РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
4
        
4

        
        Праз дзесяць хвілін я прывёў роту. Паўсотні аўтаматчыкаў са слабым ляскатам збеглі з пагорка. Нейкі час па ўзбочыне шыбавала Пулька, але хтось у касцы выскачыў з калоны і схапіў сабачанё, мусіць, каб лішні раз не трапляла на вочы начальству. Не паспелі, аднак, мы наблізіцца да камандзіраў, як Ананьеў скамандаваў:
        – За мной марш!
        То хуткім крокам, то подбегам рота пашыбавала ўніз. Цяпер яна падцягнулася, сабралася ў адну купку, і зноў, нібы не было ні атак, ні страт, ні розных малых і вялікіх бядот, стала згоднай, чулай, пакорнай камандзірскай волі істотай. Яна была лепшай ротай у палку, і камандзір яе з нампалітам былі найлепшымі сярод ротных. Перад наступленнем сам генерал на мітынгу ставіў роту ў прыклад іншым. Васемнаццаць нашых аўтаматчыкаў атрымалі тады ўзнагароды, у тым ліку і я – медаль «За адвагу». Як і многія, я адчуваў у сабе ў той час ціхі і светлы гонар за свой такі ўдачлівы вайсковы лёс. Зрэшты, я заўжды быў задаволены тым, што давялося трапіць у такое падраздзяленне, да такога камандзіра, якім быў Ананьеў. Часам, праўда, гэта адчуванне слабела, часам знікала зусім, але вось у такія моманты, калі рота пачынала жыць адной мэтай, яно рабілася выразным і хвалявала. Стома, што нядаўна яшчэ атупляла, цяпер міналася, маўклівае трывожнае імкненне надавала сілы і рашучасці. Ніхто не пытаўся, што здарылася, куды бяжым, усе і без таго адчувалі, што неўзабаве штось праясніцца. I мы гатовы былі да ўсяго – перажыванняў, трывог і страт, абы толькі ў канцы была ўдача.
        Ананьеў з Грыневічам і двума дазорнымі беглі наперадзе. Шапа маўчаў, а Крывашыяў узбуджаным шэптам даводзіў:
        – Мы ім збоку зойдзем. Яны ўправа развярнуліся, а мы з фланга. Далібог! Так улеглі ў работу – ні чорта не бачаць. Турнём, што і не пікнуць!
        – Ладна... – стомлена абарваў яго Ананьеў. – Памаўчы пакуль.
        На бягу азіраючыся, камандзір распарадзіўся:
        – За рэчкаю – у ланцуг! Камісар – з Піліпенкам, я – з Ваніным. I – бягом!
        – Ясна.
        Стойваючы дыханне, рота збегла ў нізінку. Дождж быццам пераставаў, сняжынкі ж пасыпаліся гусцей. Стала трохі відней: абапал цёмнай ад гразі дарогі туліліся сівыя, у мокрых плямах палеткі. Ананьеў увесь час пазіраў наперад, ды і Грыневіч таксама – трывожыла думка: а раптам засвецяць ракету. Нам трэба было яшчэ хвілін дзесяць-пятнаццаць. Галоўнае, каб перабрацца цераз ручай, які ўжо вірыў побач з дарожным насыпам, поўны чорнай вады.
        Неўзабаве мы ўбачылі перад сабой і масток. Зрэшты, гэта быў не масток, а хутчэй тое, што ад яго засталося: высакавата над вадой ляжалі тры мокрыя палкі-бэлькі, па якіх трэба было перайсці роце. Адразу ж на тым баку аднекуль з’явілася двое – адзін у плашч-палатцы, другі ў знаёмай, падпяразанай рамянямі ватоўцы; у ім няцяжка было пазнаць Ваніна. Малодшы лейтэнант спрытна перабег па бервяне на гэты бок да Ананьева.
        – Капаюць! Давайце хутчэй!
        На хвіліну яны спыніліся, напаўголаса абмяняліся некалькімі фразамі, затым камроты імкліва падаўся на мост.
        – Пойдзеш накіроўваючым, – падштурхнуў ён Ваніна і сам ступіў на бэльку.
        Не спыняючыся, яны даволі ўпэўнена перайшлі на той бок, за імі перабег Крывашыяў, пасля, зацяўшы ў сабе страх ад магчымасці апынуцца ў ледзяным віры, перабраўся я. Грыневіч сышоў уніз і пачаў спрабаваць ботам бераг, каб перайсці ўброд; некалькі байцоў падаліся з насыпу за ім. Ананьеў жа стаў ля мастка і жэстамі прыспешваў хлопцаў. Аўтаматчыкі па адным, не вельмі, праўда, рашуча, перабягалі па двух бярвеннях, бо трэцяе было танчэйшае і не надта для таго зручнае. Мы з Ваніным хвіліну страхавалі хлопцаў у канцы іх не дужа бяспечнага шляху. Некаторыя, аднак, – тыя, што меней смелыя або не надта спрытныя, – лезлі ў ваду і следам за Грыневічам пераходзілі ручаіну ўброд.
        – Хутка, хутка! – ціха падганяў Ананьеў. – I ў ланцуг.
        Байцы, знімаючы на хаду аўтаматы, разбягаліся ўшыркі, ланцуг звыкла выстройваўся на касагоры. На тым беразе заставалася ўжо нямнога, і тады, не чакаючы іх, мы ад моста падаліся да роты.
        Дарога павярнула кудысь управа, пад нагамі раптам заквякаў раскіслы, узараны пад зябліва палетак, у ім па шчыкалаткі загрузалі нашы боты. Нехта паціху вылаяўся. Ванін кінуўся ўбок, на сушэйшае, за ім скіравалі іншыя, але край ланцуга зблытаўся, усе збіліся ў кучу, і Ананьеў замахаў рукой, адганяючы байцоў далей. Яго, аднак, не дужа разумелі ў гэтай прамозглай цемры. Тады Ванін, амаль штурхаючы кожнага, трохі расцягнуў узвод управа і бягом вярнуўся да ротнага. Як ні дзіўна, мне з імі двума было амаль спакойна: думалася, калі яны тут, дык благога не будзе. Да таго ж, я міжвольна любаваўся Ваніным, ягонаю вытрымкай і асабліва спрытам, у глыбіні душы хацеў бы стаць такім, як гэты камандзір узвода, які, зрэшты, быў не намнога старэйшы за мяне.
        Было яшчэ што-колечы бачна, снег на траве не таяў. Схіл усё падымаўся ўгору, мусіць, недалёка была вяршыня, але прыцемкі ўсё ж хавалі яе. Вецер па-ранейшаму нёс рэдкае ахлоп’е снегу, дажджу не было, хоць ад таго не стала сушэй.
        Урэшце Ванін, які бег крышку ўбаку і наперадзе ад нас з ротным, у цішыні шчоўкнуў затворам аўтамата. Ананьеў дастаў з-за накідкі свой «вальтэр». Я таксама зручней перахапіў ППШ – падсвядомае адчуванне сведчыла: неўзабаве пачнецца.
        Пэўна, ужо ўся рота як-колечы разышлася ў няроўны блытаны ланцуг. Праўда, той яе фланг нябачна знікаў у прыцемку, а на гэтым аўтаматчыкі зноў збіліся ў густаваты для атакі шэраг. Схіл між тым патроху выроўніваўся, бегчы стала лягчэй, але наперадзе ў шэрым заснежаным паўзмроку ўгадвалася новая круцізна, і там жа нешта чарнела – хмыззё або зноў ворыва. Магчыма, аднак, там былі немцы. Каб у такі час не аказацца за спіной у Ананьева, я трошкі аббег яго і пайшоў амаль поруч. Ён адразу заўважыў тое і раптам крута падаўся бліжэй.
        – Гранаты ёсць?
        У кішэнях у мяне заўсёды былі дзве «лімонкі», якія я бярог на крайні выпадак. Цяпер я мусіў дастаць адну, і камандзір роты амаль выхапіў яе з маіх рук.
        Тады ўпершыню спераду данёсся чужы, трывожлівы гук. Было падобна, быццам нехта пастукаў дрэвам па дрэве – можа, насаджваў на чаранок рыдлёўку або збіваў з яе гразь. Ананьеў на секунду спыніўся, але зноў шырока засігаў па мокрай, аснежанай траве.
        Так мы падбеглі да самай крутой мясціны і, хапаючыся за галлё нейкіх кусцікаў, бокам, каб не паслізнуцца, нязграбна палезлі ўгору, нехта ўсё ж паслізнуўся, упаў, але тут жа вёртка падхапіўся. Ванін, тонкі і спрытны ў сваёй ватоўцы, некалькі разоў узмахнуўшы рукамі, хуценька ўзбег на пагорак. Мы з Ананьевым трохі запазніліся і адсталі ад узводнага крокаў на дзесяць. Я стараўся як мог, але ледзьве паспяваў за камроты: у баі той таксама паказваў проста дзіўную для яго няўклюднага цела рухавасць.
        На самай броўцы я, на няшчасце, таксама паслізнуўся і ўпаў. Добра, аўтамат быў на шыі і не загрымеў уначы, каска таксама затрымалася на галаве, а то б быць бядзе. Ананьеў ужо выскачыў на роўнае, папраўляючы каску, я таксама вытыркнуўся з-пад абрыву і тут жа прысеў, адчуўшы няладнае.
        Наперадзе не болей чым у дваццаці кроках была траншэя.
        Пэўна, мы натрапілі на яе самы фланговы канец. Раскапаная зямля выразна чарнела ў шаравата-заснежаным доле. Мяркуючы па невысокім, шырока раскіданым брустверы, траншэя была яшчэ мелкая, толькі пачатая. Чорная яе крывуліна кінулася ў вочы з першага ж позірку. Там, у ёй, варухнулася нешта жывое. Жывое гэта раптам прыпыніла свій рух і замерла. У наступнае імгненне стала зразумела, што гэта – немец і што ён ужо ўбачыў нас, але не мяне і, мабыць, не Ананьева, а некага, хто ўжо апынуўся побач з траншэяй. Немец, прыгорблены, з рыдлёўкай зямлі ў руках, змярцвеў на імгненне, затым глуха ўскрыкнуў. У той жа час да яго цераз бруствер спружыніста матлянуўся хтось з нашых (я не адразу зразумеў, што гэта Ванін), коратка ткнуў немца, і той хіснуўся на спіну, знік у траншэі. Ванін прапаў разам з ім, некалькі пакутліва доўгіх імгненняў не было відаць яго, аж потым у баку за брустверам слізганула ў змроку прыгнутая постаць з малаю пехацінскай лапаткай у руках.
        Мы з Ананьевым шырокімі скачкамі кінуліся да траншэі. Але мы яшчэ не паспелі дабегчы да яе, як зводдаль хлёстка шчоўкнула ў цішы, і прыцьмелую высь над полем з шыпучым трэскам прарэзаў агняны хвост асвятляльнай ракеты. Яна распусцілася крышачку ў баку ад вышыні, неба навокал шырока запалілася сцюдзёным, ліхаманкава дрыготкім святлом. Аслепленыя яе прарэзліваю яркасцю, мы ўсё ж згледзелі, як у загінастай зяпе траншэі сям-там знерухомелі постаці немцаў. I тады недзе побач з пругкім пранозлівым трэскам ударыў аўтамат.
        Мільготкае святло зверху трывожна хіснулася ўніз, мноства выгінастых даўжэзных ценяў шаснула па зямлі ўбок. Стараючыся не згубіць Ананьева, я следам за ім сунуўся ў траншэю. Пад ногі трапілася нешта незразумела мяккае, з гідлівасцю і страхам я сігануў далей, штурхнуўся ў прыцемках аб камандзіра роты. Ананьеў стрэліў. Прысеў, ды раптам дужа тузануўся правым бокам угору – кінуў гранату. Не чакаючы выбуху, я памкнуўся наперад, але камроты дужым рыўком за палатку асадзіў мяне ўніз, у цеснату траншэі. Недзе побач ля самае галавы паветра прапарола чарга: я гэта адчуў нейкай надзвычай абвостранай часцінкай пачуцця, якая, мабыць, адна і кіравала ў баі. У той жа час зусім блізка за брустверам люта грымнула, зямля, пыл і трацілавы смурод горача пыхнулі ў твар.
        – Упярод! – крыкнуў Ананьеў. – Гранатамі – агонь!
        Сквозь на вышыні горсткім трэскатам зайшліся аўтаматы, у паветры знаёма дзігалі чэргі. Хто і адкуль страляў, было не разабраць. Грымнулі адзін, два разам, тры і чатыры выбухі, – мусіць, гэта нашы пачалі біць гранатамі. Ананьеў прыўзняўся ў мелкаватай яшчэ, па грудзі, траншэі, азірнуўся і зноў закрычаў:
        – Упярод, такой тваёй матары! Наша бярэ! Упярод!
        Натыкаючыся на павароты траншэі, чапляючы плячыма сцены, мы некалькі дзесяткаў метраў беглі яе хадамі. Нехта тупацеў папераду, не зразумець было – свой ці немец. Але вось зблізку ў траншэі стрэлілі – з цемры амаль ва ўпор востра бліснула чырвоным агнём. Ананьеў пругка ўтнуўся, нібы права-ліўся: я аж спалохаўся за яго і цераз голаў камроты наўздагад стрыкнуў туды з аўтамата. На шчасце, ён тут жа ўскочыў, і якраз у час. Нешта вялікае матлянулася непадалёк цераз бруствер, ротны торапка ткнуў у той бок пісталетам. Я, аднак, не чуў яго стрэлу – сам дрыготкімі ад хвалявання рукамі ўскінуў па-над брустверам аўтамат і даў наўздагон траскотную, мусіць, занадта доўгую чаргу. Затым яшчэ нехта скочыў з траншэі ў поле, нехта другі на бягу перамахнуў бруствер. У змроку і там і тут бліскалі чырвоныя і белыя пыхаўкі стрэлаў. Кулі нізалі паветра ва ўсіх напрамках, ваўсю ішоў бой, але падобна было – немцы ўцякалі.
        Тады мы спынілі свой сляпы бег у траншэі, каленямі скочылі на мяккія глыжы бруствера. Перш чым пусціцца далей, я азірнуўся: уздоўж траншэі за намі, прыгнуўшыся, бегла двое. З кароткіх супынак яны дзігалі чэргамі міма нашых галоў у паўзмрок, дзе наўкось ад траншэі з усіх ног ратаваўся хтось у даўгаполым расхрыстаным шынялі. Мне ён быў бліжэй. Ускочыўшы, я таропка і кораценька стрэліў. Той упаў на калена, і тут жа з-пад яго рук востра бліснула ў наш бок. Ананьеў выкінуў наперад руку з пісталетам, аднак стрэлу не атрымалася: мусіць, штось сталася з яго «вальтэрам». Камроты апантана закрычаў мне: «Васюкоў, бі!», а сам, угнуўшыся, аберуч схапіўся за зброю. Прыпыніўшыся, я зноў тыркнуў кароценькай чаргой, ды, мабыць, міма: немец крутануўся, ускочыў і імкліва пусціўся ў паўзмрок. Ананьеў разлютавана лаяўся. Скрозь пырскат чэрг я выразна чуў гэтую яго лаянку, аднак у мяне таксама заела аўтамат – стрэлаў не было.
        Я кляў сябе за той промах, але затвор толькі дарма лязгаў: мусіць – апаражнеў дыск. (I трэба ж здарыцца такому ў самы крытычны момант!) Прыпаўшы на калена, я выхапіў дыск з аўтамата і сунуў за пазуху. Я не паспеў яшчэ перазарадзіць, як Ананьеў рынуўся наперад проста на немца. Тады і я ўскочыў. Адной рукой я стараўся расшпіліць сумку з магазінамі і не спускаў позірку з ротнага. Той нешта крычаў. Немец яшчэ раз грымнуў таропкім вінтовачным стрэлам, аднак прамахнуўся і, прыгнуўшыся, кінуўся ў цемру. Вінтоўка яго чамусь засталася на доле. Ананьеў тут жа падхапіў яе і, шырока размахнуўшыся, шпурнуў немцу пад ногі. Немец спатыкнуўся, ледзьве не паляцеў тварам у гразь, але ўтрымаўся і азірнуўся. Мабыць, убачыўшы аднаго даганятага, ён раптам зрабіў выпад насустрач, гатовы кінуцца на камандзіра роты.
        Але тут паспеў я.
        Вобмацкам запхнуўшы ў аўтамат новы дыск, я ва ўпор даў па ім доўгую агняную ў цемры чаргу. Немец прутка выгнуўся і разам асеў. Я ўзрадавана кінуўся далей, але тут жа выразна сцяміў, што паспяшаўся. Мы зарваліся. Паблізу у прыцемках мільганула некалькі постацей, адначасна ў трох кроках ад мяне штось імкліва ляпнула вобзем. Я не ўбачыў, што гэта было, я адчуў толькі ўдар, тут жа ў твар пляснула гразёй, і тады я зразумеў: граната! Яна падскочыла і матлянулася дзесь пад самыя мае ногі. З незвычайнай выразнасцю, як гэта бывае толькі за імгненне да пагібелі, я адчуў: канец. Спалох штурхануў мяне ад гэтага месца, ды так апантана, што ногі не ўтрымалі гэтага выратоўчага штуршка, і я цераз голаў пакаціўся па мокрай зямлі.
        Выбуху я чамусь не пачуў, – адчуў толькі, як люта дзеранула на спіне палатку і нібы зубілам звонка дзёўбнула ў каску, адно вуха адразу аглухла, шчака здранцвела, на нейкі час я перастаў адчуваць сябе і, калі падбег Ананьеў, як дурань, не мог зразумець, што здарылася і што яму ад мяне трэба. Пакуль я няўцямна курчыўся на зямлі, камроты тузаў мяне за палатку, затым нешта пракрычаў у твар – я адчуў толькі яго зморанае гарачае дыханне. Тут жа сам паспрабаваў узгрэбціся на калені і застагнаў ад пякучага болю ў плячы.
        Ананьеў ускочыў, некуды пабег у цемру, затым зноў апынуўся побач, камусь замахаў рукой. I раптам, нібы вынырнуўшы з-пад вады, я пачуў яго незразумела чужы і дужа далёкі голас:
        – Стой! Рота, стой! Назад! У траншэю назад!
        Тады я нібы ачнуўся ад гарачай задухі, зразумеў, што жывы, і пачаў марудна ўставаць на ногі. Плячо пякотка мярцвела, рука аблівалася чымсьці гарачым, з рукава хуценька і часта закапала ў мокры дол.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.