РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
3
        
3

        
        Яны паехалі лесам чорт ведае куды і як: фурманка часам ледзь не пераварочвалася на нейкіх то ямах, то выварацінах, голле бязлітасна драла, шкрабло, сцёбала па возе і па седаках. Ляўчук, угнуўшы голаў, каб не выдрала вочы, і асцерагаючы пад накінутай ватоўкай плячо, ужо згубіў адчуванне напрамку. Добра, што Грыбаед, здаецца, ведаў тутэйшыя мясціны і не пытаўся пра шлях, конь некуды тупаў, з немалой натугай цягнучы за сабой воз — думалася, што едуць правільна. Ляўчук, яшчэ не адмяклы ад свае злосці, не размаўляў ні з кім, толькі слухаў, як бахала навакол і больш за ўсё ззаду; часам дзесь нізка загаралася ракета, і яе зыркае святло дзівоснай мітуснёй праносілася па вяршаллі дрэў, падсвечваючы і без таго светлаватае летняе неба.
        Неяк прадраўшыся праз глухую гушчэчу, яны ўрэшце ўзбіліся на лесавую дарожку, фурманка пайшла, спакойней, і Ляўчук усеўся трошкі зручней — пасунуўся, каб не навальвацца на нерухомае сцягно дэсантніка. Можна было падумаць, што той у непрытомнасці або заснуў, і Ляўчук ціхенька пацягнуў за ствол яго аўтамат, які замінаў і яму і параненаму, ды, мусіць, і Клаве, што месцілася ззаду фурманкі. Але як толькі Ляўчук пацягнуў трохі мацней, Ціханаў раптам ачнуўся, залапаў побач рукой і сцяў аўтамат за шыйку прыклада.
        — Не... Не чапай!..
        «Во дзівак! — падумаў са здзіўленнем Ляўчук, зрабіўшы выгляд, што аўтамат яго зусім не цікавіць. — Што ён за яго так трымаецца?..»
        Папраўдзе, дык Ляўчук нічога не меў супраць, каб прыбраць да рук гэты аўтамат, бо ў самога быў толькі парабелум з дзвюма пачачкамі патропаў у запасе ды ў Грыбаеда тырчаў за спіной карабін. Можа, яшчэ ў Клавы быў які браўнінг — увогуле дужа не шмат для таго, каб прабіцца за дваццаць пяць кіламетраў да Першамайскай брыгады, асабліва калі за грэбляю немцы, а, мабыць, яно так і ёсць. Не можа быць, каб, блакіраваўшы ўрочышча, яны пакінулі грэблю адкрытай. Мала што дакладвае разведка...
        Падумаўшы так, Ляўчук крануў Грыбаеда за локаць.
        — Стой!
        Ездавы пацягнуў лейцы, конь адразу спыніўся, яны трывожна ўслухаліся. Навокал было ціха, сціхала, здаецца, і пад Дубраўлянамі, дзе ўвесь вечар і ўночы ўсё джагала-ахала страляніна. Чутно было толькі задышлівае дыханне каня ды ціхі пошум начнога ветру ў голлі.
        — Далёка да грэблі?
        — Ды блізка ўжо, — сказаў Грыбаед, не паварочваючы да яго галавы. — Выгарыну праедзем, а там саснячок і грэбля.
        — Туды не паедзем, — раптам рашыў Ляўчук.
        — Во як! А куды ж?
        — Давай куды ўбок.
        — Як жа ўбок? — падумаўшы, нязгодна адказаў Грыбаед, — па-ранейшаму нерухома седзячы спіной да воза. — Там балота.
        — Паедзем цераз балота.
        Грыбаед трохі падумаў і з відавочнай неахвотай звярнуў з дарогі каня. Але па бездаражы конь зусім не хацеў ісці, тым больш праз хмызняк, і ездавы, нешта мармычучы сам сабе, злез з воза і ўзяў каня за аброць. Ляўчук таксама саскочыў на дол і, асцерагаючы правую руку, палез праз голле наперад.
        Ён сам не ведаў чаму, але ўпарта не хацеў ехаць на грэблю, калі б нават у бяспецы тае дарогі яго пераконвала сем разведак — грэбля не магла быць не занятая немцамі — гэта ён адчуваў усёй сваёй скурай. Праўда, ён не ведаў і іншай дарогі, недзе тут павінна было пачацца балота, а як пралезці цераз яго з канём і фурманкай, ён не меў уяўлення і толькі казаў сабе: там будзе відаць. Ён ужо надта добра зведаў на вайне, што многае робіцца ясным у свой час, на месцы, што ўсякі самы разумны план — мала значыць: як ні намячай, як ні абмазгоўвам, немцы ці абставіны ўсё перайначаць. Трэба было дзейнічаць, зыходзячы з канкрэтнасці, а будзеш, як сляпы плота, трымацца нейкага плана, дык хутка апынешся ў «магілёўскай губерні» і яшчэ пацягнеш за сабой іншых.
        Грыбаед, аднак, мусіць, разважаў інакш, і пакуль прадзіраліся праз гушчар, надта ўжо незадаволена бурчаў на каня, абзываючы яго то ваўкарэзінай, то злыднем, то тузаючы яго за аброць, то ляскаючы па баках пугаўём. Леўчуку ўжо пачала надакучваць гэтая яго зласлівасць, і ён збіраўся прыкрыкнуць на ездавога, як хмызняк скончыўся, пачалася лугавіна, наўкола пасвятлела, паяснела неба над галавой. Над роснай травой нізка стаяў золкі туман, пахла водарасцямі і багнай — наперадзе было балота.
        Фурманка спынілася, а Ляўчук пайшоў па высокай траве, пакуль пад ботамі не пачало чвякаць, услухаўся. Не, наперадзе было ціха, у тумане драмалі купкі алешніку, недзе зводдаль па-начному прыцішана скрыпеў драч, іншыя птахі яшчэ ўсе спалі. Ляўчук прайшоў далей, пад нагамі ўсё мякчэла, большаў імшарнік, часам нага правальвалася па костачку; у правым дзіравым боце ўжо стала мокра. Але ехаць тут было можна, конь, мусіць, прайшоў бы, а за ім прайшоў бы і воз.
        — Эй, давай там! — ціха гукнуў ён у шэры туманны паўзмрок.
        Ён падумаў, што Грыбаед рушыць за ім, але, прайшоўшы яшчэ якую хвіліну, не ўчуў за сабой фурманкі і раззлаваўся. Відаць, гэты ездавы зашмат браў на сябе, каб не слухаць старшага, якім тут усё ж быў Ляўчук. Трохі счакаўшы, ён мусіў вярнуцца і застаў фурманку там, дзе і пакінуў яе — ускрай балотца. Здаецца, Грыбаед і не думаў ехаць і, ссутуліўшыся ў сваім кароткім нямецкім мундзірчыку, стаяў ля каня.
        — Ты што?
        — А куды ж ехаць?
        — У балота?
        — Якое балота? Трымае.
        — Тут дык трымае, а далей — багна. Ужо я ведаю... Ляўчук зазлаваў — ён ведае! Багна — значыць, трэба перабірацца цераз багну, не сядзець жа тут давідна — хіба гэты чалавек першы дзень на вайне?
        Але ён ведаў, што Грыбаед не першы дзень на вайне, што ён, можа, болей за іншых навучаны гэтай вайной, і гэта крыху стрымлівала Леўчука ад злосці на ездавога. Ён толькі здзівіўся, калі пачуў, што Грыбаед нешта бурчыць пра грэблю.
        — Сказалі ж, праз грэблю трэба. Так жа сказалі. А то — балота...
        Ляўчук змяніў свой начальніцкі нецярплівы тон на сцішана-з'едлівы.
        — На грэблю, кажаш, ага? Цябе колькі разоў стралялі? Двойчы стралялі? Ну дык во — на грэблі застрэляць у трэці. У трэці ўжо добра застрэляць,— I зласліва дадаў: — Што табе, немцы дурні, так грэблю пакінуць?
        Грыбаед уважліва выслухаў яго, з поцягам, цяжка ўздыхнуў.
        — Ну дык што ж! Я не проці, ды толькі як?
        — Рухай за мной!
        Фурманка паволі і амаль без шуму пакацілася па траве, але неўзабаве конь пачаў прыпадаць то на пярэднюю, то на заднюю нагу, якія часам правальваліся надта глыбока, і, каб выцягнуць іх, трэба было ўперціся астатнімі, і тады правальваліся тыя. I ён увесь час так і тузаўся, стараючыся ўзбіцца на цвярдзейшае, толькі цвярдзейшага тут, мабыць, заставалася ўсё менш. Клава таксама злезла з воза і ішла ззаду. Грыбаед, часта спыняючыся, вёў каня за аброць дакладна па Леўчуковых слядах. Але нарэшце настаў час, калі і Ляўчук спыніўся — пачыналася багна, купкі асакі; над балоцістым прасцягам паўзло нізкае клочча туману, між якога люстрана паблісквалі вокны стаячай вады.
        — Ну во, уехалі! — выдыхнуў Грыбаед і аціх побач з канём, ад якога патыхала потам і парай, а конскія бакі хадзілі хадуном. Заднія яго ногі ўжо да каленяў асядалі ў багне.
        — Нічога, нічога! Ану пачакай, хай конь адпачне. Ляўчук кінуў на воз ватоўку і, хапаючыся левай рукой за чэзлыя лазовыя кусцікі, смела палез у балота, беручы ўбок, крыху наўскос — так яшчэ можна было трымацца. Ён ужо не ашчаджаў ног, якія да каленяў былі мокрыя, у ботах хлюпала і чвякала, замінала параненая рука, і ён трымаў яе засунутай за пазуху. Ён здорава праваліўся — ледзь не да пояса, але неяк выкараскаўся пад кустоўе дробнага алешніку, тут, здаецца, стала цвярдзей, пад нагамі быў які-ніякі грунт. Трэба было памеркаваць, у якім напрамку падацца далей.
        — Эй, давай сюды!
        Фурманка запялёхкала, конь спуджана зачвякаў нагамі, адразу праваліўся па самае чэрава. Ляўчук азірнуўся, падумаў: вылезе. Але не. Конь тузаўся, біўся, а вылезці з багністай ямы не мог. Тады ён, чвякаючы ў гразі ботамі, вярнуўся і, пакуль Грыбаед за аброць тузаў каня, упёрся здаровым плячом у зад фурманкі, натужыўся, сам ужо намачыўся па грудзі, і фурманка неяк наперакос выпаўзла з багны. Ззаду моўчкі, падабраўшы над белымі каленямі спадніцу, вылазіла на сушэйшае Клава.
        — Ой, госпадзі!
        — Ось табе і госпадзі! — знарок зласліва папікнуў Ляўчук. — Закаляйся, спатрэбіцца.
        Ён зноў рушыў наперад, але цяпер тут скрозь было мокра і дрыгвяніста, і ён доўга лез цераз дрыгву, змакрэлы па пояс, шукаючы здатны шлях далей. Аднак здатнага шляху ўжо не было, ён прайшоў наперад крокаў мо сто, а берага нідзе не знайшоў — усюды была дрыгва, асака, травяністае куп'ё і шырокія вокны твані, над якімі курэў туман. Тады ён вярнуўся да фурманкі і ўзяўся рукой за аглоблю.
        — Ану, рушылі!
        Грыбаед тузануў за аброць, конік даверліва ступіў раз і другі, высіліўся з усяе моцы, воз трохі скрануўся і стаў.
        — Давай, давай!
        — 9
        — 9
        Яны ўдвух не на жарт упрэгліся разам з канём, Ляўчук цягнуў за аглоблю, Грыбаед з другога боку за аброць і за гуж, конік біўся, тузаўся, усё глыбей патанаючы ў чорную гразь, якую ён каламуціў вакол нагамі. Але ён стараўся. Ён смела ішоў, здавалася, у самую прорву, куды яго ні вёў ездавы, звышконскім намаганнем цягнуў за сабой фурманку, якая ўжо па скрынку засядала ў дрыгве. Ужо ўсе былі ля яе па пояс у вадзе, ушчэнт перапэцканыя тванню, па твары і па спіне Леўчука ліўся пот. Ззаду, як магла, папіхала фурманку Клава.
        Здаецца, яны да ранку пракараскаліся на гэтай бездані, а канца балоту ўсё не было. I тады наспеў час, калі яны ўсе спыніліся і змоўклі. Грузнучы ўсё глыбей, яны трымаліся за аглоблі і фурманку, а бедны іх конь выцягнуў наперад галаву, каб як дыхаць; здавалася, каб не воз ззаду, дык ён бы паплыў па гэтай багне. Толькі куды было плыць?
        Паганы чарвячок вінаватасці і сумнення заварушыўся ў душы Леўчука, які пашкадаваў ужо, што сунуўся ў гэта балота. Можа, сапраўды, лепш было б ехаць на грэблю — авось і праскочылі б. А цяпер ні ўзад ні ўперад, хоць ты чакай світання. Ці кідай тут воз і нясі на сабе гэтага дэсантніка. Добра яшчэ, што не скардзілася Клава, трывала ўсё моўчкі і ў меру сваіх сіл неяк яшчэ папіхала фурманку.
        — Во ўлезлі, дык улезлі!
        — Я ж казаў, ага, — ахвотна падхапіў Грыбаед. — Улезлі, як дурні якія, як вылезем цяпер?
        — Можа, з кіламетр праехалі, — азвалася ззаду Клава. — О божа, я ўжо не магу...
        — Трэба назад, — сказаў ездавы. — А то і каня ўтопім, і гэтага. Дый самі. Тут ёсць вокны — ого! Па галаву — і яшчэ застанецца.
        Ляўчук разгублена выціраў рукавом лоб і маўчаў. Ён сам не ведаў, што цяпер рабіць, куды падацца: назад ці ўперад. Ды і сілы ўжо амаль не заставалася ні ў каня, ні ў людзей, яны ўжо выматаліся як мае быць. Сапраўды, чым так выкладвацца, падумаў Ляўчук, лепш бы паспрабаваць паткнуцца на грэблю.
        — Чакайце! — крыху аддыхаўшыся, сказаў ён. — Я пагляджу.
        Ён зноў палез у багну, стараючыся як мага менш пялёскаць у ёй, і ў адным месцы так шугануў, мабыць, у акно, што ледзьве не схаваўся ў ім з галавой. Неяк усё ж выкараскаўся на купіну, але і купіна дрэнна трымала яго, усё ніжэй асядаючы пад ваду — на такой купіне не доўга ўседзіш. Тады ён рэзка павярнуў убок, як здавалася яму, не ўпоперак, а ўздоўж балота, бо ўжо думалася не пра тое, як хутчэй адолець яго, а хоць бы не ўтапіць каня і не ўтапіцца самому. Сапраўды, тут, мабыць, была самая глыбіня, вадзяныя прагаліны сталі шырэйшыя, менш стала травы, а кустоўе лазы і алешніку зусім знікла. Тут ужо ў самы раз была б лодка, а не конь з возам, і Ляўчук каторы ўжо раз вылаяў сябе за неасцярогу.
        Як няздатна ўсё атрымалася, мусіць, трэба вяртацца...
        3 гэтай яшчэ канчаткова не аформленай думкай ён і павярнуў назад і як-кольвечы дабраўся да фурманкі, якая цярпліва замерла сярод багны з дзвюма апануранымі постацямі ў тумане. Яны цярпліва чакалі яго рашэння, яго слова аб тым, куды і як рухацца далей, бо неўзабаве павінен пачацца ранак, і тады ім на голым балоце не месца.
        Але Ляўчук яшчэ не дайшоў да іх і нічога яшчэ не надумаў, як недзе ў недалёкай начы імклівым рэхам пакаціўся па лесе стрэл. Праз секунду яму адказаў другі, траскотна ўдарыла кулямётная чарга, глуха і важка кахнуў мінамёт, і міна, завішчэўшы ў самае высі неба, неўзабаве разарвалася ў лесе. I тут пачалося: закалацілася, задзігала, загрукацела — дзіва, адкуль што і ўзялося ў гэтай соннай туманнай ночы.
        Яны ўсе знерухомелі, дзе стаялі, Ляўчук, разявіўшы рот, упіўся ў ноч слыхам і хацеў што-небудзь убачыць, але праз туманісты змрок нічога не было відаць. I раптам злая здагадка амаль узрадавала яго:
        — На грэблі, ага?
        — На грэблі, — паныла пацвердзіў Грыбаед.
        Яны зноў сціхлі, знерухомелі перад агромністасцю начной бяды, якая абрынулася на іншых, а вельмі проста магла б абрынуцца на іх чацвярых. Цяпер усіх дапякала адна толькі думка: хто каго? Але тут, мусіць, і думаць не было чаго — стралялі немцы. Страчылі з таго, іх боку. Зноў жа, і мінамёты, — мабыць, у іх атрадзе не было мінамётаў. Значыць, нехта ўсё ж не ўтрымаўся ад спакусы праскочыць па гаці, паспадзяваўшыся на разведку, і цяпер вось расплачваецца. Цяпер там незайздросна.
        I Ляўчук, здрыгануўшыся ад золкасці ці ад усведамлення свае нечаканай удачы, раптам са злым папрокам накінуўся на сваіх памагатых:
        — Ну во, вашай матары! А вы — назад! Ану давай упярод! 3 усяе сілы ўпярод! Раз-два, узялі!
        Прыслухоўваючыся да страляніны, яны зноў узяліся папіхаць і цягнуць фурманку, сцябаць і крычаць на знясіленага мокрага коніка. Аднак сілы іх былі ўжо не тыя, што спачатку, і фурманку, відаць, засмактала як мае быць. Марна правалэндаўшыся з ёю хвілін дваццаць, Ляўчук разагнуўся. Страляніна на грэблі ўсё калаціла лясны абшар. Тады ён, крыху спачыўшы, зноў палез у туман, беручы то ўлева, то ўправа, шырока мацаючы ў багне нагамі. Добра, што боты ў яго былі скураныя, не кірзачы, набрыняўшы цяпер у вадзе, яны селі, шчыльна абляпілі ногі і не звальваліся — інакш бы ён хутка застаўся босы. Ён рашыў найперш знайсці які шлях на бераг, калі толькі сам дзе не шусне з галавой у прорву, а пасля ўжо тым шляхам вывесці за сабой фурманку. Цяпер ён не зважаў на глыбіню, усё роўна па плечы быў мокры, ён толькі хапаўся рукой за куп'ё і дзе ішоў, а дзе плыў, рассоўваючы грудзьмі густую цёплую твань. Слых ягоны пры гэтым увесь час лавіў гукі бою на грэблі, якія то заціхалі, то ўсчыналіся зноў, і не зразумець было, хто там браў верх. Можа, збілі нашы нямецкі заслон, а можа, заслон дарэшты перастраляў партызан.
        «Ну і дурні,— думаў Ляўчук. — Чаго было перці ўсім на ражон, лепш ужо так, па балоце. Калі толькі там, за балотам, таксама не заселі немцы...»
        Надзіва цяпер яму ўжо не здавалася страшным балота, хутчэй наадварот: страшнае было на дарозе, на грэблі, а балота не першы ўжо раз укрывала яго, ратавала, цяпер ён проста любіў балота. Калі б толькі яно не было бяздоннае і, вядома, не дужа бяскрайняе.
        Неяк неўпрыцям ён згледзеў над туманам вяршалле кустоў і зразумеў, што гэта бераг. I сапраўды, праз якіх дваццаць крокаў балота ўраз скончылася, за нешырокай асакаватай паласой былі кусты алешніку, перад якім ляжала сенажаць, з пракосамі свежай травы. Ён не стаў нават вылазіць на сухое, узрадавана павярнуў назад, у багну, да свае фурманкі. Гэты раз ён ледзьве не згубіў яе, прайшоў у тумане міма і толькі тады пачуў ззаду ціхае пялёхканне каня і вярнуўся. Клава сядзела на паўзатопленым возе, відаць, ратавала ад вады дэсантніка. Грыбаед плёхаўся каля каня, не даючы, каб таго зусім засмактала багна.
        Яны маўкліва дачакаліся, калі ён падыдзе бліжэй.
        — Во што! — сказаў Ляўчук, хапаючыся за аглоблю,— Трэба паасобку. Распрагай каня, перавязём Ціханава, пасля, можа, фурманку. Бераг тут, недалёка...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.