РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
7
        
7

        
        Няхутка яшчэ мы выбіраемся праз кукурузу ў чыстае поле з параскіданымі там-сям сціртамі. Я ўслухоўваюся: аднекуль даносяцца галасы. Але гэта здалёк, і не пазнаеш нават, свае то ці немцы.
        У боце хлюпае ад крыві, рукі дранцвеюць на марозе. Рукавіца засталася толькі адна, і тая, мокрая ад снегу, не грэе.
        Немец брыдзе ззаду, натыкаючыся на кукурузныя бадылі, часам чапляецца за іх ботам і падае. Без акуляраў ён, напэўна, зусім зрабіўся сляпы, і я, сцяўшы ад болю зубы, час ад часу пакрыкваю на яго. Унутры ў мяне ўсё гарыць ад стомы і знямогі, спіна мокрая ад халоднага поту, сэрца буйна трапечацца ў грудзях.
        Што ж гэта сталася? Як жа гэта? – не магу я даўмецца. Як жа гэта мы ўлезлі ў такую пастку, як далі заманіць сябе ў засаду? Бедны Кротаў! Мне то шкада яго, то апаноўвае на яго злосць. Зрэшты, я лаю сябе, камбата, старшыну Шашка. Але што цяпер зробіш?..
        Танкі! Адкуль яны ўзяліся тут і што мне, падстрэленаму, рабіць далей? Вядома, трэба як хутчэй далажыць начальству. Трэба прымаць нейкія захады, нельга дапусціць, каб у тылах батальёнаў былі танкі. Гэта – разгром і пагібель.
        Але каму скажаш? Як назло, нідзе нікога з нашых. Хоць бы тыя сувязісты, яны памаглі б. Толькі сувязістаў даўно ўжо прастыў след. Навокал дрымотна ляжыць шырокі абсяг стэпу, абліты яркім святлом высокага месяца, перасыпаецца пад нагамі неглыбокі снег. Воддаль тоўпяцца заснежаныя сцірты. Нікому ніякае справы да нашай бяды.
        Я не магу стрываць гарачнай нецярплівасці і ўсё памыкаюся бегчы, каб хутчэй напаткаць людзей. Толькі нага мая ўсё болей заходзіцца болем, я дужа кулыаю, і немец на чыстым цаліку пачынае абходзіць мяне. Так мы дабрыдаем да сціртаў, і тады я бачу непадалёк фурманкі. Глуха грукочучы коламі, яны памалу коцяцца кудысь у край снежнага абсягу.
        – Эй! Эй! – крычу я, адразу кінуўшыся подбегам. Не, упусціць іх мы не можам: гэта апошняя мая магчымасць, апошняя надзея на паратунак ад той бяды, якая навісла над батальёнам, а мо нават і над палком.
        – Эй! Стой! Стой!
        Пярэдняя коціць сабе, пэўна, ніхто там мяне не чуе, а задняя, і праўда, спыняецца. Але гэта ўсё ж далекавата, і я з усёй сілы нясцерпна доўга кульгікаю, раскопваючы ботамі рыхлы, рассыпісты снег. Мне ўсё здаецца, што ездавы не дачакаецца мяне і вось-вось рушыць за першай. Ды ўсё ж ён цярпліва выстойвае, і мы з немцам дабіраемся да дарожкі. У фурманцы некалькі чалавек, усе моўчкі і не дужа прыязна ўзіраюцца ў нас. У мяне ад стомы захлынаецца сэрца.
        – Там танкі!.. У кукурузе!.. – кажу я, падыходзячы да фурманкі. Я цяжка дыхаю, але стараюся выглядаць як мага спакайней. Толькі гэта, відаць, мне дрэнна ўдаецца.
        У фурманцы маўчаць.
        – Танкі! Нямецкія танкі. Разумееце! Дзе камандзір? Давайце к камандзіру! – з запальчывай рашучасцю патрабую я, урэшце вылезшы на дарогу. I тады ў фурманцы нехта недаверліва адгукаецца жаночым голасам:
        – Што, здорава цюкнула? Можа, і кантузія, га?
        Гэтая нічым не прыкрытая іронія выбівае з мяне рэшткі кволага майго спакою.
        – Якая кантузія?! Пайшлі вы к чорту! Танкі! Разумееце, нямецкія танкі! У кукурузе!
        На падводзе заварушыліся, нехта абапіраецца аб плячо ездавога і саскоквае на снег. Гэта, аказваецца, дзяўчына ў паўшубку і шапцы. Але яна мне не знаёмая, відаць, фурманка не нашага, а якога іншага палка.
        – Ану, пакаж галаву!
        – Ды не галава! Ты во нагу перавяжы! Нагу раніла! – крычу я, трацячы трыванне ад гэтага недарэчнага яе спакою.
        – Нагу?
        – Ага! Нагу! Не верыш?
        Я апускаюся ў снег. Сцяўшы ад болю зубы, каб не завыць, здзіраю з параненай нагі бот. Там вельмі мокра, і я перакульваю яго халявай уніз – на снезе з’яўляецца цёмная пляма крыві.
        Гэта, відаць, пераконвае. Дзяўчына ўскідвае голаў і раптам скаланаецца.
        – Пастой! А той хто?
        – Немец. Не бойся, не ўкусіць: палонны! – раздражнёна ледзьве не крычу я. Нага нясцерпна баліць, мокрыя пальцы хутка нямеюць ад марозу, я ўжо гатовы ўзненавідзець «памочніцу смерці» за яе недавер і марудлівасць.
        – Давай на воз! – кажа яна. Потым упэўнена бярэ мяне пад руку і звыкла прыкрыквае на немца: – Ану, падмагні! Чаго глядзіш, як Гітлер?
        Немец нечакана разумее і з няспрытнаю далікатнасцю падхоплівае мяне пад локаць.
        – Ладна, ідзіце вы! Я сам...
        На адной назе я даскокваю да воза. Там, аказваецца, ляжаць на саломе яшчэ двое параненых. Адзін ціха стогне, адкінуўшы галаву. Другі прыўзняўся і пакутлівымі вачыма на схуднелым твары глядзіць на мяне.
        – Вось тут, у куточак...
        Дзяўчына з ездавым уладкоўваюць мяне ў самым задку фурманкі. Затым яна спрытна і туга перавязвае бінтамі маю прастрэленую ступню. Але тут выяўляецца новая бяда – бот на перавязаную нагу ўжо не лезе, ды і боль такі, што няма сілы стрываць гэтае пакутнае абуванне. Марна папакутаваўшы з хвіліну, я кідаю бот у салому. На снезе ля дарогі застаецца скрываўленая ануча.
        – Павязло, – кажа дзяўчына. – Яшчэ б міліметр і – косць напалам.
        «Косць, косць! – мяне раздражняе гэтае яе непатрэбнае цяпер спачуванне і марудлівасць. – Сам ведаю – напалам... Косць – не жалеза...»
        – Давай жа хутчэй! – ледзьве не енчу я. – I немца пасадзі!
        – Няма куды! Хай бяжыць. Пратрасецца.
        – Пратросся ўжо. Апошні. Другога ўхлопалі. I Кротава! – Раптам успамінаю я, і міжвольна роспач нахлынае ў сэрца. – Эх, Кротаў, Кротаў...
        У каторы ўжо раз я не магу пагадзіцца, што так нечакана і недарэчна гіне чалавек. Проста гэтага немагчыма да канца зразумець. Толькі ж што быў з табой побач, сварыўся, еў, ішоў. I вось яго ўжо няма... I ніколі ўжо не будзе. Дзяўчына, месцячыся на сваім месцы побач з ездавым, здзіўлена азіраецца.
        – Кротаў? А што – Кротаў?
        – Забілі. Што?..
        – Кротава? Камандзіра роты?
        – Ну.
        – А ты не брэшаш, младшой?
        Яна ўпершыню насцярожваецца, здаецца, пранікшыся маёй бядой і маёй трывогай.
        – Толькі мне і не хапала брахаць з вамі. Гані ў полк! Танкі вунь за кіламетр! – крычу я. – Ты разумееш ці не?
        – А ты не крычы! Камандзір мне знайшоўся! – злуецца дзяўчына.
        Я ўмольна гляджу на яе і думаю: «Ну, не буду, не буду крычаць. Толькі давай жа хутчэй! Родненькая, міленькая, ці як там цябе назваць». Дзяўчына моўчкі, з асцярогай пазірае ў начны стэп, нібы ўслухоўваючыся, пасля штурхае боязна прыціхлага ездавога:
        – Ану, паганяй!
        I ездавы добра гоніць пару рухавых конікаў, ад якіх курыць парам, і ўсё азіраецца па баках. Фурманка то дрыжыць, рыпіць і падскоквае на гузаках няўезджанай дарогі, то сціхае, шархотка загрузаючы коламі ў сыпкім снезе. Сядзець мне страшэнна нязручна, дранцвее нага. У ране пячэ і торгае. Але і пасунуцца нельга ні на сантыметр: я і так сяджу ледзьве не на самых нагах параненага, які енчыць, лаецца і з азвярэлаю ласкай просіць дзяўчыну:
        – Кацярынка! Каця! Цішай! Шкурадзёр ты, а не сястра... Цішай! Ух!.. Ох, Кацюшанька!..
        Каця схіляецца з перадка, адною рукой прытрымлівае яго галаву і просіць з той нязвыклай на фронце пяшчотай, якая заўжды прымушае азірнуцца:
        – Міленькі, харошы мой! Ну, пацярпі! Зараз ужо. Зараз...
        I тут жа, павярнуўшы твар да немца, які зморана хакае за фурманкай, крычыць:
        – Хутчэй, немчура праклятая! Хутчэй!
        Я маўчу, нічым не выказваючы сваіх адносін да гэтых яе выкрыкаў. I, мусіць, таму яна вытлумачвае:
        – Была б мая ўласць, я б яго – бягом прагнала да Берліна і назад. На Калыму б яго, сабаку! За нашыя мукі! Хай бы памёрз, папакутаваў, колькі рускі народ пакутуе.
        Потым з цвёрдасцю чалавека, які прывык, каб яго слухаліся, ціха кідае ездавому:
        – Паганяй!
        I тут жа нахіляецца да параненага.
        – Пацярпі ўжо. Пацярпі, міленькі!
        Я і сам ледзьве трываю, нага, мала што баліць, яшчэ і дужа мерзне пад палой шыняля. Толькі як-небудзь трэба датрываць да сяла. Там штабы, камандзіры, яны што-небудзь прыдумаюць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.