РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здрада
1
2
3
4
5
6
7
8
9
5
        
5

        
        – Ну, вось і выйшлі, сабачая псіна! – злосна сказаў Блішчынскі.
        Яны спыніліся ля сцірты, знясілена прыхінуліся да яе запарушанага снегам саламянага боку і з роспаччу глядзелі на ўсход, куды пралягаў іх шлях і куды ўжо нельга было паткнуцца.
        Непрыкметна неяк развіднела. Хмарнае ранішняе неба прыўзнялося над белым прасцягам, аздобленым плямамі ўсяго, што не было засыпана снегам. Наўскасяк ад сцірты беглі роўныя радкі вінаградніку, праз паўкіламетра ўпоперак поля, пэўна на мяжы двух уладанняў, пасталі ў рад маладзенькія дрэўцы пасадкі. Дальнім сваім канцом гэты рад прытыкаўся да невялічкага, у дзве-тры будыніны, хутара, які сіратліва туліўся сярод вялізнага снежнага поля. Крыху збоч ад яго і далей за дрэўцамі ледзь не на самым даляглядзе высіўся пукаты, як гуз, узгорак, і на ім – бачна было адсюль – хадзілі, стаялі, капалі зямлю немцы. Гэта было далёка, але хлопцы не сумняваліся, што перад імі ворагі. Толькі што з узгорка ўніз сышла група людзей, пэўна камандзіраў, адзін пастаяў яшчэ, размахваючы рукамі, мабыць, даючы ўказанні, сеў у машыну і па дарозе пакаціў у той бок, адкуль землякі ішлі ноч.
        Блішчынскі дастаў з маёравай сумкі яго артылерыйскую карту і, раз-пораз пазіраючы навокал, пачаў вадзіць у ёй рудым пазногцем – шукаць месца, дзе яны цяпер апынуліся. Відаць было, што ён ужо зусім ацверазеў, пераход дарогі і гэтая няўдача з выхадам да сваіх занепакоілі яго; ад былое ўпэўненасці неяк мала што засталося.
        – А давай ось так і пойдзем, – сказаў Цімошкін, паказваючы рукою ў бок ад выспы з немцамі. Блішчынскі падняў ад карты свой заклапочаны твар, прыплюшчыў блізарукія шчылінкі-вочкі і паглядзеў, нібы панюхаў, у прастор.
        – Што ты, Цімошкін! Не пройдзеш... I не высоўвайся так! Сядай! – па-начальніцку спахапіўся ён, убачыўшы, што хлопец высунуўся з-за сцірты.
        Цімошкін пастаяў крыху і адчуў, як пачынае мутнець уваччу. Ідучы, неяк лягчэй было выцягваць з сябе апошнія сілы, ды і не так працінала сцюжа, цяпер жа мерзлі ногі і ўсё цела налілося страшэнным цяжарам. Зноў жа ўладарнаю сілай падступаў да іх голад. Цімошкін абмацаў свае кішэні, выбраў у адным некалькі сухіх крошак і кінуў у рот. У галаве ад стомы і бяссонніцы цягуча, аднастайна гудзела, і думкі ніяк не маглі сагнаць нейкай санлівай ленасці. Хацелася сесці, сцішыцца, і болей, здаецца, нічога не трэба было б.
        Цімошкін ссунуўся спіною па саломе і, нейкі абыякавы да ўсяго, аб чым трэба было цяпер дбаць, аддаўся спакою.
        Сцірта была вялікая, трошкі нахіленая, з вялізнаю снегавою шапкай наверсе. З гэтага боку, дзе прыткнуліся хлопцы, хтосьці падскуб салому, ад таго зрабіўся застрэшак, пад якім амаль не было снегу. Праз дзесяць крокаў адгэтуль валялася жалезная бочка з двума таўровымі абручамі, і ля яе, прыпарушаны снегам, ляжаў конскі труп. Плоская канячая шыя ўліпла ў снег, чэрава неймаверным горбам выперла ўгору, задняя нага высока задралася, і на ёй свежай іржой чырванела падкова.
        – I што ж рабіць? – з трывожнай паныласцю ў голасе спытаўся Блішчынскі, седзячы над картай.
        – Трэба чакаць. Можа, увечары выберамся, – сказаў Цімошкін, адчуваючы, што перамагчы стому ў яго ўжо няма сілы.
        – Цяпер нам канцы, разумееш? – нерваваўся пісар. – Вось дык улезлі!
        – Вось табе і тылавыя часці! – з Ціхай злосцю азваўся Цімошкін. – Хоць бы да франтавых выбіцца.
        – Чорт ведае што такое.
        – Думай. Ты ж разумны. Ты вёў.
        – Ага, я вёў, – зазлаваў Блішчынскі. – Я вёў не да немцаў, а да сваіх вёў. Не забывайся.
        – Можа, скажаш яшчэ, што ты ратаваў мяне? – без усякага запалу запытаў Цімошкін, тулячыся да саломы. Блішчынскі скіраваў на яго свае маленькія і вельмі рухавыя вочкі і глядзеў, нібы на вінаватага – са злосцю і прыкрасцю ад усіх іхніх цяперашніх няўдач.
        – Свінчо нясмаленае! Каб не я, ты і цяпер пад тым кустом ляжаў бы, сябрука б чакаў.
        – А ты б і цяпер пад агароджай сядзеў, – нядоўга думаючы, выпаліў Цімошкін, У хлопца ўжо накіпала на земляка – і за пахвальбу, і за бессаромную баязлівасць, і наогул за ўсё ранейшае, змоўчанае, перажытае ў сабе.
        – Ты што? Напраўду думаеш, што я баязлівец? – запальчыва ўсклікнуў Блішчынскі. – Думаеш, за сваё жыццё баюся? Можа, і так. Дапусцім. Хай. Але не забывайся: я гарматы не кінуў, як некаторыя... смелыя. А за гармату ты глядзі... Варта дазнацца начальству і... Разумееш?
        – А што гармата? – адкінуўся ад саломы Цімошкін. – Мы што – ворагу яе аддалі? Ці павінны былі цягнуць? Шчарбак вунь клін у рэчмяшку нясе, а болей што?
        Блішчынскі змоўчаў, а Цімошкін падумаў, што, пэўна, ён не забудзе ўжо на тую гармату. Можа, яшчэ, выйшаўшы да сваіх, перакруціць усё ды наплявузгае начальству – тады паспрабуй дакажы, што не так. Але хлопец не хацеў задзірацца, ліха на яго – урэшце было аб чым непакоіцца куды болей.
        Ён зноў падаўся ў застрэшак, Блішчынскі ж, відаць, не на жарты ўзрушаны новай няўдачай, гугнява скардзіўся:
        – А цяпер нам канцы. Гэта як піць даць. Калі нават і выберамся. Цяпер мы – акружэнцы. От жа д’ябальскае ліха! Улезлі!..
        Цімошкін і сам ведаў, што гэта кепска. Праўда, дагэтуль хлопец аб тым не думаў, яму ўсё здавалася, што да ранку яны выйдуць з варожага тылу, знойдуць сваю дывізію і ўсё растлумачаць. Але вось гэта затрымка, вельмі падобная на пастку, сустрэла хлопцаў на іх шляху да паратунку. Было ад чаго непакоіцца.
        – Цяпер акружэнцы, разумееш? – казаў Блішчынскі. – У анкеце ўжо не напішаш, што ў палоне і акружэнні не быў. Цяпер чортаў знак. Ды яшчэ асобы аддзел на цыгундар возьме. Разумееш?
        – А за што браць? – сказаў Цімошкін. – Што мы, якія злачынцы, ці што?
        – Гэ, злачынцы! Дзівак, – азваўся Блішчынскі. – Ты, мабыць, мала яшчэ пабачыў. А я дык ведаю. Злачынцы ці не злачынцы, а цяпер на кручок і – хадзі сюды, галубчык. Дакажы, што ты не вярблюд.
        Хто ведае чаму – ад гэтага чалавека ішло адно кепскае. Навошта ён напамінаў пра тое, хіба мала было турботаў для іх, знясіленых, галодных, параненых? У Цімошкіна ад тых яго слоў паднялася ў душы злосная крыўда, але ўсё ж нейкай цвярозай частачкай пачуцця ён згадваў, што ў якойсьці меры сяржант мае рацыю. Хлопец і сам памятаў некалькі выпадкаў, калі тых, што выйшлі з акружэння, адпраўлялі ў тыл і там наладжвалі следства. Праўда, тады яго гэта не дужа кранала, цяпер жа сам вось апынуўся ў такім становішчы. Ну, але хай правяраюць, хай пішуць пратаколы, думаў Цімошкін, ён нічога кепскага не зрабіў, і сумленне ў яго чыстае.
        I быццам у адказ на гэтыя яго думкі Блішчынскі неяк паныла сказаў:
        – Табе-та што? З цябе многа не возьмешь. А ў мяне вось вучоба гарыць. Разумееш? Тысячу халер на іх галаву! – злосна дадаў ён.
        – Якая гэта вучоба?
        – Якая? На курсы павінны былі паслаць. Разумееш? На курсы малодшых лейтэнантаў, – удакладніў Блішчынскі. – А цяпер, мабыць, амба. Не пашлюць жа акружэнца, – казаў ён, змрочна ўглядаючыся ўдалячынь і калупаючы ў зубах саломінай.
        Цімошкін ад здзіўлення ажно зварухнуўся – дык вось чаму такі клопат аб сваёй рэпутацыі і столькі ныцця. Ну вядома ж, уночы ля таго вала ён казаў праўду. Гэты чалавек, апроч як пра сваё жыццё, яшчэ дбаў і пра нейкую кар’еру на фронце. На гэтае быў здольны толькі Блішчынскі. Яшчэ немаведама, як вынесці адсюль ногі, а ён ужо бядуе, што не ўдасца трапіць на курсы. Яно і зразумела, бо Грышка ўсюды намагаўся знайсці якую карысць для сябе: адзіны раз, калі яму не пашанцавала, здарылася вось цяпер, і таму ён так упарта выкручваўся.
        У той ранак абодва яны былі ў роўных абставінах, шанцы на выратаванне ў іх таксама былі аднолькавыя, і загінуць яны маглі разам. Але Цімошкін усё ж не мог не адчуць у сабе прыемнага зларадства, што ўрэшце і ягонага земляка
        напаткала бяда. Хоць раз пазнае, дзе ракі зімуюць, а то прасядзеў паўгода ў штабе, начапляў медалёў ды яшчэ захацеў стаць афіцэрам.
        Цімошкін залез глыбей пад застрэшак, захінуў шынялём руку і, дрыжучы ўсім целам, з агідай і непрыязнасцю глядзеў на Блішчынскага. А той, нібы зусім не адчуваючы свае агіднасці, паныла і злосна сядзеў, падкурчыўшы пад сябе калені, і зорка пазіраў у поле.
        – Д’ябал яго ведае, як усё бязглузда сталася? Ты разумееш? Усё ішло ладна, і вось на табе. Добра, што я ў нядзелю ўзяў рэкамендацыю ў маёра. Цяпер у нябожчыка не возьмеш, – сказаў ён.
        Цімошкін зноў насцярожыўся.
        – Якую рэкамендацыю?
        Сяржант зірнуў на яго, бы на якога не вартага ўвагі недаростка, і зноў, пазіраючы ўдалячынь, неахвотна сказаў:
        – У партыю, вядома.
        – У партыю? Ты?
        – Ну а што ж? Чаго дзівуешся? Ты што, думаеш, не прымуць? Хе. А ты спытай у штабе, што такое пісар артчасці Блішчынскі. Табе скажуць. I нампаліт, і начштаба, і маёр Андрэеў сказаў бы. Разумееш? Што я, справы сваёй не ведаю? Ці малапісьменны? Камсамолец, былы партызан, актывіст. Улічы, я адзін у штабе з незакончанай вышэйшай адукацыяй. А што ты думаў?
        Цімошкін няўцямна пазіраў на сяржанта і думаў, што сёння яго больш ужо нічым не здзівіць гэты чалавек. Хлопец ужо зразумеў, які стаў ягоны зямляк за той час, як яны разлучыліся з ім у запасным палку. Ён ведаў, што Блішчынскага ўжо не пасароміш нічым, ні ў чым ён не раскаецца, ён нават і крыўдаваць не ўмеў за абразу, хоць, здаецца, і не лічыў сябе вінаватым. I ўсё ж Цімошкін сказаў яму:
        – Ты шкурадзёр, жулік, п’яўка. Цябе ж усе таварышы ўзненавідзяць! З такімі поглядамі цябе за сто вёрст да партыі не пусцяць.
        Сяржант выплюнуў саломіну, павярнуўся да земляка – у яго вачах тлела іранічная ўхмылка разумніка.
        – Смела сказана. Надзвычай. Толькі чаму я п’яўка? I чаму не пусцяць? Давай заложымся. Хочаш? Ну? Эх ты, малеча! – уздыхнуў ён ужо з ціхім сумам. – Што табе тлумачыць? Жыцця ты не ведаеш, пацан.
        – Калі ты ведаеш, дык чаму ж на сходах не абвясціў тое, што тут кажаш? Тады дык ты, нябось, па газеце шпарыў. Быў вунь які гладзенькі, ціхенькі, усё хваліў і падтрымліваў...
        Цімошкін ажно калаціўся – і ад сцюжы і ад злосці да гэтага надзвычайнага цыніка.
        – Падтрымліваў! – перадражніў Блішчынскі. – Што я, дурань на ражон лезці? На сходзе я казаў, што ўсе казалі. Што нампаліт даручыў. Я ж салдат усё-такі. Камсамолец і так далей. Ды што табе тлумачыць, хіба ты зразумееш?
        – Што разумець? Злыдзень ты!
        Здавалася хлопцу, ён болей, чым хто-небудзь, ведаў гэтага хітрага нягодніка, свайго земляка, і ў той жа час да канца яго зразумець было нельга. Напэўна, кожная яго мазгавая выкрутасіна мела сваю адносіну да свету, свой адметны ад людскога намер, увесь ён быў сплецены з разліку, фальшу і хітрасці. Але Цімошкін ніколі не чуў, каб ён так выварочваў перад кім сваё нутро, – цяпер жа, невядома па якой прычыне (можа, таму, што яны трапілі ў пастку, з якой не відаць было выйсця, ці, можа, ад доўгае зацятасці ў сабе сваіх паганых думак), Блішчынскі разгаманіўся і толькі нудзеў ды гугнявіў пра сваё жыццёвае крэда.
        – Д’ябла лысага ты разумееш! Ты проста недалёкае хлапчанё, тупак і недавучка, – казаў сяржант. – Што там у цябе – 9 класаў? А я філасофію вывучаў, мудрасць жыцця. Мае бацькі – сам ведаеш – мужыкі. Як жылі? У цемры, нястачы – праца, крупнік, лапці. Што і казаць! Але той час мінуў, і я хачу жыць лепей. Вырвацца ў людзі. Пэр ангуста ад аўгуста – праз цяжкасці да вышынь, разумееш? I я ж не забіваю каго, не краду, не рабую. Я сам па сабе. Што тут дзіўнага? Цяпер я вось кажу табе гэта, бо ты ўсё ж зямляк, хоць і такі калючы. Зноў-такі нас двое, сведак няма, а вунь немцы. Ды і колькі такіх, як я? Толькі яны не скажуць. Яны ў сабе жывуць і для сябе. Думаюць адно, а гавораць другое. Адны дурні адкрытыя і роўныя, як бёрны.
        Цімошкіну дужа захацелася ўстаць і пайсці ад яго – пайсці да іншых людзей, такіх, што былі ў іхнім разліку – да Шчарбака, Скварышава... Нават Здабудзька здаўся цяпер яму простым харошым дзядзькам. Але пайсці не было як. Ззаду, наперадзе і па баках былі ворагі, Шчарбак прапаў недзе ў снегавой ночы. Скварышаў, Кеклідзе засталіся навек у тым вузкім ровіку на іхняй агнявой пазіцыі. I толькі ён – гэты смоўж, самы агідны яму з дзяцінства чалавек, сядзеў праз крок ад хлопца ў гэткі гаротны час і спавядаўся гідотаю свайго жыцця. I Цімошкін яго слухаў, бо што ён мог зрабіць адзін у гэтай бядзе?
        «Эх, Ваня, Ваня, дарагі ты мой, любы сябра, – думаў ён. – Як ты патрэбны мне ў гэты час! Мы пахавалі з табой палавіну нашых сяброў, бачылі смерць кожнага і ведалі, дзе іх магілы. Але што я напішу тваёй маці, калі ўшанцуе мне выбрацца да сваіх? Быў бы ты тут, не было б мне гэтулькі клопату, пры табе не стаў бы плясці такое агіды Блішчынскі. Пэўна, ён прыкусіў бы язык ды казаў бы другое – хваліўся б добрымі справамі, якія б напэўна выдумаў. Ты, вядома, не даў бы яму плявузгаць, а ў мяне ўжо няма больш сілы спрачацца...»
        Блішчынскі тым часам устаў на ногі, крыху прыгнуўшыся, абышоў сцірту, аглядаючы наваколле. Немцы на выспе снавалі ўсё, як мурашкі, ззаду па дарозе імчалі аўтамабілі ў кірунку да фронту. У снегавым прасторы яшчэ паяснела, але неба было скрозь захутана шэрасцю хмар: дзьмуў сцюдзёны марозны вецер. Грышка зноў сеў, уціснуўся спіною ў салому, падкурчыў ногі і сцішыўся. Прыцярпеўшыся да болю ў руцэ, Цімошкін заплюшчыў вочы – у галаве салодка закружылася, паплыло, і неяк раптоўна ўсё сціхла.
        Ён задрамаў, сам таго не заўважыўшы, бы праваліўся ў якую бездань – без сноў і адчування часу. Праўда, спаць, здаецца, давялося нядоўга. Пастаянная ўнутраная насцярожанасць хутка скаланула акалелае цела, ён спалохаўся, каб чаго не здарылася, і расплюшчыў вочы.
        Ля сцірты ўсё было па-ранейшаму, скуголіў, шалясцеў саломаю вецер, Блішчынскі зябка скурчыўся побач, уткнуўшы твар у калені. Поле скрозь ляжала пустэльнае, на дарозе ззаду сюды-туды поўзалі аўтамабілі, ды на ўзгорку ўсё тырчалі немцы. У полі, навокал, на ўсю сілу кружыла мяцеліца, снегавыя вужакі віліся, матляліся, распаўзаліся па роўнядзі; вылізваючы прастор, няспынна імкнулі ўдалячынь шырокія хвалі завеі. Ад пакінутай бочкі са штампаваным у дне надпісам «Wehrmacht» выцягнулася ў полі выгінастая снегавая гурбіна. У ёй напалову схавалася нерухомая конская спіна, ногі, толькі пасмы чорнае грывы трапяталі, біліся на ветры, нібы ў іх яшчэ асталіся некія рэшткі жыцця. Не тое каб Цімошкін спачыў, але драмаць болей не адважыўся, тым больш што трэба было глядзець, каб не трапіць у горшае ліха.
        Блішчынскі спаў, соладка пасопваючы сабе ў калені, нанерваваўшыся і, пэўна, першы раз па-сапраўднаму адчуўшы крушэнне ўласных разлікаў.
        Трэба ж было даўмецца да такога нахабства, думаў Цімошкін, каб палезці нават у партыю. Хлопец заўжды лічыў, што такім, як Блішчынскі, не месца нават у камсамоле, што для гэтага ў яго не вельмі чыстыя рукі і бруднае сумленне, а ён – на табе – ужо здабыў рэкамендацыі ў партыю. I першы рэкамендуе яго непасрэдны камандзір, начальнік артылерыі маёр Андрэеў.
        Цімошкін пакутліва згадваў, як усё гэта магло здарыцца, і тады з забыцця нечакана выплыў адзін Грышкаў учынак, які некалі непрыемна ўразіў яго. Тое адбылося яшчэ ў абароне ў Малдавіі. Неяк трапіўшы ў штаб, Цімошкін захацеў пабачыць свайго земляка і пайшоў шукаць яго па камандным пункце. Блішчынскі, пэўна, вяртаўся з хутара, і хлопец спаткаў сяржанта з поўнай пілоткай абрыкосаў, якую ён нёс перад сабою між штабных зямлянак. На яго, вядома, накінуліся пісары, што з вясны сядзелі тут у зямлі і, апроч кукурузы і свіное тушонкі, не бачылі іншае ежы. Але Блішчынскі, смеючыся, адбіўся, выкруціўся і неўзабаве нырнуў са сваёю пілоткай у зямлянку маёра Андрэева. Цімошкін чуў праз завешаныя палаткаю дзверы, як маёр няёмка аднекваўся, а пасля гэтак жа нязвыкла дзякаваў пісару, відаць, узяўшы тыя абрыкосы. Хутка Блішчынскі выйшаў адтуль, задаволена ўсміхаючыся, надзеў на голаў парожнюю ўжо пілотку і хітра падміргнуў земляку. Хлопцы на перадавой не мелі такой раскошы, Грышка ведаў гэта, але, як і ўсіх, ён абышоў Цімошкіна, несучы свой пачастунак маёру. Відаць, гэта было не адзін раз, і, вядома, сэрца чалавечае – не камень. Блішчынскі ўмеў падладзіцца, лісіцай падпаўзці да чалавека і паказаць сябе зусім іншым, чым быў сапраўды. Доказ таму – гэтая вось рэкамендацыя.
        Цімошкін захутаў шынялём калені, глыбей у каўнер схаваў падбародак і зноў сказаў сам сабе: ліха яго бяры! Хацелася не думаць аб гэтым, забыцца, выкінуць земляка з галавы, але думкі самі сабой настойліва таўкліся ў свядомасці.
        Бач ты яго, нацэліўся на афіцэрскія курсы. Вядома, разлік тонкі: праз некалькі месяцаў вайна скончыцца, і ён гэты час перабудзе дзе-небудзь у тыле, будзе вучыцца. Ён клапоціцца ўжо цяпер, як уладкавацца ў пасляваенным жыцці (у тым, што выжыве, ён быў упэўнены), у яго ўсё разлічана на шмат год, спланавана, абдумана. А Цімошкіну з Ванем Шчарбаком трэба толькі адно – дажыць да канца вайны. Толькі б адужаць як гэтае крыважэрнае фашысцкае кодла, дачакаць перамогі, выжыць, убачыць хоць бы адзін мірны дзень без страху і крыві, і болей, здаецца, нічога не трэба. Яны згодны на ўсякую працу, на любое месца ў жыцці, ім усюды быў бы жаданы рай пасля таго пекла, якое яны перажылі на фронце.
        Балела, ныла, торгала Цімошкінава рука, адубелі ногі ў закасцянелых ад марозу ботах; вецер, здавалася, наскрозь пранізваў яго несамавіты шынелак. Скрозь шархацела, віравала завея, у сцірце, пэўна, ад сцюжы, папісквалі мышы. У хлопца ўсё скалянела, але ён ужо прывык да холаду, голаду і болю, наставіў каўнер, трываў і думаў. Спакой і развагі аб Блішчынскім разварушылі ў Цімошкіна затоеныя мары пра далёкае, недасяжнае пасляваеннае жыццё.
        Дзіўна ўсё ж уладкаван чалавек. Іхнія жыцці ледзь не на валаску віселі ў той час, скрозь былі ворагі, цяжка было дажыць да вечара, каб як ратавацца далей, а яго думкі забягалі далёка наперад – у той запаветны час, калі ўжо не будзе вайны. I ведаў жа ён, што сёння кожную гадзіну іх магла напаткаць смерць, але ўсё роўна не меў сілы ўтрымаць свае думкі-клопаты толькі на тым, як здабыць паратунак. Думалася, што будзе ж некалі – і мабыць ужо недалёка – канец вайны, перамога, і настане іншае, не падобнае на вось гэта – звычайнае людское жыццё. Хацелася ўжо цяпер асэнсаваць яго, даўмецца, што трэба яму ад таго жыцця і якім ён хоча яго для людзей і сябе?
        Цудоўныя, пэўна, гэта будуць часы, думаў Цімошкін. Людзі стануць з людзьмі як браты, знікнуць фанабэрыя, пагарда, хцівасць і зайздрасць. За час вялікіх пакут людзі навучыліся спагадваць чужому гору, падпарадкоўваць свае імкненні вялікай мэце, у асабістым задавальняцца малым. Усё ж такіх, як Блішчынскі, няшмат, а мільёны франтавікоў уведалі на вайне вялікае пачуццё братэрства – тое цудоўнае і светлае, што людзі набывалі, не трацячы, у гэтую ліхасць. I захаваць бы, зберагчы на доўгія гады гэты франтавы набытак, не даць бы на яго забыцца, не дазволіць яго збэсціць такім трутням вайны, як Ёлішчынскі. Гэта было б цудоўна, і – верыў Цімошкін – людзі зразумеюць і дамогуцца свайго.
        Яго ж дачыненне да тае будучыні ўяўлялася хлопцу дужа няпэўна. Калі, можа, пашанцуе выжыць яму, дык, мабыць, ён пойдзе вучыцца. Вядома, трэба будзе працаваць, але дзе і кім – ён не ведаў яшчэ і думаў, што ўрэшце гэта не так ужо і важна. Знойдзецца недзе кавалак хлеба, будзе таварыш побач, спакой мірнага дня – і хіба гэтага мала для звычайнага людскога шчасця? Праўда, можа здарыцца так – і гэта вельмі магчыма, – што побач апынецца Блішчынскі. Але чорт з ім. Рана ці позна людзі ўбачаць, які ён, зразумеюць і выкрыюць яго; у Цімошкіна цяпер лаяцца з ім не было ніякай ахвоты. Агідная гэта справа – лаяцца з чалавекам, ды яшчэ земляком, хадзіць, на яго даказваць ці нават выступаць на сходах, выкрываць, тым больш што вельмі нават могуць і не паверыць яму. Урэшце, ці варта ўжо так непакоіцца з-за якога аднаго вырадка, калі навакол столькі харошых хлопцаў. Так думаў Цімошкін, трошкі супакоіўшыся ў адзіноце і спачыўшы.
        Яшчэ ён думаў, што пасля гэткай суровай барацьбы за жыццё на зямлі ўсё, і благое і добрае, у людзях у свой час стане выразным і зойме сваё пэўнае месца; будзе як трэба ацэнен і гэты Блішчынскі, – час і гісторыя дамогуцца свайго, і чалавек урэшце паўстане перад людзьмі ва ўсёй яго праўдзівай сутнасці. Бадай, нікому яшчэ не ўдалося ніколі выдаць за белае чорнае, і наадварот. Не ачарнілі ж, не збэсцілі ні недарэчны лёс, ні подлыя людзі другога яго земляка і аднавяскоўца Адама Ждановіча. Колькі ён стрываў у жыцці, але ж ад таго не змяніўся, не азвярэў, захаваў у сабе ўсё найлепшае, а можа, нават і яшчэ болей палепшаў. Тыдзень назад хлопцу напісалі з вёскі, што знайшоўся, аб’явіўся знікшы на восем год Адам, ваюе цяпер на Першым Беларускім фронце, камандуе танкавай ротай, і шэсць ордэнаў, кажуць, блішчаць на яго грудзях. А чаго не перажыў толькі гэты чалавек, і вось жа адступілася сто разоў насядаўшая на яго смерць.
        Ён быў у іх першым актывістам, пасля сакратаром сельсавета, арганізоўваў калгасы, хадзіў і ездзіў па ўсёй акрузе, ніколі не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Аднаго разу яго падстрэлілі з драбавіка, аднойчы хацелі ўтапіць. Пасля нейкага сходу парнулі нажом, і ён пасля таго кульгаў цэлае лета... Затое як любілі яго дзеці! Ставіўся ён да іх весела, гулліва, заўжды жартаваў і часам апавядаў, якое будзе жыццё ў краіне праз шмат-шмат гадоў. У такі час ён станавіўся задуменналірычны і ветлы.
        У трыццаць сёмым ён ужо быў сакратаром райкома камсамола, прыязджаў калі ў іхняе мястэчка і, як і раней, ездзіў па вёсках. Толькі ў гэты час яго не было каму ненавідзець, і ніхто яго ўжо не спрабаваў забіць. Людзі паважалі яго – і маладыя і старыя – і болей за якое іншае начальства ведалі ў раёне. Да яго хадзілі калгаснікі са сваімі бясконцымі клопатамі, ён заўжды ўсім памагаў як мог. Іх маленькая, не болей чым за дзесятак кіламетраў вядомая вёсачка праз яго стала славутай у раёне. Усе ведалі, што ён іх, – гэты камсамольскі сакратар Ждановіч. А ён усё жыў нежанаты, без гаспадаркі ці якога набытку.
        Ягоны стары за пятнаццаць кіламетраў вазіў яму харч, маці мыла бялізну. I тады знайшліся ўсё ж ненавіснікі, якія рашылі знішчыць яго. Восенню неяк прывалокся з раёна стары Ждановіч, прынёс сякі-такі сынаў набытак і на ўсе роспыты толькі ўздыхаў; маці ж плакала. У той час нярэдка здаралася гэта, але ніхто ніколі не мог падумаць, што страшныя словы «вораг народа» будуць прылеплены да Адама Ждановіча. I вось так сталася. На доўгія гады, бы ў ваду, знік чалавек без следу і слыху.
        Вясковыя падлеткі дзіваваліся не менш за дарослых і ніяк не маглі зразумець, што гэта дзеецца ў свеце. Некаторыя мужыкі былі цвёрда ўпэўнены, што адбылася памылка, казалі, разбяруцца недзе і Адам неўзабаве вернецца. Але міналі гады, а ён не з’яўляўся. Цімошкіну ж душу доўга вярэдзіў незагойны боль па ім, і колькі хлопец сабе ні казаў, што Адам – вораг, калі так з ім зрабілі, сэрца яго не хацела пазбыцца шчырай прыхільнасці да чалавека. Шмат у тую пару было ім прачытана кніжак, паўставалі ўваччу і знікалі вобразы невядомых смелых людзей, а гэты свой хлопец Адам Ждановіч пакутным няўцямным болем доўгія гады жыў у ягоным сэрцы.
        I пэўна, даўно ўжо не адчуваў ён такой радасці, як у тым вузкім ровіку ля кукурузы, калі даведаўся з пісьма, што сэрца не ашукала яго.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.