|
8 Сяло паказваецца нечакана. На месячнай белізне пад гарою – доўгі раскіданы рад белых мазанак. Ля іх загарадкі з плятнёў, шэрае голле вішанніку на ўзмежках, сям-там мірны пробліск акенцаў, гуркатанне машын і галасы. У вёсцы свае. Праўда, мяне крыху здзіўляе такая мірная ідылія пад носам у немцаў. Але ж гэта тылы. Палкі, відаць, наступаюць няблага, наперадзе танкі, артылерыя: чаго тут баяцца? Дарога коціцца ўніз, тарахціць, грукоча фурманка, у бога хрыста і маць лаецца небарака паранены. Нават другі, спакайнейшы, і той прыўзнімаецца на локці з-пад шыняля, і на яго белым, ненатуральна зашчаціненым твары адбіваецца грымаса пакут. Каця на перадку заікастым ад дрыготкі голасам супакойвае: – Счас, счас, родненькія... Счас... Мы спускаемся па адхоне і, крыху цішэй праехаўшы кароценькую, абсаджаную вербамі грэблю, зварочваем у вуліцу. Аднак па вуліцы не праедзеш: наперадзе, даўжэзным кузавам перагарадзіўшы дарогу, гурчыць здаравенны «студэбекер». Шафёр, прыадчыніўшы дзверцы, напалову высоўваецца з кабіны і памалу здае назад. Ля плота спіной да нас завіхаецца нехта ў паўшубку і асіплым, знерваваным голасам камандуе: – Лева руля! Лева! Яшчэ лева! Давай, давай!.. «Студэбекер» сунецца ў занадта вузкія для яго вароты, цяжкімі скатамі ўмінае снег, і раптам абмазаны глінай пляцень з хрустам кладзецца долу. Чалавек у паўкажушку ўскідвае кулакі. – Куды даеш?! Куды даеш, сабачы сын! Дзе ў цябе вочы? Дзе вочы ў цябе, пытаюся? Ён ад злосці падскоквае да кабіны, здаецца, вось-вось накінецца на шафёра. Але не кідаецца, і шафёр, надзіва спакойна для такой сітуацыі, басам адказвае: – У лбе вочы, таварыш капітан. – У лбе? – здзіўляецца капітан. – Хіба яны ў цябе ў лбе? Давай наперад! – Стой! – кажу я, пад’ехаўшы. Ездавы прытрымлівае коней. Каця саскоквае з перадка. – Таварыш капітан! Капітан не чуе ці не хоча чуць. Адступіўшы на крок, ён зноў камандуе шафёру: – Упярод і права руля! Яшчэ, яшчэ права! Давай, давай! – Капітан! У стэпе танкі! Каму далажыць? Каця ўшчыльную падыходзіць да камандзіра. Я злажу з падводы і на адной назе таксама скачу да яго. – Таварыш капітан! Там нямецкія танкі! – спадзяюся я збянтэжыць яго гэтым паведамленнем. Але капітан быццам і не чуе. – Права! Яшчэ права! Так, так! – капітан прысядае, зазіраючы пад кузаў машыны. «Студэбекер», вуркочучы, пачынае ўязджаць у двор. – Што? Танкі? Многа? – і адразу ж да шафёра: – Давай, давай! Прайшло! – з палёгкай аб’яўляе ён і толькі тады нібы ўпершыню заўважае мяне з Кацяй. – Танкі нямецкія! Вы чуеце? – крычыць Каця. – Вось турнуць, будзе вам тады «давай, давай». – Што? – здзіўляецца капітан, і асіплы голас яго зноў робіцца сварлівы. – А што вы мне крычыцё! Я што – ІПТД1. Ідзіце ў артполк і дакладвайце. Мне загадана, я ДОП2 разгружаю. Ён разгружае ДОП! Гэтая яго нязрушнасць пачынае бянтэжыць мяне. Я імкнуся растлумачыць капітану, што навісла над яго ДОПам, але Каця меней цырымоніцца і апярэджвае мяне: – Які к чорту ДОП! Вось яны як урэжуць да ранку – будзе тады і ДОП і поп. – Таварыш капітан! Каця махае рукой. – Ды ну яго, младшой! Яна ўскоквае ў перадок, я ўвальваюся ў фурманку. Ездавы агравае коней і, аб’ехаўшы «студэбекеры», мы імчым па начной вуліцы. А ў сяле так па-вячэрняму ўтульна і мірна, што мне аж робіцца страшна. Я ўжо прадбачу, чым можа скончыцца такая ідылія. Не, што б там ні стала, трэба знайсці камандзіраў ці штаб. У адным двары, дбайна прыціснуты да сцяны, стаіць «віліс», ля якога моўчкі поркаюцца двое, – мусіць, знімаюць сваё майно. Дзе «віліс», там заўжды начальства, і таму, згледзеўшы машыну, Каця адразу спыняе фурманку. – Сядзі, младшой. Я сама. Я застаюся ў возе, а яна бяжыць у двор і нешта тлумачыць тым двум. Неўзабаве яны ўсе выходзяць на вуліцу і ідуць да фурманкі. – Вось младшы лейтэнант наткнуўся... Камандзіра роты забілі, – кажа дзяўчына і змаўкае, з надзеяй пазіраючы на чалавека. Я таксама ўзіраюся ў яго, – гэта мажны, падпяразаны па шынялі мужчына, на плячах шырокія з двума прасветлінамі пагоны. Іншых знакаў там не відаць, але ён у вушанцы: маёр або падпалкоўнік. – Вы дзе бачылі танкі? – спакойна звяртаецца ён да мяне. – У стэпе, таварыш падпалкоўнік. – (На ўсякі выпадак я бяру большае з магчымага, за гэта не крыўдзяцца.) – Кіламетры праз тры адсюль. Штук з дванаццаць стаяць стваламі сюды. – Вы думаеце, гэта нямецкія? – Нямецкія, – кажу я. – Нас абстралялі. Камандзіра роты забілі. Мы вось ледзьве ўцяклі з палонным. Падпалкоўнік моўчкі азірае мяне, потым немца, які сціпла стаіць ля фурманкі і трасецца ад сцюжы. – Так. Добра. Можаце ехаць, – памеркаваўшы, кажа камандзір. Ля яго моўчкі чакае другі, у целагрэйцы – мусіць, шафёр або ардынарац. Мала што разумеючы з гэтага дазволу, я пытаюся: – А куды палоннага здаць? – Палоннага ў Іванаўку. Згодна з распараджэннем камандуючага, зборны пункт для палонных у Іванаўцы. – Дык тут усе параненыя, – кажа Каця. – Вазьміце вы немца. – Не, адпраўляйце ў Іванаўку, – спакойна, але з няўхільнай цвёрдасцю кажа камандзір. – I, дарэчы, паведаміце там пра танкі. Скажыце, падпалкоўнік Стах паслаў, – нечакана загадвае ён. Вось табе і раз! Мы – ім, а яны нам. Дамовіліся! Атрымалі загад! Падпалкоўнік з тым, што ў целагрэйцы, адыходзяць з дарогі пад сцяну хаты і закурваюць. Мы стаім на месцы і збянтэжана пазіраем на іх. Чутна, як той, другі, сцішана прапануе начальніку: – Мусіць, трэба змывацца... Ну іх к д’яблу, гэтыя танкі... Я не чую, што адказвае падпалкоўнік. Хутка яны ўдвух хаваюцца ў двары, і тады я лаюся. Нешта ва мне надрываецца. Вытрымка мая на тым скончылася, я гатовы абурацца і крычаць – што ж гэта робіцца? У возе стогнуць параненыя. Каця таксама злуецца: – Тылавікі праклятыя! Канцэнтратаў аб’еліся – не праб’еш! Хоць каравул крычы! – Паганяй! – крычу я на ездавога. – Паганяй! Ездавы зноў паганяе. Мяне ахоплівае нецярплівасць – чорт з імі, паедзем у Іванаўку! Толькі дзе яна, гэтая Іванаўка? Як яе знойдзеш уначы, і колькі на тое спатрэбіцца часу! А тут яшчэ два небаракі ў падводзе!.. I немец, што трухае ззаду. I мая мокрая ад крыві нага, якая ўжо задубела і нема баліць ад раны і марозу... На завароце вуліцы мы ледзьве не збіваем з ног некалькі байцоў. Ратуючыся ад коней, яны, лаючыся, ускокваюць на прызбу хаціны. Адзін нехта прыціскаецца да плота, і па ладнай цыгейкавай шапцы на галаве, а найбольш па сумцы ля боку, я пазнаю ў ім камандзіра. Раптоўная надзея ўспыхвае ва мне. Я хачу спыніць фурманку, але яна спыняецца сама – гэта ён у злосці хапае за цуглі коней і завяртае фурманку ўпоперак вуліцы. – Стой! Голас яго злы, уладарна-нецярплівы, здаецца, зусім недарэчы такая сустрэча. Але цяпер гэта мяне мала засмучае: што там далікатнасць, калі ў тылы прарваліся танкі! Я хачу крычаць яму пра іх, ды ён апярэджвае мяне: – Хто такія? Чыя павозка? – Ды параненыя! Не бачыце хіба? 3 батальёна Шароніна, – адказвае Каця. – Таварыш камандзір, – кажу я. – Трэба як перадаць у штаб, у разведаддзел... Камдзіву. У стэпе недалёка танкі. Нямецкая засада. Камандзір усё гэта зацята выслухоўвае, падыходзіць да павозкі, зазірае ў яе і, нібы не чуючы маіх слоў, тонам, які не дапускае пярэчання, загадвае: – Злезці ўсім! – Ды вы што? – усхопліваецца на перадку Каця. – Вы што: тут цяжкапараненыя!.. – Санінструктар, так? Ка мне, санінструктар! Вы, паранены, таксама! – не прымаючы пад увагу пярэчанні, ківае ён на мяне. Аднекуль ля яго з’яўляецца аўтаматчык, цяпер іх ужо двое. Камандзір стаіць за два крокі ад мяне, грозны і няўмольны, як генерал. Я ўзіраюся ў яго плечы, імкнучыся вызначыць званне, але там нічога не зразумееш. Угары ззяе месяц, і мне не відаць яго твару, зацененага шапкай. Але я ўгадваю, што твар гэты не абяцае дабра. – Паўтараю: санінструктар, вы – з забінтаванай галавой, павозачны і вы, – ківае ён у бок немца, – хадземце за мной. Нічога не зробіш. Каця першай саскоквае з перадка. Неахвотна пакідае сваё месца ездавы. Трымаючыся за рабрыны фурманкі, злажу я. Камандзір ступае наперад. – Марш у памяшканне! Я думаю, што гэта бязглуздзіца – не болей. Куды ён нас павядзе і што мы яму тут зрабілі? I я хачу вытлумачыць: – Вы разумееце: танкі. Мы спяшаліся далажыць. Праз якую гадзіну яны могуць быць тут. Камандзір азіраецца. – I папрашу памаўчаць. Пакуль у вас не пытаюць... – Ну, пайшлі, падумаеш! – са злоснай рашучасцю кажа Каця і ідзе ў двор. За ёй валачэцца ездавы, пасля немец. Я, трымаючыся за плот, на адной назе скачу следам. Ля фурманкі з двума параненымі застаецца аўтаматчык. Камандзір вядзе ўсіх цераз двор, потым у цёмныя сенцы і расчыняе дзверы ў хату. На вушаку цьмяна гарыць газнічка, вокны завешаны нейкім рыззём. Некалькі малых палахліва кідаюцца на печ, і неўзабаве з-за коміна з’яўляюцца іх баязлівыя і цікаўныя тварыкі. – Прашу дакументы! – кажа начальнік, падыходзячы да газнічкі. Я ўзіраюся ў ягоныя плечы – вось табе і на! Толькі капітан, а паставіўся быццам генерал – не меней... Столькі зацятае напускной строгасці! – Пажалста! – з гатоўнасцю, але і са стоеным выклікам кажа Каця і лезе за пазуху. Стрымліваючы пры сабе недарэчны тут гнеў, я намацваю пад шынялём нагрудную кішэнь I дастаю сваё пасведчанне. Ездавы наш, даволі пажылы, сялянскага аблічча дзядзька, нетаропка распяразваецца і доўга корпаецца, пакуль знаходзіць у нетрах свае вопраткі старанна агорнутую паперай чырвонаармейскую кніжку. Хвіліну капітан моўчкі вывучае нашыя дакументы. На ягоным чарнявым твары – суцэльная строгасць службіста. Урэшце ён узнімае твар, абводзіць нас пільным прыдзірлівым позіркам і спыняецца на чацвёртым – немцу. – Гэта немец, – кажу я. – Мы яго на зборны пункт вядзем. У Іванаўку. Я думаю, што ён зараз жа прычэпіцца да мяне і палоннага, дакументаў на якога ў мяне ніякіх няма, а ягоныя засталіся ў батальёне. Мусіць, у тым я вінаваты. Аднак хто думаў, што маё канваірства павернецца такім чынам! Але капітан, здаецца, не мае намеру лішне чапляцца да палоннага і складвае ў адно нашы паперы. – Дзе вы бачылі танкі? – пытаецца ён у мяне, змрочна стоячы пад самай газнічкай. Рукі ён выразным жэстам утыркае ў кішэні шыняля. – У кукурузе. Праз тры кіламетры адсюль. – Каму вы аб тым далажылі? – Ды тут даложыш!.. – запальчыва апярэджвае мяне Каця. – Тут у вас усе як пыльным мехам аглушаныя. Яна так вольна і незалежна трымае сябе перад гэтым прыдзірам-капітанам, быццам ён зусім ніякі і не начальнік. Я, на жаль, так не магу і сціпла стаю, прыхінуўшыся да лаўкі і падкурчыўшы сваю прастрэленую нагу. – Двум чалавекам дакладвалі, – кажу я. – Капітану з ДОПа і аднаму падпалкоўніку. – Дык вось зарубіце сабе на носе, – строга кажа капітан. – Больш каб ні слова? Зразумелі? А то – паніку мне развязлі! Як у сорак першым. Я вам пакажу танкі! – заканчвае ён недарэчнай пагрозай. – Пры чым тут паніка! – сварліва кажа Каця. – Мы дакладваем. Што мы на ўсю вуліцу крычым, ці што? Ды тут у вас хоць галасі – нікога не пройме... Капітан выслухоўвае яе словы і пакідае іх без аніякай увагі. Звяртаецца да мяне аднаго: – Вы панялі, младшы лейтэнант? А цяпер марш адсюль! – змрочна загадвае ён і крыху мякчэй дадае: – У трэцяй ад царквы хаце збор раненых. Ён аддае нашыя кніжкі і апускае рукі па швах. – А палоннага? – пытаюся я. – Вазьміце ў нас палоннага. У мяне, во, нага... – Я не канваір! – адказвае капітан. Я разгублена стаю, пачынаючы разумець, што і ад гэтага болей не даб’ешся нічога. Памаўчаўшы, мы нерашуча паварочваемся да парога і праз цёмныя сенцы, мацаючы сцюдзёныя сцены, выбіраемся на двор. Марозны снег парыпвае пад нагамі. – Ну і чорт з ім! Паехалі. Пра тых трэба падумаць. А то загнуцца, чаго добрага, – кажа Каця і накіроўваецца да фурманкі. –––––––––––– 1 Знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён. 2 Дывізіённы абменны пункт.
|
|