірк і яго ўвага жыва напомнілі Зосьцы даваенных хлапчукоў у Скідзелі, якім яна часам таксама чытала кніжкі. Усяго паўтара года мінула з той мірнай і поўнай надзей пары, а як усё крута змянілася ў свеце. I, напэўна, змянілася яна сама. Куды толькі падзеўся яе малады запал, бесклапотная лёгкасць у жыцці. Усё прыдушыла, аплявала, растаптала вайна.
        – Любіш кніжкі чытаць? – запыталася Зоська. Вацык працягла, па-даросламу ўздыхнуў і закрыў кніжку.
        – Люблю, але дзе ж іх узяць? У Стасіка Кемпеля было тры, дык я іх прачытаў ужо.
        – Проша пані прабачыць, – мякка ўмяшалася ў размову гаспадыня. – Вацык быў выдатнік у школе, грамату мае. Стэфан! – некалькі іншым, амаль начальніцкім тонам звярнулася яна да мужа. – Покаж пані грамату.
        – Так, кохана...
        Гаспадар паслухмяна кінуўся ў другую палову хаты, а гаспадыня з ранейшай мяккасцю ў голасе запыталася:
        – Далёка пані ідзе?
        – Не, недалёка, – адказала Зоська. – Тут блізка. Ды нагу намуляла.
        – Ой, ой, так нядобжэ ў дарозе. Тшэба ехаць пані.
        – Навошта? Мы пехатой...
        – Пэўна, пані з панам есць хцо? – запыталася гаспадыня, і Зоська сумелася.
        – Дзякуем. Але мы, ведаеце...
        – А што? Мы не супраць, – падхапіў Антон. – Грэх ад яды адмаўляцца.
        З другой паловы хаты выйшаў гаспадар з загорнутай у старую газеціну школьнай граматай сына, але не паспеў ён раскруціць газету, як гаспадыня распарадзілася:
        – Стэфан, несь млеко, сало...
        – Так, кохана, – звыкла адказаў Стэфан, амаль подбегам кіруючы з трысцена.
        Зоська не вельмі ўважліва прабегла вачмі некалькі радкоў граматы выдатніка пятага класа і перадала грамату Антону. Здаецца, яны зрабілі правільна, калі завіталі на гэты хутар. Мяркуючы па першым уражанні, гаспадары былі добрыя людзі, а галоўнае ні пра што не пыталіся і, пэўна, мала цікавіліся тым, хто іх начныя госці. Толькі гаспадыня запыталася, куды ідуць, але гэта надта звычайнае ў такіх выпадках пытанне, за якім, мабыць, не было нічога, апроч простай цікаўнасці.
        Гаспадыня тым часам пачала таропка накрываць на стол, разаслала кароценькі льняны настольнічак, дастала з пасудніка некалькі чыстых гліняных місак, драўляныя лыжкі. Пасля прынесла бохан жытняга хлеба і пачала кроіць яго, прыставіўшы да грудзей, гэтаксама, як некалі рабіла Зосьчына маці. Хусцінку яна ссунула з галавы на плечы, і яе белы, маладжавы твар з тонкімі зморшчынкамі каля вуснаў засвяціўся мілай спакойнай дабрынёй. Такія жаночыя твары здаўна падабаліся Зосьцы, хаця і сустракаліся яны ў гэтую пару не часта.
        – Проша сядаць пані. I пана, – прыветліва запрасіла гаспадыня і Антона.
        Зоська пасунулася далей за стол, з-за якога адразу, як толькі пачалі на яго накрываць, сціпла выбраўся Вацык, побач усеўся Антон. Цяжка дыхаючы, у хату ўваліўся гаспадар са стаўбуном малака і вялікім кавалкам сала ў заскарузлых руках. Гаспадыня, як здалося Зосьцы, з сарамлівай паспешлівасцю выхапіла ў яго гэты кус і на стале прыгожа адкроіла ад яго некалькі тонкіх лустаў.
        – Проша спробоваць, проша. Мы людзе не ест багатыя, но госцям радыя.
        Зоська сама сабе ўсміхнулася ад наіўна-прастадушнай прэтэнзіі гаспадыні на шляхецка-польскае абыходжанне. Польская мова, густа аздобленая мясцовымі беларускімі словамі, выдавала ў ёй тутэйшую ўраджэнку, якая хіба па паходжанню была каталічка. Па тым, як пакорліва і маўкліва стаяў воддаль гаспадар хаты, быццам чакаючы новых распараджэнняў гаспадыні, Зоська сцяміла, хто тут галоўны. Зрэшты, старшынство гаспадыні не выглядала празмерным або зняважлівым, яна выконвала яго з добрым у такіх выпадках тактам. Ды і гаспадар даўно, мабыць, прывык да ролі падначаленага, і не відаць было, каб дужа перажываў ад таго.
        Яны з’елі па місцы грэцкай з малаком кашы, выпілі заваранага сушанай малінай чаю. Вацык далікатна стаяў зводдаль, і Зоська запрасіла яго за стол, дзе ён разам з гасцямі таксама выпіў кубак чаю. Усё тут было проста і лёгка, у гэтай акуратнай гасціннай хаце, дзе іх частавалі быццам даўніх добрых знаёмых. Зоська старалася не размаўляць з Антонам, які таксама маўчаў і, хоць меў заклапочаны выгляд, аднак са смакам еў усё, што было на стале. Зоська напружана думала, што рабіць, калі яны павячэраюць. Тут, пры сведках, яна не магла болей нешта тлумачыць, спрачацца, хаця ўсе спрэчкі, здаецца, былі ўжо скончаны. Важна было зразумець таксама, за каго іх прымае гаспадыня – за партызан ці, можа, за якіх паліцэйскіх агентаў. А можа, ні за тых, ні за іншых, а проста за двух людзей, якія задарожыліся па начы і зайшлі адпачыць. Так было б лепш за ўсё. А калі не так? Усё ж хутар стаіць пры лесе і паблізу ад мястэчка, напэўна, яны тут – не першыя госці.
        Душэўны неспакой Зоські надта азмрочваў цеплыню гэтай гасціны, якая, аднак, канчалася. Праўда, Зосьцы хацелася як мага болей часу праседзець тут, можа, заначаваць нават. Але Антон, відаць, быў настроены інакш і, з’еўшы ў дадатак да ўсяго кавалак хлеба з салам, устаў з-за стала.
        – Ну, пані, дзякуй. Так накарміла, што дай табе Бог здароўя.
        – I пану нех Бог дае здароўя.
        – Дасць, куды дзенецца! Як кажуць, пагрэліся і пара ў пуць-дарогу.
        Ён пачаў вылазіць з-за стала, і ў Зоські трывожна застукала сэрца ад думкі, што зараз трэба наважыцца. Трэба адмовіцца ісці з ім далей, няхай ідзе, куды хоча, адзін.
        – Можа, у пані і закурыць знойдзецца? – звярнуўся Антон да гаспадыні.
        – Ест, ест, – пацвердзіла тая. – Стэфан, пану пшыпаліць!
        Паслухмяны гаспадар на гэты раз без слоў падаўся на другую палову хаты і вярнуўся са скураным капшуком у руках. Мужчыны павольна згарнулі цыгаркі, пасля Стэфан дастаў на канцы лучынкі агеньчык з печы, і яны прыкурылі.
        – Ну, як жывецца на хутары? – пацікавіўся Антон, праз дым выпрабавальна пазіраючы на гаспадара. Той, быццам не ведаючы, што адказаць, пашкроб патыліцу.
        – Так, пан. Калі як. То добжа, то кепско.
        На яго зарослым густой шчэццю твары адбілася клопатнае напружанне думкі, і ён таксама з прыкметнай увагай паглядзеў на госця.
        – Што, мусіць, не даюць спакою пад лесам?
        – Так. Калі не даюць. А калі і даюць.
        – А хто турбуе? Немцы? Партызаны?
        – Як пану сказаць? Калі так, калі гэтак.
        Аднак хітраваты мужычок, не глядзі, што праставаты з выгляду, падумала Зоська, пазіраючы на вялікую, з дымнай цыгаркай руку гаспадара ля печы. Рука яго, аднак, была спакойная, і ўся яго сялянская пастава сведчыла пра зважлівае чаканне, і нічога болей. Сам ён надта гаварыць не меў ахвоты. Гаспадыня прыбірала посуд, пераставіла ў пячурку капцілку, каб у трысцене было святлей, яна не ўдзельнічала ў размове мужчын. Вацык нізка сядзеў на чымсь у дальнім цемнаватым кутку, не зводзячы ўважлівых вачэй з Антона і Зоські.
        – Ну што ж, нам пара, – Антон загасіў у пальцах цыгарку. Рэшту яе запіхаў за пакамечаны адварот шапкі і надзеў папку на галаву. – Зося!
        Нагнуўшы галаву, Зоська нерухома сядзела ў канцы стала.
        – Давай патопалі. Перадыхнулі, паелі, – сказаў Антон і ўстаў, загарадзіўшы сабой палову трысцена.
        Зоська паволі падняла галаву, убачыла звернутыя да яе запытальныя погляды гаспадыні ад печы, гаспадара з лаўкі насупраць. Нешта, відаць, яны адчулі ў яе паводзінах, і гэта насцярожыла іх.
        – Ідзі адзін, – хрыплавата ад хвалявання выціснула яна. – Я тут застануся.
        – Хе! – сказаў Антон. – Навіна! Як гэта – застануся?
        – Проста. Застануся на хутары.
        Яна ўжо справілася з першым самым трудным для яе хваляваннем і стала нязломнай. Галоўнае было зроблена – яны размяжоўваліся. Дапушчаную ёю легкадумнасць трэба было выпраўляць, і тым лепш, чым хутчэй.
        – Пагадзі, – спакойна сказаў Антон пасля нядоўгай напружанай паўзы. – Ты гэта – сур’ёзна?
        – Сур’ёзна.
        – Не панімаю.
        – Што панімаць? Я з табой не пайду.
        – Гэта чаму?
        – Ты знаеш чаму.
        Хаця і было цёпла, але яна трэслася ў нервовым напружанні. У адказ на ягоны спакой ёй хацелася закрычаць, заплакаць, але яна стрымлівала сябе, усё ж тут былі людзі, якія няблага аднесліся да яе і не ведалі нічога з таго, што адбылося між імі. Антон у роздуме нядоўга пастаяў ля стала, пасля адступіў назад і прысеў на лаўку.
        – Не, так дзела не пойдзе! – са спакойнай цвёрдасцю аб’явіў ён. – Так нічога не выйдзе.
        Гаспадыня жэстам адправіла Вацыка на другую палову хаты, Стэфан падышоў да жонкі, і абодва яны са здзіўленнем пазіралі на Зоську, мала што разумеючы. Стала ціха. Дровы разгарэліся ў печы, і па столі і бярвенні сцяны бегалі барвовыя водсветы. Зоська зразумела, што не мінуць чагосьці агіднага, але яна цвёрда рашыла стаяць на сваім.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.