РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
7
        
7

        
        У Ваніна ішла работа – узвод акопваўся. Немцы на гэтым схіле вышыні папрацавалі найменш – траншэя атрымалася мелкая, да калена, і цяпер ванінцы, не зважаючы на ноч і слоту, дзяўблі яе ўсім узводам.
        Камандзір таксама капаў – распрануты, у адной гімнасцёрцы, ён з нейкай запальчывай заўзятасцю размашыста кідаў рыдлёўкай, пахакваючы ў такт кожнаму кідку. Тут жа, у траншэі, адпачываючы, стаяў ягоны памкамузвода, ціхмяны сяржант Закіраў, ля якога на броўцы варушылася Пулька. Я спыніўся побач.
        – Што, Васюкоў? – спытаў Ванін. – Памагаць прыйшоў?
        Ведама, памагаты з мяне быў ніякі, і таму гэтае пытанне трохі збянтэжыла з самага пачатку. Трэба было неяк выказаць яму маю просьбу, але я не ведаў, як пачаць, і стаяў на брустверы.
        – Глыбей капаеш – даўжэй жывеш, – памаўчаўшы, сказаў Ванін.
        – Вам не пашэнціла, – зазначыў я. – У Піліпенкі дык гатовая траншэя.
        – А ён заўжды на гатовае. Такі жмот, ого! – Ванін апусціў лапату. – Калі разабрацца, дык гэта ж яго ўчастак. На правым фланзе ягоны ж узвод ішоў. Ды як толькі ў траншэю ўскочыў, так і засеў. А мы немцаў вунь куды гналі...
        – З вамі ж камандзір роты быў.
        – Вось іменна. А з Піліпенкам – Грыневіч. Тым усё сказана, – намякнуў Ванін і выпрастаўся. – Во ўгрэўся! На, Закіраў, капай.
        Памкамузвода ўзяў рыдлёўку, а Ванін скочыў на бруствер і, узіраючыся ў шэры ветраны прыцемак, нацягнуў на плечы ватоўку.
        – А ты чаго ў тыл не ідзеш? Ананьеў жа сабе Зайцава ўзяў.
        – Ну і хай, – сказаў я.
        Размаўляць з ім аб гэтым мне не хацелася, і я маўкліва таптаўся на брустверы, чакаючы, што Ванін пачне ўгаворваць ісці лячыцца. Але ён раптам сказаў:
        – А ўвогуле правільна. Пойдзеш – наўрад ці вернешся. А табе ж на медаль паслалі.
        Зашпіліўшы партупеі, малодшы лейтэнант на кукішках прысеў побач і адной рукой палашчыў Пульку, якая радасна заварушылася на зямлі.
        – Яны там не глядзяць, з якой часці, а пасылаюць, куды трэба. Я во да гэтай дывізіі ў гвардзейскай служыў. У разведцы. А са шпіталя аддзел кадраў сунуў сюды. Я ім даказваў – дзе там! I слухаць не хочуць. Дывізія на фарміроўцы, камандзіраў недакамплект, кадры патрэбны. Так што старайся далей санбата не ехаць.
        – Як пастараешся!
        Не адказаўшы, Ванін кінуў насцярожаны позірк уздоўж траншэі.
        – Зноў там перакур. От сачок! Ну, я яму дам!
        Ён імкліва ўскочыў і хутка пайшоў па брустверы, пакінуўшы мяне ля Закірава. За ім жа пабегла і Пулька.
        Закіраў моўчкі ўзяўся капаць, ужо не зважаючы на мяне. Ён наогул быў маўчун і тугадум: размаўляць з ім кожны раз было пакутай.
        Я пачакаў крыху, мяркуючы, што Ванін неўзабаве вернецца, але ён не вяртаўся, тады я памалу рушыў па брустверы і непадалёк ад Закірава зноў напаткаў яго. Малодшы лейтэнант шпарка ішоў насустрач і, яшчэ не дайшоўшы да памкамузвода, гукнуў:
        – Закіраў, ты дзе Лукіна паставіў?
        – У сваім аддзяленні быў.
        – Ды няма яго там...
        Заняты сваім клопатам, Ванін быццам і не заўважаў мяне – на хаду павярнуўся і хутка пакрочыў назад. Я ж спыніўся, не ведаючы, ісці за ім ці чакаць тут. Неяк няёмка было перабіваць яго турботныя справы сваёй дробязнай просьбай.
        Двое аўтаматчыкаў у траншэі моўчкі і засяроджана калупалі ў цемры рыдлёўкамі. Выкапалі яны ўжо глыбакавата, ледзьве не ў рост, а ўсё яшчэ дзяўблі там у дне. Адзін з іх, што воддаль варушыўся ў змроку траншэі, заўважыў:
        – Зараз ён дасць Лукіну.
        – I правільна зробіць, – зморана хакаючы, пацвердзіў другі. – Хай не сачкуе...
        Па голасе я пазнаў аднаго – гэта быў Гаркавы, самы стары аўтаматчык у роце, які служыў тут ці не ад самай нават Масквы.
        – Што, здорава ганяе? – запытаў я і ступіў да чорнае шчыліны траншэі, з якой тырчалі іхнія галовы.
        Яны абодва ўгледзеліся ў мяне, пасля Гаркавы сказаў:
        – Ганяе, бо клапоціцца. Не тое, што іншы – абы крычаць. А наш і сам умека на што ні вазьмі.
        – Як ён тады вартавога зняў! Ого! I не пікнуў, – дадаў другі голасам, у якім гучала захапленне.
        На ветры было холадна, я прысеў на край траншэі і захінуўся каўняром, невядома чаго чакаючы. Правае вуха то быццам адыходзіла ад глухаты, то яго зноў затыкала; параненая рука нямела ад болю і сцюжы.
        – Ванін хоць і малодшы лейтэнант, а смялейшы за якіх капітанаў, – налягаючы на рыдлёўку, казау баец. – Яй-богу.
        – Не ў званнях смеласць, – зазначыў Гаркавы.
        – Так. Але і разумны. Розумам, мусіць, не ўступіць і камандзіру палка.
        – Гэта Сырамятнікаву? Ну, зраўняў!
        Такая іх катэгарычнасць у ацэнках мяне трохі здзівіла. Дапусцім, яны не перабольшвалі наконт Ваніна, але што яны ведалі пра камандзіра палка, тэтыя радавыя чырвонаармейцы, каб так меркаваць аб ім?
        – Кіньце, – сказаў я. – Каб так казаць, трэба ведаць. Гаркавы далёка за бруствер шпурнуў рыдлёўку зямлі.
        – Хе, ведаць! Я ў ягоным батальёне паўгода прапоўзаў. Ён жа да палка батальёнам камандаваў. Строгі – ага. Баяліся – гэта праўда. А – розуму...
        – Адкуль гэта відаць?
        – Салдату ўсё відаць.
        – Аднак не надта, мусіць?
        – Не надта? Можа, нават лепей, чым каму. Бо ён гэта самае крывёй сваёй спрабуе: які камандзір разумны, які – не.
        Увогуле, пэўна, так, тут, можа, і не запярэчыш. Аднак я і маёр Сырамятнікаў займалі дужа рознае становішча ў палку, каб мне з упэўненасцю меркаваць аб яго якасцях. Што датычыць Ваніна, дык ён быў вядомы на ўсю дывізію, ніводзін чалавек у ёй не мог сказаць пра малодшага лейтэнанта кепскага слова.
        Гаркавы здыхаўся трохі і зноў узяўся за рыдлёўку. Ягоны напарнік зазначыў:
        – А ў нас і ротны нішто. Шумлівы, а ўвогуле някепскі мужык. Ваяваць можа.
        – Талковы, ага, – пагадзіўся Гаркавы. – Ды не надта смелы. Не з немцамі. У баі ён – арол! З начальствам.
        – Ну, гэта ўжо ерунда, – сказаў я і ўстаў, не таму, што насядзеўся, а проста прапала ахвота слухаць гэтага самадзейнага разумніка.
        Пра каго другога ён яшчэ мог мяне пераконваць, толькі не пра Ананьева. Ва ўсякім разе, старшага лейтэнанта я ведаў лепш за яго.
        I тым не менш Гаркавы з лёгкай настойлівасцю пярэчыў:
        – Хай ерунда. А на Грыневіча занадта азіраецца. Іой не глядзі, што ціхманы. Як каторая жонка: ціхенькая, а мужык у яе пад абцасам...
        – Нічога ён не азіраецца, – сказаў я.
        – А ты вось прыгледзься – прыгледзься калі... Дзіўны чалавек гэты Гаркавы. Я амаль быў упэўнены, што ён гаворыць няпраўду, што Ананьеў не такі камандзір, каб азірацца на свайго намесніка. Тым не менш сказана гэта было такім пераканаўчым тонам, што і сапраўды ў маёй памяці пачалі ўсплываць некаторыя выпадкі. I як ні дзіўна, а выходзіла, што і сапраўды часам ротны чакаў, што ў тым ці другім разе скажа Грыневіч. Хоць зусім магло быць, што так было трэба, што яны проста раіліся дзеля карысці справы.
        Я ўжо амаль з цікавасцю ўзіраўся ў невыразную, шэрую ў прыцемках постаць Гаркавага, з шапкай-растапыркай на галаве, адчуваючы нейкую павагу да немаладога, звычайнага, малапрыкметнага байца, з якім праваяваў у роце паўгода, але амаль ні разу дагэтуль не звярнуў на яго ўвагі. Ва ўсякай справе Гаркавы заставаўся надзіва староннім і ціхім, а, глядзі ты, – пра многае меў сваю адметную і нават нечаканую думку, не палічыцца з якой было не так проста. I разам з тым гэтая яго разумная назіральнасць міжвольна насцярожвала, нават, невядома чаму, настройвала крышку не ў карысць Гаркавага.
        Мне стала цікава, і я ўжо наважыўся застацца з гэтымі двума – хоць на сцюжы, а ўсё весялей будзе скаратаць ноч. Але толькі я падумаў аб тым, як з прыцемак паказаўся Ванін. Цяпер чамусьці ён ішоў не адзін і, згледзеўшы мяне, сказаў таму, хто ішоў ззаду:
        – Вунь Васюкоў.
        Я паціху падняўся з бруствера.
        – Тут во цябе Зайцаў шукае.
        Я ўраз насцярожыўся, нешта трывожна-радаснае варухнулася ў грудзях і замерла.
        – Камандзір роты заве, – сказаў Зайцаў. – Вячэраць.
        Хвіліну я вагаўся, адчуваючы, як нешта ва мне дзіўна і ўвачавідкі перайначваецца ў адносінах да камандзіра роты, да Ваніна і нават да гэтага вось Гаркавага. Зноў усіх засланіўшы сваёй вялікай постаццю, вырас у маім уяўленні Ананьеў. Праз хвіліну я ўжо дзівіўся з сябе ранейшага: было чаго крыўдаваць! Нічога кепскага ён мне не зрабіў, проста яго галава, як заўжды, забіта сваім клопатам. Хіба гэта не відаць было адразу! А калі, во, павальнела, адляглі справы – успомніў і спецыяльна паслаў Зайцава шукаць мяне, дурня, уначы па траншэі.
        – Давай, – падагааў Ванін. – А мне некалі. Акапаемся, тады забягу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.