РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здрада
1
2
3
4
5
6
7
8
9
4
        
4

        
        Шкандыбаючы адзін у гэтай снегавой каламуці, Цімошкін зразумеў, што Шчарбак – яго самая вялікая страта сёння. Яшчэ нядаўна, як толькі скончыўся той страшны разгромны бой і нямецкія танкі хлынулі на ўсход, здавалася хлопцу, што горшага ўжо не будзе. Палавіна іхніх салдат была пабіта, палеглі многія камандзіры, прарваліся ворагі, і іх засталося ўсяго толькі трое. Але сярод траіх быў Шчарбак – як заўжды, маўклівы, рашучы, дзейны. З ім не было адзіноты, і вялікае гора неяк лягчэй пераносілася ўдвух. Цяпер жа ён быў адзін: ні Здабудзькі, ні слаўнага, харошага Вані. Блішчынскі ж не быў патрэбны яму, – пайшоў ён – і хлопец не шкадаваў таго: хіба мог памагчы ў бядзе такі сябелюбец, як гэты яго зямляк?
        I ўсё ж Цімошкін ішоў па ягоным следу – ішоў, бо ведаў, што Блішчынскі хітры і заўжды дбае наконт розных хадоў-выхадаў з усякага ліха. Да таго ж на маёравай сумцы ў яго быў компас. Завеяныя сляды ледзьве праступалі з-пад снегу і вялі цераз вялізнае поле, перасеклі схаваны ў снезе прасёлак, які можна было пазнаць па радзе тэлефонных слупоў з дзвюма ніткамі проваду. Затым, задыхаючыся, хлопец перайшоў невялічкі пагорак, абмінуў статак саламяных сцірт і зноў паплёўся палеткам.
        Вецер шалёна сек снегавою жарствой па ягоным твары, але сняжынкі ўсё ж патроху радзелі і снегапад меншаў. Наўкола сталі відаць адзінокія дрэвы, дзе-нідзе – шнуркі вінаграднікаў з пахіленымі калочкамі ў кожным кусце; нейкія будыніны ён абышоў здаля – так вялі засцярожлівыя сляды Блішчынскага. I ўвесь гэты час адзінокага блукання з яго галавы не выходзіў Ваня Шчарбак.
        Месяц назад ля дунайскай пераправы загінуў намеснік камандзіра іх батальёна капітан Батаў. Хоць і нядобра пра нябожчыка думаць благое, але быў ён вельмі крыклівы і не дужа справядлівы, гэты афіцэр. Аднойчы, яшчэ ў Трансільваніі, здарылася так, што батальён затрымалі дзве нямецкія самаходкі, замаскіраваныя ў вёсцы. Прамой наводкай яны з паўгадзіны расстрэльвалі пяхоту, як заўжды, па нямецкаму звычаю, не шкадуючы сваіх снарадаў. Да вёскі было якіх, можа, кіламетры паўтара, падбіць тыя самаходкі з саракапятак нечага было і думаць, а іншай артылерыі блізка не было, наступленне спынілася. Роты залеглі за насыпам уздоўж дарогі, чакаюць, што вырашаць камандзіры.
        I тады гэты Батаў выклікае ўзводнага ПТА лейтэнанта Пішчука і загадвае на рысях выскачыць з гарматай з-за насыпу, пад’ехаць да грушы, што стаяла ў полі якраз пасярэдзіне між дарогай і вёскай, і прамой наводкай расстраляць самаходкі. Пішчук быў малады, не дужа спрактыкаваны лейтэнант, спрачацца з начальствам не ўмеў, сказаў толькі: «Ёсць!» – і пабег да разлікаў.
        Калі ж ён аб’явіў разліку задачу, хлопцы апусцілі насы. Зірнуўшы хоць раз на поле, кожны з іх адчуваў, што жыць засталося некалькі хвілін. Да той грушы добрых 800 метраў, – паспрабуй дабярыся да яе па раллі на прыцэле ў дзвюх самаходак. Лейтэнант аб’явіў загад і марудзіць: сам ведае, што справа дрэнь і невядома, на што спадзявацца.
        I тады Ваня Шчарбак падхапіў свой аўтамат, узяў яшчэ ў Кеклідзе супрацьтанкавую гранату, скінуў шынель і – у трубу пад насыпам. На тым баку ён па канаве прашмыгнуў да разоры ў палетку і па ёй хуценька папоўз да вёскі.
        Увесь батальён глядзеў з-за дарогі на гэты адважны ўчынак Івана Шчарбака. Поўз ён доўга, прыпыняўся, адпачываў. З вёскі, пэўна, яго не бачна было, бо самаходкі зрэдку білі па насыпе, а яго не чапалі. На Іванава шчасце, нямецкай пяхоты ў вёсцы відаць не было, і ён, дапоўзшы да ваколіцы, схаваўся недзе за белымі, скрозь у матках чырвонага перцу, хаткамі.
        Іван знік у вёсцы і доўга не падаваў ніякіх адзнак жыцця. Самаходкі зрэдку лупілі па гасцінцы, паранілі камандзіра шостай роты, аднаго сувязіста. I раптам у вёсцы – выбух, і з-за хат валіць дым. Самаходка загарэлася, а другая, пэўна ўчуўшы ліха, загыркатала маторам і падалася прэч за ваколіцу. Хлопцы павылазілі на дарогу, пасля па полі кінуліся да будынкаў. Саракапятчыкі прычапілі гарматы да перадкоў і таксама памчалі туды. I вось падкатваюць яны праз гароды да невялічкага садка, дзе дыміць самаходка, і бачаць: на паграбцы, у якім хаваецца ў венграў віно, сядзіць іхні Іван, бінтуе сабе руку і лае фрыца, які, уцякаючы, усё ж драпнуў яго куляй.
        Вось такі быў Ваня Шчарбак.
        Ён не дужа любіў кніжную навуку, скончыў усяго толькі шэсць класаў, але ў працы і людзях разумеў шмат. Калі ён капаў акоп, дык ніхто не хітрыў, не валыніў, як кажуць – усе зараджаліся ягонай працавітасцю. А калі хто часам і ленаваўся, дык Іван клікаў таго і казаў: «Падпрагайся. Буду цябе лячыць ад гультайства. Я – выкідаць, ты – падбіраць». Тады ўжо таму хлопцу даводзілася папацець.
        I вось неяк бязглузда Цімошкін страціў яго. Вядома, ён, можа, яшчэ і жывы, можа, ён пайшоў іншай дарогай, але хлопец не мог змірыцца ў душы, што Шчарбака няма. Яму было вельмі самотна без сябра ў гэтым шляху. Праз кожныя пяць хвілін ён азіраўся, прыслухоўваўся, думалася: авось, дзе-небудзь пакажацца з цемры яго постаць. Цімошкін усё болей шкадаваў, што паддаўся Блішчынскаму і не пайшоў тады па Шчарбаковым следу, можа б, адшукаў дзе яго. Але ж след хутка засыпала, а тады, калі ён яшчэ быў відзён, была і надзея, што Іван хутка прыйдзе.
        Снег перастаў церушыць, наўкола пасвятлела. Мароз памацнеў, вецер шкуматаў полы шыняля, і калені дранцвелі ад сцюжы. Твару свайго Цімошкін, здаецца, не адчуваў, можа, адмарозіў, здаровую правую руку хаваў за пазуху, параненая ж зайшлася і дужа балела. Белы зімовы прасцяг усё шырэй рассцілаўся навокал, выставіўшы як напаказ усе чорныя плямы зямлі, быльнёг, вінаграднікі, адзінокія абрысы дрэў. I толькі далячынь на краявідзе пад цёмным навіслым небам тулілася ў змроку, і нідзе не праглядвала ніякіх адзнак месяца.
        Сляды Блішчынскага ў доле сталі відаць лепш. Яны прывялі хлопца да нейкага землянога вала ў полі, які бялеў у прыцемках роўнай хрыбцінай і бег некуды ўдалячынь. Блішчынскі, як гэта відаць было па слядах, узлез на яго, пэўна, агледзеўся і пасля, збегшы, пайшоў уздоўж вала. Цімошкін быў зняможаны і на вал не палез, а паціху пайшоў у той бок, куды павярнуў зямляк.
        Праз нейкі час наперадзе сталі відаць прысады, між якіх тут пралягала дарога. Баючыся, каб не трапіць у якую бяду, Цімошкін паціху выходзіў з-за вала. Наўкола ўсё было ціха – глыбокая зімовая ноч у белыя пялёнкі спавіла абшар. Ля дарогі ў канаве ляжаў на баку перакулены аўтамабіль, нейкая паклажа з кузава рассыпалася наўкола і густымі плямамі чарнела на снезе. Жывога там, здаецца, не было нікога. Сляды Блішчынскага вялі таксама туды, і хлопец, зняўшы з пляча аўтамат, пайшоў да дарогі.
        Ужо непадалёк ад таго аўтамабіля яму здалося, што нехта шмыгнуў на той бок і схаваўся за чорным кузавам. Цімошкін прыпыніўся, угледзеўся – сапраўды, з-за машыны насцярожана тырчаў кароткі ствол аўтамата. Але вось ствол здрыгануўся, апусціўся, і на снег ступіў чалавек, які затым злосна плюнуў у дол і загаманіў, – гэта быў, вядома, Блішчынскі.
        – Напалохаў! Думаў, немцы. Ну, дзе твой сябрук?
        Цімошкін ужо не думаў дагнаць яго, убачыць зноў, але адзінота – горш за ўсякага ворага. I хлопец у той час крыху ўзрадаваўся – хоць і кепскі ён чалавек, яго зямляк, але, здавалася, удвух ім усё ж будзе лепей. Цімошкін не адказаў на яго запытанне (што тут было«казаць?), і Блішчынскі, пэўна, зразумеў гэта як прызнанне ім свае памылкі.
        – Слухаў бы мяне. А то заўпарціўся, – казаў ён, выходзячы з-за машыны. I тут Цімошкін заўважыў, што ля кабіны ляжыць нейкае цела ў задраным на голаў шынялі. Зямляк жа, закінуўшы за плячо аўтамат, пайшоў да яго, узяў нагу забітага і тузануў, здзіраючы валёнак. Другі, ужо зняты валёнак стаяў цяпер побач. Вецер раскручваў на снезе анучу забітага.
        – Ось халера, прымерзлі, ці што! – казаў Блішчынскі. – Ану, фрыц, аддавай. Памажы, Цімошкін.
        Цімошкін прыпыніўся зводдаль і плюнуў у снег.
        – I не брыдка табе? – сказаў ён, назіраючы, як Блішчынскі соп і ўсё тузаў нагу, а труп валокся, усё болей загортваючы шынель. Каб было зручней, Грышка ўпёрся ў яго ботам.
        – А чаму брыдка? Ногі марозіць горш. Ось як.
        Урэшце ён здзёр валёнак, прысеў на скрынку, зняў свае кірзавыя боты і спрытна пераабуўся. Валёнкі сапраўды былі добрыя – з абшытымі скурай наскамі і скуранымі падэшвамі. Блішчынскі прытупнуў імі і штурхнуў локцем аўтамат.
        – Валёначкі першы сорт. Дзякуй немцу, цяпер ногі як у печцы будуць. Разумееш?
        На дарозе нікога не было, хлопцы перайшлі яе і зноў скіравалі ўздоўж вала. Блішчынскі, як заўсёды, трымаў сябе ўпэўнена, нешта пажаваў з паперкі, пасля спыніўся, выняў з-за пазухі нямецкую, абшытую лямцам, біклагу і адвінціў корак.
        – Бачыш? Ром. Мабыць, французскі, – ён коратка хіхікнуў. – Ін віна вэрытас. Разумееш? Ды дзе табе разумець. Праўда ў віне. Запомні.
        Пасля, задраўшы голаў, ён трохі пабулькаў, выцер далонню вусны і, не закрываючы пляшкі, спытаў:
        – Табе даць? От добра! Селязёнка пацяплела. На, глыні. Толькі нямнога.
        Цімошкін нерашуча ўзяў, азірнуўся і, паднёсшы да вуснаў марознае рыльца, глынуў разы два. Ніякай асалоды ён не адчуў, але пахучая вадкасць сапраўды жарам разлілася ў грудзях, адразу стала цяплей. Хлопец аддаў пляшку і, адчуваючы, як паток нейкага новага, нязвыклага пачуцця напаўняе яго істоту, ішоў побач. I тут яму раптам стала вельмі самотна, вельмі прыкра, што побач у такой бядзе зусім не той чалавек, якога б хацелася. «Эх, Ваня, Ваня!» – прашаптаў хлопец, усё азіраючыся, але ззаду над бялявым долам вісела змрочная зімовая ноч.
        Блішчынскі шырока сігаў, Цімошкіну было цяжкавата ўгнацца за ім, але ён, як мог, намагаўся не адстаць. Размаўляць у яго не было ніякай ахвоты, два гарачыя глыткі неяк зусім засамоцілі хлопца.
        – Чаго ты такі кіслы? Га? – пытаўся Блішчынскі. – Што, сябрук прапаў? Плюнь ты, які можа быць сябра на вайне? На дзень-два. Пасля ўсё роўна – разлука, разумееш! Хто ў Магілёўскую губерню, хто ў шпіталь. Разумееш?
        Цімошкін маўчаў, ён ведаў, што Блішчынскі не зразумее яго турбот, ды хлопцу гэта і не трэба было.
        – А наогул, ты ёлупень. Чаму б табе каля мяне не трымацца? Я б цябе не даў скрыўдзіць. I памог бы. Што, думаеш, сілы мала? Думаеш, нейкі там пісар! Ха, мала ты ведаеш. Разумееш? У мяне ўлады не меней, чым у маёра Андрэева. Нядаўна ў артмайстэрні ездавы выбыў. Шапнуў бы Борку Паўловічу са страявой часці, ураз бы перапісаў цябе, і канцы ў ваду... Нябось, не валокся б цяпер чорт ведае дзе. Разумееш?
        Цімошкін непрыязна агрызнуўся:
        – Чаму ж ты валачэшся, такі разумны?
        – Я? То выпадак. Разумееш! Што я, дурны, ці што? Думаеш, я для якога медаля на дурасць пайду? Дудкі. Пляваў я на медаль і на дурняў. Маё жыццё даражэй за медалі. I каб не выпадак, я б цяпер да-а-лёка быў. Ужо б немцам не даўся б. Разумееш?
        – Што ж цябе ўтрымала?
        – Што, што... Грыцэнку – ардынарца Андрэева – пазаўчора падстрэлілі. Разумееш? I трэба ж яму было падлезці пад тую кулю. Дык маёр Андрэеў уранку кажа: пойдзем, праветрышся, а то ты тут дымам прасмярдзеў. Ну што ж, думаю, пайду. Можа, за паўдня якога ліха не здарыцца. Пайшлі ў трэці батальён, і вось табе на – якраз прарыў. Маёру дзве кулі ў жывот – сканаў, яму і клопату мала. А я вось уліп. Ось так. Разумееш?
        Ён відавочна хмялеў. Рухі яго сталі рэзкія, левая рука шырока адмахвала ў такт крокаў. Шльнасці ён, аднак, не траціў і, гамонячы, кідаў хуткія, кароткія позіркі ў бакі. Здаецца, землякова маўклівасць заахвочвала яго спавядацца, і пэўна таму, што тут не было сведак і становішча і заставалася няпэўным, ён, як гэта бывае пасля доўгай зацятасці, перастаў таіць свае думкі.
        – Мы з табой, Цімошкін, землякі, брат, і разумеем адзін аднаго. Праўда, там некалі не дужа ладна жылі. Але глупства – вядома, пацаны былі. А цяпер? Трэба ж цвяроза глядзець на ўсё. Ты не думай, што я сяржант, дык мала што разумею. Хе, не, брат. Думаць трэба. Ось! Пад танк кідацца няшмат розуму трэба. Гэта і дурань зможа. Але шцірб цур рэхтэн цайт1, як пісаў Ніцшэ. А стары не дурны быў. Вось. Мы маладыя, нам трэба на вайне выжыць, і выжыць з толкам. Разумееш? У тым уся соль.
        Агідны чалавек. Ён быў варты таго, каб даць яму ў морду, думаў Цімошкін, але, сашчапіўшы зубы, трываў і слухаў. Яму хацелася зведаць земляка да канца, бо, адчуваў хлопец, недзе ў ім закладзена гэтая адгадка яго натуры, яна сёння свярбіць у яго, і Блішчынскі штось выкажа.
        – У палку што? У палку, хоць бы і ў штабе – гарота. Не кулі, дык снарады, бомбы. Ось бы ў корпус забрацца. Гэта ўжо парадачак. Разумееш? Была ў мяне спадзёвачка... Каб не гэтае ўчора. Ну, але нічога. Мо нават і лепей. Ты запамінай: выйдзем – перш-наперш прыбіцца да якой тылавой часці. А там паглядзець. Ты каля мяне трымайся. Я і цябе ўладжу. Не прападзеш! Разумееш?
        – Значыць, у тылавыя часці, так? Прасіцца? – з прытоенай з’едлівасцю запытаўся Цімошкін. Але Блішчынскі не адчуў ці не зважыў на яго тон.
        – Ну і што ж, папросімся. Падумаеш! Рапарцічку напішам: так і так, часць разбілі, мы засталіся. Праявілі геройства, біліся да канца...
        – Эх ты! – сказаў Цімошкін, ужо не хаваючы сваёй пагарды да яго.
        – Што? Хто я?
        – Смоўж ты, вось хто. I табе гадка ад самога сябе не бывае?
        Блішчынскі фалыпыва заржаў, коратка акінуўшы земляка халодным позіркам.
        – Што, можа, данясеш? У смерш данясеш? Як выйдзем? Чорт у зубы. А сведкі дзе? Хто чуў! А я скажу на цябе не такое. Скажу, што ты ў немцаў у руках быў і даваў паказанні аб нашых войсках. Ну? Што? Ага, не падабаецца. Ось як. А ўрэшце, я пажартаваў. Каб цябе праверыць, якім духам жывеш?
        I ён зноў заржаў – прыцішана, выскаляючы вялікія пярэднія зубы з дзяснамі. Цімошкін уважліва і трохі збянтэжана паглядзеў на яго – сапраўды, хто яго ведае, дзе ў яго была праўда, у гэтага чалавека. Ён мог яе, гэтую праўду, падаць так, што яна выглядала як хлусня, і, наадварот, хлусня ў яго магла быць праўдападобней за праўду. Хлопец ужо ведаў гэтую здольнасць свайго земляка і толькі ўздыхнуў.
        I раптам ён змоўк, прыцішыў крок – наперадзе вал абрываўся, і з-за яго паказваліся загарадзь, нейкія будынкі, дрэвы. Хлопцы паціху выходзілі з-за вала, па той яго бок паказаліся і яшчэ будынкі, гэта, пэўна, была ўскраіна вёскі або гарадка. Усё навокал ціха драмала ў ночы, толькі недзе далёка, прабуксоўваючы, тужылася-гыркатала машына.
        Блішчынскі прыпыніўся, прыслухаўся, – ягоная хмельная самаўпэўненасць ураз змянілася насцярожаным клопатам.
        – Пайшлі ў абход, – ціха сказаў Цімошкін. – Не ісці ж па вуліцы.
        Сяржант маўкліва згадзіўся, і яны, абыходзячы па заснежаных градах ускраінныя домікі, падаліся ў абход паселішча. У адным двары раптам усхапіўся сабака, кінуўся на плот, добра, што плот быў суцэльны і высокі. Блішчынскі скалануўся, падхапіў аўтамат, і ягоныя пальцы дрыготка схапіліся за рукаятку.
        Яны яшчэ прайшлі крыху, і раптам абодва ўраз сталі, падаліся назад і прыціснуліся да сцяны нейкага ўскраіннага хлеўчука. Наперадзе, зусім блізка, у вербных прысадах была дарога, і на ёй чуліся галасы. У сутонні снежнае ночы там відаць былі сілуэты аўтамабіляў ці, можа, транспарцёраў, на момант бліснула з фары плямка святла, нешта лязгнула, затым плямка патухла.
        Хлопцы замерлі і ўслухаліся – самае найпершае пытанне было – хто: свае ці немцы? Гамонка, што сям-там чулася на дарозе, была дужа ціхая, яе нельга было разабраць, але Блішчынскі нейкім адным яму ведамым чынам вызначыў:
        – Немцы! Што ж рабіць?
        – Трэба ісці. Што ж яшчэ рабіць? – сказаў Цімошкін.
        – У абход?
        Не, у абход было нельга. Убачыўшы іх у снежным полі, немцы, вядома, западозрылі б нядобрае, крыкнулі б, тут бы яны і папаліся. Лепей было прабірацца паўз дамы бліжэй да дарогі і затым – цераз самую дарогу.
        Блішчынскі зразумеў гэта, і яны, прыціскаючыся да платоў і будынкаў, падышлі зусім блізка. Апошнім ля дарогі быў ладны з верандаю домік, за драцяной сеткай ля яго тоўпіўся заснежаны калючы хмызняк. Яны прыціснуліся да гэтае сеткі і ўглядаліся ў дарогу.
        Цяпер ужо добра відаць было, што на ёй стаяла калона машын. Яны былі дужа вялікія, ці мо так здавалася ў прыцемках, людзей там не бачна было, толькі аднойчы бразнулі дзверцы кабіны і на дарозе з’явілася постаць. Паціху варушачыся ў змроку, яна падышла да дрэва на ўзбочыне. Немец, нібы ўглядаючыся ў іх бок, пастаяў, затым захінуў полы шыняля і вярнуўся да сваёй машыны.
        Яны ўсё сядзелі пад агароджай, Блішчынскі, пэўна, баяўся, гэта адчувалася па яго насцярожанай ссутуленай постаці, па злосным шэпце на ўсякі неасцярожны землякоў рух. Хоць і Цімошкіну было нявесела, але ён ведаў, што баяцца і не ўмець схаваць гэтага – па меншай меры нягожа для франтавіка.
        – Чортава каламажка! – злаваўся Блішчынскі. – Што ж рабіць?
        У прыцемках зблізку відаць было, як ён хмурыў касцісты лоб і сюды-туды паводзіў на фоне снежнае шэрані сваім выразным насатым профілем. Ен шукаў выйсця, намагаўся прыдумаць, як бы выкарабкацца з такога небяспечнага становішча. Цімошкін асабліва не намагаўся што выдумваць, бо ведаў, што нічога, апроч таго, каб перайсці дарогу, яны не надумаюць. Ад таго, як удасца ім гэта, будзе залежаць усё іншае.
        – Ну, што? Трэба пераходзіць, – сказаў Цімошкін, чакаючы згоды таварыша. Але Блішчынскі, пэўна, усё не мог пагадзіцца на тое і маўчаў, узіраючыся ў ноч.
        – Ну ладна. Толькі вось што, – не дужа ўпэўнена пачаў ён. – Хай хто-небудзь спачатку адзін, як бы ў разведку. А пасля другі. Каб не абоім адразу. Разумееш? Ну, ідзі ты першы.
        У Цімошкіна ад тых яго слоў ажно скаланулася нутро – ён зноў адчуў побач знаёмага Блішчынскага, які хітраваў, камбінаваў, каб самому што выгадаць.
        – Чаго гэта адзін? Ты што мяне выпраўляеш?! А сам?
        – А-а, спалохаўся? – зашаптаў Блішчынскі. – Ну не ідзі, раз баішся. Падумаеш. Я пайду. Але ж у мяне сумка, дакументы, разумееш? Мне нельга.
        Гэта было ўжо занадта. У яго ўжо з’явіліся прычыны і повад, які даваў яму права застацца ў баку ад самага цяжкага. Так ён рабіў некалі яшчэ на вясковым выгане, калі яны хлапчукамі пасвілі гусей. Гусі раз-пораз ішлі ў шкоду, дзеці разам гулялі ў цурку і па чарзе бегалі адварочваць статак. Але калі надыходзіла чарга Блішчынскага, ён заўжды аднекваўся: у яго то балела нага, то круціла ў жываце, то не яго гусі першыя падаліся ў збожжа. Цяпер было тое ж самае. Але марудзіць не выпадала, і Цімошкін, не стрываўшы, падхапіў свой аўтамат.
        – Калі так – хай!
        Мусіць, ён зрабіў трошкі празмерна, неабдумана, – такая гарачка (сам разумеў) была недарэчы тут, за дваццаць крокаў ад ворагаў. Але ён не хацеў, каб сяржанту здалося, што ён баіцца ці таксама шукае лягчэйшага. I ён рушыў да дарогі, не азіраючыся і не думаючы, як і што будзе далей. Наперадзе чарнеў тупарылы абрыс «мерседэса», за ім быў прамежак крокаў пятнаццаць, і хлопец скіраваў туды. У гэты час ззаду пачуўся шэпт Блішчынскага:
        – Пачакай, – пайшлі разам.
        Ён дагнаў хлопца, і яны паволі пайшлі ўздоўж агароджы. Вось абрыс машыны пабольшаў, пад прыдарожнымі дрэвамі вышэйшы стаў яе брызентавы дах, Цімошкін сігануў да яго і праваліўся ў занесеную снегам канаву. Блішчынскі ў той час зноў недзе прапаў, але хлопец не азіраўся, зямляк цяпер стаў для яго ненавісны і непатрэбны. Сцяўшы сэрца і стараючыся ступаць як мага спакайней, ён узышоў на дарогу. За шклом у кабіне задняй машыны цьмяна ўспыхнуў і згас агеньчык цыгаркі. У кузаве «мерседэса» нешта грукнула, і сонны хрыпаты голас прабурчаў пад брызентам.
        – Рухігер, Гейдаль.
        Хуткім крокам Цімошкін перайшоў дарогу, пераскочыў цераз канаву, і яго сэрца, абмершае дагэтуль, раптам абнадзеена і скоранька затахкала ў грудзях. Хацелася бегчы, але ён, ледзьве стрымліваючы сябе, ішоў памалу. Ззаду зноў пачулася зморанае дыханне – гэта бег Блішчынскі. Ён дагнаў, палахліва азірнуўся і пачаў хутка апярэджваць хлопца.
        – Цішэй! – шапнуў Цімошкін. – Не бяжы! Відаць!..
        Блішчынскі зразумеў, што такая яго паспешлівасць можа скончыцца кепска, і пайшоў цішэй. Відаць, перамагаючы ў сабе страх, ён хутка набіраўся звычайнае свае начальніцкае сталасці.
        Тулячыся да нейкіх гаспадарчых будынкаў, яны трохі адышліся ад дарогі. Цімошкін пакрысе супакоіўся, агледзеўся. Машыны ўжо ледзьве выступалі шэрымі плямамі, хлопцаў ніхто не заўважыў ці, можа, не звярнуў увагі, палічыўшы за немцаў. Наперадзе цямнела нейкая доўгая будыніна, мабыць, абора, яны зайшлі за яе рог. Дарога была яшчэ блізка, але тое, што будыніна добра хавала іх, надало смеласці, і Цімошкін даў волю сваёй злосці на земляка.
        – Эх ты! Хваліўся толькі: умею, разумею. А здарылася, дык за спіну хавацца. Шкурнік!
        Блішчынскі забег наперад.
        – Шкурнік? – узрушана спытаў пісар. – Гэта я шкурнік? Ты думаеш, сваю шкуру ратую? Памыляешся. Во, маёрава сумка. Ты ведаеш, якія там дакументы? Ведаеш?
        – Не ведаю і ведаць не хачу.
        – Ось так і скажы. Каб ведаў, так бы не брахаў. Разумееш? Дурань ты. У гэтай сумцы – ваенная тайна, вот! А ты балбатун. Вот!
        Блішчынскі незадаволена памаўчаў, атрос вываляныя ў снег полы свайго шыняля, але ўсё не мог супакоіцца і бурчаў:
        – А то шкурнік! Трэба галавой думаць. Разумець, што да чаго. Вучыў, вучыў немец – і ніякага следу. Лезем, як у плот свінні. Гэта як у нас у акупацыю... Памятаеш, у сорак другім ля Забалоцця. Якісь дурань забіў нейкага пархатага немца. Прыехалі карнікі, спалілі вёску, расстралялі дваццаць чалавек. I за што? За аднаго немца. Ну варта было лезці?
        – Ага. Ведаеш, як у тым анекдоце, – сказаў Цімошкін. – Як жа ісці на вайну: там могуць вока выбіць?
        – Дурань! – зазначыў Блішчынскі. – Яшчэ табе кажу, Цімошкін: дурны ты, як затычка. Мала цябе жыццё церла.
        – Ладна ўжо. Добра, што ты разумны.
        Ён, відаць, не на жарт зазлаваў і надзьмуўся. Моўчкі яны ішлі яшчэ доўга. Відаць, блізка быў ранак, ноч пацямнела, палявое наваколле паглушэла, неяк дужа дацінала стома, і ў хлопцаў пачалі зліпацца павекі. Абодва яны змагаліся з надакучлівым сном, на хаду драмалі і спатыкаліся. Аднойчы Цімошкін паваліўся ў снег, а калі прахапіўся і ўстаў, неяк нечакана згледзеў, што цемра рассунулася, наваколле пасвятлела. У свежым чысцюткім доле сталі відаць рэдкія сцяблінкі быльнёгу, узмежак з кустамі; наперадзе ў полі з’явілася сцірта саломы.
        Вецер не сціхаў, у доле паўзла завея, і над заснежанай трывожнай зямлёй паціху світала.
        
        
        
        ––––––––––––
        1 Умей памерці ў час. (ням.)
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.