РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прыгоды мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і Мікі Маўс
Мышка Пік-Пік прыбірае норку
Мышка Пік-Пік ідзе ў магазін
Мышка Пік-Пік рамантуе тэлевізар
Як тата стаў суперменам
Нячысцік, які біў арэхі
Мышка Пік-Пік i пан Абадран
Пік-Пік i Пепіта на паляванні
Завяшчанне пана Абадрана
Пепіта i высакародны разбойнік
Конкурс прыгажосці
Мышка Пік-Пік робіць сабе макіяж
Мышка Пік-Пік заблукала
Мышка Пік-Пік робіць прыпасы
Мышка Пік-Пік піша верш
Мышка ў кавуне
Мышка Пік-Пік і роварчык
Мышка Пік-Пік і халадзільнік
Мышка Пік-Пік ідзе на Вераніччын дзень народзінаў
Мышка Пік-Пік ладзіць дзень народзінаў
Пік-Пік i брацік
Мышка Пік-Пік гуляе ў бальніцу
Веранічка ідзе на вайну
Шакаладнае дрэва
Як Мышка Пік-Пік сустракала Новы Год
Мышка Пік-Пік на сцэне
Мышка Пік-Пік робіць фрызуру
Мышка Пік-Пік як навуковае адкрыццё
Мышка Пік-Пік займаецца бізнесам
Мышка Пік-Пік едзе ў вёску
Мышка Пік-Пік і папугайчык
Вайна з лялькамі
Мышка ў космасе
Мышка Пік-Пік есць арэшкі
Мышка Пік-Пік і пясочны торцік
Мышка Пік-Пік плыве за бананамі
Мышка Пік-Пік і мыла
Мышка Пік-Пік – гангстэр
Тата лечыць мышку Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і гітара
Мышка становіцца птушкай
Мышка Пік-Пік і рыбкі
Мышка і дамавік
Партрэт мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік пячэ торт
Мышка Пік-Пік танчыць
Падступныя мурашкі
Мышка Пік-Пік і спроба гвалту
Мышка ў падарунак
Прывід мышкі Пік-Пік
Пік-Пік у казіно
Мышка Пік-Пік сачыняе казку пра сябе
МЫШКА ПІК-ПІК НА СЦЭНЕ
        
МЫШКА ПІК-ПІК НА СЦЭНЕ

        
        Мама павяла Веранічку ў тэатр на спектакль «Тры парсючкі». Мышка Пік-­Пік, якая ніколі ў тэатры не была і спадзявалася, што там смачна кормяць, залезла ў Вераніччыну сумачку і такім чынам адправілася ў тэатр таксама. Мышка добрасумленна праспала ўсё прадстаўленне. Але час ад часу ўсё-ткі прачыналася. А пад канец спектакля нават адплюшчыла абодва вокі. Уразіла мышку, як дзядзькі і цёткі ў масках парсюкоў ды ваўкоў выходзілі на край сцэны, павольна і прыгожа кланяліся, а ўсе гледачы пляскалі ім у ладкі, дарылі кветкі і крычалі нешта незразумелае, але, відаць, вельмі прыемнае. I вось па вяртанні дадому задумалася мышка. Жыццё ў яе шэрае, мышынае, ніхто не пляскае ёй у ладкі, кветкі не дорыць, ды што там! Калі такое было, каб усе, не адводзячы вачэй, глядзелі толькі на яе, Пік-­Пік, і лавілі кожнае яе слова...
        I спакусілася мышка тэатральнай славай, і задумала зладзіць спектакль у хатніх умовах і сыграць у ім галоўную ролю...
        Пепіта актрысай быць не хацела. Ледзь угаварыла яе мышка.
        – Будзем ставіць «Трох парсючкоў»! – Гэта ж быў
        адзіны спектакль, які мышка ведала. – Рыхтуйся!
        Угаварыла мышка і Веранічку, пабегла дамаўляцца да Максімкі. Максімка па маладосці гадоў (дакладней, свайго аднаго годзіка) быў згодны на ўсё. Нарэшце будучыя акцёры сабраліся на адной канапе.
        – А хто каго будзе іграць? – пацікавілася практычная Пепіта.
        – Ну, – важна загаварыла мышка, – я сыграю парсючка Наф-Нафа, які пабудаваў каменны дом. А ты, Пепіта, будзеш парсючком Нуф-Нуфам...
        – Фі... – сказала Пепіта. – Парсюком! Я – высакародная кошка і свіннёй ніколі не буду!
        – Добра, добра... Тады парсючком Нуф-Нуфам будзе Максімка, парсючком Ніф­Ніфам – Веранічка, а ты, Пепіта, сыграеш ваўка!
        – Яшчэ чаго! – абурылася Пепіта. – Як самую горшую ролю, дык мне! Сама ваўка іграй!
        – Я не магу ваўка іграць, – надзьмулася мышка. – Я ваш галоўны рэжысёр. Няхай Веранічка ваўка сыграе!
        – Не хачу! – пакрыўдзілася Веранічка. – Я дзяўчынка! Гэта роля для мяне непрыстойная!
        – Максімка, будзеш ваўком? – у адчаі звярнулася Пік-­Пік да апошняга кандыдата. – Будзеш бегаць за ўсімі і лавіць... Вось так: у­у­у!
        Мышка паказала Максімку, як мусіць паводзіць сябе воўк, і Максімку спадабалася. Ён сказаў «у­у­у!» і пачаў зараз жа ганяцца за Пік-­Пік. Ледзь яго спынілі. Дык каго ж збіраецца іграць Пепіта?
        – Прынцэсу... – сціпла адказала Пепіта. – Або каралеву. Кашэчую.
        – I я хачу прынцэсу! – заявіла Веранічка.
        – Але ў нашым спектаклі няма ніякіх прынцэс! – пачала злавацца мышка. – У нас тры парсючкі!
        – Ну вось і іграй сама сваіх парсючкоў, – вільнула хвастом Пепіта.
        Веранічка пайшла да сваіх лялек, а Максімка яшчэ доўга бегаў за Пік-­Пік і хапаў яе за хвосцік.
        Так з­за інтрыг і неразумення загінуў яшчэ адзін шмат абяцаючы тэатр.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.