РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апошні баец
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзінаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
        
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

        
        Настаў новы, поўны гора і смутку спякотны летні дзень...
        Глухі і змучаны, Пятрусь, ні на хвіліну не прыпыняючыся, шыбаваў на ўсход. Ён знарок пазбягаў дарог, палявых шляхоў і нават сцежак і ішоў наўпрасткі – цераз палі збажыны, сенажаці, невялікія ляскі. Хлопец мінаў узгоркі, трымаўся нізін і кустоўя. Яго боты вымаклі ў ранішняй расе, трава сцерла іх да белай сырамяці, у кустах і збажыне па самы пояс набрыняла адзенне. Калі добра ўзнялося сонца, трава крыху падсохла, і ісці стала лягчэй. Хлопец нічога не чуў, і таму, каб не трапіць у якую бяду, штораз азіраўся, а часам выходзіў на ўзгоркі і асцярожна аглядаў абшары. Ён спадзяваўся ўбачыць дзе-небудзь адзнакі бою, разрывы снарадаў, ці бамбёжку, але ўсюды ляжаў зялёны летні край, кучаравіліся лясы і пералескі, каласілася збажына. Праўда, з-за краявіду ў многіх месцах ішлі дымы, яны няпэўнымі плямамі расцякаліся ў небе; у сухім нерухомым паветры моцна пахла горкім дымам пажарышчаў – недзе гарэлі тарфянікі.
        Калі развіднела, сержант з нейкае выспы добра агледзеў наваколле і, не ўбачыўшы ніякіх адзнак войска, раскруціў сцяг. Спачатку ён зняў бліскучы наканечнік, потым распароў ім шво і згарнуў палотнішча. Яно не вельмі ладна прышлося на яго схуднелым целе, але гімнасцёрка прыхавала шоўкавую чырвань, а папруга падціснула і замацавала скрутак. Так, глухі, з адзінай гранатай у кішэні сержант выправіўся ў далеч.
        У адным месцы каля лесу Пятрусь напаткаў цэлае поле суніц. Пад рэдкім лісцем, панікшы долу, віселі сакавітыя яркачырвоныя ягады. Убачыўшы іх, хлопец адчуў незвычайны голад і аж пахіснуўся, раптам страціўшы сілу. Толькі цяпер зразумеў ён, што павінен падсілкавацца, інакш не дайсці яму да сваіх і не ўратаваць сцяга. Прыступ голаду быў такі моцны, што, не грэбуючы лісцем, кузуркамі і чарвякамі, што ліплі да пераспелых ягад, ён зграбаў іх з галін заскарузлымі далонямі і глытаў, не перажоўваючы. Мабыць, доўга поўзаў ён тут, між гарэлых пнёў на гэтай дзяляне, але голад не змяншаўся. Тады хлопец спалохаўся, што патраціў гэтулькі часу, і, агледзеўшыся па баках, пайшоў далей.
        ...Яшчэ два дні і дзве ночы ішоў ён, спадзеючыся напаткаць сваіх.
        Пятрусь па-ранейшаму мінаў вёскі і ўхіляўся ад сустрэч з людзьмі. Рабіў ён гэта не ад страху трапіць у рукі ворага, а таму, што не мог глядзець на чужое гора. Кусок хлеба з салам, здабыты аднойчы ў далёкай лясной вёсцы, ён з’еў і цяпер зноў галадаў. Добра яшчэ, што на лясных прыпалінах трапляла шмат суніц, на імшарынах выспявалі чарніцы, але наедак з ягад усё ж быў дрэнны. Ён вельмі схуднеў, і некалькі разоў, калі піў у ручаях, аж палохаўся, не адразу пазнаючы сябе. Слых яго аднак палепшыўся, ён ужо чуў, як крумкаюць вароны ў ельніку, невыразным, прыцішаным гулам даносіўся да яго шум самалётаў у небе.
        Надвячоркам чацвёртага дня Пятрусь перайшоў зялёнае аўсянае поле і падаўся па-над узлескам, што крывой лініяй агінаў палі.
        Дзень быў сонечны і ветраны, па небе сям-там плылі невялікія воблачкі, лес маркотна і нязмоўчна шумеў, і гэткім жа маркотным тлумам поўнілася хлапечая галава. Часам Петрусю здавалася, што ён сніць усё гэта, што ён зусім не баец і няма ніякай вайны, проста ён звар’яцеў і туляецца па абшарах. Часам ён адчуваў сябе вельмі нешчаслівым, слабым, і хацелася яму плакаць ад жалю да сябе. Але хлопец моцна сціскаў папругай сваю незвычайную ношу, напружваў волю і прымушаў сябе быць мужнейшым.
        Аглядваючы поле ярыны, Пятрусь прыкмеціў, што аўсяныя палеткі ў многіх месцах былі патаптаны, зблытаны людскімі слядамі. Часта сустракаліся палосы танкавых гусеніц. Пятрусь пільна ўглядаўся ў гэтыя сляды бою і ледзь не ўскрыкнуў ад нечаканасці, калі ўбачыў у невялічкай лагчыне абпалены і нерухомы ўжо варожы танк. Працягнуўшы за сабою ў аўсе дзве крывыя сцежкі, ён спыніўся там, не дапоўзшы якіх дзесяці крокаў да маленькага акопчыка-ячэйкі. Акопчык гэты, відаць, паспешліва выкапаны нейкім спрытным байцом, быў пусты; на брустверы паблісквалі свежыя вінтовачныя гільзы, бялела клочча газетнай паперы. Адсюль, пэўна, паслаў баец пагібель той варожай грамадзіне і выратаваўся сам. А танк, апаліўшы навокал ярыну, стаяў ужо бездапаможны і мёртвы, гарматны ствол скрывіўся на бок, люкі былі расчынены, і з таго, што дзіркай чарнеў у борце, звісала нерухомая постаць мёртвага танкіста. Пятрусь, перасільваючы агіду, нерашуча падышоў да яго, са злоснай радасцю пазіраючы на абпаленыя агнём крыжы на баку, зазірнуў у люк. Там было цёмна, смярдзела паленай гумай і гарэлай анучай. Ногі танкіста так і засталіся ў люку, а рукі віселі над аўсяным долам. Вецер раскудзеліў бялявыя валасы, на шэрую стрыжаную патыліцу ўжо лёг слой пылу.
        Пятрусь не стаў затрымлівацца, з агідай плюнуў у збажыну і падумаў сабе, што ёсць усё ж пагібель і на гэтую сталёвую навалу. Мо’ гэты самы вось танк некалькі дзён назад разам з іншымі ганяў яго па тым полі, дзе загінулі рэшткі палка. Але нейкі адзін чалавек знішчыў гэтае страшыдла, уратаваўшы жыццё мо’ нават многіх людзей.
        У другім месцы на полі Пятрусь убачыў зводдаль яшчэ некалькі гэтых грозных і страшных машын. Усе яны стаялі цяпер нерухомыя і мёртвыя. Хлопец вельмі ўзрадаваўся ад гэтай удачы невядомых байцоў, і ў яго, здаецца, прыбыло сілы, каб крочыць далей.
        Так ён ішоў па-над узлескам і, натрапіўшы на палявую дарогу, збочыў на яе. Дарога хутка павярнула ў лес. Хлопец спыніўся, на момант раздумваючы, ці варта яму трымацца яе, ці не лепш было б ісці напрасткі, але душэўны ўздым ад нядаўняга відовішча заглушыў апасенні, хлопец пайшоў па дарозе.
        Дарога вілася хваёвым сонечным борам. У лесе вельмі пахла хвояй і ўгрэтай на сонцы смалой. Паветра было сухое, густое і цягучае. Сосны глуха і працяжна шумелі ўгары, а на засланым ігліцай доле зіхацелі мітуслівыя сонечныя плямы. Пятрусь нячутна ступаў па гэтаму мяккаму, бы ватай падбітаму, долу, і ўспаміны дзяцінства, звязаныя з борам, мроіліся недзе ў яго душы. Але думкі былі аб іншым. Ён увесь час імкнуўся ўявіць сабе, ці далёка ў краіну праніклі ворагі, дзе і як стрымаюць іх, і як цяпер думаюць там пра іх загінуўшы полк. Ад думкі, што вельмі ён затрымаўся ў сваёй дарозе, што марудна нясуць яго ногі, у душы хлопца ўзнікала трывога, і ён паскараў крок.
        А бор усё цягнуўся і цягнуўся абапал вузенькай крывой дарожкі, вакол незразумела гаманілі сосны.
        Надвячоркам бор прыціх. Аблітыя нізкім сонцам, гарачай меддзю ззялі сасновыя вершаліны, разлапістае высокае сучча іх нерухома вісела ў паветры. Угары яшчэ было відна, а між камлёў у доле згушчаўся змрок. Стулілася рэдкае кустоўе і маладыя сосны, адчуваўся начны халадок. Лес неяк насцярожыўся, прыціх, толькі ўгары, абшукваючы хваёвыя ствалы, насіліся глінянкі – невялічкія жвавыя птушкі, нястомныя працаўнікі бору.
        Ад працяглай адзіноты ці мо’ ад гэтай цішыні пад вечар Петруся апанавала нейкая трывожная туга. Дарога ішла ўніз, абапал яе суцэльным шчыльным натоўпам мясціўся хваёвы маладняк, у ім панаваў ужо змрок. Пятрусь спыніўся, чамусьці не адважваючыся ісці далей, нібы менавіта тут чакала яго якая бяда. Ён паслухаў і прыгледзеўся – нідзе не было нічога падазронага. Тады хлопец нясмела пайшоў, тулячыся да аднаго боку дарогі. Гэта, відаць, быў лесагадавальнік, яго маладняк расцягнуўся на шмат кіламетраў, і ў ім хлопца напаткала ноч.
        Яна паволі распаўзалася па долу, змрокам ахутвала дрэвы, сівым туманам зацягнула нізіны; неба сцямнела на ўсходзе, і над дарогай загарэлася першая зорка – адзінокая і самотная, як і душа ляснога падарожніка.
        Урэшце без усякіх падстаў хлопец адчуў, што ён не павінен ісці далей. Адчуванне небяспекі не праходзіла, і ён звярнуў з пясчанай дарогі ў густы змрок лесу. Ён не ведаў, дзе была тая бяда, ад якой уцякаў ён, але нейкая сіла штурхала і цягнула яго далей і далей у гушчар, у змрок сасняку. Галлё балюча драпала яго рукі, твар, сухія абламаныя сукі, нібы штыкі, упіраліся ў ягоныя грудзі, а ён лез і лез, заплюшчыўшы вочы, з дапамогай рук прасоўваючы наперад сваё цела.
        Ягоная барацьба з сасняком у суцэльнай цемры ночы была, відаць, доўгай і адабрала шмат сілы. Урэшце ён вылез на нейкі лужок, у небе было ўжо зусім цёмна і трывожна, маўкліва мітусілася там безліч зор. Адчуваючы праз боты вільготны халадок расы, Пятрусь перайшоў лужок і спыніўся ля кустоўя, не ведаючы, куды падацца далей. Праз галлё паблісквала нешта светлае, ён прыгледзеўся – гэта цякла ручаіна. Тут жа ля алешніку чорнай грудкай цямнеў невялічкі стажок. Пятрусь некаторы час утрапёна глядзеў у хмызняк, услухоўваўся ў наваколле і ўсё выразней адчуваў, што аслабеў дашчэнту і ўжо не можа нікуды падацца адгэтуль. Тады ён хістаючыся дабрыў да стажка і заваліўся пад ім на пахучае хрусткае сена.
        Сон, як смерць, згасіў Петрусёвы адчуванні. Хлопец быццам праваліўся ў нейкую цемру нябыту; зніклі, адляцелі ад яго неадчэпныя справы і турботы – і вайна, і бяда, і імкненні. Змораны і змучаны, ён моцна спаў на жорсткім мурагу, абшчапіўшы свае грудзі, дзе муляла дарагая ноша. Над ім угары палахліва і трывожна мігацелі зоры, чорнымі дзівоснымі лапамі адбіваліся ў небе галіны кустоўя, журботна аб нечым безнадзейна сумным журчэла ў ручаіне вада.
        Але і ўначы не было спакою стомленай душы. Ледзь толькі ўсталяваўся сон, хлопцу пачалі сніцца трывожныя, страшныя сны.
        Не ў стане пазбыцца страху, што ў сне апанаваў яго, Пятрусь неяк устрапянуўся і прачнуўся. Ён падняўся, наўкола была маўклівая цемра, ледзь-ледзь шумела кустоўе. Сэрца моцна стукала ў грудзях, спіна і бок вельмі азяблі ад расы, і хлопца скаланулі дрыжыкі. Спалох, аднак, пакрысе развеяўся, але трывога ўжо моцна завалодала Петрусёвай істотай. I ўсё ж мацней за ўсё іншае зараз быў сон, хутка ён зноў заплюшчыў хлопцавы вочы, і баец, скурчыўшыся ад холаду, зноў паваліўся ў сена.
        Невядома, колькі мінула часу, як раптам нехта балюча штурхнуў яго ў бок. Сонны яшчэ Пятрусь хуценька ўсхапіўся і адразу ўбачыў над сабой нейкага чалавека ў чырвонаармейскай форме, з вінтоўкай, у пілотцы – ён штурхаў сержанта ў бок і нешта казаў. Хлопец са сну не разумеў ягоных слоў, але на няголеным твары байца, у яго маркотных вачах убачыў трывогу і хуценька ўскочыў з сена.
        – Бяжы хутчэй! Ну!
        Адчуваючы нядобрае, хлопец азірнуўся. Праз кустоўе відаць была дарога з стракатымі слупкамі на насыпе, там грукацелі машыны, бразгаталі парожнія бочкі і сноўдалі немцы. Гэта было зусім блізка – якіх трыццаць крокаў адсюль.
        Зразумеўшы бяду, Пятрусь хуценька падаўся за сваім выратоўцам уздоўж ручаіны, далей ад гэтага месца. За імі няспрытна, па-старэчаму падскокваючы, бег нейкі босы сівы дзядок з клункам у руках. Парадкам ужо адбегшы ад тае дарогі, трое зведзеных выпадкам людзей замарудзілі крок, пайшлі сцяжынкай над раўком, і баец з дакорам заўважыў Петрусю:
        – Што гэта ты, сержант, разлёгся ля дарогі? Ці да немцаў захацеў?
        Сержант, канчаткова ўжо адагнаўшы сон, зірнуў у твар чалавеку.
        – Якое да немцаў. Уначы з лесу прыбіўся да раўка і заснуў ў стажку.
        – Добра, што гэта мы натрапілі, а то было б табе.
        – I праўда, было б, – вінавата ўсміхнуўся Пятрусь. Ён з цікавасцю аглядаў сваіх нечаканых спадарожнікаў, адчуваючы сябе трошкі ніякавата за сваю неасцярожнасць. Сержанту спадабалася, што ў байца была вінтоўка і ўся вайсковая амуніцыя – процівагаз, падсумкі і нават малая лапатка на баку. Відаць, і ў яго былі невясёлыя справы, але ён, здаецца, не ўпаў духам, не разгубіўся, калі нясе зброю. Ён нетаропка ступаў сваімі стаптанымі гамашамі ў зялёных абмотках і спакойна, без страху аглядаў лясное наваколле. У чалавека былі вельмі адметныя натапыраныя бровы, глыбока пад сабой хавалі яны памяркоўныя ўдумлівыя вочы на крыху папсутым воспаю твары. Пятрусь моўчкі пазіраў на яго, і здавалася хлопцу, што ён недзе ўжо бачыў гэты твар і гэтую жылістую шыю, на якой злёгся зашмальцаваны ад поту салдацкі каўнер з пятліцамі. Мо’ было тут штосьці захаванае ў памяці з дзяцінства, мо’ гэты твар нечым нагадваў яго бацьку.
        Наперадзе па сцяжынцы, хуценыса перастаўляючы босыя ногі, дыбаў другі яго сённяшні знаёмы, маленькі, сівенькі дзед, відаць па ўсім, вельмі рухавы чалавек, у шэрай світцы і старой вайсковай шапцы з зялёным патрэсканым казырком. Ён усмешліва азірнуўся на хлопца і сказаў жвавым тонам гаваркога чалавека:
        – Мы самі, бач, тыцнуліся з лесу, а яны на мастку. Ледзьве чорту ў лапы не скочылі. Пашкадаваў бог – не заўважылі.
        – Было б і вам тады, – зазначыў сержант і запытаў пра тое, што цяпер больш за ўсё іншае цікавіла яго: – А куды ж вы кіруеце?
        – А туды, – махнуў рукой дзед за раўчук, дзе ўжо на паўнеба шугала святло ўзышоўшага, але яшчэ не бачнага за лесам сонца.
        – А ты куды ідзеш? – запытаў баец.
        – Ды і я туды, – сказаў Пятрусь. – Часць нашу разбілі, вось і іду. А не чулі, дзе нашы?
        – Э, братка, далёка, – уздыхнуў дзед. – Казалі ўчора людзі, аж пад Полацкам.
        Тая навіна, як пярун з неба, аглушыла хлопца. Нейкі час ён маўчаў, не ведаючы, што думаць і казаць. Тысячы жудасных пытанняў паўсталі зараз у яго галаве, але адказу на іх, здаецца, не было ні ў кога.
        Людзі заўважылі, як спахмурнеў хлопец, ды і яны былі не весялейшыя ў той час. Дзед цяжка, працягла ўздыхнуў і на хаду пачухаў нястрыжаную патыліцу.
        – Эх, бяда, бяда! – казаў ён. – Што робіцца толькі на белым свеце!
        Нейкі час яны ўсе задуменна памаўчалі, потым баец сказаў:
        – Значыць, па дарозе будзе, сержант. Разам пойдзем.
        Неўзабаве сцяжынка вывела іх да травяністай, з рэдкім кустоўем забалаці, далей у асацэ і багне ляжалі жэрдкі.
        – Ну, вось тут вам, абутым, крызіс, – пажартаваў дзед. – Скідай шчыблеты, а я закуру.
        Яны разуваліся, каб перайсці забалаць. Над прасторамі нараджаўся новы, прамяністы ранак, і разам з ім святлела і на Петрусёвай душы. Ужо знікла ўчарашняя трывога, нечым супакойваючым і надзейным павеяла на хлопца ад гэтых пажылых людзей, так нечакана напатканых на яго шляху. Невядома, што яшчэ чакала іх наперадзе, але было радасна, што скончылася сёння самае страшнае ў жыцці – адзінота, побач зноў былі свае людзі, і пакрысе мацнела спадзяванне, што ўсё абыдзецца добра.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.