|
27 Нас ссаджваюць з танкаў і зводзяць у адно месца на вуліцы. Набіраецца чалавек з дзесяць – здаровых, што ўначы прыбіліся сюды з іншых часцей, і параненых. У тым ліку трое цяжкіх – Юрка, адзін аўтаматчык з прастрэленым жыватом і ўсё той жа лётчык. Дзіва, які ён жывучы – мабыць, перажыве ўсіх! На шчасце, з намі зноў Каця. Грубавата прыкрыкваючы, яна адразу распараджаецца перанесці ляжачых у хату. Астатнім загадана чакаць, і мы моўчкі стаім пад глухой, пакрэмзанай вугалем сцяной мазанкі, пакуль ад першых у калоне танкаў хуткім крокам да нас не падыходзіць знаёмы падпалкоўнік. З ім поплеч Сахно. Пусты рукаў капітанскага паўшубка лёгка целяпаецца ля боку. – Ну як, арлы? Далі жару? – жвава пытаецца падпалкоўнік і сам сабе адказвае: – Далі, сволачы! Лепшыя экіпажы ўгробілі. Значыць, так: далей пойдзеце самі. Мы павяртаем контратакаваць. А вы да Лялекаўкі. Восем кіламетраў. Ясна? Мы ўсе маўчым. Восем кіламетраў – не многа, але пры той умове, калі здаровыя ногі. А калі прастрэленыя? Ды яшчэ трое цяжка параненых? Як іх дацягнеш? Толькі пра што пытацца – і так дзякуй гэтаму чалавеку за яго добрасць. Не пакінуў, як іншыя – выхапіў амаль з-пад агню. Цяпер у яго свой клопат. – Ну, ясна не ясна – нічога не папішаш! З сабой я вас не вазьму. Самі разумееце. Тут заставацца не раю. Раніцай яны зноў удараць. – Падпалкоўнік махае рукой па дарозе. – Дык так: старшы вось гэты капітан, – ківае ён на Сахно. Той моўчкі пераступае на снезе. – Ён павядзе. «Здорава!» – думаю я. Усё жыццё марыў мець такога старшага. Лёс ці д’ябал нібы насміхаецца з мяне. Але чорт з ім. Хай вядзе. Камандзіраў, на жаль, не выбіраюць. Паглядзім, як прывядзе. Падпалкоўнік паварочваецца і рухава крочыць да пярэдніх машын, якія ўжо заводзяць маторы. Зараз жа па адной яны пачынаюць зрывацца з месца, і неўзабаве мы застаемся адны. Месяца ўжо няма, угары гаснуць зоркі, цьмее няроўная паласа Млечнага Шляху. Здаецца, пачынае світаць. Нязвыкла ціха і пустэльна робіцца на вуліцы гэтага маўклівага сяла, у хацінах якога дзе-нідзе ўжо слепа асвечваюцца вокны. Калі танкавы грукат на вуліцы глохне, да нашай прымоўклай кучкі падступае Сахно. – Так... Усе тут? Раз, два, тры, чатыры, пяць... – Трое цяжолых у хаце, – кажа нехта з параненых. Сахно адразу пакідае лічыць. – Чаго гэта ў хаце? Ану, усіх сюды! Некалькі чалавек здаравейшых, рыпучы снегам, ідуць цераз вуліцу ў хату і неўзабаве вывалакваюць адтуль двух. У адным я яшчэ з вуліцы пазнаю Юрку. Яго нясе немец і танкіст у ватоўцы – камлюкаваты, плячысты хлопец, відаць, адзін з нямногіх, каму ноччу пашэнціла, страціўшы танк, застацца ў жывых. Лётчыка нясуць двое разведчыкаў у белых падраных маскхалатах, якіх падпалкоўнік далучыў да нашае групы. Ззаду іх ідзе Каця. Сахно нецярпліва ступае насустрач. – Та-ак... А дзе трэці? – Там, – кідае на хату Каця. – Не варта чапаць. – Гэта чаму? – Чаму, чаму... Безнадзейны. Даходзіць. Сахно хвіліну маўчыць, відаць, нешта рашае, а пасля азіраецца і ківае на мяне: – Ану, давайце па трэцяга! – Я не магу. – А калі цераз «не магу»? Я загадваю. – Што яго браць? – агрызаецца Каця. – Памірае чалавек. Што яго мучыць? – Не ваша справа. Бярыце параненага! – ледзяным тонам загадвае Сахно, стоячы ў насунутай на лоб кубанцы і задзірыста выставіўшы наперад квадратны свой падбародак. Каця ўпаўголаса кідае да яго нешта абразлівае і вяртаецца ў падворак. За ёю кульгікаю я. Паранены, увесь мокры ад поту, нерухома ляжыць на ложку. Над яго галавой гарыць газнічка. Ля парога з гаротным, мокрым ад слёз тварам хутаецца ў кажушок напалоханая жанчына. – Ой, дзетачкі! Ой, лышанько! Куды ж вы ёго? Він жа такі слабы... – Ану, пастараніся, цётка, – безуважна да яе гаманы кажа Каця і прыўзнімае небараку– Дайце якое радно. Пакапаўшыся ў рыззі, гаспадыня рассцілае на падлозе нейкую пасцілку, і мы перакладаем на яе параненага. Але ён распрануты, увесь у бінтах і без шыняля, як яго несці? – Цэ ж він замэрзне, загубіцца!.. Ой, у ёго ж матуся е дзесьці, – ледзьве не галосіць жанчына і скідае з сябе кажушок. – Натэ, ухутайце, усё тэплішэ будэ. Цётка пачынае свяціць над галовамі газнічкаю, Каця хутае аўтаматчыка ў паўшубак і незнарок наступае на маю нязграбную аббінтаваную нагу. Я ледзьве не падаю ад болю. – Яшчэ не адмарозіў? Ну, дык адмарозіш! – зацята абяцае Каця. – I гангрэна яшчэ насядзе. Чакай! – I раптам са злоснаю нястрыманасцю гукае: – Ану, рвані! Годзе корчыцца. Наступіўшы нагой на рукаў кажушка, яна спрабуе яго адарваць, але не можа і кідае ў мае рукі. Я рву мацней, яна прытрымлівае, і рукаў урэшце з трэскам адрываецца. – Ой, што ж вы робытэ? Што вы ірвэтэ маю адзежыну! Каб вам рукі адірвала, ногі папераламала! – раптам сварліва прыгаворвае жанчына. Каця строга прыкрыквае на яе: – Замаўчыце! Вам не ўсё роўна? Таго шкада, а таго не. – Нялюдска ты людына! Лайдачка. Моя світка, што вы наробылы! Чорт, звязаліся яшчэ з гэтай кабетаю! Раскрычалася, быццам яе хто падмяніў... Мне няёмка і хочацца кінуць ёй і рукаў і кажушок, абы адчапілася. Але Каця, не зважаючы на сварку, загадвае: – Во і нацягвай. Цёпла і мякка будзе. На марозе дзякуй скажаш. Я маўчу, зацяўшы ў душы няёмкасць, і моўчкі дзякую гэтай агонь-дзяўчыне. Акалелай назе ў рукаве сапраўды робіцца ўгрэўна і мякка, трохі, праўда, нязграбна, але не бяда. Галоўнае цёпла. Да болю я ўжо прытрываўся. Мы выносім чалавека на вуліцу, дзе нас чакаюць, і Сахно нецярпліва падыходзіць да Каці. – Усе? – Усе. Капітан яшчэ раз акідвае байцоў працяглым маўклівым позіркам (напэўна, лічыць) і, нічога не сказаўшы, ідзе ўсё ў тую ж хаціну. Калі крокі яго сціхаюць, Каця апускае параненага на снег. - Гад! Я не пытаюся – я ўжо ведаю, пра каго яна гэта. I я маўчу, бо сам гэткай жа думкі аб нашым начальніку. Цяпер – я ведаю – ён пайшоў правяраць, ці не застаўся там хто. Нам ён не верыць. Ну і якраз дарэчы, там расплачацца тая кабета, будзе скандал. I сапраўды, неўзабаве вярнуўшыся, Сахно строга аб’яўляе: – Вось што! Без майго дазволу ў хаты не заходзіць! Кожны адказвае за сябе і за суседа таксама. Параненых не пакідаць. Што б там ні пагражала. Насельніцтву залішне не давяраць. – Ды ўжо ж?! – упаўголаса сумняваецца нехта ззаду. Сахно, аднак, пакідае рэпліку без адказу. – Калі ў выпадку прыпячэ, жывымі не здавацца. Ясна? Зброя ёсць? У каго няма – я памагу. Слабанервовым таксама. Пытанні будуць? – Ясна. Не на лекцыі. Хутчэй трэба, – кажа танкіст. – Гэта не лекцыя! – змрочна аб’яўляе Сахно. – Гэта загад. I я патрабую яго выканання.
|
|