РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
15
        
15

        
        Першы нясмелы ранак напаткаў яго ўскрай балота, у рэдкім куп'істым алешніку.
        Пачынала віднець, далёкім нетутэйшым святлом займаўся шырокі ўскраек неба, навокал сталі відаць кусты і травяністы дол пад нагамі. Ляўчук зусім не ведаў, куды вёў яго лесавы шлях, але ўсё бег, ішоў, брыў па нейкіх альховых зарасніках і расцяробах; перайшоў мокры травяністы лужок і зноў зашыўся ў лісцвяны гушчар. У малады шчыльны ельнік ён не палез, а абышоў яго збоку і ўсё слухаў, хоць і без таго было чутна — яго даганялі. Усю ноч ззаду то цішэй, то мацней пагрозліва брахалі сабакі. Мусіць, у цемры яны адсталі ад яго, але ягоны след яны не гублялі. Значыць, як мае быць возьмуцца даганяць уранку.
        3 нязвыклай асцярогай ён нёс за пазухай маленькае цёплае цельца і думаў: хоць бы дзе напаткаць вёску, хутар, жанчын ці наогул людзей і аддаць ім малога. Сам ён, як бы ні стараўся, не мог уратаваць гэта жыццё. Да таго ж ён адчуваў, што немцы ад яго не адвяжуцца. Учора іх было сем, з вінтоўкамі, уночы з'явіўся кулямёт, а таксама ракеты і сабакі — значыць, у гэтым кірунку яны задумваюць нешта сур'ёзнае і маюць для таго сілу. А ён, дурань, наважыўся тут прабівацца ў Першамайскую, знайшоў месца...
        Ён хутка ішоў ускрайкам парослага алешнікам балота і не мог рашыць, абыходзіць яго вакол ці лезці ў багну. Без крайняй патрэбы лезці ў сцюдзёную ваду дужа не хацелася, думалася: недзе ж яно скончыцца ўрэшце, і ён яго абыдзе. Але, мяркуючы па ўсім, балота было немалое і цягнулася здалёку, ён брыў ля яго гадзіну, а яно не канчалася. Начная страляніна гучала цяпер дзесьці справа, але бахалі таксама і ззаду, і злева, — няйначай, баі ішлі ў розных кірунках. Ён жа трапіў у невядомы лясны закутак і брыў у той бок, куды гнала яго пагоня.
        Малы за пазухай часам неспакойна тузаўся, выгінаўся, але, добра захутаны ў шаўковай пялёнцы, пакуль што маўчаў, і Ляўчук з вострым непакоем падумаў, што будзе, калі ён расплачацца? Мусіць, яго трэба было даўно пакарміць, і таму ён так непакоіцца. Хіба ён разумее, што калі ім не падвернецца які шчаслівы выпадак, дык вельмі хутка абое яны распластаюцца ў зарасніку, пасечаныя аўтаматнымі чэргамі ці разарваныя аўчаркамі. Калі толькі пашэнціць. А то яшчэ могуць схапіць, вывесці на шашу і павесіць пашчэнкамі на круку ізалятара, каб канаў доўга і пакутна, як некалі Трафім Дыла, сувязны іхняга атрада ў Чарнушчыцах. Ляўчук, аднак, спадзяваўся, што, можа, раней, чым немцы дагоняць яго, ён наткнецца на добрых людзей ці вёску і спярша ўратуе малога. Самому яму было б лепш, сам бы ён асабліва не туляўся ад іх, а можа б, нават падпільнаваў гэтых гадаў і яшчэ памераўся б з імі сілай. Праўда, для таго патрэбны быў кулямёт ці хоць бы аўтамат, але і з пісталета ён страляў няблага, навучыўся ў разведцы. 3 малым жа ён не мог дазволіць сабе падобнай рызыкі, бо не быў упэўнены ва ўдачу, а дарма выпрабоўваць лёс не хацеў. I ён усё ішоў, бег, прадзіраўся праз зараснікі, пакуль не ўпёрся ў гэтае балота.
        Падобна было на тое, што ён забрыў у такую глушэчу, дзе не было вёсак, і надзея напаткаць людзей пачала ў ім хутка гаснуць. Мабыць, трэба было спадзявацца толькі на самога сябе. Але ён дужа хацеў зберагчы малога, ён з нейкай невыразнай для сябе надзеяй ухапіўся за яго і нізашто не хацеў разлучацца. Сапраўды, усе, каго даручалі яму ў гэтай дарозе, адзін за адным пагінулі, застаўся толькі нікому не вядомы, нікім не бачаны і, мабыць, нікому не патрэбны безыменны малы. Але менавіта ці не з гэтай прычыны ён стаў патрэбны яму, бо нейкім чынам звязваў яго з усімі, каго не стала — Клавай, Грыбаедам, Ціханавым і нават Платонавым; ён даваў Леўчуку нейкае абгрунтаванне ягоных пакут, як і апраўданне ягоных памылак. У гэтай малечы заключаўся для яго нейкі, хоць і не асэнсаваны яшчэ ім, сэнс, якім ён не мог пагарджаць, пакуль яшчэ быў жывы і заставаўся чалавекам. Калі ён яго не ўратуе, тады навошта гэтая яго ашалелая барацьба за жыццё, якім ён не прывык даражыць занадта і даўно ведаў, што выжыць на вайне — раскоша.
        — Нічога, нічога, браток, — сказаў ён услых да малога і сам не пазнаў свайго асіплага ад доўгага маўчання голасу. — Яшчэ мы пабачым...
        Бачыць, аднак, пакуль што не было чаго, а паслухаць ужо было можна. Можа, гэта і добра, што сабакі выдавалі сябе здаля сваім пагрозлівым гончым брэхам, які асабліва памацнеў на світанні. Ляўчук, прыслухоўваючыся, адзначыў іх набліжэнне і пашкадаваў, што ў ягоных кішэнях не засталося ні каліва табакі, якой можна было б зацерушыць свой след. Тады ён падумаў, што, мабыць, прыйдзецца лезці ў балота, іншага выйсця не будзе.
        Тут быў цвёрды высакаваты бераг з бярэзнічкам, балота трохі адступала ўбок, ён прабег у ранейшым кірунку з паўсотню крокаў і крута завярнуў назад. Там, дзе асакаватая забалаць бліжэй падступала да берага, ён шырока сігануў убок і, стараючыся не дужа слядзіць у траве, палез да бухматага лазовага куста ў багне. Спярша было неглыбока, вада даходзіла не вышэй халяваў, але потым пабольшала, ён пашкадаваў, што не ўзяў палку, хоць як яму было ўпраўляцца з палкай? Аднак па характары балота, па тым, што ў ім сярод вадзяных вокнаў зелянелі купіны з кустамі лазы і алешніку, ён зразумеў, што яно не павінна быць дужа тваністым і, можа, яго не засмокча.
        Прытрымліваючы малога за пазухай, ён асцярожна прабіраўся ад купіны да купіны, хапаючыся левай рукой за голле і паступова вязнучы ўсё глыбей. Ён не адышоўся яшчэ і ста крокаў ад берага, як ногі яго ўжо да каленяў патаналі ў гразі, хутка каламутная, з торфам і тванню жыжка падабралася да самых сцёгнаў, і ён думаў: хоць бы яна не стала глыбей, бо як тады ён будзе з гэтай сваёю ношай? Але балота і яшчэ глыбела, купіны радзелі, і між імі стаялі чыстыя, без зарасцяў, вокны чорнай вады, у якой плавала пляскатае лісце гарлачыкаў. Ляўчук ведаў, што гарлачыкі любяць глыбіню, і не соваўся туды, стараючыся лезці зводдаль ад іх, ля купін, дзе можна было ўхапіцца за мох і голле. Ён імкнуўся ісці хутчэй і асабліва не боўтаць нагамі, хоць усё роўна плёханне яго было чутна далёка, і ён разпораз спыняўся і слухаў. Аднойчы яму здалося, што ён чуе голас, нібыта вокрык, ён шырай расставіў у вадзе ногі і прыціх, болей, аднак, нічога не было чуваць. Памеркаваўшы, ён зразумеў, што вокрык даляцеў здаля і не мог адносіцца да яго. Значыць, яшчэ было трохі часу. Але пакуль ён прыслухоўваўся, ногі яго глыбей аселі ў багну, і ён з намаганнем павыдзіраў іх — спярша адну, а потым другую. Пакуль выдзіраў, намачыў знізу пінжак і падумаў, што так хутка вымакне ўвесь, тады чым захіне малога?
        Неяк дабраўшыся да замшаранай, аброслай аерам купіны, ён прыхінуўся да яе, асцярожна садраў з плячэй пінжак і абгарнуў ім малога. Той патузаўся, але не заплакаў і пакорліва сцішыўся ў цяпле яшчэ не астылай адзежыны.
        — Ну во і добра! Ну і ляжы. Галоўнае — ляжы і маўчы. Можа, яшчэ мы як-небудзь...
        Стоячы па сцёгны ў халоднай вадзе, ён услухоўваўся і выглядваў, куды падацца далей. Добра, каб надарылася дзе якая болей-меней сухая імшарына, які грудок ці востраў, дзе можна было б затаіцца ад сабак, пачакаць, пераседзець.
        Але, мусіць, не надта тут адшукаеш імшарыну, балота ўсё глыбела, і ён прабіраўся па ім з усё большаю рызыкай шуснуць з галавой у прорву. Скрутак з малым ён паднімаў усё вышэй і старанна намацваў дно, часам слізгаючы на глыбіні па блытаных каранях алешын і водарасцяў, часам ён траціў раўнавагу і ледзьве ўтрымліваўся над вадой, узнімаючы са дна каламутныя віры багны. Тым часам зусім развіднела, туману чамусьці тут не было, у высокім ранішнім небе стаяла некалькіх бухматых хмурынак, было ціха. I ў гэтай цішы да ягонага слыху данёсся раптам узмацнелы сабачы брэх.
        Ён азірнуўся і зразумеў, што гэта ўжо тут, ля балота, і тады здзівіўся, як ён мала адышоўся ад берага. Каламуцячы багну, кінуўся да бліжэйшай купіны, з якой лезла ўгору раздвоеная крывая алешына з закарэлым камлём. Купінка была маленькая — і на бяду — у глыбокім месцы, ён добра вымак, пакуль дабрыў да яе, і нават падмачыў у руках пінжак. Да таго ж ён патраціў шмат часу, яны былі ўжо недзе паблізу і, хто ведае, ці не ўчулі яго. Каб быць гатовым да горшага, ён прыхінуў скрутак з малым пад альховы камель і, прытрымліваючы яго рукой, другой нарыхтаваў пісталет. Вада тут даходзіла яму да грудзей, галаву няблага прыкрывала купіна, у самым нізе якой кусцілася маладая крушына. Ён затуліўся за яе і чакаў: калі палезуць з сабакамі, ён пвінен іх згледзець першы.
        Толькі б не заплакаў малы.
        Ён пачуў іх, і праўда, першы, яшчэ да таго, як згледзець: зашастала на беразе голле і прагучала нейкае слова, мусіць, каманда сабаку, — ён глыбей асеў у ваду і ўставіўся позіркам у незахінуты голлем ускраек берага. Ён перастаў дыхаць, вялікім пальцам ціхенька ссунуў засцерагальнік у парабелуме і тады ўбачыў іх у невялікім прамежку між кустоў і галля.
        Першы на доўгай вочапцы з зарасніку выбег сабака. Руды, з пагрозліва настаўленымі вушамі, ён імкліва вёў па зямлі чуйным носам, зрэдку кідаючы хуткія позіркі наперад — ішоў па следзе. Ззаду ледзьве паспяваў праваднік у зялёным разведчыцкім маскхалаце і казыркастай палявой шапцы. За ім шыбаваў яшчэ адзін гэткі ж немец з сабакам. Яны прамчаліся далей, і тады на бераг з кустоў высыпала ўся іх зграя — дзесятак карнікаў у аднолькавых маскіровачных халатах, узброеных аўтаматамі, абвешаных сумкамі, біклагамі і біноклямі. Доўгай чарадой яны выцягнуліся па беразе і, асцярожліва пазіраючы па баках, скіравалі па ягоным следзе, гатовыя ў кожную секунду разрадзіць свае аўтаматы.
        — Ох, гады! Ох, гады! — шаптаў ён здранцвелымі вуснамі, добра разумеючы, што ягоная справа дрэнь. Калі толькі яны не праскочаць далей з ягонага следу, то, мабыць, сядзець яму тут давядзецца нядоўга.
        На нейкі час пасля ён перастаў іх бачыць за алешнікам, толькі чуў, як шастала голле, і думаў, што ў бліжэйшыя секунды, мабыць, усё для яго і вырашыцца. Пройдуць ці вернуцца? Але там неўзабаве разгублена заякатаў сабака, пачуўся строгі гаспадарскі вокрык, нейкая нягучная кароткая фраза, і ён зразумеў, што сабакі згубілі след. Ён яшчэ глыбей апусціўся ў ваду, па самыя ўжо плечы, і трохі пахінуўся ўбок, каб лепш прыхавацца за купінай. Яшчэ ён азірнуўся назад — за вялікім прагалам чорнай вады стаяў куст лазняку, дзе, вядома, можна б схавацца лепш. Секунду ён адольваў у сабе рызыкоўнае жаданне кінуцца туды, пакуль была такая магчымасць, але стрымаўся — мусіць, цяпер ужо трэба было сядзець. Шкада, ён недалёка адышоўся ад берага, не хапіла часу: калі б ён раней наважыўся ўлезці ў балота, дык, можа б, яшчэ і выратаваўся.
        Не, далей яны не пайшлі — яны вярталіся.
        Ён зноў убачыў іх у тым жа парадку — адзін за адным немцы выбягалі з кустоў па ягоным следзе назад, і ён сцяўся, упіўся ў іх з-за крушынавага голля вачамі, з заміраннем сэрца чакаючы: а што, калі спыняцца? Калі спыняцца і сабака пакажа ў балота — тады ўсё. Тады, лічы, ён гатовы.
        Здаецца, яны трошкі праскочылі далей ад яго павароткі, першы сабака дык пэўна праскочыў і з ім праваднік, астатнія яшчэ ішлі па беразе, і тады ён ясна ўбачыў у асацэ пры беразе свой след. Ну, так і ёсць, некалькі вельмі прыкметных на вадзе крокаў — прытаптаная асака і скаламучаная, яшчэ не адстоеная твань, — ах ты, бог мой, якая неасцярожнасць! I так блізка ад берага! Хоць бы яны не заўважылі, хоць бы прайшлі за сабакам! Дранцвеючы ад холаду і напружання, ён сачыў, як гэтае месца ля бярэзнічку прамінуў адзін, другі, трэці... Ужо заставалася чалавекі тры, і вось прабег і апошні — растаўсцелы карнік з азызлым, счырванелым тварам. Ляўчук дазволіў сабе ўздыхнуць глыбей — можа, і абыдзецца...
        Ногі яго надта засмактала ў твань, і ён пасунуўся грудзямі на імшарыну, схіліўся над малым, які ўвесь час неспакойна варушыўся ў яго пінжаку, нібы хацеў скінуць яго з сябе і зірнуць, што робіцца на свеце. Ляўчук заглянуў пад палу — тварык малога незадаволена зморшчыўся, і Ляўчук спалохаўся ад думкі, што малы зараз заплача. Каб як не дапусціць да гэтага, ён выдраў паблізу аерыну, адарваў ад яе мякчэйшую частку кораня і сунуў малому ў рот — смакчы! Той і сапраўды зацмокаў, прыціх, а Ляўчук падумаў, што надоўга ці не, а, здаецца, ашукаў хлопца.
        Затым ён услухаўся — немцы, чуваць было, гойсалі зводдаль, ён думаў, зноў вернуцца, але яны пакуль што не вярталіся, мабыць, яны стараліся знайсці яго след. Хвіліну чуваць быў іх гоман, ці то яны аб чымсь там спрачаліся, а можа, камандзір аддаваў новы загад. Даляцеў яго зычны голас-каманда, і хтосьці адгукнуўся на яе зусім блізка, ледзь не на самым беразе. Ляўчук зноў затаіўся, ён перастаў разумець, што яны ўздумалі, і зноў затрывожыўся.
        Ён пачаў азірацца, шукаючы нейкае выйсце, і падумаў, ці не рызыкнуць усё ж перабрацца за той куст лазняку, а можа, і далей, пакуль іх няма паблізу і пакуль яны не знайшлі яго след. Але толькі ён падумаў аб гэтым, як убачыў насупраць немца: павесіўшы на шыю боты, той лез басанож у балота, здаецца, якраз па ягоным следзе. Другі з аўтаматам напагатове стаяў на беразе і, відаць, падбадзёрваў таварыша:
        — Forwarts, dort ist es nicht tief!1
        — Ніеr ist eine Kluft2,— незадаволена бурчаў босы, сунучы нагамі ў вадзе.
        Ляўчук зноў вялікім пальцам перавёў засцерагальнік і паклаў ствол пісталета на ніжнюю галінку алешыны. Ён рашыў падпусціць немца не далей як да акна з разбоўтаным покрывам раскі і стрэліць. Адсюль ужо ён не вылезе са сваімі ботамі; пасля той, з берага, мабыць, расстраляе яго. А можа, ён паспее зняць і таго...
        Ну, во і ўсё... А столькі было страху і перажыванняў, калі ўсё канчаецца так проста, звычайна і амаль недарэчна...
        Як заўжды ў хвіліны безнадзейнасці ад яго адлятаў страх, тым болей спалох, мозг яго пачынаў працаваць цвяроза і дакладна, рука рабілася дужай і цвёрдай. У такі момант ён не прамахнецца. Немец, аднак, не спяшаўся, лез асцярожна, высока перастаўляючы ў вадзе белыя худыя ногі з падкасанымі вышай калена калошынамі. Калі ён нагінаўся, боты біліся галоўкамі па жываце, там жа боўтаўся аўтамат, які ён падтрымліваў правай рукой. Зрэдку толькі ён кідаў наперад кароткія позіркі з-пад казырка свае шапкі, а так усё глядзеў пад самыя ногі, шукаючы, куды лепей ступіць.
        «Ну што ж, можа, так і лепей! Ідзі, ідзі, гад!»
        I ён ішоў, несучы яму смерць і сабе, напэўна, таксама. Пагрузшы вышай каленяў у багне, ён падышоў да крушынавага кусціка, ухапіўся за галінку рукой і раптам, мабыць, паслізнуўся на дне — бокам шуснуў у ваду па грудзі. Спрабуючы падняцца, праваліўся яшчэ глыбей, збіў локцем шапку, якая паволі паплыла ад яго, хутка асядаючы пад ваду. Ускаламуціўшы вакол багну і ўжо не разбіраючы дарогі, кінуўся назад, на мяльчэйшае, і раззлавана загергетаў да таго, што стаяў на беразе і рагатаў, выкрыкваючы штосьці жартоўнае.
        Мокры, аблеплены тванню немец выбраўся з балота і, усё нешта гергечучы там, знімаў з сябе кіцель, штаны і ўсё іншае, пакуль не застаўся голы. Удвух яны там доўга выкручвалі яго абмундзіроўку, з якой цурком лілася балотная вада. Ляўчук зусім адранцвеў ад холаду, яго пачынала біць ліхаманка, — ён не мог дачакацца, калі ж яны ўрэшце скончаць валэндацца і гэты апранецца. Вось ён ужо нацягнуў штаны, сятчастую блакітную майку, пачаў абувацца. Той, другі, даўганогі і, мабыць, маладзейшы, з ліхтарыкам на грудзях, штось гэйкнуў у хмызняк, яму адказаў здалёку другі голас, і Ляўчук пачуў, як на беразе лязгнуў затвор. Гэта яго зноў насцярожыла — што будзе?
        Але гэты раз чакаць давялося нядоўга, воддаль затрашчала аўтаматная чарга, над балотам разгоніста, з віскам панесліся кулі. Ляўчук не зразумеў — куды гэта яны? Здаецца, апроч яго, тут не было нікога, але ж яго яны быццам не ўбачылі. Ды і стралялі не ў яго, а недзе ўбаку, куды пабеглі тыя, з сабакамі. А можа, там яшчэ хто, можа, там партызаны? Гэтыя два немцы таксама пабеглі на стрэлы; задні таропка, на бягу надзяваў кіцель, перахопліваючы з рукі ў руку аўтамат.
        Ляўчук рашыў уцякаць далей у балота і толькі падхапіў на рукі малога, як зноў чарга адтуль распырскала паблізу ваду, дробная галінка з алешыны ўпала на яго плячо. Ён стаіўся, аблёгся на купіну, падабраў пад сябе малога. Але хутка ён зразумеў, што гэта выпадковыя кулі — білі ўсё ж наўгад. Тады ён зноў апусціўся па самыя плечы ў твань і праз крушынавае голле ўтаропіўся на край берага.
        Неўзабаве яму стала відаць, што адбывалася — яны зноў выстраіліся на беразе воўчаю зграяй і, паволі ідучы ля балота, расстрэльвалі яго з аўтаматаў.
        Трошкі ўжо абнадзеены, Ляўчук зноў апанурыўся — не адно, дык другое. Не ўзялі сабакамі, ацалеў ад немца, дык расстраляюць за купінай сляпою чаргой, і ён ціха апусціцца пад ваду, згіне ў твані. Не самая лепшая доля з усіх магчымых, вызначаных яму вайной. Добра, калі разам заб'юць малога, а раптам застанецца?..
         Мабыць, растрывожаны стралянінай, малы зусім ужо занепакоіўся і пачаў ціхенька скуголіць у пінжаку. Ляўчук тужэй захінуў полы пінжака — што будзе, калі яны ўчуюць плач? Асабліва сабакі, якія адразу ж, як толькі пачалася страляніна, таксама падалі свае пагрозлівыя галасы і брахалі, скавыталі, аж захліпаліся, — мусіць, ірваліся ў балота. Але гэтае траскоцце дзесятка аўтаматаў, вядома, найперш аглушыла саміх стралкоў, і тыя пакуль што не маглі чуць далёкага слабенькага плачу малога.
        Страціўшы ўсе надзеі, Ляўчук самотна глядзеў, як тонкія трасірныя струмені куль набліжаліся да яго купіны. Немцы не шкадавалі патронаў і расстрэльвалі кожную купіну, кожны бугорчык моху, кожны куст і кожнае дрэўца ў балоце. Тысячамі пырскаў кіпела, вірыла, перамешвалася з гразёй вада, ляцела ў паветра лісце, галлё, асака, паднятая з пырскамі вады зялёная раска. Абабітыя кулямі вольхі то тут, то там засвяціліся белымі плямамі на чорнай кары. Агонь быў такі, якога Ляўчук не чуў ужо даўно, хіба што на фронце, у сорак першым пад Кобрынам; уцалець у ім было, відаць, марнай надзеяй.
        Ён скурчыўся за купінай, як можна глыбей асеў у ваду. Шкада, нельга было пад ваду схаваць малога, які ўвесь быў наверсе, трохі захінуты імшарынай. Мусіць, яму дастанецца першаму. Але тая чарга, што прыкончыць яго, не міне і самога Леўчука, так што аднолькава дастанецца абодвум.
        — Ах, гады, гады!..
        Усё на тым жа голым краёчку берага ён зноў убачыў таго самага даўганогага немца з ліхтарыкам на жываце, які, выйшаўшы з зарасніку, упёр адкідны прыклад аўтамата ў плячо і запусціў у балота чаргу. Дзесятак куль, сярод якіх былі і трасірныя, паднялі ў паветра мох з бліжэйшай ад берага купіны, затым паляцела альховае лісце з суседняй. Чарга няўхільна набліжалася да яго. Малы пад рукамі, нібы прадчуваючы хуткі канец, заплакаў мацней, але ў траскоцці і водгуллі чэргаў Ляўчук ужо сам не надта чуў гэты плач. Ён сачыў за кулямі, каб у час адзначыць для сябе апошняе сваё імгненне і датрываць да яго. Далей трываць ужо не давядзецца.
        Тым часам на беразе іх стала ўжо трое. Пярэдні перабег далей, затое два іншых разам прыклаліся да аўтаматаў, і струмень куляў са свістам пранёсся каля ягонай алешыны. Аднекуль зверху плюхнулася ў ваду збітае кулямі маленькае травяное гняздзечка; у паветры паплыў белы пух, і некалькі пер'яў асела на яго купіну. Ляўчук затуліў малога рукой, уціскаючы яго як мага ніжэй у мох, другой накіраваў пісталет на бераг. Ён збіраўся стрэліць у таго, што, змяніўшы магазін, прымерваўся для трэцяй чаргі. Праўда, для пісталетнага стрэлу было далекавата, ад напружання і дрыготкі яму было цяжка зладзіць з рукой. Усё ж ён прыцэліўся. Але нечакана новая думка з'явілася ў яго галаве, калі ён адчуў, што б'юць яны чамусь па-над купінай, быццам паверсе; іхнія чэргі ідуць па-над яго галавой і далей. Ён асцярожна азірнуўся і ўбачыў, як густа ляцела ў паветра лістота з лазовага куста, у які ён нядаўна яшчэ хацеў улезці. I тады ён сцяміў, што яны, пэўна, бачаць там найбольш падазронае месца і таму так старанна абстрэльваюць яго.
        Тады ў Леўчука зноў загарэлася надзея, ён шчыльней захінуў малога, сам аглушаны трэскатам і рэхам, што бушавалі з краю ў край над балотам, не чуючы яго плачу; ён толькі чуў, як малы тузаўся пад яго рукамі. Хоць бы не задыхнуўся, думаў Ляўчук, да болю сціскаючы пашчэнкі — было так холадна, што ён ледзьве трываў у гэтай ідыёцкай сваёй нерухомасці.
        Страляніна, аднак, пасунулася ў левы бок, мусіць, тут ужо ўсё было як мае быць імі абстраляна. Наўкола ў асацэ валялася свежае альховае голле, у вадзе густа плавала лісце. Непадалёк, трымаючыся на валакенцы, вісела над вадой збітая куляй верхавіна бярозкі.
        На гэтым краі балота стала цішэй, здаецца, яны сышлі далей, і ён наважыўся. Ён падхапіў скрутак з малым на плячо, прыціснуў яго левай рукой і з пісталетам у правай ціхенька, каб не дужа плюхаць у вадзе, пусціўся за той, расстраляны многімі чэргамі куст лазы. Мабыць, ужо другі раз расстрэльваць яго не будуць.
        За лазняком было даволі ўсё ж схоўна, у вадзе скрозь было нацярушана лісця, плавала выбітае кулямі карэнне водарасцяў; водарасці і ашмоцце твані віселі на пасечаным голлі куста. I ён падумаў, што, мабыць, яшчэ не зусім адцуралася ад яго ўдача, калі ён да часу не паспеў дабрацца сюды. Тут бы ён, пэўна, і ляжаў цяпер, сцякаючы крывёй у багне...?
        — Ціха, ціха, браток. Памаўчы трошкі, — сказаў ён малому, нядоўга адпачыў, агледзеўся і бокам-бокам, вязнучы па пояс у твані, дзе прыгінаючыся, а дзе ледзь не плывучы, падаўся далей у балота, думаючы, што калі яно не ўтопіць, дык, мусіць, уратуе яго.
        
        1. - Наперад, там неглыбока! (ням.)
        2. - Тут прорва (ням.)

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.