РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
16
        
16

        
        Сон разрываецца выбухам:
        – Тр-р-рах!.. Лоп-лоп-лоп... Шы-ш-ш-ш-ш-ш...
        I яшчэ:
        – Тр-р-рах! Тр-р-рах!.. Шр-рык!
        Што гэта? Дзе гэта? Фу ты, пляснула чымсь мокрым па твары, па спіне: мурашкі ці, можа, пясок... Я ўсхопліваюся і адразу разумею – бяда!
        У хаце амаль відна, у вокнах світальны ранак. Мяне абдае хваляю сцюжы, снегавой пацярухай сыпле на галаву, за каршэнь. На падлозе збянтэжаныя твары людзей. Ля ложка, лежачы ніц, ашчапервае голаў сяржант. Зверху сыплецца перамешаная са снегам тынкоўка.
        – Тр-р-рах! – здаецца, пад самым акном грымотна б’е новы выбух.
        У акно шугае косма снегу з зямлёй. Дробныя асколкі шкла шротам абдаюць патыліцу. Міжвольна хіснуўшыся ад выбуху, я зусім пазбаўляюся ад санлявае няўцямнасці і палохаюся – дзе Юрка? Але Юрка побач, ён таксама недаўменна лыпае заспанымі вачыма і пытаецца:
        – Што такое? Га? Бамбёжка, га?
        Не, Юра, не бамбёжка і нават не звычайны агнявы налёт. Гэта іншае. Я баюся яго, гэтага іншага, ад аднае толькі думкі аб ім у мяне халадзее ўсярэдзіне. «Тр-р-рах! Тр-р-рах!» – б’юць два разрывы далей, знадворку. Там нехта ў дзікай лютасці лаецца – чуваць абрыўкі нервовай апантанай гаманы, тупат ног. Нешта там робіцца кепскае. А я з усяе сілы ўслухоўваюся скрозь гэтую мешаніну гукаў, і – прападзі яно пропадам, гэта ўчарашняе маё прадчуванне! – яно не ашуквае. Між выбухаў чуваць, як недзе далёка яшчэ, але досыць выразна і цягуча гудуць танкі.
        Ну вось і дачакаліся! Даспаліся, даадпачываліся, даспадзяваліся, так яе растак! Цяпер расхлёбвай!
        Мусіць, іншыя таксама ўжо нешта чуюць. Сяржант, за ім Каця і Юрка кідаюцца да ўшчэнт разнесеных выбухамі акон. Ускокваю на адной назе і я, яшчэ нехта шастае да акна. О, там карціна! Самая брыдкая з усіх карцін на вайне – «драп»!
        Па вуліцы, па гародах, міма нашай хаціны і воддаль бягуць з сяла людзі. Адзіночкі, групы, шалёна скачуць коні; раскідваючы абланцужанымі скатамі снег, па адной імчаць машыны. Відаць, усе, хто тут быў, рьшуліся на аколіцу, міма пабітых асколкамі мазанак, сігаючы цераз плятні, падаючы і ўскокваючы. Непадалёк, ля суседняй хаты, на вуліцы дымна палае разнесены выбухам «студэбекер». Побач з перакуленай фурманкай, канаючы, дрыгае нагамі конь. «Тр-р-рах! Тр-р-рах! Пі-і-іў... Ш-у-у-у... Тр-р-рах!» Там і тут б’юць выбухі. Але мы ўжо не зважаем на іх – мы ўпіваемся позіркам у далячынь за сялом. Там па крутаватым схіле са стэпу ўпаўзаюць у ваколіцу танкі.
        – Жвік – жвік – жвік! Тр-р-рах!
        Выбух кідае нас на падлогу. Хата прыўзнімаецца і асядае. Здаецца, рушыцца столь. Пыльным, сухім смуродам забівае дыханне. Нехта енчыць, хтосьці раз’юшана лаецца і, ускочыўшы, кідаецца да дзвярэй.
        – Лажысь! Лажысь, так вашу растак! – крычыць у пыльным смуродзе Каця.
        Яна па-мужчынску лаецца, але цяпер гэта нікога не дзівіць – як жа інакш, калі такое творыцца! Тынкоўка са сцен і столі густа зацярушвае галовы і спіны. Юрка ўзнімае твар, яго не пазнаць – адзін толькі поўны трывогі і збянтэжанасці позірк: што рабіць?
        – Сястра! Сястрычка! Ой, ратуй жа!.. Ой! – лямантуе хтосьці ў хаце.
        Пыл хутка выдзьмувае ветрам, сапраўднаю снегавой віхурай, бо ўжо ні вокан, ні дзвярэй. Дзверы, прынамсі, расчынены, і на парозе распласталася нерухомая постаць. Гэта наш санітар, што ўчора на тое самае месца кідаў трусоў. Над кутам у столі пралом з дзіркай на вуліцу. У ёй курыцца снег, і пад ім на саломе слепа таўчэцца абвязаны пыльнымі бінтамі лётчык. Каленямі і локцямі ён штурхае-тармосіць суседа.
        – Эй, таварыш! Таварыш!
        З-пад шыняля тырчаць доўгія ногі ў кірзачах, яны не крануцца. Здаецца, ягоны сусед, які ўчора кідаўся на немца, «ужо». Але папала ў хаце, відаць, не аднаму.
        – Сястра! Сястрыца! – енчыць хтосьці ў другім куце (ці не той рабаваты). – Кроў... У другі раз гвазданулі, гады!
        – Што ж гэта робіцца, браткі? Трэба ж нешта рабіць!
        – Ціха! Ціха! Лажысь! – камандуе Каця і з трэскам разрывае чарговы перавязачны пакет. Яна з распушчанымі валасамі, без шапкі кідаецца па хаце, то ў кут, дзе не ўнімаецца звар’яцелы, невідушчы лётчык.
        – Сястра! Сястра! Дзе сястра?
        Каця нахіляецца над абвязаным і, безуважная да ягонага суседа, настойліва ўкладвае небараку.
        – Ладна, ладна... Усе будзе добра. Ты ляж. Ляжы.
        Яе надзіва роўны, спагадлівы цяпер голас на хвіліну ўціхамірвае байцоў. Абпалены неяк нерашуча прымаўкае. Каця цераз людзей ступае ў другі куток, да перагародкі. Там хтось нема стогне.
        Ля печы ўзнімаецца з падлогі апошні наш санітар – маленькі спалоханы пажылы чалавек, і Каця крычыць яму:
        – Ты! Бягом да начальства! Ну, жыва! Падводы жыва!
        Санітар, прыгнуўшыся, боязна сігае цераз труп напарніка на парозе і знікае ў сенцах. За акном з грукатам шалёна мчыцца падвода. Панадворкамі бягуць людзі. Трашчаць разрозненыя таропкія чэргі.
        – Счас, родненькія! Счас! Усё будзе добра. Усё добра, – прыгаворвае Каця.
        Я азіраюся на Юрку, ён ляжыць на баку побач і кусае вусны. У вачах майго сябра напружанне трывожнае думкі. Мусіць, у маім позірку ён бачыць запытанне і поціскам рукі хоча супакоіць.
        – Ладна. Ладна, чакай.
        Чакаць, вядома, не самае лепшае – хутчэй горшае. Якраз чакаць цяпер і нелыа. Кожная хвіліна прамаруджання, пэўна, неўзабаве будзе нам каштаваць многа. Але што рабіць? Ось дык трапілі з полымя ў пекла! Называецца, пакімарылі ноч – усё пракімарылі. Спазнелае шкадаванне за ўчарашняе, прыкрасць, боль і страх урываюцца ў мае пачуцці. Хочацца зараз жа нешта перайначыць, некага абвінаваціць. Толькі хто тут вінаваты? Хіба што я. Трэба ж было ўчора гэтак супакоіцца, забыцца ў зацішку, аддацца радасці сустрэчы з Юркам, махнуць на тую сустрэчу ў стэпе! Цяпер вось атрымлівай!.. Паспадзяваўся, называецца, на мудрую дбайнасць іншых...
        Скурчыўшыся на саломе, я ўслухоўваюся ў грымотную калатнечу на вуліцы. Побач, таксама ўвесь насцярожаны, – Юрка. Выбухі распласталі нас на падлозе, і мы жывём хваравітым, напружаным слыхам. На двары тупат ног, змораны стогн, кароткая гамана. Раптам нада мной чуецца труднае дыханне. Я паварочваюся – у акне потны, устрывожаны твар, і ў вачах ашалелая зацятасць спешкі.
        – Эй, славяне, дзе тут сястра?
        – А што, падвода? Ага? Давай сюды!
        З падлогі ўскоквае сяржант і хапаецца за падаконнік. Але твар там знікае. Кароценькая надзея ўзгараецца ўнутры – авось па нас! Хаця для адной падводы замнога людзей. I тут я ўпершыню за гэты ранак сустракаю забыты ўжо, самотна-цярплівы позірк. Гэта курчыцца пад ложкам мой немец. Як госць на чужой бядзе, забіўся туды і чакае. Чаго толькі чакае?
        Кулі або асколкі б’юць па падстрэшшу. Ветрам заносіць саламяную пацяруху са снегам. Мы ўгінаем галовы – халера, відаць, яны ўсё ж даканаюць нас! У сенцах у гэты час тупат. Праз расчыненыя дзверы, пераступіўшы цераз санітара, увальваецца баец у целагрэйцы. За ім другі з вінтоўкай за спіной – яны ўвалакваюць некага ў шынялі і апускаюць ля печы.
        – Сястра! Дзе сястра! Во паглядзі хутчэй...
        Каця таропка завязвае канцы бінта на нечай голай, скрываўленай спіне і цераз людскія целы лезе ў парог.
        – А што вы мне яго прынеслі? – праз хвіліну крычыць дзяўчына. – Я не пахавальная каманда! Ану, выносьце назад!
        Я пазіраю на збялела-жаўтлявы твар чалавека, і мне здаецца, што гэта ўчарашні прыдзіра-капітан, які правяраў нашы дакументы. Вось табе і на: не памагла і пільнасць! Каця, аднак, не пазнае яго, а мяне ён чамусьці здзіўляе і бянтэжыць. Я заўжды не магу паверыць у гібель людзей строгіх і ўедлівых наконт вайсковае службы. Толькі, мабыць, я памыляюся. Гэта не ён.
        На потным твары байца – здзіўленне, амаль што спалох.
        – Як гэта назад? – ціха пытаецца ён.
        – А так. Не ведаеце як? – кідае яна і падаецца ў кут да амаль звар’яцелага лётчыка.
        – Ляж! Ляж! Ну што ты – ляж! – угаворвае яго Каця, бо ратаваць яго суседа позна, таксама як і таго капітана.
        Баец збянтэжана стаіць ля печы. Мне вельмі добра відаць тое страхавітае здзіўленне, што адбіваецца на яго схуднелым, зашчаціненым твары. Хвіліну ён недаўменна пазірае на труп у доле і ўрэшце паднімае рукавіцу, каб абцерці пот. I тут:
        – Тр-р-рах!
        Гэта блізка, але не так, як у папярэднія разы. На Юркаў шынель адлятае адшчэпленая ад падаконніка гнілаватая трэска, а баец з рукавіцай, ацярушваючы спіной пабелку, хуценька спаўзае долу. Я яшчэ не спраўляюся даўмецца, што адбылося, як ён абмякла валіцца на бок і глуха дзёўбаецца галавой аб падлогу. На ашчэраных ягоных зубах пузырыцца пена. Яго напарнік кідаецца ў сенцы.
        На падлозе лаецца сяржант:
        – Дзе той санітар? Дзе начальства? Праз хвіліну паўграбляе ўсіх!..
        Хапаючыся за ложак, ён няўклюдна ўстае і, выстаўляючы наперад прамую, як бервяно, нагу, ступае да мяне.
        – Дай аўтамат! Я ім, у бога душу, навяду парадак!..
        Гэта так упэўнена і катэгарычна, што я адразу, не падумаўшы, аддаю яму свой ППС. Сяржант таропка скача да дзвярэй. Каця крычыць з кута:
        – Падводы! Падводы давай сюды! Чуеш?
        – Не глухі! – далятае ўжо з сянец.
        Мы зноў чакаем, прыпаўшы да закіданай друзам падлогі. У сяле бой. На ўсю грымяць танкі, гахаюць іх гарматы, імпэтна заліваюцца кулямёты. Аднак штось там застопарылася – усё ж, відаць, апомніліся «славяне», упёрліся і пакуль што трымаюцца на той ускраіне. Толькі ці надоўга?
        Юрка, мусіць, непакоіцца аб тым жа і, прыўстаўшы, пачынае выглядаць з-за касяка. Я гляджу на яго знізу, але на твары сябра ні кропелькі палёгкі. Здаецца, у гэты раз бяда ўзвалілася на нас як мае быць.
        Неўзабаве Юрка апускаецца на дол.
        – Ты ісці не можаш?
        Я варушу параненай ступнёй. Баліць, халера! Як тут ісці? Юрка без слоў разумее.
        – Так. Значыць, так. Я... Трэба туды, – ён ківае галавой за акно. – Там зусім мала. Панімаеш?
        Я разумею. Вядома ж, трэба біцца. Аказваецца, вайна для нас учора не скончылася, перадыху не будзе (дурныя наіўныя мары). Барацьба прадаўжаецца, і трэба ісці ў бой. Лацно здаровым – вунь колькі іх дало волю нагам! Нам жа выбар невялікі – палон або смерць. Ну што ж!.. Толькі вось рана...
        Юрка тым часам ссоўвае наперад кірзавую кабуру, левай рукой дастае ТТ. Магазін у яго няпоўны. Адной рукой ён няспрытна шарыць у кішэнях, дастае некалькі патронаў, нязручна запіхвае іх у магазін. Я таксама выграбаю з сваёй кішэні, што ёсць там з боезапасу. Набіраецца жменя аўтаматных патронаў, і я аддаю Юрку. Той з рашучасцю на твары, хоць, здаецца, трошкі паныла, устае на ногі.
        – Ну, трымайся...
        Ён кароценька ўсміхаецца аднымі вуснамі, і ў гэтай яго ўсмешцы – горкая абнадзеянасць, у якую ён сам не верыць. Значыць, зноў ростань, зноў ён ідзе, і, можа, на гэты раз назаўжды. Ну, вядома ж, наўрад ці ён вернецца адтуль. Але тады і я не хачу быць тут – паміраць, дык разам. I я ўсхопліваюся ў першым парыве – была не была! Так ці не так – дадумваць цяпер няма калі.
        – Дай руку...
        Ён няўцямна азіраецца, на імгненне марудзіць і нерашуча дае здаровую руку. Я ўстаю і, прытрымліваючыся за ложак, скачу ў парог. Чорт, на адной назе вельмі нязручна! Каб хоць на што абаперціся. Я прыпыняюся. Юрка наперадзе, зразумеўшы мае турботы, кідае наўкола позірк. У куце ля парога чыясь вінтоўка, ён хапае яе і дае мне. Гэта звычайны нямецкі карабін, толькі з чорнаю ложай, і я абапіраюся на яго, як на палку.
        Ужо з большай упэўненасцю мы пералазім цераз траіх забітых і выбіраемся на закіданы кавалкамі зямлі двор.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.