РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
11
        
11

        
        Параненыя хутка паўставалі, разабралі зброю. Мы расштурхалі немца і павылязалі ў траншэю. Оберфельдфебель трохі праспаўся і, мабыць, пацверазеў, бо хоць і не адразу, але ўсё ж выконваў нашы каманды. Праўда, ісці яму было цяжка, ён амаль не прыступаў на параненую нагу і скакаў на адной, перабіраючы па сценах рукамі.
        Тым часам займаўся світанак.
        Неба паяснела, на ўсходзе стаў бачны край лесу над пагоркам, дзе была дарога: з шэрага змроку нясмела яшчэ выплываў аснежаны прыцьмелы прастор. Было ветрана, сцюдзёна, снег, аднак, не ішоў. Можа, нават падмарожвала, але толькі ледзь-ледзь.
        Мы трохі прайшлі па траншэі, далей трэба было вылазіць наверх. Цвяткоў першы ўскочыў на бруствер і падаў мне руку. Затым выбраўся аўтаматчык з абвязанай бінтамі галавой. Удвох яны вывалаклі другога аўтаматчыка і працяглі рукі немцу.
        Обер-фельдфебель нерашуча паглядзеў знізу ўгору – наўрад ці ён разумеў, куды яго вялі, мабыць, думаў, расстрэльваць, і толькі цяпер пачынаў аб чымсьці здагадвацца.
        – Ну, што льгаалы выкаціў? Давай руку.
        Ён даў руку, утрох мы неяк узвалаклі яго на бруствер. Але тут аказалася, што ён зусім не можа прыступіць на нагу і адразу апусціўся долу. У дадатак да ўсяго, ноччу нехта сцягнуў ягоны шынэлак, немец прыкметна дрыжаў ад сцюжы ў сваім кароткім мундзірчыку. Цвяткоў вылаяўся.
        – Як жа яго весці? Падвода трэба.
        – Мо пашукаць лапату? – сказаў я. – Замест кастыля.
        Аднак мяне не падтрымалі – пэўне ж, вяртацца назад у траншэю нікому не хацелася, світанак прымушаў спяшацца. Поле на захадзе, здаецца, болей, чым уначы, злавесна чарнела ад навіслай над ім цемрадзі, у якой таілася нейкая нязнаная, загадкавая і таму асабліва страшная небяспека.
        – А што, хіба Ананьеў не да санроты мяне выпраўляў? – раптам з насцярогай у голасе запытаў Цвяткоў, стоячы на заснежаным брустверы.
        – Толькі да рэчкі.
        – А ад рэчкі вы як? Во з гэтым?
        – Як-небудзь.
        Цвяткоў падумаў і з яўнай незадаволенасцю тузануў за рукаў немца.
        – Ану, устаць!
        Немец устаў, і санінструктар узяў яго пад руку, што мяне ўвогуле здзівіла: то не хацеў перавязваць, а тут бярэ пад руку, хоць гэта мог бы зрабіць той жа паранены ў голаў аўтаматчык, які, не зважаючы на рану, трымаўся ўвогуле ўпэўнена.
        Мы зышлі з бруствера і па слізкім ад снегу травяністым схіле пайшлі да мастка ўніз.
        Цвяткоў даволі бесцырымонна валок немца, той, часта падаючы на вольную руку, ледзьве спраўляўся з ім. Мы ўтрох абмінулі іх, коўзаючы па снежнай траве, сышлі да рэчкі і ўсё па тых жа бэльках былога мастка перайшлі на другі яе бок. Далей, мусіць, трэба было пачакаць Цвяткова, каб пераняць у яго обер-фельдфебеля, і я прытрымаў хлопцаў, якія з прыкметнай паспешнасцю імкнуліся ў тыл.
        Аднак правесці аднаногага чалавека па бервяну было не проста, ва ўсякім разе, Цвяткоў не наважыўся на тое. Падышоўшы да мастка, ён нерашуча спыніўся і паглядзеў на мутны вадзяны паток, які хутка вірыў між мокрых, аснежаных берагоў.
        – Ну, што? – спытаў я.
        – Не прайсці. Якая тут глыбіня?
        Чорт яе ведаў, якая тут была глыбіня, але я ўспомніў, што Ўночы некаторыя з аўтаматчыкаў пераходзілі недзе ўброд.
        – Давай, не патонеш...
        – Што – давай? Ідзі памажы...
        Лезці ў ваду не хацелася, у ботах маіх і без таго ўжо было мокра, і ўсё ж аднаруч я падабраў полы шыняля і пайшоў у раку. На шчасце, глыбіня тут была не дужа вялікая, я хуценька перабег на той бок, і ўдвох мы ўзялі немца. Оберфельдфебель згодна павіснуў на нашых руках. Мы з намаганнем прыўзнялі яго даволі цяжкаватае цела. Ён разы два скокнуў здаровай нагой у вадзе і ўрэшце апынуўся на другім беразе.
        – Гадская работа... – сказаў Цвяткоў. – Поўныя боты вады...
        У ботах, вядома, здорава чвякала, ногі пачалі стыць, трэба было хутчэй ісці, каб сагрэць іх, але Цвяткоў не пусціў ад сябе немца.
        – Удвох павядзем.
        – А ў роту не вернешся? – спытаў я.
        Стала віднець. Я бачыў шараваты ад бессані твар Цвяткова, які трошкі паморшчыўся і, мабыць болей для заспакаення самога сябе, вытлумачыў:
        – Санінструктару палагаецца суправаджаць параненых да санроты. Так што...
        Ён не даказаў фразы, аднак сэнс ягонага «так што» быў без таго вядомы, і мы моўчкі пайшлі па дарозе, якая тут пралягала па даволі высокім насыпе. Увогуле, гэта было парушэннем загаду камандзіра роты, але не мая справа паказваць на тое сяржанту: я перадаў яму ўсё, што мне сказаў Ананьеў, а там хай рашае сам. Зрэшты, можа, гэта нават і лепей, што ён з намі: увесь час валачы немца – справа нялёгкая, а так, мусіць, мы б неяк мяняліся. Усё ж у нашым становішчы здаровы чалавек варты некалькіх параненых.
        Немец пры кожным скачку здорава шлэпаў падэшваю бота. Мне трохі нязручна было трымаць яго аднаруч, ды яшчэ замінаў аўтамат на правым плячы. Я ўжо хацеў паклікаць на змену аўтаматчыка з забінтаванай галавой. У той час, занятыя сваімі справамі, мы трохі забыліся пра тыя трывожныя абставіны, што ўсё яшчэ віснулі над ротай і намі. Перайшоўшы ручай, мы адчулі ў сабе палёгку, быццам нядаўняя небяспека засталася далёка ззаду. I менавіта ў гэты час ззаду штось здарылася.
        Я нават не паспеў сцяміць, што данеслася да нас у першае імгненне – толькі, мабыць, не стрэл і не выбух, здаецца, гэта быў і не крык. Тым не менш нешта грымотна-нечаканае ўдарыла па адчуваннях так пагрозліва, што я аж спатыкнуўся. Я адчуў яшчэ, як страпянуўся ў маёй руцэ немец – вёртка крутануўшыся, ён азірнуўся, і я злавіў на яго твары кароценькі водбліск радасці. Але ў гэты момант порстка затрашчаў аўтамат, пачуліся крыкі, некалькі адначасных гранатных выбухаў прагналі прэч ноч. Золак раптоўна абудзіўся стрэламі і апрыклым да паныласці дзіганнем куль.
        Па звыклай франтавой завядзёнцы, мы борздзенька сунуліся з насыпу і хто як стаіліся на касабокім мокрым адхоне. Ніжай была канава і гразь, але высокі насып някепска прыкрываў нас, кулі з вышыні сюды не даляталі.
        Тады ў галаву шыбануў страх – не за сябе (па нас, здаецца, яшчэ і не стралялі) – страх быў за роту: што там? Я хуценька вытыркнуўся з-за насыпу – на схілах, аднак, нікога не было, але на самай макаўцы вышыні ў прыцемку ўжо ўгадваўся рух, пыл, бляск стрэлаў. Калі я зноў вытыркнуў голаў, аказалася, што ля мяне застаўся адзін толькі немец. Іншыя, у тым ліку і Цвяткоў, прыгнуўшыся, перабягалі за насыпам далей, па-над дарогай угору.
        Спярша я не зразумеў, куды яны, але хутка ўсё стала надта выразна, і я, сам таго не чакаючы, закрычаў ва ўсё горла:
        – Стой! Назад!
        Цвяткоў прыпыніўся, угнуўшы голаў, няўцямна азірнуўся, я бачыў яго здзічэлыя вочы на пабялелым, спалоханым твары. Сяржант яўна чагось не разумеў, і я з лютасцю паўтарыў:
        – Назад!
        Я зусім не думаў у той час, які сэнс вяртаць гэтых людзей да рэчкі, але я ўсім сваім нутром адчуваў, што ў роце бяда і што менавіта таму мы не павінны ўцякаць. Аднак чым мы маглі памагчы ёй – таго я не ведаў.
        Двое параненых зразумелі маю каманду па-свойму і ляглі за насып, а Цвяткоў пасля нядоўгага вагання, падбег да немца.
        – Устаць!
        Ён тузануў палоннага за рукаў, аднак той адкінуўся долу, нешта загергетаў, замахаў рукамі і не ўстаў. Цвяткоў ткнуу яго ботам і схапіўся за аўтамат.
        – Устаць, падла! Фашысцкая морда!
        Незразумела, нашто было ўставаць – хіба каб уцякаць адсюль, толькі гэтага я ўжо ім не дазволіў бы. Ды і немец, адчуўшы нешта, раптам перамяніўся, выраз яго ўпартага твару стаў жорсткім і непаслухмяным, ён яўна не хацеў падпарадкавацца сяржанту.
        – Кінь! – крыкнуў я санінструктару. – Ідзі сюды.
        Цвяткоў паныла паглядзеў у той бок, дзе ляжалі астатнія двое, і нерашуча палез на адхон. Ён яшчэ не паспеў апусціцца, як аб дарогу ўдарылі кулі – за каўнер мне пляснула гразёй, абое мы тыцнуліся галовамі ў макрэдзь. У той жа час на вышыні сталася нешта і горшае. Яшчэ без дай прычыны я адчуў гэта сваёй абвострана чуйнай цяпер падсвядомасцю і зноў выглянуў з-за насыпу. Мусіць, тады я ўскрыкнуў, бо Цвяткоў таксама спалохана зірнуў з-за дарогі – збоч ад вышыні па схіле ўніз навыперадкі і бязладна беглі аўтаматчыкі.
        Гэта было неверагодна, але я мусіў верыць сваім вачам і не мог памыліцца. Спярша ўзвод Піліпенкі, а затым і ўся рота выскачыла з траншэі і ўрассыпную памчалася да ракі. Некалькі чалавек ужо ўпала, хтось ззаду спрабаваў падняцца, пагрэбаўся ды і заціх на снезе. Некаторыя, коратка прыпадаючы на калена, таропка адстрэльваліся чаргой-другою. Іншыя тым часам беглі ўніз, ды так, што дай толькі бог ногі. Рота рассыпалася па ўсім схіле. Над вышынёй выла, трашчала, дзігала; гахалі выбухі гранат.
        Хвіліну я не ў стане быў сцяміць, што сталася: немцаў, здаецца, пакуль не быле відаць, але, мяркуючы па ўсім, ударылі яны куды як здорава. Проста пад дых ударылі, сволачы.
        Пярэднія з уцекачоў ужо набліжаліся да мастка, іншыя кіравалі збоч ад яго, у кустоўе на балацявіне. Некалькі чалавек з ходу, не затрымліваючыся, сунуліся ў ваду, і тады ззаду, у дадатак да ўсяго, імпэтна затрашчаў кулямёт. Трасіруючыя агнянымі пісягамі сцебанулі наўкось па схіле, рыкашэтам матлянулі ад зямлі ў неба. Ля мастка нехта ўпаў, нехта, мусіць паранены, голасна, з роспаччу залямантаваў, але тут жа гэты яго лямант і згас у стогалосым грымоцці бою.
        I тады між дзігання куль і траскоцця чэрг, прыглушаны, як з невядома якой далечы, данёсся з-за рачулкі знаёмы, здушаны голас. Я адразу пазнаў яго і страпянуўся: ён даў хоць колькі надзеі, ён ратаваў. Падхапіўшыся з насыпу, я кінуўся да мастка.
        – Стой! Стой!.. Стой, такую тваю!..
        Хутка я ўбачыў яго: без шапкі, у расшпіленым шынялі, з пісталетам у руках Ананьеў кідаўся між байцоў па схіле, імкнучыся затрымаць уцекачоў і адначасна дагнаць пярэдніх, каб за імі спыніць усю роту.
        – Стой! Стой!..
        – Стой! – не сваім ад лютасці голасам закрычаў я, выскокваючы да мастка. Па бёрнах яго на мяне ўжо ляцела двое байцоў, позіркі іх неслі недаўменне і страх, потныя твары – разгубленасць. Аднак я ўжо ведаў, чаго ад іх патрабаваць, і ведаў, як перамагчы гэты іх страх. Страшным голасам вылаяўшыся, я затрос аднаруч аўтаматам, і ўцекачы, здаецца, зразумелі штось. Хіснуўшыся ад блізкіх удараў куль, яны хуценька шаснулі за насып. Туды ж бягом скіравалі яшчэ некалькі, што вылезлі з рэчкі. З іх мокрых шынялёў цурком лілася вада.
        Два кулямёты на вышыні захліпаліся ў агнянай гарачцы. Чэргі, кожная трэцяя куля з якіх была трасіруючая, джгалі зямлю, снег, ваду ў рацэ, пырскалі снегам і гразёю з-пад ног тых, што беглі, і між тых, што ляжалі на схіле.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.