РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Альпійская балада
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
Замест эпілога
20
        
20

        
        Нешта труднае і пабочнае, што ўвесь час утрымлівала іх адно ад другога воддаль, было пераадолена, перажыта шчасліва і амаль раптоўна. Мусіць, тыя пакутныя парадоксы, што дапякалі Джулію, неяк былі ёю зразуметы – з гэтага моманту для абаіх засталіся толькі бражная духмянасць зямлі, макавы водар і спякотны бляск высокага неба. Сярод гэтай першабытнай стыхіі ў адным кроку ад смерці нарадзілася нязведанае, таямнічае і ўладарнае, яно жыло, прагла, палохала і клікала...
        Распластаўшыся на зямлі, Іван гладзіў і гладзіў яе вузенькую, напечаную сонцам спіну, дзяўчына ўсё гарнулася да яго грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Вусны яе, не перастаючы, шапталі штось незразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Смеючыся вачыма, тварам, душой, ён нібы абмёр у нейкай шчаслівай бязважкасці; неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касабокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, хмельна і боязна.
        Час, мусіць, перастаў для яго існаваць, адышла ў нябыт небяспека, ля самага хлопцавага твару горача тлелі два вялікія чорныя вугалі ў шырока раскрытых яе вачах. У іх цяпер не было ні пакуты, ні клопату, ні гарэзнасці – нічога, апроч труднага, уладарнага ў сваёй немаце клічу; нешта падобнае Іван адчуваў на краі бяздоння, якое заўжды страшыла і вабіла адначасна. У яго не было ніякае сілы супрацьстаяць гэтаму клічу, ды ён і не ведаў, ці трэба было стрымлівацца; ён зноў намацаў вуснамі вільготную жвавасць яе рота, адчуў касцяную цвёрдасць зубоў. Дзяўчына моўчкі замерла, ён прыгарнуў яе аберуч і сціх. Стала ціха, ціха, і ў гэтую цішыню велічна, як з нябыту ў вечнасць, ліўся, шумеў, булькатаў горны паток. Хацелася растварыцца, знікнуць у яе трапяткіх абдымках, сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю – шчодрай, ціхай, пяшчотнай...
        А зямля ўсё вагалася, кружылася неба, праз паўрас-плюшчаныя павекі ён незвычайна зблізку бачыў пяшчотную акругласць яе шчакі, пакрытай маленькімі, высвечанымі сонцам варсінкамі; гарачай ружовасцю ззяла падсветленая ззаду тоненькая ракавіна вуха. Ён пацягнуўся да яе мочкі з ледзьве прыкметным следам ад дзірачкі, ціхенька намацаў яе губамі – Джулія пругка трапятнулася целам.
        Пэўна абуджаны гэтым яе рухам, недзе ўнутры ў ім разгублена азваўся незнаёмы, зусім тут чужы голас – ён завагаўся, запратэставаў, ён чагосьці баяўся. Мусіць, у яго не было аргументаў, настойлівых, неабвержаных доказаў – уся логіка яго адмаўлення ўвасобілася ў пытаннях-дакорах: «Навошта? Навошта?.. Што ты робіш?.. Што робіш? Ты ведаеш, хто яна? Ты вельмі мала ведаеш... Не, ты зусім не ведаеш! Адкуль яна? Ты прыпомніў, з якога свету?»
        Іван стараўся не слухаць, заглушыць у сабе недаверка, ён не хацеў нічога ведаць цяпер, ён адчуваў, як віраваў, плёскаўся, гуў ручай, гула на ўсю глыбіню зямля, трубнымі хорамі ўторыў ёй настырны і ўладарны парыў душы...
        Мусіць, зямная вось у той час нахілілася, аднак ён не заўважаў – ён гатовы быў рынуць у бяздонне, цяпер нічога не мела значэння: у ягоных руках была яна. Яна – тая незямная і нязнаная, затанулая ў нясцерпным буйстве макавай чырвані, прыціхлая, маленькая, аслабелая і таму яшчэ болей магутная – над зямлёй, над сабой, над ім...
        Недзе зусім блізка пад імі, здавалася, у глыбінных нетрах зямлі гуў, імкнуў, струменіў шалёны паток, ён цягнуў, вабіў у свае неспазнаныя нетры-глыбіні; у хлопца не стала сілы супраціўляцца яму... Яна забілася рыбінай, заплескатала ў ягоных руках, на шырока расхінутых вуснах нараджаліся і паміралі словы – чужыя, родныя, вельмі зразумелыя словы...
        Толькі словы цяпер не мелі значэння.
        Зямныя нетры, і горы, і магутныя гімны ўсіх патокаў зямлі затаіліся і згодна благаславілі вялікую таямніцу жыцця...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.