РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
23
        
23

        
        У хаце зусім цёмна (ці, можа, мне так здаецца) і вельмі людна. Так людна, што секууд некалькі я не ведаю, куды ступіць ад парога. I я стаю, узіраючыся праз паўзмрок у невыразныя плямы твараў, бінтоў, людскіх постацей на лаўках і на падлозе. У нос востра шыбае перакісам вадароду. Гэта абнадзейвае – значыць, медык тут ёсць, будзе на каго паспадзявацца.
        – Во яшчэ адзін зашчытнічак! – з лёгкім гумарком гукае нехта ад сцяны. – Ну, як там: турнулі нямецкіх захопнікаў?
        Я не маю ахвоты ні да якой размовы. Тым больш з такім вось дасціпнікам. Але па нейкіх ягоных гуллівых нотках адчуваю, што тут ёсць жанчына, і прыглядаюся ў паўзмрок, ці не Каця?
        – Адбіліся, – кажу я.
        Ад чорнай круглай грубкі, ля якой поркаюцца байцы, на мой голас павяртаецца нехта ў паўшубку. Сапраўды з-пад шапкі ўскідваюцца знаёмыя вочы Каці.
        – А, младшой! А тут дружок ужо зусім нос павесіў. Думалі, хана табе.
        Каця ўстае, і тады я бачу ў доле на разасланых шынялях Юрку. Ён ляжыць на спіне, без гімнасцёркі, па грудзях туга спавіты бінтамі, і ледзьве прыкметна спрабуе ўсміхнуцца мне куточкамі сваіх вуснаў.
        На некага наступіўшы, не зважаючы на лаянку, я падаюся да сябра і нязграбна апускаюся ля яго на калена.
        – Юра! Юр... Ну, як табе? Лягчэй? Га, Юрка?
        Я ўзіраюся ў яго шэры, без адзінай крывінкі твар з вострым, нейкім не Юркавым носам. Без адказу адчуваю, справа яго дрэнь. Блага Юрку! I нават яшчэ як блага!
        – Так, нічога... Лягчэй... – шэпча вуснамі Юрка.
        У яго зацененых вачах на секунду загараецца радасць, якая, аднак, зараз жа і гасне. Я ўсё гэта бачу. Я разумею... і я хачу яго падбадзёрыць:
        – Знаеш, адбіліся! Танкі падышлі. А то былі б нам канцы. Цяпер мы цябе ў шпіталь. У першую чаргу, – кажу я, верачы, што адпраўлю яго. Цяпер я ўжо дамагуся. Але тут побач нехта недаверліва сапе:
        – Глядзі, адправіш! На самалёце хіба?
        – Чаму на самалёце? – няўцямна пытаюся я, і раптам гэтая рэпліка мяне насцярожвае. Я павяртаю голаў – пад сцяной ля самых дзвярэй з вінтоўкаю між каленяў сядзіць ды смокча цыгарку нейкі баец. I побач (глядзі ты: зноў тут як тут!) дрэмле мой немец.
        – Чаму самалётам? – падазраючы нядобрае, пытаюся я. – Машынай, падводай адправім. Бачыце, цяжкапаранены?!
        – Гм!.. Мы-то бачым. А вось ты...
        – А што? Што я не бачу?
        Я ўжо гатовы ўзарвацца, бо стрыманасці мне не хапае, не трываюць нервы. Што тут яшчэ здарылася?
        – Трапілі, во што. Між молатам і кавадлам...
        – Ну ты там! – строга раздаецца з кута ад стала знаёмы голас. – Пракрашчай разгаворчыкі!
        Ну, вядома, тут і капітан Сахно... У цёмным куце. Яго адсюль амаль не відаць, – ён жа, мусіць, бачыць усіх. I нешта ён тут дужа па-начальніцку прыкрыквае – мусіць, старшы па званню. Як ад болю, сцяўшыся ад нядобрага прадчування, я пазіраю то на яго, то на байца ля парога. Але той змаўкае і толькі падміргвае мне адным вокам:
        – Паняў?
        Так, зразумеў. Ведама ж, няхітрая справа зноў трапіць пад удар, калі ў тыле чорт ведае што. Чаго тут чакаць, апроч як удару, акружэння, разгрому. Але ж ёсць і нашыя танкі. Гэта ім не сорак першы год. Не, мабыць, панікаваць яшчэ рана. Яшчэ пабачым, хто трапіць на кавадла...
        – Ладна, годзе вешаць насы, – кажа Каця, прабіраючыся ад дзвярэй. Яна нясе кацялок з гарачай вадой. З-пад вечка густа ідзе пара. – На во, напаі гарачым. Ды сагрэць яго трэба. Ану, славяне, у каго кажух лішні? – гукае яна да параненых. – Тут цяжолага сагрэць трэба.
        – Бяры мой, – чуецца ў цемры. – Усё роўна не ўсцягну. Толькі во рукаў адарваны.
        – Ладна, давай.
        Нехта з забінтаваным плячом падае ёй паўшубак. Каця клапотна ўхутвае ім Юрку. Затым я, разліўшы трохі вады, паю сябра. Яго сцятыя зубы ціха лязгаюць па алюмініевым краі кацялка. Напіўшыся, Юрка часта ды трудна дыхае.
        – О так... Цяпер лепей...
        – Ну і добра, – кажа Каця. – Сагрэйся і засні. Сон лечыць лепш за прафесара.
        – Ладна. Дзякуй... – шэпча Юрка, і ягоныя пасінелыя вейкі знямогла заплюшчваюцца. Каця павяртаецца да мяне:
        – А як твая нага, младшой? Ану, пакажы. – Яна рашуча і бесцырымонна лапае маю бедалагу-нагу і сварыцца: – Гэта называецца перавязка! Паглядзі, што тут у цябе робіцца!..
        Я і сам ведаю, што там робіцца. Бінты мае раскіслі ад снегу, спаўзлі, разматляліся. Усё там скрываўленае і мокрае. Хваравіта-чуйная да цвёрдых Каціных рук, нага, мусіць, яшчэ і памарожана. Пальцы, здаецца, зусім ужо анямелі. Каб не перажываць залішне, я, сцяўшы зубы, адварочваюся. Насупраць пад сцяной сядзіць «мой» немец. Трымаецца ён ціха, нават баязліва, з пакорай на твары. На ягоных плячах усё той жа шынялёк, на галаве казыркастая шапка. Рукамі ён ашчапервае калені і быццам дрэмле. Ягоны канваір ля парога, зарослы шчаціннем дзядзька, дакурвае цыгарку, і нехта са змроку просіць:
        – Сараковачку пакінь, браток. Га?
        Баец яшчэ разы два цмыгае і, ступіўшы між целаў на падлогу, цягнецца да выстаўленай з цемры рукі. Мае вочы пачынаюць ужо што-колечы бачыць у гэтым сутонні. Між байцоў я пазнаю на лаўцы ўратаванага намі лётчыка. Ён нерухома ляжыць, бы нежывы, пад сваімі бінтамі і толькі час ад часу стрымана стогне. Але стогнуць многія. Ціхіх стогнаў, крэкту і вохаў тут поўная хата.
        – Ану, назад! – зараз жа раздаецца з-за стала каманда Сахно. – Не забывайцеся, да каго прыстаўлены! Баец вяла апраўдваецца:
        – Ды не ўцячэ! Я ж усё бачу.
        – Дрэнна бачыце!..
        У гэты час зусім побач са мной пачынае варушыцца нехта ў паўшубку з настаўленым каўняром. Здаецца, ён дагэтуль драмаў, прыхінуўшыся да сцяны, і цяпер асіпла са сну гаворыць:
        – Не турбуйцеся. Я пагляджу.
        Затым адкашліваецца і, зусім як немец, нешта скорагаворкай звяртаецца да палоннага. Гэта мяне здзіўляе: глядзі ты, ведае па-нямецку! На фронце такое здараецца не часта. Немец ціха нешта адказвае, і мой сусед абвяшчае:
        – Ён гаворыць, што сам здаўся ў палон і назад перабягаць не збіраецца.
        – Прыпёрлі, дык здаўся. А наогул я не пытаюся, што ён там гаворыць! – суха абрывае яго Сахно. – I вы лепш памаўчалі б, лейтэнант.
        Лейтэнант бяскрыўдна змаўкае, а маю нагу раптам працінае востры нутраны боль. Я незнарок скаланаюся. Каця нязлосна прыкрыквае:
        – Ціха, ты! Што брыкаешся, як дзеўка!
        – Ого, так ірванула...
        – Ладна. Стрываеш. А галава як? Нішто?
        – Галава нічога, – кажу я, абы не чапаць раны.
        Каця пачынае туга аббінтоўваць ступню, і я зноў пазіраю на лейтэнанта, які пачынае ладзіць сабе закурку. Ён абуджае ў мяне цікавасць. Тое, што ён так складна загаварыў па-нямецку, яго тон і яшчэ нешта амаль незаўважнае ў яго голасе няўлоўна выдае ў ім інтэлігента, відаць, прызванага з запасу. Гэтыя людзі заўжды выклікаюць ва мне нейкую павагу, бо ёсць у іх штосьці цікавае і значнае, чаго часцяком не хапае кадравым. I хоць няёмка мне набівацца цяпер у знаёмства, усё ж я пытаюся:
        – Вы не са сто адзінаццатай?
        Лейтэнант слініць паперку і не вельмі спрытна склейвае з яе цыгарку. Адразу відаць, што да самакрутак яшчэ не прывык.
        – Не. Я з упраўлення арміі. З газеты.
        – Што, з рэдакцыі?
        – Угадалі. А што вас здзіўляе?
        – Ды так, нічога, – адказваю я, хоць сапраўды трошкі здзіўлены такім знаёмствам.
        Мне яшчэ не даводзілася сустракаць журналістаў, тым болей на фронце. I я проста не магу ўжо схаваць мае цікаўнасці да гэтага чалавека. А ён, здаецца, абыякавы да ўсяго тут. Засяроджана прыкурвае ад запалкі і смачна зацягваецца. Шчокі яго, калючыя ад чорнага маладога шчаціння, здаюцца глыбока запалымі. Хударлявы, нейкі нават хваравіты твар непрыгожы. Хоць па званню гэты чалавек амаль раўня нам, па ўзросту ён старэй за нас год на пятнаццаць. Я кідаю позірк на Юрку і таксама лаўлю ў ягоных вачах стоены водбліск цікаўнасці. Дзіва што: я памятаю, як некалі Юрка расказваў пра свае даваенныя мары стаць журналістам...
        Лейтэнант моўчкі курыць, і размова наша не вяжацца.
        – Ну вось і ўсё, – кажа Каця нарэшце, абрываючы бінт. – Беражы рану. А то столькі бруду набілася!..
        Яна зазірае на Юрку, але вочы ў таго ўжо заплюшчаны, і дзяўчына сцішана, толькі мне аднаму, паведамляе:
        – За ім глядзець трэба. Слабы ён. Каб часам не...
        Я ўздыхаю. Здаецца мне, Юркавы вейкі ледзьве ўздрыгваюць у цемры. Мабыць, ён прыкмячае нашую на сабе ўвагу.
        – Нічога. Як-небудзь...
        – Сястра! Мне во перавязаць трэба! – кліча хтось Кацю.
        – Раней мне. Я ўжо даўно чакаю.
        – Зараз, зараз, родненькія. Не ўсім адразу.
        Каця прабіраецца між людзей далей, а Юрка, прыкметна напружваючыся, каб стрымаць стогн, пытаецца:
        – Што, пяхоты ў немцаў багата?
        – Знаеш, пяхоты не было, Юрка. Калі б пяхота, нам бы не ўтрымацца. А так з тузін танкаў. Двох падпалілі.
        Юрка расплюшчвае пакутніцкія вочы і нерухомым поглядам устаўляецца кудысь у змрочнае невысокае падстолле.
        – Ведаеш, дэсант – гэта сіла. Калі давядзецца ўдзельнічаць, трэба як мага... бліжэй пад’ехаць. Галоўнае... не спяшацца саскокваць. Чым бліжэй да іх, тым... лепей. Я ведаю...
        – Ну, вядома, – згаджаюся я, хоць у танкавым дэсанце яшчэ не быў. Але я бачу, як трудна Юрку гаварыць: засмяглыя яго вусны няслушна шавеляцца.
        – Так... Дай вады. Пячэ вельмі, халера... Я прыўзнімаю яго галаву і нагінаю кацялок. Юрка, аднак, бярэ ў рот маленькі, трудны глыток.
        – Блага? Ты ляжы. Маўчы лепш.
        – Ладна...
        Юрка пакутна апускае вейкі і выдыхае.
        – Цяпер я няхутка. Даўбанула як мае быць... Цяпер паваляюся. А калі будуць машыны?
        – Машыны? Будуць, Юр. Ты пацярпі трошкі. Я чуў, там генерал распараджаўся ыаконт параненых.
        – Ну што ж... – цярпліва згаджаецца Юрка. – Што гэта я хацеў табе сказаць?.. Будзеш ваяваць... раздабудзь эмга сорак два. Не глядзі... што нямецкія. Гэта кулямёты... Класныя... Навучыш хлопцаў... лепш за станкачы будуць. Патронаў... у наступленні хопіць. У мяне чатыры было. Падабраў...
        Сэнс ягоных апошніх слоў наводзіць мяне на пэўнае падазрэнне. Падобна на тое, што ён ужо не мае надзеі выкарыстаць свой вопыт і хоча перадаць яго мне.
        – Добра, Юрка. Яшчэ паваюем. I дзегцярамі і эмга. Не ўнывай, Юра!
        – Та-ак! I яшчэ трэба страляць. У наступленні. А то... яны нас нішчаць, а мы... Слабы ў нас агонь. Стралковы. Панімаеш? Слабіна...
        Ён змаўкае, і я не адзываюся. Здаецца, ён засынае. Я толькі пільна ўзіраюся ў ягоны схуднелы за гэты дзень твар, які нерухома шарэе на скамечаным сукне шыняля. Думка-сумненне точыць мяне: ці выберамся адсюль? Я-то яшчэ як-колечы маюся. А вось Юрка... Эх, Юрка, Юрка!..
        Я пачынаю прыслухоўвацца да сцішанай гаманы ў хаце, па гукаў знадворку. Цяпер у такім нашым становішчы ўсё мае сваё значэнне... Я думаю, што параненых пара б адправіць у тыл, калі б была дарога. Але калі ніхто аб тым не турбуецца, дык, мабыць, сапраўды ходу адсюль няма. Тады трэба чакаць. Толькі чаго дачакаемся?
        За акном неяк адразу віднее – гэта ўзыходзіць месяц. Край яго ярка ўразаецца ў замутнелую ад прымаразку шыбу. У хаце таксама святлае. Толькі па кутах і ў падстоллі туляцца мяккія, шэрыя прыцемкі.
        Лейтэнант пад сцяной усё ж ціха перагаворваецца з немцам. Я прыслухоўваюся, і карэспандэнт, заўважыўшы гэта, гаворыць:
        – Ён кажа, што вы яго ў палон узялі?
        – Не ўзяў. Толькі вёў. Ды не давёў.
        – Чаму?
        – На танкі наскочылі. Было трое, ды вось адзін застаўся.
        Лейтэнант вымаўляе да немца нейкую доўгую фразу. Немец ахвотна і падрабязна адказвае. З іхняй гаманы я разумею толькі некалькі слоў: лерэр, Бунцлау, яфрэйтар.Лейтэнант выслухоўвае і павяртаецца да мяне.
        – Яго прозвішча Энгель. Ён сельскі настаўнік з Сілезіі. А яго камарад быў нацыст. Той выпадкова трапіў у палон. Звычайна такія не здаюцца.
        I яны напаўголаса перагаворваюцца зноў.
        Я міжвольна прыцінаю дыханне, спадзеючыся пачуць нешта цікавае. Аднак разумею па-нямецку я не багата і не магу разабраць сэнсу іх хуткіх невыразных фраз. Здаецца, яны кранаюць філасофію, бо я чую знаёмыя імёны: Кант, Ніцшэ, Шапенгауэр. Лейтэнант пры тым ажыўляецца. Энгель адказвае коратка, нярэдка паціскаючы плячыма.
        Аднак яны выпускаюць з-пад увагі Сахно, які, не марудзячы, напамінае аб сабе.
        – Лейтэнант, падыдзіце сюды! – стрымана кліча ён з-за стала.
        – Вы хочаце мне нешта паведаміць? – пытаецца лейтэнант.
        Сахно, аднак, зацята маўчыць, і лейтэнант, памарудзіўшы, нетаропка ўстае з-пад сцяны.
        З хвіліну ў іх там адбываецца, відаць, не вельмі прыемная размова, якой мне адсюль не чуваць. I калі лейтэнант вяртаецца на сваё месца, па ягоным выглядзе я разумею, што гутаркі з немцам у іх ужо не будзе. Лейтэнант шматзначна ўздыхае.
        – Да, дзіўная камандзіровачка!.. Паехаў напісаць нарыс пра наступленне. Ды вось абярнулася, што сам на аловак трапіў...
        – А вы напішыце і пра гэта.
        Лейтэнант соўгае бровамі.
        – Пра гэта не напішаш.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.