РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
18
        
18

        
        – Стой! Стой! – крычу я з роспаччу і лютасцю, бо адчуваю, што гэта – апошняя наша магчымасць уратавацца. Другой ужо не будзе.
        – Стой! – раве Еўсюкоў.
        На мае рукі ён звальвае з сябе Юрку і кідаецца проста пад капыты коней. Але пара рыжых, відаць, напалоханая не менш за людзей, шалёна праносіцца міма. З-пад капытоў на мяне пырскае ашмёткамі снегу. У возе цэлая гара нейкіх цюкоў і зверху на іх, як на брычцы з сенам, – баец. Другі на перадку апантана паганяе коней.
        – Стой! Хусаінаў, стой!
        Старшына кідаецца наўздагон. Падвода, завярнуўшыся ледзьве не ўпоперак вуліцы, спыняецца. Да яе ўжо бягуць Каця з немцам – ім бліжэй. Я з усіх сіл валаку пад пахі Юрку. Ён усё ў непрытомнасці і страшэнна цяжкі. Ногі мае вязнуць у мяккім, як пясок, перацёртым коламі снезе – хоць бы паспець! Ззаду нас закрывае паваротак, дзе мы ўначы наскочылі на прыдзірлівага капітана. З таго канца вуліцы яшчэ не відно. Танкі яшчэ нас не бачаць.
        – Тр-р-рах! Тр-рах! Ціў-у... Бах!
        Гэта ўсё яшчэ там, за павароткам, адкуль, на нашае шчасце, выскачыла гэтая фурманка. Але што гэта – здаецца, мы ўсе ў яе не ўлезем: столькі грузу! Добра, што хоць там нейкі старшыновы знаёмы. Можа, паложым Юрку... Старшына падбягае да фурманкі і хапаецца за вяроўку, якой звязаны груз.
        – Скідай шмуццё! Згружай усё! Хутка!.. – задыхана крычыць ён таму, на самым версе воза.
        Але той, відаць, не спяшаецца разгружацца. ён яшчэ ніжэй угінаецца на сваім грузе і штурхае ездавога:
        – Пашол! Нелзя скідай! Не разрешал!
        – Ты што, ачмурэў? Параненыя! – крычыць старшына і зрывае з воза вяроўку.
        Два цюкі цяжка звальваюцца на дарогу, некалькі іх кідае ўбок старшына. Баец на возе ўскоквае на шырока расстаўленыя ногі.
        – Нелзя! Я отвечал! Я распіска давал! Ён зверху нагой штурхае ў плячо старшыну. Той, аднак, хапае яго за валёнак і з сілай тузае ўніз.
        – Дурань! Прэч адсюль!
        Хусаінаў, нязграбна выгнуўшыся, падае з воза задам у снег. Старшына ў адно імгненне ўскоквае на падводу і пачынае шалёна скідваць усё на дол.
        – К чортавай матары! Людзі гінуць! – крычыць ён на возе і паварочваецца да ездавога, які спалохана трымае коней. – Ану, скідай хутчэй!
        Я з усяе сілы валаку Юрку і прагна спадзяюся на ўдачу: авось паспеем? Паспеем! Ля падводы ўжо Каця з немцам, яны падвалакваюць туды лётчыка і, пасадзіўшы яго на снег, таксама пачынаюць скідаць з фурманкі цяжкія цюкі. Цяпер мне відаць, гэта – ватоўкі, пэўна, з нейкага склада ОВС. Хусаінаў тым часам пругка ўскоквае з долу. Нешта дзіка закрычаўшы, хапаецца за карабін, які тырчыць у яго за спіной. Ён здзірае яго цераз голаў і адскоквае на крок. У той жа момант гахае стрэл. Схапіўшыся за руку ніжэй локця, старшына на возе няўцямна выпростваецца. З пальцаў на цюкі капае кроў.
        – Ах ты, гад! – пасля секунднае збянтэжанасці вызвяраецца ён на Хусаінава. – Ты так? Так, свалата?!
        – Стойце! Пастойце! Што вы робіце! – крычу я.
        Да Хусаінава прама на яго вінтоўку кідаецца Каця. Але ён ухіляецца.
        – Стралал вас буду! Убівал буду. Я распіска давал. Прыказ бірал! – У раз’юшаным гневе крычыць Хусаінаў, зноў лязгаючы затворам.
        Старшына, аднак, хутчэй за яго тузае рукаятку аўтамата і проста з грудзей б’е кароценькаю, у тры кулі, чаргой. Паўз галовы. Хусаінаў спалохана ўзмахвае рукой, нібы спрабуючы засланіцца.
        – Дурань! Ідыёт! Гад! – крычыць на возе старшына.
        Я апускаю Юрку на снег – бог ты мой, што гэта робіцца! Што творыцца! Навошта так? Але маё недаўменне тут жа знікае, зусім блізка рвецца снарад. – Тр-рах! – Пыльныя кавалкі гліны градам абсыпаюць усю дарогу. Ззаду адным канцом асядае ў снег мазанка, што стаяла на паваротку. Але гэта не міна – гэта ўжо танкі. Відаць, падыходзяць. Хутка ўлупяць і нам.
        Выбух нас ацвярожвае. Я падхопліваю Юрку. Ад воза да мяне кідаюцца Каця з немцам – дзякуй ім абодвум. На твары ў Каці адчай і рашучасць. Валасы выбіліся з-пад шапкі, паўшубак расшпілены. Немец рухава-напружаны і маўклівы, ён, здаецца, увесь у слыху. Быццам ягоная ўвага не тут, а недзе далёка, можа, там, дзе бой. Прыслухоўваецца да сваіх, Ці што? Толькі цяпер чорт з ім, цяпер бы хутчэй!
        – Хутчэй! – крычыць з падводы старшына.
        У ёй амаль ужо пуста, у дне корчыцца лётчык. Мы ўскладваем туды Юрку, следам увальваюся я. Каця скача ўжо на хаду. Ездавы бязлітасна лупіць коней. Фурманка ўздрыгвае, я ледзьве ўтрымліваюся ззаду, азіраюся – з-за паваротка пакуль нікога.
        Няўжо вырвемся?
        I раптам наперадзе трэск, агонь і грымоцце. Хмара зямлі са снегам ускідваецца да неба, і мы з лёту ўскокваем у гэта змрочнае пекла дыму, зямлі і снегу. Коні кідаюцца ўбок, фурманка жахліва хіліцца. Каб не вылецець, я аберуч чапляюся за яе борт. Побач роспачна лаецца Каця:
        – Вярні! Вярні ўбок!.. Разявон!..
        Ездавы, ледзьве не ўскочыўшы з коньмі ў глыбачэзную варонку, як-колечы мінае яе. Здаецца, пранесла! Мы вырываемся з выбуху, фурманка выроўніваецца, коні кідаюцца галопам. Але тут жа пад коламі трэск – нешта ламаецца. Гэта мы наскокваем на разбітую выбухам пустую павозку. У аглоблях распластаўся на снезе конь. Пад брухам ручаіна крыві. Непадалёк пад плятнём нерухомая салдацкая постаць у скамечаным задраным шынялі.
        Я хапаюся за Юрку, аглядваю нашых. Здаецца, абышлося – усе цэлыя. Толькі старшына чамусьці не ў возе, а бяжыць за фурманкаю. Разам з немцам яны хапаюцца за перакладзіну ззаду і разгоніста сігаюць за возам. З старшыновых пальцаў на палу майго шыняля цячэ кроў.
        Фурманка шалёна кідаецца па калдобінах, я адной рукой прытрымліваю Юрку, другой напружана трымаюся за край дошкі – хоць бы не вываліцца...
        Скрозь выбухі і густое ціўканне куль мы прарываемся на аколіцу. Далей за грэбляю – шырокая балка-лагчына. Снег у доле стаптаны дзесяткамі ног людзей і коней, коламі фурманак, машын. Усе з гэтага сяла пашыбавалі туды. Мы, напэўна, апошнія. На грэблі пакінуты «ЗІС» з расчыненымі дзверцамі кабіны. Ён нізка асеў на прастрэленых скатах, касабочыцца разбіты кузаў.
        Фурманка наша зварочвае з вуліцы ў балку. Калатнечы яшчэ прыбаўляецца. Я ўжо хапаюся за барты абедзвюма рукамі.
        – Ой! Ой! Стойце! Не магу! Што ж гэта робіцца! – енчыць захутаны ў паўшубак лётчык.
        Каця моўчкі прытрымлівае яго забінтаваную галаву, каб не білася аб дошкі перадка. Ззаду мокрыя твары немца і старшыны. Яны бягуць за фурманкай. Еўсюкоў, відаць, усё не можа супакоіцца ад свае сутычкі на вуліцы і асвалачэла лаецца:
        – Дурань набіты! Абармот! Пагражае!.. За кучу вашывага шмоцця. Ось гад! Асталоп іспалніцельны! Лепш бы ўжо разгільдзяй, да з галавой каб!..
        Сапраўды, гэта жахліва: свой – свайго! За што, падумаць толькі! Добра яшчэ, што трапіў у руку. Рана ў старшыны, здаецца, не страшная, і крыві не так ужо і многа.
        Людзі групамі і ў адзіночку бягуць балкаю. Конных ужо не відаць. Далёка наперадзе хаваюцца за павароткам фурманкі. Шмат каго мы ўжо і абганяем. Ужо мы – не самыя апошнія. З’яўляецца надзея – авось вырвемся. Я падаюся да Юркі. Шынель на ім акрываўлены, мусіць, збілася павязка. Ён па-ранейшаму маўчыць, зубы моцна сцяты. Эх, Юрка! Трывай, браце, як-небудзь мацуйся, намажыся, цярпі! – малю я ў думках, ледзьве сам трымаючыся ў фурманцы. I ў гэты момант над нашымі галовамі размашыста бліскае першая агністая маланка. Мы знячэўку ўгінаемся, – далёка наперадзе ўзлятае ўгару слуп снежнага пылу. Гэта балванка.
        Мы ўсе, як па камандзе, азіраемся. Так і ёсць – танкі ўжо выйшлі на ўскраіну. На грэблі каля «ЗІСа» з-за крайніх хат іх выпаўзае з дзесятак. Некаторыя спыняюцца, бліскаюць агеньчыкамі з дымам і хутка скіроўваюць у балку, за намі следам.
        – Тр-рах! Трах! – ірве ззаду і збоку.
        Над намі ў паветры праносіцца снарад. Ягоны разгоністы фыркат кладзе нас у фурманку. Наперадзе, на схіле балкі, вырастае прыгожы клубчаста-пульхны выбух. Ззаду ў снежнай прасторы густа рассыпаецца кулямётны трэскат.
        – Гані! – крычыць Каця. – Гані ты, няўклюда!
        Ездавы прыўстае на перадку і з-за пляча лупіць палкай коней.
        Тыя ўсе ў мыле і імчацца так, што, здаецца, растрасуць фурманку. Мы наганяем некалькі байцоў у расшпіленых шынялях, без дзяг. Адзін, маладзенькі, без шапкі, з абстрыжанай пад нулёўку галавой, на хаду спрабуе прычапіцца да фурманкі. Старшына гоніць яго:
        – Куды? Куды прэш?! Тут параненыя!
        Хлопец з роспаччу ў вачах збочвае і нейкі час загнана хакае побач. Я чакаю новага выбуху. Сапраўды, колькі можна праехаць на прыцэле ў танкаў? Хоць бы яны не спыніліся – з ходу яшчэ мо не пацэляць. Але ж дагоняць. Халера на яго – дзе ж тады выйсце?
        Так, гэта жахліва! «Гані, браток, гані!» – нема прашу я ездавога, ды ён і сам гоніць куды як добра. Толькі ці надоўга? Наперадзе, здаецца, паваротак. Вось бы паспець да яго!
        А кулямётны трэскат усё бліжэй.
        Тут ужо многа байцоў – маўклівыя, задыханыя, расчырванелыя, са страхам у расшыраных вачах. Імі ніхто не камандуе. Гэта тылы – абознікі, кладаўшчыкі, ездавыя, тэхнікі... Многім такая калатнеча, відаць, у навіну: да агню яны не прывыклі. Я ведаю, адзінае, што цяпер пануе над іх пачуццямі – гэта ўлада страху. Сродак да паратунку ў іх цяпер – ногі. Толькі сродак гэты не самы лепшы. Хутчэй наадварот. Гэта безвыходнасць.
        Старшына люта лаецца.
        – Стойце, растакую вашу няладную! Куды вас прэ! Задушаць, расстраляюць, як зайцаў. Стойце! Спыніцеся!
        Людзі азіраюцца на крык, толькі не спыняюцца. Незнаёмы чалавек у куртцы – для іх не начальства. Тым часам па-над самай падводай зноў фыркае. За паўсотні крокаў наперадзе выбух. Коні становяцца на дыбы і кідаюцца ўбок. Нас абдае снегам. Фурманка ледзьве не перакульваецца. Здаецца, яна вось-вось абернецца на касагоры. Нейкім цудам мы не трапляем у засыпаную снегам рытвіну.
        I раптам зусім побач на схіле я бачу знаёмага ў паўшубку і чорнай кубанцы. Адна рука пад палой: напэўна, паранена. Пусты рукаў матляецца на ветры. Гэта Сахно. Ён азіраецца на нас, твар яго разгублеыы і потны. На лбе прыліпла чорная пасма валасоў, рот шырока раскрыты.
        – Эй, рабяты! Пастой!
        – Прытрымай! – кідае ездавому Каця.
        Коні трошачкі сцішваюць бег. Сахно знясілена падбягае, а ў мяне сціскаецца сэрца: навошта ён тут? Аднак капітан, прытрымліваючы на галаве кубанку, няспрытна куляецца ў воз. Ён паранены, і ў падыспадзе майго пачуцця міжвольна мільгае злараднасць: ага, дапякло! Гэта яму не пратаколы пісаць!
        Ездавы гоніць коней. Фурманка імпэтна кідаецца на прысыпаных снегам гузаках. Недзе ззаду гахаюць запар два выбухі. Старшына лаецца.
        – Што толькі робіцца, га? I дзе начальства? Праспалі к чортавай матары ўвесь Кіраваград!
        Сахно ў возе аддыхваецца, раз-пораз клопатна азіраецца, але маўчыць. Старшына злуецца ўсё болей.
        – Разведка – хрэн ёй у вочы, шнапсу, відаць, надулася! На радасцях! Што ж: ударылі, прарваліся, пайшлі куды як добра! Давай наградныя пісаць. Ведама ж, абы на перадку ўсё па графіку, а тут што робіцца – напляваць!
        У каршуновых вачах Сахно ўзгараецца строгасць. Нядобрым позіркам ён акідвае старшыну, але той знарок гэтага не заўважае. Здаецца, старшына можа сказаць і болей, і не толькі такому начальніку, як гэты капітан. Ён робіць уражанне дужага ва ўсіх адносінах. Такія заўжды падабаюцца, асабліва на вайне. З імі надзейна.
        Дрыгоцце тым часам робіцца нясцерпным. Здаецца, разваліцца фурманка. Лётчык пад паўшубкам крычыць:
        – Сястра! Не магу я! Стойце! Спыніце коней!.. Я не магу...
        З перадка ў злой нястрымнасці азіраецца Каця.
        – Змоўкні! Змоўкні зараз жа! Што ты енчыш! Не можаш – злазь к чортавай матары!
        – Баліць! Баліць жа... У-у-у-у...
        – Цярпі!
        Мы ўзлятаем на ўзгорак. За ім спуск, там нас ужо не дастаць. Ну, яшчэ хвілінку, паўхвілінкі... Ад напружання я ўпіваюся зубамі ў губу, нібы так лягчэй. Яшчэ трошкі... I тут...
        – Тр-р-рах! І-у-у-у-у...
        Што гэта?.. Чаму гэта?.. – бянтэжыць мяне недаўменне. Фурманка ўзлятае перадком угору, воз перакошваецца. Нейкая сіла выкідвае мяне прэч і балюча куляе галавой у снег. Побач, узараўшы баразну ў снезе, сунецца рог фурманкі. Здаецца, раздушыць. Але раптам спыняецца ля самага майго пляча.
        Я тут жа прахопліваюся, адчуўшы сябе на краі пагібелі. На руках і каленях адскокваю прэч. Фурманка абернута набок. Хтось апантана лаецца. Каця падхоплівае лётчыка. Адзін конь, укленчыўшы на пярэднія ногі, б’ецца галавой аб снег. Другі тузае фурманку ўбок. Яго хапае за аброць старшына.
        Але, здаецца, я цэлы і, ускочыўшы, кідаюся да паваленай набок падводы. Юрка, апоўзшы на край, нейкім цудам трымаецца там. Аднак мяне апярэджвае немец. Плячом ён дужа паддае знізу і перакульвае падводу на колы. Наперадзе крык Сахно:
        – Рэж пастромкі! Пастромкі!!!
        Старшына хапаецца за пастромкі, а Сахно ўвальваецца ў падводу. Немец ужо завіхаецца ля Каці. Удвох яны цераз борт увалакваюць у фурманку лётчыка. На снезе збоч ляжыць ездавы. Галава ў яго... Зрэшты, галавы няма, замест яе адно страхоцце. Лепш туды не глядзець. Старшына чымсь перарэзвае пару тоўстых пастромкаў і хвошча вяроўкай каня. Апошняга нашага каня, які зморана тузае фурманку. Другі, заціхаючы, грабецца на снезе. Яму ўжо не ўстаць.
        – Хутчэй! Хутчэй!
        Я не ведаю, ці гэта крычыць хто, ці мо гэта рвецца з мае душы. Я толькі кожнаю часцінкай цела адчуваю, што трэба хутчэй, бо вось-вось усмаляць – танкі ўжо даганяюць. Над балкаю гул і лязгат. Гахаюць выбухі, і танкавыя кулямёты захліпаюцца ў агнявой ярасці. Наўкола крыкі і лаянка. Не, гэта не бой – гэта знішчэнне. Да нас падбягае нейкі сяржант у гімнасцёрцы без шыняля. Ягоныя грудзі з ордэнам Славы густа заліты крывёю. Ён задыхана хрыпіць і моўчкі валіцца ў падводу – я толькі паспяваю затуліць Юрку.
        Але ўрэшце мы за пагоркам. Тут ужо не пацэляць. Наперадзе, у балцы, праз паўкіламетра сяло. Заснежаныя мазанкі, плятні, ранішнія дымкі з комінаў. I там – дарога. Тут ужо бегуноў болей. Яны, пэўна, думаюць, што ў сяле паратунак, і джгаюць туды з усіх сіл. Але я адразу заўважаю, што ў сяле пуста. Арганізаванай абароны тут таксама няма, тут наогул ужо мала хто і ёсць. Відаць, паддаўшыся паніцы, прапанулі і тутэйшыя. А дарога засталася – добраўпарадкаваная шаша, мабыць, з Кіраваграда. Зоймуць ды перарэжуць – быць тады і большай бядзе... Нахіленая набок, рызыкуючы перавярнуцца, фурманка коціцца па снезе. Да нас бягуць людзі. Нехта зноў увальваецца ў воз, некалькі параненых чапляюцца за барты. Пажылы баец у расшпіленым шынялі, аслабела трухаючы побач, глуха і моўчкі плача без слёз. Яго шчаціністы падбародак сутаргава тузаецца. Старшына, не перастаючы, лупіць коніка. Мы мінаем адну групу і некалькі адзіночак і яшчэ, мабыць, чалавек з дзесяць. I тады Сахно рашуча саскоквае на снег.
        – Ану, стой! Стой! – крычыць ён на байцоў і выцягвае з кабуры пісталет. – Назад! Пастраляю ўсіх, як сабак! Назад!
        Кінуўшы лейцы Каці, саскоквае з падводы і старшына. Ён таксама пачынае крычаць «стой», некага даганяе і ў каршэнь штурхае да капітана. Сахно падаецца ў другі бок. Зводдаль па схіле пагорка бяжыць некалькі чалавек, і ён, не цэлячыся, бахае туды з пісталета. Уцекачы спачатку спыняюцца, пасля, разбрыўшыся, ідуць уніз. Ля старшыны набіраецца дзесятка паўтара выпадковых людзей.
        – На бугор! Марш на бугор! – крычыць Сахно і паказвае ў поле рукой.
        Ад групы аддзяляецца старшына.
        – Братва, ану бягом! У каго гранаты – ка мне! Мы ім пакажам кузькіну маць!
        Зморана і не дужа рашуча яны бягуць на пагорак. Сахно яшчэ кагосьці спыняе і гоніць за ўсімі. Некага б’е рукаяткай пісталета па шыі. Што ж, можа, гэтак і трэба. Спадзявацца цяпер няма на каго. Ніхто тут нас не абароніць. Толькі самі сябе.
        У нейкім бяздумным парыве я таксама саскокваю з падводы. Саскокваю і прысядаю на адну нагу. Мусіць, усё ж паспяшаўся. Але чорт з ім! Гінуць дык гінуць – на полі бою. На маё месца зараз жа нехта залазіць.
        Я кульгікаю ў стэп. Ззаду, аддаляючыся, грукоча фурманка, толькі я не азіраюся. Я ведаю – нам ужо не сустрэцца.
        Толькі добра адышоўшыся, я кідаю кароткі позірк назад. Паблізу нікога. Фурманка далёка ўнізе ўязджае ў сяло. Але дзе Сахно?
        Капітана нідзе не відаць. Наперадзе яго няма, а ззаду... А ззаду на фурманцы чарнее знаёмая кубанка.
        Чамусьці мне робіцца да болю крыўдна. Я не разумею чаму. Але гэта подла. Хіба так можна?
        Тым часам невялічкая група старшыны таропка разбягаецца ў ланцуг. Тады, давячыся крыўдай, я знімаю з-за спіны карабін і выходжу на ўзгорак.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.