|
МЫШКА ПІК-ПІК І ХАЛАДЗІЛЬНІК
|
|
|
МЫШКА ПІК-ПІК І ХАЛАДЗІЛЬНІК Аднойчы ноччу, як звычайна, мышка Пік-Пік захацела есці. Але чамусьці нічога цікавага на кухні не знайшлося. «Мама хавае ўсё смачнае ў халадзільніку, – успомніла мышка Пік-Пік. – Думае, што я туды не дабяруся. А вось і памыляецца!» І сапраўды – Пік-Пік так апантана тузала дзверцы запаветнага сховішча смакоццяў, што ёй удалося іх расчыніць. Ускочыла мышка на жалезную паліцу – вось яно, мышчына шчасце! Шкада, торціка няма. Белыя дзверы бязгучна зачыніліся за мышкай – яно і лепей, ніхто не перашкодзіць. І Пік-Пік пачала есці. Яна ела каўбаску, масла, смятанку і тварог і нават нейкія таблеткі. Наелася Пік-Пік і захацела выйсці. Але не змагла. Яна не ўмела адкрываць халадзільнік знутры. Неўзабаве Пік-Пік пачало калаціць ад холаду. Яна моцна дрыжэла: «Дрдр-др-др!..» – так што нават халадзільнік пачаў хадзіць ходырам. Спачатку ён стукнуўся аб газавую пліту, і атрымалася : «Бух!», пасля –аб буфет, і атрымалася: «Бух-бухбух!» Мама, Тата і Веранічка прачнуліся. Што робіцца на кухні? Пайшлі на грукат і ўбачылі, як халадзільнік швэндаецца з кута ў кут і калоціцца. – Там злодзей, – цвёрда сказаў Тата. – Я смелы. Я пайду і выклічу міліцыю. Усе назад! Адыходзім! Але тут ад вялікага калатуна дзверцы халадзільніка расчыніліся, і Мама, Тата і Веранічка ўбачылі: у пустой лядоўні, вымурзанае ў смятанку, сядзіць нешта, трохі падобнае да мышкі. Мышка Пік-Пік не стала чакаць, калі яе пазнаюць, і плітанула ў норку, грэцца і спаць.
|