|
МЫШКА ПІК-ПІК РАМАНТУЕ ТЭЛЕВІЗАР
|
|
|
МЫШКА ПІК-ПІК РАМАНТУЕ ТЭЛЕВІЗАР Аднойчы Мама, Тата і дзяўчынка Веранічка паехалі ў вёску. Мышка Пік-Пік прачнулася, вылезла з норкі і ўбачыла, што яна ў кватэры адна. I настрой у мышкі адразу так сапсаваўся, што нават есці ёй расхацелася. – Вой! – спалохалася мышка. – Так я схуднець магу! Трэба якнебудзь развесяліцца! А што лепей дапаможа ў гэтым, як мульцікі! I Пік-Пік пабегла да тэлевізара. Мышка лічыла, што мульцікі ў Менску паказваюць увесь час, без перапынку, – варта толькі ўключыць тэлевізар. Не звярнула ўвагі мышка і на тое, што была сярэдзіна ночы, а ноччу тэлевізар адпачывае. Пік-Пік пабегла ў залу і націснула на кнопку ля экрана. Экран засвяціўся, тэлевізар загуў, але ніякіх мульцікаў мышка не ўбачыла. На экране мітусіліся шэрыя кропачкі. «Сапсаваўся тэлевізар! – падумала мышка. – Вось гора. Трэба яго адрамантаваць». Тата рамантуе тэлевізар проста: стукае па ім кулаком, тэлевізар палохаецца і пачынае паказваць фільмы і футбол. Падскочыла мышка да тэлевізара і забарабаніла па ім лапкамі. Але лапкі ў мышкі маленькія, і тэлевізар працягваў паказваць шэрыя кропачкі. Пік-Пік старалася, як магла. I скакала па тэлевізары, і на ўсе кнопкі націскала... «Трэба малатком!» – вырашыла мышка, палезла пад тумбачку і выцягнула зпад яе патрэбную прыладу. Але малаток аказаўся такі цяжкі, што Пік-Пік ніяк не магла яго прыўзняць. Можа быць, паспрабаваць адгрызці ад яго кавалачак? I Пік-Пік угрызлася ў драўляную ручку малатка. Хутка ад ручкі амаль нічога не засталося, і мышка абедз вюма лапкамі падняла цяжкую жалязяку... Тая выслізнула і гучна ўдарылася аб падлогу. На шум прыбегла Пепіта. Яе Вераніччыны бацькі спецыяльна пакінулі дома, каб прыглядала за шкодніцай мышкай. Пепіта ўбачыла, што тэлевізар уключаны, на падлозе валяюцца трэскі і жалезны наканечнік ад малатка... Пік-Пік, зразумела, ужо не было – яна даўно сядзела ў норцы. Пепіта выключыла тэлевізар, падмяла падлогу, схавала малаток і гучна сказала: – Я ведаю, што гэта ўсё ты нарабіла, Пік-Пік. Вось заўтра вернуцца Тата, Мама і Веранічка, я ім ўсё раскажу! Мышка, як пачула, што заўтра ўсе вернуцца з вёскі, адразу павесялела. I есці захацела. Ледзь дачакалася, пакуль Пепіта засне і можна будзе прабрацца на кухню, да ўлюбёных пернічкаў.
|