РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
5
        
5

        
        Шашок даганяе нас, калі ўжо ўсталёўваецца ноч і ў высокім студзеньскім небе з вострым бляскам густа высыпаюць зоркі. Сярод іх на поўную моц ззяе месяц. У стэпе відна, хоць збірай іголкі. Рэзкія сінія цені нячутна валакуцца за намі; ярка бялее снегавы дол; наўкола мроіцца ў прыцемках кукурузны абшар. На краі яго мы з Кротавым заўважаем рухавую постаць. Каня амаль не відаць у кукурузным зарасніку, толькі паверх яго сунецца коннік. Мы спыняемся і чакаем. Ну, вядома, – гэта старшына.
        – Фу, думаў не даганю ўжо, – з прыкметнай палёгкай ад таго, што пазбыўся адзіноты ў начным полі, кажа Шашок і прытрымлівае каня. – Ну як, не паразбягаліся фрыцы?
        – Не разбягуцца, – кажу я.
        Старшына скіроўвае каня па левай каляіне і блізка пад’язджае да немцаў. Кротаў на хаду азіраецца (здаецца, ён ужо паспакайнеў) і з хвіліну ўглядаецца ў старшыну і яго каня.
        – Ну што, не адкалолася?
        – Не адкалолася, – ахвотна адказвае Шашок. – Заўпарціўся разведчык. Не хацелася скандал учыняць.
        Усё зразумела: Шашок на тым самым мухортым коніку, на якім і прыехаў у батальён. Значыць, Касенка праявіў характар да канца. Ён такі, гэты наш лейтэнант. Разведчык!
        – Я б таму каню лепш кулю ў вуха, чым вам аддаваць, – кажа Кротаў.
        Шашок не адказвае, прапускае міма ўвагі гэтую адкрыта непрыязную заўвагу і развязна крычыць на немцаў:
        – Шнэль! Шнэль, вашу матары! Затапчу, фашысты!
        Ён і сапраўды падсцёбвае повадам каня. Задні немец кідаецца з каляіны, проставалосы адхіляецца ад конскае храпы. Старшына задаволена рагоча.
        – А, палахліўцы, такую вашу... Саступай дарогу рускаму воіну!
        – Ану, канчай! – пагрозліва азіраецца Кротаў. – Спярша вазьмі ў палон, а пасля будзеш канём таптаць.
        Шашок прыціхае і зверху ўніз насцярожана аглядвае ротнага.
        – А вам што, шкада?
        – Не шкада. Агідна!
        – Значыцца, зашчышчаеце? Немцаў зашчышчаеце?
        – Ідзі ты...! – узрываецца Кротаў. – Хочаш дзела прышыць? Не баюся я вас!
        – Так, так! – Шашок шматзначна сціхае, нешта затаіўшы ў сабе, і далей ціха едзе сабе за ўсімі.
        Немцы пераглядваюцца, відаць, штось зразумеўшы з гэтае сваркі, і мне робіцца няёмка перад імі. От яшчэ знайшлі месца лаяцца! Ну, але ўсё гэты Кротаў... Вядома, ён цяпер злосны, таму і сапраўды можа нарабіць сваркі.
        Толькі, відаць, я дарма непакоюся, пасварыцца як мае быць яны не спраўляюцца. На чарговай танкавай паваротцы ў кукурузе нам сустракаюцца людзі.
        Гэта сувязісты. Абвешаныя шпулькамі з кабелем, тэлефоннымі апаратамі, са зброяй на грудзях, яны палахліва кідаюцца ўбок з каляін, калі бачаць нас. Пасля, мабыць, пазнаўшы сваіх, нясмела выходзяць з рэдзенькае кукурузы і заміраюць на дарозе. Позіркі іх чамусьці трывожна скіраваны ўбок.
        – Што такое? – пытаецца Кротаў, калі мы набліжаемся да іх.
        Сувязісты топчуцца на месцы, рухі іх дужа скутыя, галасы сцішана ўстрывожаныя.
        – Там немцы, – урэшце зацята паведамляе адзін з карабінам на шыі.
        – Ледзьве не напароліся, – ахвотней дадае другі, не адрываючы позірку ад прыцьмелае кукурузнай далечы.
        Два другія моўчкі ўзіраюцца туды. Я таксама пазіраю наперад.
        – Ідзі ты, хлопец, ведаеш куды! – злуецца Кротаў. – Адкуль тут ім узяцца? Вунь дзе немцы, – паказвае ён назад, на зарава над Кіраваградам.
        – Канешне, – не вельмі ўпэўнена пацвярджае Шашок. – Я надвячоркам тут ехаў – нікога не было.
        Сапраўды, адкуль тут узяцца немцам, ужо амаль што ў глыбокім тыле палка? Батальёны далёка наперадзе, калі б што, дык ужо даўно заўважылі б і прынялі якія меры.
        – I танк. Стаіць, кукурузай абкладзены.
        «Тыгр»! – быццам не чуючы нашых пярэчанняў, у нейкім няўцямным трансе бубніць сваё сувязіст.
        Кротаў са знарочыстай праставатасцю ў голасе пытаецца:
        – Танк?
        – Танк.
        – «Тыгр»?
        – Ага, мусіць, «тыгр». Дужа вялікі.
        – Знаеш, баец! Быў бы ты ў маёй роце, я б табе паказаў «тыгра». Ён бы табе пасля кацянём здаўся! – грозіцца Кротаў і ківае на мяне. – Пайшлі! А вы цягніце сувязь! Куды загадана. I без панікі каб. Жыва! Вам зразумела?
        Сувязісты, аднак, усё топчуцца на месцы. Ад камандзірскай упэўненасці рашучасці ў іх, відаць, не прыбыло. Ціха перагаворваючыся, яны застаюцца, а мы ідзём далей. Я пачынаю пільней, чым дагэтуль, узірацца ў начное наваколле. Кротаў перасоўвае на рамяні кабуру. Немцы, наўрад ці зразумеўшы што з гэтае размовы, ціха брыдуць у сваёй каляіне. Старшына Шашок моўчкі едзе ззаду. Ён першы парушае нашу няпэўную маўклівую насцярожанасць.
        – Младшой! – звяртаецца ён да мяне. – Ты гэта вось што...
        Я гляджу на старшыну, ён, зверху цікуючы па баках, нешта рашае.
        – Ты вось што... Вядзі іх прама. А я... А я падскочу ў батальён. Забыў адно дзела.
        «Што ж, падскоквай. Мне што? Толькі ніякай у цябе справы там няма. Проста ты спалохаўся, пісарская душа», – думаю я.
        Кротаў, нядобра бліснуўшы вачыма, азіраецца, але маўчыць. Шашок таропка заварочвае каня і з месца пускае яго галопам.
        – Наклаў ужо... – чмыхае Кротаў. – Ну і чорт з ім! Без яго лягчэй.
        Немцы, відаць, усё ж нешта зразумелі з нашай замінкі. Пярэдні ў акулярах, не паварочваючыся, нешта буркае астатнім двум, і чорны з яўнай зацікаўленасцю пазірае ў прыцьмелую далячынь. Стараючыся пільней сачыць за імі, я праваю рукой намацваю рукаятку затвора.
        Так мы праходзім з кіламетр ці болей. Насустрач нідзе нікога, паблізу, здаецца, ніякага падазронага руху. Кротаў рашуча сплёўвае на снег.
        – Гэтым тылавікам заўжды чэрці сняцца. Такі ўжо на...
        Ён, відаць, хоча сказаць «народ», але на паўслове замірае і нечакана спыняецца. Я ледзьве не наскокваю на яго ззаду і тут выразна, хоць і не зусім рэальна (з нечаканасцю, як у благім сне), бачу наперадзе людзей. Чалавек пяць іх стаіць у кукурузе, узіраючыся ў наш бок. Побач цямнее нейкая невыразная пляма – куча кукурузы ці які куст? Крыху далей другая, а там яшчэ і яшчэ.
        Але я так і не паспяваю зразумець, што гэта. Я чую толькі, як да недарэчнасці рэзка скаланаецца ля мяне Кротаў. Затым з яго грудзей вырываецца нейкі прыдушаны крык, і старшы лейтэнант, моцна прыгнуўшыся, нібы драпежнік, рынаецца ад мяне ўбок. Секунду я не цямлю, у чым справа. Збянтэжаны позірк мой скіроўваецца за Кротавым, і тады я бачу, як адзін з нашых немцаў ашалела бяжыць у кукурузу.
        – Стой! Стой!.. Стой! Ох ты!..
        Гэта – Кротаў. Кінуўшыся за немцам, ён ірве з кабуры пісталет, але той дзесь зачапіўся і не вымаецца. Або мне гэта здаецца... Кротаў падае на калені ў снег, спрабуе ўскочыць, і тады першая траскучая чарга прашывае навокал паветра. Я падаю ў каляіну, тузаю рукаятку затвора. Наперадзе ў кукурузе штось пыхкае. Выбух сцябае па твары снегам і асляпляе. У апошні момант уваччу мільгае Кротава рука з адстаўленым локцем. У ёй пісталет. Затым агняная пляма гасіць зрок. Аднак праз секунду я бачу над сабой вырасшыя на паўнеба зблытаныя сцяблы кукурузы. У іх вісіць нізкі месяц, і пад ім – дзве постаці. Адна нерухома ляжыць у каляіне, а другая, падаючы і ўскокваючы, бяжыць у кукурузу, некуды ў бок ад нас і ад немцаў. «Уцякуць!» – мільгае спалох, і я, не цэлячыся, націскаю на спуск. Аўтамат дробна ўздрыгвае, і гэта вяртае мяне да рэальнасці. На руках і каленях я кідаюся на той бок каляіны. Немец наперадзе таксама ўскоквае і, прыгнуўшыся, шырока сігае кудысь між рэдкіх сцяблоў. Я даўка крычу: «Назад!» Ён спалохана кідаецца ў другі бок. Але я, некалькі разоў скокнуўшы, наганяю яго і падаю амаль побач. Шумна дыхаючы, ён ляжыць, узіраючыся ў мяне, і чакае. Адзенне яго і галава скрозь у снезе. Я ўскідваю аўтамат і з лютай прыцішанасцю гукаю: «Назад!» Палонны паспешліва паднімаецца на калені і хутка паўзе між сцяблоў кукурузы. За ім, прыгнуўшыся, караскаюся я. Ззаду выразна даносіцца ўстрывожанае нямецкае гергетанне. Кротава няма. Мёрзлыя тугія калівы блытаюцца пад нагамі, б’юць па галаве. Але яны трохі хаваюць нас, і мы адбягаем ад таго месца, дзе нас застала чарга. Нас толькі двое. Той, у каляіне, так і не падняўся. Я не ведаю нават, каторы гэта з іх, як не ведаю і таго, каторы паўзе са мной. I незразумела, дзе Кротаў. На хвіліну я затрымліваюся і слухаю. Здаецца, мы трохі адрываемся ад немцаў, і тады з кукурузы рвецца крык:
        – Хальт!
        – Хальт!
        – Хальт, рус!..
        I чарга – адна, другая, дзве разам. Мы падаем і па рыхлым снезе зноў кідаемся ўбок. Мая ўвага расколваецца надвае – адначасна я лаўлю ўсё, што пагражае нам ззаду, і не ўпускаю ад сябе немца. Ён круціцца, як вужака, паўзе. I я гэтаксама кручуся, куляюся, паўзу, каб не адстаць ад яго.
        У кукурузе тым часам раздаецца адзіночны пісталетны стрэл і затым зноў прыглушаныя адлегласцю крыкі немцаў. I зараз жа мяне спыняе чамусьці хрыпаты, але злы крык Кротава.
        – Не! Не! Сволачы!
        I зноў слабы пісталетны стрэл, другі. Трэці, пэўна, накрывае чарга, і ўсё там сціхае.
        «Што ж гэта? Як жа гэта? Чаму так?» – як дрыготка, б’е мяне распачлівая думка. Вываляны дашчэнту ў снег, я распластваюся між мёрзлых бадылёў кукурузы. Перада мной ляжыць немец. Я толькі цяпер пазнаю, што гэта той акулярык у мундзірчыку. Аднак акуляраў у яго ўжо няма, ён задыхана сапе і шырока міргае сваімі бялёсымі вачыма. Я ўскокваю на ногі і тут жа прысядаю ад болю ў ступні. Паранены! Збянтэжаны, яшчэ не ўсвядоміўшы ў поўнай меры таго, што здарылася, я, аднак, выразна адчуваю: гэта – непапраўная, вялізная бяда. Трэба зараз жа нешта зрабіць, неяк ёй процідзейнічаць. Нага ў мяне прыкметна цяжэе, штось гарачае, нават востра пякучае разыходзіцца па ступні. У боце хутка макрэе. «Ну вось і ўсё!» – сціскае сэрца самотная думка. Аднак яна працвярэжвае ад страху, і я разумею, што небяспека яшчэ не мінулася, што трэба хутчэй выкараскацца адсюль.
        Прыўстаўшы на калена, я наступаю на параненую нагу – ці цэлая хаця косць. Калі падломіцца – тады ўсё прапала. Але нага, дзякуй Богу, не падломваецца, толькі баліць, дужа пячэ. Праўда, боль – не так важна, боль мы як-небудзь стрываем. Я падхопліваюся, прыгнуўшыся, штурхаю аўтаматам немца, і мы зашываемся ў вялізным прасцягу кукурузы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.