РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апошні баец
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзінаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
        
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

        
        Маёнтак гарэў. Над кучаравістымі верхавінамі вязаў і ліп шугала ў паднябессе мітуслівая вогненная грыва. Густыя шэрыя воблакі дыму вяртлявымі клубамі валілі ўгару; вецер раздзьмухваў, ірваў і іскрыў у наваколлі жудасць пажару; слаўся ўдушлівы горкі смурод. Ад смуроду, дыму і пылу, узнятага выбухамі, не ставала паветра, каб дыхаць. I ў раўку за садком, змучаная нясціхным боем, знясіленая, адрэзаная ад сваіх, задыхалася жменька байцоў.
        Іх вельмі мала засталося тут – штаб ды рэшткі аднаго батальёна на чале з камандзірам палка. Яны спыніліся ўчора ў гэтым маёнтку, бо адступаць далей не было куды. I ад самага ранку раскацістым рэхам калацілі наваколле гарматныя выбухі, рассыпалася кулямётная траскатня, ірваліся гранаты, злосна чхалі з лагчын мінамёты, і асколкі бязлітасна секлі акрываўленую шматпакутную зямлю.
        У травяністым раўчуку, ля прыземленай дашчатай паветкі, стуліўся з кулямётам баец. Лежачы ў мелкім акопчыку, ён туга ўпіраў у плячо прыклад «ручніка» і неадрыўна глядзеў у поле, адкуль атакаваў вораг.
        Калі агнявыя віхуры ўгары крыху суцішыліся, кулямётчык прыслухаўся да гукаў бою, і нейкая неспакойная думка з’явілася на яго твары.
        – Пэўна, цяпер пойдуць, – сказаў ён. – Вы чуеце: сціхае?
        Але ніхто не адказаў яму. Хлопец пазіраў усё ў збажыну, нешта думаў, шчыльней прыпадаў да кулямёта, чакаючы новай атакі. I раптам спалохана ўздрыгнулі яго бялявыя вочы, ён азірнуўся, прыўзняў галаву.
        – Таварыш лейтэнант!
        Адказу не было. Тады Пятрусь Кляновіч спалохана ірвануўся і, прыгнуўшыся, па дне раўчука кінуўся да суседняга акопчыка.
        Лейтэнант ляжаў, уткнуўшыся тварам у засыпаную зямлёй траву, і не варушыўся. Згінаючыся да долу, хлопец ухапіў чалавека за плечы, узваліў на спіну яго цяжкае цела. Ад скроні па бруднай шчацэ камандзіра марудна споўз струменьчык згуслай крыві.
        – Таварыш лейтэнант! – з роспаччу і надзеяй паклікаў яго Пятрусь, але лейтэнант не адгукаўся.
        Болей у іхняй роце не было нікога. За два дні няспынных баёў адзін за адным гінулі людзі. Палову рота страціла на шляху адступлення, другую палову – у гэтым маёнтку. Смерць лейтэнанта зусім збянтэжыла хлопца, ён у знямозе схіліўся ля забітага камандзіра, ужо не хаваючы сваёй проставалосай галавы. Ён быў плячысты, моцны, але зусім яшчэ малады, той уцалелы хлапец з двума трохкутнічкамі на чырвоных пятліцах. Па лабатым схуднелым твары няроўнымі бруднымі пісягамі паўзлі струмені поту, і поўныя роспачы пазіралі на свет вялікія, нейкія не мужчынскія яго вочы.
        Тым часам з мітуслівай збажыны ў полі паявіўся густы ланцуг цёмназялёных мундзіраў. Блізкая кулямётная чарга крамзанула па вішэнніку, з будыніны пасыпаліся трэскі. Паўз голаў пранеслася нешта важкае, і ззаду ў садку грымнуў выбух.
        Пятрусь спалохана кінуўся да кулямёта, прыклаўся шчакой да вышмальцаванага прыклада і пусціў у жыта доўгую чаргу. Няспынны грукат, шум скалыхнулі наваколле. Па ўсім маёнтку ірваліся снарады, узляталі ў дымнае неба галіны дрэў, кавалкі дахаў, клочча травы. Над зямлёю з варожага боку несліся нябачныя сталёвыя струмені. Быццам нажніцамі, кулі стрыглі траву і кусты – так і сыпаліся на дол лісткі і галінкі. Нарэшце, загарэлася і апошняя ўцалелая будыніна – дашчатая паветка.
        Пятрусь перазарадзіў кулямёт і зноў прыпаў да прыцэла. У невысокай, па пояс, збажыне ён добра бачыў прыгнутыя постаці ворагаў з аўтаматамі і падкасанымі да локця рукавамі. Яны прыгіналіся, зялёныя іх каскі матава блішчэлі. Немцы на хаду страчылі з аўтаматаў, але аглушаны сваім кулямётам Пятрусь не чуў іх стрэлаў. Трымаючы мушку пад іхнімі постацямі, ён да болю ў пальцы ціснуў на спуск, кулямёт ірваўся ў руках, нібы жывая імклівая істота, горкі парахавы смурод і пыл абдавалі хлопца.
        Зводдаль, ля дарогі, густа і напорыста трашчаў «максім». Яго чэргі часам зусім прападалі ў грукаце бою, і хлопец устрывожана пазіраў туды. Там – камандзір палка, ён зараз камандаваў імі, яго прысутнасць супакойвала і давала надзею.
        Урэшце ворагі пачалі знікаць у жыце, – відаць, яны не вытрымалі адпору і ў гэты раз. Патроху кулямётны агонь па сядзібе таксама пацішэў, але здалёку аднекуль з’явіўся новы трывожны гук. Ён хутка напоўніў сабой спахмурнелы летні прастор, прыглушыў усе іншыя гукі і ўсё ўзмацняўся. Сержант боязна зірнуў у захмаранае, дымнае неба – там плылі самалёты.
        «Чые?» – мільганула пакутлівая думка. I ў той жа момант пярэдні самалёт вельмі хутка неяк дзеўбануў носам і шалёна панёсся на іх прыціхлы раўчук. У паветры засвістала, загрукатала...
        Страшэнныя выбухі скаланулі наваколле, зямля стагнала, кідалася ў нямой роспачы, дрыжэла, у паветры круціліся шалёныя віхуры. Здавалася, што зямля перамяшалася з паветрам і ўсё на свеце рынула ў нябыт.
        Невядома, колькі працягвалася гэтая жудасць. Але нарэшце грукат прыціх, і Пятрусь расплюшчыў вочы. «Жывы?» – са здзіўленнем падумаў ён, яшчэ не верачы, што жах гэты скончыўся. Сержант паглядзеў у той бок, дзе страляў «максім» і дзе быў камандзір, быццам шукаючы паратунку. Самалёты тым часам набліжаліся зноў, і тады, у гэтую кароткую паўзу спакою, пачуўся надрыўны голас камандзіра палка:
        – Таварышы, уперад! У атаку, ура-а-а-а-а!!
        Пятрусь зноў зірнуў туды, на масток, і нібы раптоўная хваля падхапіла яго. Узняты камандзіравай рукой, там трапяткім полымем ірвануўся на ветры іх палкавы сцяг. Камандзір узмахнуў ім, азірнуўся і выскачыў з раўчука. Ля яго ўмомант з’явіліся яшчэ людзі, і ўсе яны шуганулі ў збажыну – наперад, на ворага. Апусцелы дагэтуль раўчук зашавяліўся постацямі байцоў, недалёка ад хлопца мільганула ў жыце шырокая спіна старшыны Наскова. Ён быў з суседняй роты іхняга батальёна, і Пятрусь узрадаваўся, убачыўшы знаёмага чалавека. Наскоў хутка знік у збажыне, і нейкая нязведаная, зацятая сіла падхапіла і сержанта. Схапіўшы лейтэнантаву вінтоўку, ён пераскочыў нізенькі бруствер і рынуўся за ўсімі насустрач ворагу.
        А ззаду зноў грукацела, грымела, вішчэла, калацілася зямля і хісталася неба. На галовы байцоў няспынным дажджом сыпалася зямля, паднябессе выла і стагнала. Злева і справа беглі байцы, праўда, вельмі рэдкі і вельмі кароценькі быў іх ланцужок, але ўдар быў імклівы. Пятрусь бег, стараючыся трымацца поруч камандзіра са сцягам. У яго цяпер неяк паспакайнела на душы, нібы ўжо мінулі ўсе небяспекі. Блізасць камандзіра і сцяга, здавалася хлопцу, хавалі яго ад бяды, і ён хацеў толькі спаткаць ворага, каб даць, нарэшце, выйсце сваёй сіле. Але сустрэцца з фашыстамі ім не ўдалося, аўтаматчыкі не вытрымалі нечаканага напору, і сержант разоў некалькі бачыў здалёку, як мільганулі ў жыце іх прыгнутыя спіны.
        Ланцуг усё каціўся па полі ўздоўж дарогі ў напрамку адзінокай развесістай грушы, што ўдалечыні высілася на ўзгорку. Спачатку немцы разгубіліся, відаць, і амаль не стралялі, але з часам, пэўна, угледзелі, што сілы атакуючых невялікія, і на ўзгорку ля грушы загаманілі іх скарастрэльныя кулямёты. Хтосьці побач з сержантам раптам спатыкнуўся і знік у жыце, але іншыя беглі і беглі, і наперадзе ўсіх, схіліўшыся ў імклівым тэмпе, усё зіхацеў іх сцяг.
        Але нядоўга цягнулася іх адважная атака. Ужо вельмі мала заставалася смельчакоў, каб доўга гнаць ворагаў. На паўшляху да грушы кулямётны агонь фашыстаў стаў шчыльны і дружны. Яны заляглі у тым месцы, дзе жытняе поле перамежвалася нешырокай палоскай сенажаці. Пятрусь, зусім знясілены, упаў ля крушні камення, сабранага з нівы, і высунуў з жыта вінтоўку.
        Узгорак ля грушы ўжо люта трашчаў кулямётамі, а іх ланцужок маўчаў. Аддыхаўшыся крыху, Пятрусь паглядзеў наўкола. Непадалёку высоўваліся з жыта штыхі вінтовак тых, што ўцалелі ў час гэтай атакі, у хмарным небе над ім гойдаліся лёгкія і зялёныя яшчэ каласы.
        Самалёты зніклі, і раптам стала зусім ціха: кулямётны агонь спыніўся, і толькі збажына цягнула ў цішы сваю шумлівую маркотную песню. Пятрусь адразу западозрыў нешта нядобрае ў гэтай цішыні і ўвесь насцярожыўся. Аднекуль ад дарогі данёсся аддалены гул матораў. Хлопец ужо добра ведаў, што гэта за гук: шмат трывог знёс ён за тыя ваенныя дні ад гэтых крыжастых грамадзін. Побач нехта прыўзняўся над жытам, нехта спалохана крыкнуў «танкі». Пятрусь ляжаў на мулкіх усохлых купінках і напружана слухаў.
        Гэта была страшная сустрэча тут, на роўным полі, з адной толькі вінтоўкай у руках. Зноў, як у тым раўчуку, хлопцаву спіну крануў самотны халадок страху.
        Ланцуг маўчаў яшчэ нейкі час, а потым ад байца да байца панеслася каманда: хутка, па адным перабягаць управа, у хмызняк. Пятрусь пераказаў гэтыя словы далей і на локцях і каленях шыбануў у збажыну. Непадалёку, рассоўваючы жыта, прамільгнула дужая постаць Наскова. Нехта вельмі вытыркнуўся з жыта, і на яго тут жа злосна крыкнулі. Але было позна ўжо. Танкі адразу заўважылі спробу выйсці з-пад удару і ўсёй сілай сваёй зброі люта накінуліся на байцоў. Зноў завыла, забушавала, зашамацела наваколле, струмені куль панесліся над полем, абсыпаючы зямлёю жыта, загрымелі выбухі.
        Таіцца і прыгінацца далей было бескарысна. Пятрусь выпрастаўся і з усяе моцы кінуўся да кустоўя, куды ўжо беглі людзі. Калі зусім блізка ў паветры шуршэў чарговы струмень куль, ён падаў, потым ускокваў і зноў бег. Разы два сержант азірнуўся – танкі паскорылі хаду і ляскаталі зусім блізка, на хаду страляючы з кулямётаў і гармат. У хлопца ад зморанасці аж падкошваліся ногі і ў голаў стукала неадчэпная страшная думка – канец... I яму, і камандзіру, і сцягу... Скрозь па полі беглі людзі, але сцяга нідзе не было бачна.
        Яны вельмі разбегліся ў збажыне, іх зусім лёгка было перабіць па адным, але ніхто, пэўна, зараз не думаў аб гэтым. Так уцалелыя ўжо дасягнулі рэдкага кустоўя, далей па адхону разлеглася голая аблога і за ёй у лагчыне пачыналася вялізная лугавіна з доўгімі радамі скошанай травы. Там не было ніякага сховішча, а кусты на ўзгорку былі ўжо вельмі рэдкія і малыя, каб надзейна схаваць байцоў.
        У той час Пятрусь зноў убачыў камандзіра са скручаным на дрэўку палотнішчам сцяга ў адной руцэ і чорным пісталетам «ТТ» у другой. Не звяртаючы ўвагі на кулі і асколкі, шырока расставіўшы ногі, маёр стаяў на ўзгорку і, сілячыся перамагчы грукат бою, крычаў людзям, што беглі далей на лугавіну:
        – Стой! Стой! Назад! Ка мне!
        Невялічкі той узгорачак, на якім стаяў ён, як-колечы мог захінуць ад куль і даць магчымасць байцам разгарнуцца ў ланцуг.
        – Назад! – крычаў камандзір і раптам шырокім жэстам узмахнуў дрэўкам і разгарнуў сцяг.
        Зноў, як і ў першы раз, Пятрусь адчуў, як узгарэлася ў ім нешта ўнутры і нібы іскрай прабегла па целе, і хлопец паслухмяна кінуўся туды, на заклік сцяга. З жыта да яго далучыліся яшчэ людзі.
        Ахоплены немай рашучасцю не пакідаць больш камандзіра і сцяг, Пятрусь залёг у рэдкі драцяністы верасок ля маёра і нарыхтаваў вінтоўку. Танкі, згубіўшы байцоў з поля зроку, пайшлі павольней, відаць, баяліся сустрэць што-небудзь нечаканае за ўзгоркам. Ззаду, тулячыся за машыны, ішлі чорныя аўтаматчыкі, і камандзір, стоячы на каленях, пільна сачыў за іх набліжэннем. Побач залегла два дзесяткі байцоў.
        – Па аўтаматчыках за-а-а-а-а-а-лпам... плі! – крыкнуў камандзір, і нядружны залп грымнуў з узгорка.
        – За-а-а-а-а-лпам... плі! – крычаў ён другі раз, і ўзгорак адгукаўся другім залпам.
        Так яны далі яшчэ некалькі залпаў, і танкі спыніліся, а аўтаматчыкі схаваліся за імі. I тады зноў на ўцалелую рэштку байцоў рынуў агонь з усёй шматлікай зброі, што цяпер сабралася супраць іх.
        Але ўзгорачак як-колечы затуляў іх, можна было адпаўзці крыху назад, прыніснуцца да травяністага дзірвану, і кулі ішлі верхам. Снарады з лютым піскам праносіліся над самай Петрусёвай галавой і ірваліся недзе ззаду, на лугавіне.
        I тады здарылася нечаканае. Справа з кустоўя грымнуў на людзей густы аўтаматны стрэл. Малады баец, што ляжаў побач з Петрусём, неяк трапянуўся і сціх, нібы прытаіўся ў траве, а з хмызняку, прыгінаючыся, выскоквалі на аблогу фашысты.
        Усе, хто яшчэ мог узняцца, кінуліся ад таго небяспечнага фланга бліжэй да камандзіра. Людзі разгубіліся ад такога знянацкага ўдару, але падавацца далей не было куды. Раптоўная млявасць ад усведамлення пагібелі разлілася ў Петрусёвым целе. Ён стрэліў разы два ў бліжэйшага немца, што, пераскокваючы праз забітых, бег да яго, і сам ускочыў, каб падацца назад, куды беглі іншыя.
        У той страшны момант ён зноў убачыў камандзіра. Маёр таксама адступаў назад, далей ад кустоў, бег і адстрэльваўся са свайго пісталета. Але раптам ён спатыкнуўся, з цяжарам вьшрастаўся і потым ужо канчаткова ўсім целам рухнуў у траву. Тады ж з яго рук выпала дрэўка са згорнутым сцягам. Пятрусь, мярцвеючы ад жаху, ускрыкнуў і кінуўся да камандзіра. Аднак раней за яго там аднекуль з’явіўся Наскоў, ён спрытна падхапіў сцяг і рынуўся па адхону ўніз. А маёр прыўзняўся на руках, узняў на сержанта скрыўлены ад болю, успатнелы твар і, сустрэўшы яго позірк, чамусьці глуха закрычаў хлопцу:
        – Сцяг... Сцяг ратуй!
        Пятрусь, аднак, памкнуўся ўзняць маёра, але той, нібы здзівіўшыся, што сержант не кінуўся выконваць загад, крыкнуў злосна і строга:
        – Прэч ад мяне! Сцяг!..
        Ён не скончыў гэтага свайго загаду і ўпаў тварам у пожню.
        Пятрусь зноў скалануўся ад ахапіўшага яго жаху і кінуўся далей за Насковым, які разгоніста шыбаваў уніз да вузенькай паскі алешніку на лугавіне. Побач нікога не было, немцы ўжо захапілі іх кароткі прытулак і скіравалі ўвесь агонь сваёй зброі па апошніх байцах. Пятрусь зірнуў наперад – Наскоў быў ужо ля крайніх алешын, і ў хлопца мільганула кволая яшчэ надзея на яго ўдачу. Але ў той жа момант здарылася нешта незразумелае і жудаснае. Нейкая невядомая сіла з лютым імпэтам ударыла сержанта, у вушшу балюча кальнула, і ён праваліўся ў пустую чорную бездань.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.