РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
17
        
17

        
        Я чакаў цярпліва і трывожна: калі рота адбіла вышыню, значыць, Ананьеў павінен быў кагосьці прыслаць за намі. Яшчэ не верачы, што ўсё абышлося, я ўжо выглядваў яго, заўжды жаданага пасланца з бою, які б канчаткова супакоіў нас весткай, што вышыня ўзята. Але ён чагось бавіўся, што, зрэшты, можна было зразумець толькі скончыўся бой і там таксама, вядома, не абышлося без страт.
        Паранены нампаліт унізе, які ўвесь час ляжаў, нібы нежывы, раптам пачаў варушыцца.
        Я ўскочыў, паслізнуўся, загарнуўшы полы шыняля, споўз да канавы.
        – Што, дрэнна вам?
        Да скрыпу сцяўшы сківіцы, ён канвульсіўна напружыўся на зямлі, нібы спрабаваў разарваць на сабе нябачныя путы, галава яго закінулася, забінтаваная патыліца ўціснулася ў гразь. Хвіліну паранены змагаўся з болем або нейкаю нядобрай, адолеўшай яго, сілай, затым адразу абмяк і спытаў:
        – Дзе рота?
        – Там рота. Здаецца, узялі.
        – Дай піць.
        Я паднёс да яго сцятых зубоў беражок кацялка, зноў разліў ваду, але, здаецца, хоць крыху, выпіў і ён. Потым нібыта супакоіўся, памаўчаў, праз сілу ўздыхнуў і з перапынкамі не адразу выдыхнуў:
        – Не ідуць?
        – Хто?
        – Па нас не ідуць?
        – Не, па нас яшчэ не ішлі, прынамсі, адсюль не відаць было, – і я ўхапіўся за гэта ягонае пытанне, каб зноў узлезці на насып.
        – Няма нікога. Але прыйдуць, не забудуць! – знарок бадзёра пракрычаў я зверху.
        Навакол было ціха, мокра і абсалютна пуста. У гэтай цішы болей чутныя зрабіліся гукі далёкіх і блізкіх баёў; дзесь за пагоркам часам пагрукоча ды сціхне кулямёт, здаецца, наш «максім», з поўдня, аслаблены адлегласцю, глуха даносіўся магутны крэкат гармат – быццам хтосьці нябачны і агромністы качаў па зямлі вялізныя каменні: гого-го, гу-гу, гах-гах-гах! Я сеў бокам на адхон, раз-пораз паглядваючы то на туманістыя схілы вышыні, то на майго нампаліта ўнізе. Былой непрыязнасці да яго ў мяне не засталося, я ўжо шкадаваў бедалагу – усё ж параніла яго куды як сур’ёзна. Не ў прыклад камандзіру роты Грыневіча ў нас не баяліся, хоць не так ужо і любілі: ні благога, ні надта добрага ён, здаецца, нікому не зрабіў, паводзіў сябе, праўда, трохі сухавата, па-вайсковаму афіцыйна.
        З усіх камандзіраў, якія перабылі за паўгода ў роце, ён быў не найгоршы і ўжо, напэўна, такога жорсткага лёсу нічым не заслугоўваў.
        – Ну дзе ж яны? – зноў пачаў ён напружвацца пад плашч-палаткай.
        Пакінуўшы сваю наседжаную, больш-менш сухую мясціну на адхоне, я ў каторы ўжо раз збег уніз.
        – Зараз, зараз. Хутка прыйдуць, – абяцаў я, сам ужо губляючы ўпэўненасць у тым, што казаў.
        Сапраўды, як бы там ні было на вышыні, пара б ужо ўспомніць і пра нас, пакінутых у гэтай гразі.
        – Можа, збегаць туды? – прапанаваў я.
        – Не! – сказаў ён праз стогн. – Ні ў якім разе.
        Я пасядзеў на кукішках ля яго ног і падняўся; гэтае праклятае чаканне ўжо цяжка было трываць. Ды і мая параненая рука балела, хоць і не так востра, як уначы, але, мусіць, недзе стаў прысыхаць бінт, рукой балюча было крануць, трэба б змяніць павязку.
        – Нудзіць! – выдыхнуў Грыневіч, скалануўся і, нібы спяшаючыся кудысь, з таропкай рашучасцю сказаў: – Васюкоў, ідзі ў тыл.
        – А вы?
        – Я ўжо. Адваяваўся. Паглядзі, не ідуць?
        Не, ні на схілах, ні на дарозе нікога не было, сыпаў дождж, абмяжоўваючы і без таго сціснутае непагаддзю наваколле.
        Зноў з’явілася і пачало мацнсць нядобрае прадчуванне бяды.
        Прыкметны непакой прамільгнуў і на збялелым, завостраным твары Грыневіча, калі я зноў спусціўся да яго. Моўчкі хвіліну я ўзіраўся ў гэты ягоны твар, не хочучы турбаваць параненага сваёй тут прысутнасцю, але ён, пэўна, пачуў мяне і з ціхай настойлівасцю выдыхнуў.
        – Ты тут? Не трэба. I... гэтае самае... мы ж землякі.
        – Як? – сарвалася ў мяне. – Вы хіба з Беларусі?
        – Іменна. З Барысава.
        Бог мой – як жа так здарылася? Чатыры месяцы мы праваявалі разам, кожны дзень побач – і спалі, і елі, і нават калі-нікалі ён пакрыкваў на мяне, а я і не падумаў нават, што ён – мой зямляк. Чаму ж ён не намякнуў мне аб тым раней – беларусаў жа ў роце, апроч нас, здаецца, не было нікога.
        – Чаму ж вы не сказалі? – папракнуў я з прыкрасцю, апускаючыся ля яго на калені.
        – А нашто? Нашто аддзяляцца?
        Ды не аддзяляцца – пры чым тут аддзяляцца, – проста я зусім другімі б вачыма глядзеў на яго ўсю зіму, можа б, я зрабіў для яго што добрае – столькі было выпадкаў, калі я праносіў міма яго свой клопат і сваю ўвагу, без якіх, зрэшты, нампаліт надзіва ўмеў абыходзіцца. Ён не меў ардынарца, і ніколі яму нічога не было патрэбна.
        На мяне хлынула амаль пяшчота да нампаліта, страх за яго жыццё ахапіў мяне з новаю сілай. Трэба было нешта рабіць, неяк ратаваць лейтэнанта, але я не ведаў, куды цяпер можна падацца.
        Раптам ён надта напружыўся, крута адкінуў голаў і, выгнуўшыся, павярнуўся на бок. Шапка ўпала з яго галавы, нязграбная тоўстая павязка з бруднымі слядамі ад пальцаў на марлі ссунулася на вуха. Я ўхапіў яго за плячо, каб не даць яму і зусім скаціцца з ватоўкі, і адчуў пад пальцамі неймаверна гарачае на холадзе яго цела. Грыневіч заторгаў нагамі, нібы спрабуючы скінуць з сябе палатку.
        – Што з вамі? Што вам? – спалохана загаманіў я, але ён ужо не адказаў.
        Я пачаў прытрымліваць яго на ватоўцы – ён жа ўсё кідаўся ў бакі, адной рукой справіцца мне з ім было цяжка. Да таго ж, здаецца, ён перастаў пазнаваць мяне і не дужа выразна, у нос, як ніколі не гаварыў раней, выкрыкваў:
        – Гарохаў, Гарохаў! Эх ты! Бяжы скарэй! Стой! Паклічце Гарохава!..
        Ён неўпрыцям скалануўся, абаперся на рукі і прыўзняўся, зблізку і недаўменна зірнуў мне ў твар шырока раскрытымі вачмі, якія наўрад ці што бачылі. I, нібы падкошаны, упаў дагары на ватоўку.
        – Здаецца, я ўсе...
        – Што вы? Таварыш лейтэнант...
        – Ладна. Ты ідзі, – раптам памяркоўна і выразна сказаў ён. – Я буду паміраць.
        – Ды што вы?!
        Па яго тоне і па ўсім яго выглядзе я зразумеў, што ён не памыляецца, і не на жарты спалохаўся. Трэба было неадкладна нешта рабіць, але ў мяне нават не было вады – пусты кацялок ляжаў на зямлі, і дождж далікатна барабаніў па ягоным баку.
        Не раздумваючы болей, я схапіў кацялок і ля канавы пад насыпам пабег да рэчкі.
        Гучна квякаючы абцасамі ў набрынялым вільгаццю дзірване, я падбег да берага. Вада тут была глыбакавата. Каб дацягнуцца да яе, трэба было ўкленчыць, і я, выцягшы руку, таропка ўзмахнуў кацялком. Аднак лёгкі кацялок няслушна віхляў на драцяной дужцы, не хочучы набіраць вады. Я схіліўся ніжэй, але ў тое ж імгненне ад спалоху рэзка ўскінуў галаву і застыў у секунднай разгубленасці.
        Насупраць за рэчкай з туманнай дажджлівай імглы ля дарогі вынырнула цьмяная постаць у касцы, побач паявілася яшчэ двое, я павёў позіркам далей і ўбачыў увесь іх ланцуг, які насцярожана і хутка крочыў па стаптаным схіле ўніз.
        Упусціўшы кацялок, я адхіснуўся ад вады, здушана крыкнуў:
        – Немцы!!
        Але было позна. Я паспеў толькі ўскочыць, як блізкая аўтаматная чарга, хлёстка шчоўкнуўшы пад нагамі, распластала мяне на траве галавой да ракі. Захлынуўшыся крыўдай, я апошнім звышнамаганнем пераваліў сваё цела на бок, але ўстаць ужо не мог. Позірк слізгануў па мутнай, усеянай дажджавой рабізной вадзе, у якой ля самага берага ціха пагойдваўся мой круглы скасабочаны кацялок...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.