РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апошні баец
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзінаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
        
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

        
        Шэсцьдзесят два чалавекі вёў сержант невядомымі дарогамі, праз палі і лугі, праз маўклівыя чорныя пералескі. Людзі, змораныя хадой і знясіленыя без харчавання, паслухмяна ішлі за ім, за згорнутым чырвоным сцягам на самаробным дрэўку, што хіліўся на сержантавым плячы, – ішлі і не пыталіся, куды ён вядзе іх. Зрэшты, пытацца і не было патрэбы: уперадзе на небасхіле ўсю ноч палалі палахлівыя водбліскі далёкага бою, – коратка пыхалі, гаслі, узгараліся з новым запалам, дрыжэлі хваравітым нервовым святлом, якое, здавалася, вось-вось загарыцца ва ўсю сілу і асвеціць ноч.
        Зноў здарылася так, што, не аб’яўляючыся нікому, нічога ні ад каго не патрабуючы і не вытлумачваючы, сержант стаў камандзірам гэтых людзей. Хлопец разумеў, што прычынай таму – не ягоныя нейкія якасці – розум ці вайсковае ўмельства, не тое, што ён разам з іншымі ратаваў іх. Уся прычына ягонага старшынства была ў тым сцягу, з якім ён тады ўскалыхнуў натоўп, з якім збіраў да аднае грамады гэтых байцоў. I Пятрусь не схаваў яго ў Нупрэеў мяшэчак, а, прыладзіўшы дрэўка, узняў над сабой, думаючы, што цяпер небяспекі меней, бо іхняя сіла куды паболынала. Вядома, што чалавеку са сцягам нельга было не верыць, і людзі верылі яму, ішлі за ім, і ён з усяе сілы імкнуўся не ашукаць іх давер’я.
        Побач з Петрусём ішоў Нупрэеў. Старшыну сержант выправіў наперад, у якасці дазора, каб не трапіць у якую пастку. А ззаду за імі шавялілася ў змроку калона людзей, якія пазбеглі пагібелі і нечакана сталі байцамі. Палавіна гэтых байцоў не мела зброі. Тыя трыццаць аўтаматаў, што ў кароткай сутычцы адабралі ў гітлераўцаў, апынуліся ў самых смелых і самых дужых, – сержант меў вялікую надзею на іх. Астатнія былі слабыя, многія параненыя. Трэба было недзе спыніцца, накарміць галодных людзей, перавязаць раны, размеркаваць невялікую колькасць боепрыпасаў, што захаваліся ў іх. Трэба было падрыхтавацца: яны, здаецца, набліжаліся да фронта, а перайсці яго з гэткай грамадой без бойкі было, бадай, немагчыма.
        Блытаныя палявыя сцяжынкі і лесавыя дарожкі за ноч завялі байцоў у нейкую бясконцую забалочаную глухамань. Ужо колькі часу ішлі яны, і ўсё цягнуліся па баках хмызнякі, ельнік, імшарыны. Гадзіны з дзве даўжэзнай вужакай вілася перад імі вузенькая сцяжынка. Людскія ногі ўвесь час грузлі ў мяккім доле, набіралі вады дзіравыя падэшвы. Часам зусім было небяспечна сунуцца ў заплыўшую ржавай муццю дрыгву, якая ледзь трымала чалавека. Але вяртацца не было куды, а ратунак быў толькі наперадзе.
        На маўклівай лясной дарозе напаткала іх цёплая задумлівая раніца. Недзе за шэрымі хмарамі ціхенька ўзнялося на небасхіл нябачнае сонца. Трава і хмызняк з ночы стаялі сухія, без расы, нізка над дарогай мільгалі імклівыя ластаўкі. Усе прыкметы былі на дождж, але ён збіраўся неяк вельмі неахвотна. I раптам у чуйнай ранішняй цішы недзе далёка-далёка глуха грукнула нешта і глыбока аддалося ў зямлі. Яшчэ не закацілася ў лясах кароткае рэха гэтай грымоты, як за ёй раздалася другая і трэцяя. Неўзабаве далёкія гукі зліліся ў няроўны прыглушаны грукат.
        – Недзе блізка, – сказаў Нупрэеў. – Кіламетраў з пяцьдзесят, не болын.
        Нехта ў калоне азваўся ўзрушаным радасным голасам:
        – Гэта ж нашы гаўбіцы б’юць. Далібог гаўбіцы. Ужо іхнія стрэлы я дзе хочаш пазнаю. Яны, яны шыбуюць. Родныя...
        Чалавек плакаў ад радасці.
        – Можа наступаюць?
        – Ладна даюць фашызму... А-я-яй, глядзі ты!
        Сержант меркаваў неўзабаве нагледзець дзе зручнае месца, каб адпачыць і падсілкавацца, але цяпер стала не да таго. Па сабе і па настрою людзей ён адчуў, што ні ў каго не стане сіл стрымацца і, пагарджаючы небяспекай, прыдзецца ісці Далей. Дарога кіравала на паўднёвы ўсход, а гэтыя гукі несліся аднекуль збоку. Хлопец рашыў, што цяпер няма чаго трымацца дарогі, калі гэтак блізка жаданая мара іхняга паходу. Сержант, поўны імклівай прыўзнятасці, падаўся з дарогі ў блытаны шолах ільняной нівы. Наперадзе ў лён збочыў Агальцоў, які ішоў на чале дазору.
        Але людское шчасце ніколі не спраўдзіцца так хутка, як гэта здаецца чалавеку. Неўзабаве развіднела, узнялося сонца, і зніклі, суцішыліся, нібы растварыліся ў святле новага дня, жаданыя гукі. Зноў летняя цішыня. Дзень выдаўся ветраны, на небе імкліва плылі рэдкія хмурынкі, пякло сонца і несліся над прасторамі духмяныя пахі даспелай збажыны, а людскому падарожжу не было канца. Людзі ішлі без дарог, наўпрасткі, цераз палі, лужкі, хмызнякі. Вось-вось, здавалася, з’явяцца з-за пагорка яўныя адзнакі блізкасці войска, ці грымнуць адкуль знаёмыя залпы франтавых батарэй, а там такая жаданая сустрэча... Зноў напружанае, неўтаймаванае чаканне, так добра зведанае ў дні адзіноты, усё больш захапляла сержанта. Услед за позіркам як мага хутчэй крочылі ногі, узнёслая ўпартасць волі падавіла стому – усё імкнулася наперад. Ззаду за хлопцам гэтак жа настырна, парушыўшы строй, з зацятай упартасцю на тварах лезлі праз пасевы маўклівыя групы байцоў.
        Апоўдні адпачылі ў кустоўі. Змораныя за шмат гадзін хадзьбы, нерухома, як мерцвякі, ляжалі ў траве людзі. Паставіўшы ў сцюдзёную ваду натруджаныя босыя ногі, у маркоце сядзеў над ручаём Пятрусь. Нупрэеў мясціўся побач, курыў і думаў. Угары гулі нямецкія пікіроўшчыкі, па краі неба між воблакаў плылі яны на ўсход, цяжкія ад шматтоннага грузу бомб. Назад вярталіся, нізка апусціўшыся над зямлёй. Хлопцы спачатку ўсхопліваліся, задзіралі галовы, думаючы, што гэта нашы, а затым, расчараваўшыся ў надзеі, не вылязалі з кустоўя. Праз гадзіну-другую рушылі далей.
        Надвячоркам калона моцна расцягнулася, вілася па лагчыне цераз вялізнае поле палёгшай пшаніцы. Збоку ад іхняга шляху ў зеляніне дрэў хаваліся стрэхі хутара – туды захінутая пшаніцай вяла ўтаптаная сцяжынка, наперадзе быў бачны малады сасоннік, за ім на ўзгорку сінеў хваёвы лес, у які здалёку яшчэ кіраваў сержант. Наўкола рассцілалася адкрытая мясцовасць, і Пятрусь здзівіўся, не ўбачыўшы дазору. Хлопец крыху пастаяў, спыніўшы людзей, але, разважыўшы, што старшына, пэўна, падаўся к лесу, памалу пайшоў уніз. Ісці наўпрасткі праз пшаніцу было цяжка, неадчэпна блыталіся ў нагах яе драцяныя сцяблы, і сержант выглядаў якую сцяжынку, каб скіраваць туды. Згорнуты сцяг хлопец трымаў падпахай, на спатнелай гарачай спіне муляў аўтамат. Нупрэеў ішоў следам.
        Да лесу ўжо было зусім блізка, калі там, на ўзлеску, мільганулі нейкія постаці. Петрусю здалося, што гэта іхні дазор, і ён з асцярогай прадаўжаў хадзьбу. Аднак Нупрэеў заўважыў таксама нешта на тым узлеску і крануў сержанта за локаць. Яны спыніліся, за імі прыціхла калона, усе сталі і трывожна пазіралі ў сасоннік.
        I тады лютая галасістая чарга ўдарыла з лесу. Недзе ў небе над галовамі людзей панесліся чароды куль; адна, пэўна з рыкашэта, жаласна віскнула і знікла ўдалечыні. Не ведаючы яшчэ, што адбылося, але згадаўшы смяртэльную небяспеку, сержант злосна скамандаваў людзям:
        – Лажыся!!!
        Усе дружна пападалі ў пшаніцу, Пятрусь прысеў і ўгледзеўся ў сасоннік, чакаючы ўбачыць там якую разгадку тае страляніны. Да яго падгірўз Нупрэеў і таксама пазіраў у бок лесу.
        – А дзе ж дазор? – пытаўся ён, хвалюючыся за жыццё людзей.
        Пятрусь нічога не адказаў яму. Ён адчуў толькі, што пад такім агнём яны не ўлежаць доўга, што так праз колькі хвілін іх усіх да аднаго пераб’юць у гэтай пшаніцы. Адзіным выйсцем было падацца назад, за ўзгорак, там яшчэ было выратаванне ад гэтага пякельнага шквальнага агню. Ахоплены трывогай за людзей, Пятрусь ускочыў з пшаніцы і, перамагаючы грукат стрэлаў, крыкнуў байцам:
        – Кароткімі перабежкамі – за бугор!!!
        Ён сам сігануў некалькі шпаркіх шырокіх крокаў і ўпаў у пшанічны гушчар, даючы гэтым прыклад, як бегчы іншым. А немцы ўжо добра прыкмецілі групу і досыць трапна лупілі ў пшаніцу. Нехта непадалёку, відаць паранены, клікаў нейкага Ваню, нехта лаяўся ўдалечыні. Пятрусь праз момант зноў ускочыў і таксама вылаяўся ад злосці і роспачы. Байцы, трапіўшы пад прыцэльны агонь, не хацелі трымацца вайсковых правіл, а, узняўшыся над збажыной, шыбавалі за пагорак усёй паўсоценнай грамадой. «Пераб’юць, пераб’юць усіх!» – жахнуўся сержант ад страшнай думкі. Напяўшыся сілай і злосцю, ён пабег і, не дбаючы ўжо пра ўласную бяспеку, люта закрычаў на байцоў:
        – Лажыся!!! Лажыся – застрэлю!!! – крычаў ён, даганяючы задніх. Тыя баязліва азірнуліся на лес, на сержанта, і, пэўна, нешта рашучае было на камандзіравым твары, бо яны са страхам, але паслухмяна пападалі ў пшаніцу. Потым ён дагнаў іншых і таксама паклаў іх.
        – Кароткімі перабежкамі наперад!!!
        Наўкола ў шалёным лёце зыўкалі кулі, кулямёты на ўзлеску аж захліпаліся ад лютасці. Сержант азірнуўся назад– ніхто іх, аднак, не праследаваў, нізіна была пустая, толькі ў лёгкіх хвалях гойдаліся пшанічныя прасцягі.
        Перабежкамі і паўзком людзі дасягалі пагорка і тады, па аднаму ўскокваючы, беглі да кусцістага алешніку, што непадалёку зелянеў у пшаніцы. Тут ужо кулі былі не страшныя. Затуленыя пагоркам байцы вышлі з-пад небяспекі.
        Але тут здарылася такое, што здзівіла і збянтэжыла сержанта.
        Па пшанічнаму полю з-пад хутара беглі трое яго дазорных і наперадзе ўсіх няроўным, нейкім знясіленым крокам сігаў Агальцоў. Сержант спыніўся, ніяк не цямячы, што адбылося. На момант ён адчуў радасць, што людзі жывыя, але затым нейкая балючая падазронасць ахапіла яго. Ён ужо не пайшоў, куды беглі людзі, а накіраваўся насустрач дазору.
        У старшыны ад бегу скрывілася дзяга з кабурой, спаўзла на бок спражка, мундзір быў расшпілены, чуб растросся на проставалосай галаве і чорныя вочы гарэлі нялюдскім, вар’яцкім спалохам. Пятрусь угледзеўся ў гэтыя вочы, прыкмеціў няроўны крок чалавека і яго скаланула нечалавечая лютасць.
        – Як... як ты адважыўся... зладзюга???
        – Ах чорт... халера... на хвілінку толькі... ай-яй... – перацятым голасам выкрыкваў старшына і нябачачымі вачыма лыпаў па абшарах. Ён быў п’яны.
        – Марш! – дзіка закрычаў сержант і з шалёнай сілай штурхануў яго ў каршэнь. – Марш ад нас, агіда, здраднік!!!
        Агальцоў пахіснуўся, нядобра бліснуў вачыма, і, хістка крочачы, падаўся да кустоўя, дзе ўжо збіраліся людзі. За ім нясмела пайшлі двое дазорных.
        Байцы, відаць, ужо зразумелі ўсё і, сабраўшыся ў гурт, сядзелі і стаялі – змораныя, злосныя і панылыя. Тут жа ў засені кустоўя ляжалі параненыя, двое бінтавалі трэцяму голую акрываўленую спіну. Пятрусь з болем у сэрцы акінуў позіркам людзей – сабраліся далёка не ўсе, відаць, многія ўжо ніколі не прыйдуць сюды.
        – Што нарабілі, сволачы! – гэткім крыкам сустрэў іх малады хлапец з голым перавязаным ужо чым-колечы плячом. – Гады! Дзе былі?
        Старшына спыніўся і няўцямнымі вачыма пазіраў на скрыўленыя ад злосці і нянавісці твары. Куды толькі зніклі яго зухаватасць, спрыт і гонар. Да яго падскочылі двое, ірванулі за аўтамат, за мундзір, ударылі, павалілі на зямлю. Сержант, папярэджваючы расправу, закрычаў на іх, людзі адступіліся, але іх трэсла злосць.
        Паступова Пятрусь крыху суняў сябе і, памятаючы, што трэба рухацца далей, падаў каманду строіцца. Пакуль людзі як-колечы ладкавалі параненых, што не маглі ісці самі, пакуль збіраліся з поля, сержант падлічыў байцоў – не хапала 18 чалавек. Гэта было жахліва. Яшчэ не дасягнуўшы фронта, за некалькі хвілін страціць амаль адну трэць складу, а што будзе далей? I раптам яго думка перамяжылася іншай – чаму не відаць Нупрэева? Ён жа толькі быў нядаўна, бег у лагчыне за сержантам. Устрывожаны нядобрым прадчуваннем, Пятрусь ірвануўся з месца, зірнуў сюды-туды: Нупрэева і Жука нідзе не было.
        – Хлопцы, дзе Нупрэеў?
        Але ніхто не бачыў яго, усе азіраліся, шукалі позіркамі, ды дарма. Праўда, з пшанічнага поля яшчэ ішлі апошнія параненыя, прыйшоў нейкі баец з раздробленай сківіцай, хуцы твар яго крывіўся ад нясцерпнага болю, бліскалі гневам вочы, але ён нічога не мог сказаць, толькі мычэў па-звярынаму роспачна і страшна. I тады апошнім у пшаніцы з’явіўся Жук. Пятрусь убачыў яго, калі хлопец быў ужо зусім блізка – убачыў і ўсхапіўся ад жахлівай здагадкі. Так яно і было. Разведчык, схіліўшыся ледзь не да самай зямлі, цягнуў на сабе Нупрэева.
        Пятрусь тады кінуўся да яго, не адважваючыся яшчэ спытаць, што здарылася, стары баец бяссільна туліўся збялелай шчакой да ўспатнелай хлапечай спіны і ціха стагнаў. Жук паднёс яго пад кустоўе, асцярожна паклаў на траву ў засень і цяжка выпрастаў натружаныя плечы.
        – Вось параніла ў грудзі... навылет.
        Сержант укленчыў над байцом, узяў яго абвялую руку – Нупрэеў адплюшчыў вочы.
        – От і мне... трапіла, – прашапталі ягоныя вусны.
        Нямеючы ад новага гора, Пятрусь скінуў з байца ягоныя рамяні, узняў скрываўленую гімнасцёрку. Рана была невялічкая, але крыві ўжо вылілася багата. У некага знайшоўся індывідуальны пакет – Пятрусь як-колечы перавязаў чалавека.
        – Ну, нічога, нічога, – няўпэўненым голасам заспакойваў ён байца. – Патрывай як-небудзь, хутка ўжо.
        Нупрэеў стагнаў, зрэдку расплюшчваў вочы і неяк па-асабліваму, быццам просячы што, пазіраў на сержанта.
        Узняўшы вочы, Пятрусь убачыў ваўкавата-насуплены свой дазор, які давёў людзей да гэткай бяды. Зноў гарачая хваля гневу хлынула ў Петрусёў твар, хлопец усхапіўся і крыкнуў Агальцову:
        – Глядзі, глядзі, што нарабіў ты, гад!
        Агальцоў, відаць, працверазеў ужо, зразумеў усё, што сталася, і зацята патупіў вочы.
        – Застрэліць яго за гэта! – крычаў баец, паранены ў плячо. – Земляка майго Антохіна забіла праз яго. Пёрычаў вунь канае.
        – Не застрэліць, а асудзіць і расстраляць, – разважна казаў той спрытны баец, што на дарозе першы захапіў нямецкі аўтамат. Ён меў ласкавае і славутае прозвішча Мацейка і цяпер стаяў побач і злосна глядзеў на Агальцова.
        – Ты чуеш: расстраляць цябе! – крычаў Пятрусь, адчуваючы, як ад абурэння і крыўды дрыжыць яго сківіца. – Дзе тваё сумленне, старшына? Што нарабіў ты, пытаю?
        Агальцоў маўчаў.
        – Што размаўляць з ім? – зноў закрычаў паранены. – Гад ён, здраднік! Расстраляць яго, хлопцы!
        Сержант, збянтэжаны і разгублены ад такіх жахлівых падзей, маўчаў, не ведаючы, што зрабіць з чалавекам. А людзі, поўныя злосці і нянавісці да віноўніка сваёй бяды, пазіралі на камандзіра і чакалі яго прысуду. I калі ўжо зменшыўся ўнутры першы імпэт гарачкі, Пятрусь выразна зразумеў, што і сапраўды старшыну Агальцова трэба расстрэльваць. Ужо такое вялікае было яго злачынства, такі неўтаймаваны гнеў байцоў, гэтулькі пралілося крыві, што інакш яго пакараць было нельга. I разам з выразнасцю гэтае кары з’явілася ціхая жаласць да блізкага знаёмага чалавека. Перад вачыма паўстаў другі Агальцоў, той, што ратаваў байцоў з-пад моста, кідаўся на варожую машыну на дарозе, што заўсёды нёс зухаватасць і смеласць. Два супрацьлеглыя пачуцці да хлопца скрыжаваліся ў сержантавым сэрцы, і ён разгубіўся.
        Так, пакутуючы, Пятрусь шукаў справядлівага рашэння гэтай цяжкай задачы і паступова ўсё болей пераконваўся, што іншага прыдумаць нельга. Вунь, заплюшчыўшы ад болю вочы, ляжыць Нупрэеў, ляжаць яшчэ людзі, якіх загубіў ён – не той смелы парывісты Агальцоў, а гэты вось агідны п’яны разгільдзяй, што за распустай забыўся на абавязак, на сцяг і сумленне.
        Сержант зірнуў на ваўкаватага хлопца – той, здаецца, разумеў ужо ўсё і маўчаў. Ён не прасіўся, не ўмольваў дараваць, а маўчаў, быццам адчуваў, што заслужыў адзіную кару і гатовы быў прыняць яе. Не, бадай, няма чаго тут шкадаваць Агальцова, відаць, нешта нядобрае сядзела ў яго душы, калі адважыўся ён на такое. Пэўна, не дужа дарагі яму гэты сцяг і гэтыя выратаваныя для будучых бітваў людзі. Відаць, нейкая чарвяточына заўжды гняздзілася ў ім, і не сёння дык заўтра нечым агідным усё роўна выявіла б сябе. Так думаў Пятрусь.
        Агальцова расстралялі тут жа, у кустоўі.
        Пятрусь быў перакананы ўжо, што зрабілі правільна, але гэтая перакананасць усё роўна не пазбавіла хлопца ад душэўнай скрухі. Жук таксама перажываў, маўчаў увесь час, і яго шырокаскулы твар, некалі такі прастадушны і ўсмешысты, чарнеў зараз ад невыказнага гора. Ён не апраўдваў, але, як і сержант, немаведама чаму шкадаваў Агальцова, шкадаваў яго неразумнага лёсу, так, нібы не сам старшына вытвараў усё агіднае, а якая іншая сіла прымушала яго на тое.
        Старшыну пакаралі, а ў Петруся ўсё не ўсталёўваўся спакой. Душылі хлопца і боль і крыўда – крыўда на Агальцова, што прычыніў бяду і давёў сябе да пагібелі, крыўда на людзей, што ў час небяспекі дрэнна слухаліся камандзіра, крыўда на сябе, што не наладзіў дагэтуль добрай дысцыпліны. Хіба з такім бязладдзем могуць яны прабіцца праз фронт? З кожным днём усё цяжэйшым становіцца іх шлях, і ўсё больш арганізаванасці і парадку трэба атраду. Ён так і сказаў аб тым перад строем калоны. На яго змрочна пазіралі няголеныя маркотныя твары, і ён не ведаў, зразумеюць людзі ці не, але рашуча абвясціў, што парушальнікаў вайсковага парадку чакае тое, што сёння вось старшыну Агальцова.
        Як-колечы ўладкаваўшы на самаробныя насілкі цяжка параненых, група зноў падалася ў поле. Ішлі цяпер болей кустоўем, з пералеску ў пералесак, рабілі вялікія крукі, часта спыняліся, пакуль дазор аглядаў шлях. У дазор сержант выправіў Жука і яшчэ двух спрытных байцоў. Яны дзейнічалі асцярожна. Пятрусь пільна сачыў за імі воддаль, прыслухоўваўся да сігналаў у зарасніках і ўсё пакрыкваў на людзей, каб тыя маскіраваліся і не лезлі на адкрытыя месцы.
        Ужо на захадзе сонца зусім недалёка недзе гучна забухалі ў паветры моцныя гарматныя стрэлы. Хлопцы ў кустоўі аж здрыгануліся ад нечаканасці. Сержант спыніў калону і разам з Мацейкам выткнуўся з алешніку. Перад імі ляжаў папаравы касагор, зарослы калючым асотам, а наперадзе высіўся ўзгорак з яблыняй-дзічкай на фоне неба, і там, недзе за ўзгоркам, бухала батарэя. Хлопцы весела пераглянуліся, і, вярнуўшыся да байцоў, сержант радасна паведаміў людзям:
        – Нашы блізка! Бач, палкавая батарэя б’е. Значыць, кіламетраў пятнаццаць – дваццаць...
        «Толькі б праскочыць. Толькі б не наткнуцца і не загубіць людзей», – увесь час стукала ў голаў неадчэпная думка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.