ПІК-ПІК I БРАЦІК Ляжала мышка ў норачцы на канапе і драмала. А скрозь салодкую дрымоту да мышкі даносіліся прыглушаныя галасы Таты і Мамы. Паступова Пік-Пік пачала прыслухоўвацца да таямнічай размовы. I раптам сонная лянота ўраз адляцела ад мышкі. Што яна пачула! У Веранічкі хутка з’явіцца брацік! Невядома, скуль ён возьмецца, але гэта будзе натуральны хлапец, які паселіцца ў Вераніччыным пакойчыку, побач з шафай, пад якой яе, мышчына, норка! Які жах! Пік-Пік добра ведала, што такое хлопчыкі – яны нярэдка прыходзілі сюды ў госці разам з татамі і мамамі. Як гаварыла Маміна знаёмая цётка, «усе хлопчыкі створаныя па адным рэцэпце: шмат крыку і тлуму ў абалонцы з гразі». I гэтае пачварнае стварэнне пачне бегаць па кватэры, есці мышчыны цукеркі і ламаць Вераніччыны цацкі. А потым, як усе хлопчыкі, захоча паглядзець, што ў мышкі ў норцы, ды і злавіць яе самую, пасадзіць у клетку... Не, страшна нават і ўявіць! Мама і Тата даўно выйшлі з пакоя, а Пік-Пік усё сядзела і думала. Нарэшце выпаўзла з норкі і пабрыла ў залу, дзе Веранічка глядзела мульцікі. – Прывітанне, Пік-Пік, ты чаго такая засмучоная? – папыталася Веранічка. – А ты што, не здагадваешся? У цябе хутка з’явіцца брацік! – трагічна абвясціла мышка. – Ну і што? – здзівілася Веранічка. – Гэта ж цікава! Я буду з ім гуляцца. – Гуляцца? Хаха! – сказала мышка. – Жыцця ты не ведаеш! Прыйдзе хлопчык, паесць цукеркі, паламае твае цацкі і будзе нас з табой з кута ў кут ганяць! – Ды не можа быць! – засмуцілася Веранічка. – Мама ж казала, што брацік будзе зусім маленькі... Але і ў Веранічкі настрой сапсаваўся. А тут яшчэ Маму забралі ў бальніцу... – Ну, Веранічка! Вось у цябе і з’явіўся брацік! – весела абвясціў назаўтра Тата. – Хутка прывязём яго дадому! Прыйшла Вераніччына бабуля, і яны разам з Татам пачалі рыхтавацца да прыёму важнага госця: памылі стары Вераніччын ложачак, каляску, накуплялі пялюшак... Нарэшце, калі Пік-Пік і Веранічка падрыхтаваліся да горшага, у кватэру ўвайшла Мама з маленькім белым скрутачкам на руках. – А дзе ж брацік? – здзівіліся мышка і Веранічка. А маленькі скрутачак раптам сказаў: – У-ауа-уу-уауау! – Гэта наш Максім! – растлумачыла Мама і паказала скрутачак Веранічцы. Мышка ўскараскалася на Вераніччын плячук і таксама зазірнула ў скрутачак. А адтуль выглядаў маленькі ружовы тварык з кулачок навеліч. Раптам на тварыку расплюшчыліся вочкі і ўтаропіліся невядома куды. – Гэта і ёсць хлопчык? – здзівілася мышка. – А чаму ён нічога не гаворыць? – Не ўмее, – сказала Мама. – А бегаць ён умее? – Не, нават хадзіць не ўмее. – А што ж ён будзе есці? – дапытвалася мышка. – Малачко. – Адно малачко? – не паверыла Пік-Пік. – А цукеркі? А пячэнне? Мама засмяялася: – Гэта ўсё ён будзе есці толькі на наступны год, калі зубкі вырастуць... – Ну, калі так... Калі так, няхай Максім жыве з намі. Не страшна, – супакоілася мышка. – А мне дык ён вельмі падабаецца, – сказала Веранічка. I Мама панесла хлопчыка ў ложачак, а мышка пабегла на кухню, есці цукерачкі.
|