РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
9
        
9

        
        ...Ён прасядзеў у двары гадзіну, не менш, сонца схавалася за дахам суседняга дома, і двор патануў у шырокім, гектара на паўтара, цені. Да Леўчука ніхто не падыходзіў і не трывожыў яго на зручнай дошчачцы-лаўцы, двор жыў сваім звыклым для яго жыццём — дзеці забаўляліся кожны сваім, дарослыя спяшаліся па справах ці займаліся кватэрнай гаспадаркай — зводдаль ад парога трэслі палавікі, падмяталі дарожкі; насупраць ля плота выбівалі цяжкія стракатыя дываны, і магутнае баханне выбівалак аддавалася гулкім далёкім рэхам. Бабулькі пасядзелі яшчэ крыху без сонца і пайшлі ў свае кватэры, а мужчыны ля недалёкага гаража ўсё калупаліся ў чэраве разабранага імі «Масквіча». Там жа круцілася некалькі цікаўных хлапчукоў.
        Ляўчук добра ўжо вывучыў гэты двор, усе яго куты і закуткі. Увогуле тут яму падабалася — чыста, дагледжана, толькі залішне шмат гаманы, людзей — як на кірмашы ў свята. Праўда, на ўсё, мусіць, патрэбна прывычка. Ён жа за жыццё прывык да вясковае цішыні, якая рэдка калі парушаецца гаманой, а болей галасамі жывёлы, курэй, далёкім тарахценнем трактара ў полі. Тут жа гамана, і грукат, і тарахценне — усё разам.
        Перабіраючы ў памяці рознае з таго, што тады з ім здарылася, Ляўчук усё не мог пазбавіцца ад думкі-пытання — хто ён цяпер? I які ён? Часам Ляўчук увачавідкі бачыў яго высокую постаць са спакойным неспяшлівым поглядам разумных вачэй, добразычлівай усмешкай да кожнага, знаёмага ці не, гатовым павітацца і загаварыць, калі трэба. Ён не любіў нахмураных і маўклівых людзей, хоць сам не дужа быў гаваркі, ну але гэта сам. Ён жа павінен быць ва ўсіх адносінах лепшы. Магчыма, ён інжынер, спецыяліст па машынах ці розных механізмах, якіх цяпер процьма ўсюды. Можа, нават сам робіць машыны, аўтамабілі, напрыклад. Аўтамабілі Ляўчук паважаў здаўна, некалі нават марыў стаць шафёрам, калі б не рука. Але з адною рукой не дужа кім станеш. Гады тры назад у іхні калгас прыязджалі з горада інжынер і тры тэхнікі, ладзілі на ферме кармакухню, ён тады трохі пагутарыў з імі — спадабаліся дужа, і Ляўчук нават падумаў: можа, і ён таксама спецыяліст высокага класа. Увогуле было прыемна.
        А можа, ён доктар у якой вялікай бальніцы, робіць аперацыі і лечыць людзей? Ляўчук ведаў, як гэта важна — умела лячыць людзей, бо сам пасля вайны часта наведваўся ў бальніцы, быў нават у санаторыі інвалідаў вайны ў Крыме. Там жа ў яго адбыўся прыкры канфлікт з доктаркай, якая яго зняважыла. Зрэшты, можа, гэта была і не знявага, а толькі непаразуменне, але тады ён падумаў, што калі б на яе месцы быў доктар-мужчына, дык ніякай сваркі і не адбылося б. I ён некалькі разоў пасля нават сасніў, што яго лечыць ён, хоць і не пазнае, і Ляўчук не мог яму расказаць пра сябе, бо ці ён паверыць? Сапраўды, адна толькі ягоная памяць, якія яшчэ ў яго доказы?
        Вядома, ён мог стаць кім хочаш — нават і ў галаву не адразу прыйдзе, кім ён можа быць у гэтым жыцці, калі ўдаўся, здатны на розум, вучоны. Вучоны — дык гэта ўжо пэўна. Скончыў інстытут і яшчэ нешта, можа, нават кандыдат, ці як яны там называюцца, тыя вучоныя. Адна дзеўка з іх вёскі выйшла ў горадзе замуж за дужа вучонага, улетку разам прыязджалі да маці, і яна інакш не называла яго як мой кандыдат. А маці, ведама, трохі цемнаватая жанчына, усё пераблытала і разы два назвала яго дэпутатам. Але не пакрыўдзіўся.
        Напэўна, яшчэ ён гаспадарлівы, любіць лічыць капейку і ўжо, вядома, не надта захапляецца чаркай — гэта такая брыдота цяпер сярод маладзейшых. Праўда, Ляўчук і сам некалі меў такі грэх, але ўжо даўно выпівае толькі ў свята ці з якой нагоды, калі, напрыклад, прыедуць госці. Ну, але сваё жыццё — не яму ў прыклад, ён павінен быць лепшы.
        Яшчэ ён не лаецца — ні ў якім разе. Не тое каб зусім не казаў калі грубага слова, але ўжо не так, як некаторыя з цяперашніх — што ні два словы, то мацюкі. Такіх Ляўчук не паважаў ніколькі, хоць бы яны былі вунь якія вучоныя ці нават начальнікі. Гэта ў вайну, сярод крыві, голаду, смерцяў, сварыліся і лаяліся, а цяпер завошта? Чаго цяпер не хапае ў жыцці?
        Але кім бы ён ні быў па прафесіі ці пасадзе, найперш павінен быць чалавекам. Ляўчук не ўкладваў у гэта паняцце якога складанага ці філасофскага сэнсу, гэта ў яго фармулявалася проста: каб быў добры, разумны і ўдачлівы, але не за кошт другіх. Ён дужа ўжо шмат нагледзеўся ў жыцці на розных спрытнюгаў, якія ладзілі свой дабрабыт за кошт іншых і былі разумныя з выгодай для сябе, з найбольшай для сябе карысцю. Такіх Ляўчук ненавідзеў, як можна было ненавідзець на вайне тых, хто спрабаваў выжыць цаною гібелі іншых. Сам ён ніколі нідзе не схітрыў, нікога не ашукаў з карысцю для сябе, гэта яму было агідна, і ён ненавідзеў тыя малыя ці вялікія хітрасці ў іншых.
        Зрэшты, усё гэта былі яго мары, думкі, перадуманыя ім за трыццаць гадоў — роўна палавіну свайго жыцця. На справе ж, ён ведаў, усё можа аказацца не так. Але ён не хацеў, каб аказалася не так, — ён прагнуў, каб было так, як павінна быць, як бы ён хацеў, каб было з яго сынам, якога не даў яму бог. Замест сына нарадзіліся тры падобныя на маці дачкі з усімі мацярынскімі звычкамі, характарам, аздобай. Ад бацькі ж у іх нічога. Тут, канечне, не сын, але столькі з ім звязана! Усё, што з Леўчуком сталася далей да канца вайны, хоць таксама было не лягчэй, але ўжо не тое. Тады ж ён выклаўся ўвесь, можа, нават пераўзышоў сябе, і на другі такі раз у яго проста не хапіла б пораху...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.