|
МЫШКА ПІК-ПІК І ПАПУГАЙЧЫК
|
|
|
МЫШКА ПІК-ПІК І ПАПУГАЙЧЫК Аднойчы прачнулася мышка Пік-Пік ад таго, што нехта стукаў у сценку. – Што за нахабства! – абурылася мышка. – Зараз разбяруся, хто гэта шуміць сярод ночы! Шчылін у падлозе хапала, і хутка мышка перабралася ў суседскі пакой. У клетцы на сцяне сядзела прыгожая вялікая птушка, вельмі стракатая, з моцнай крывой дзюбай. Птушка з зайздроснай энергіяй дзюбала ў сцяну. – Нашто стукаеш? – падала голас мышка. Птушка перастала дзяўбці, прыгледзелася і расчаравана сказала: – О, гэта ўсяго толькі мыш... А я спадзяваўся, што адгукнецца якая-небудзь разумная істота... Ад такіх зняважлівых слоў мышка ледзь стрымала абурэнне. Гэта яна – не разумная?!! – А ты сам хто такі? – Я – рэдкая птушка папугай. Я вялікія грошы каштую, – і папугай задумліва ўзяў лапкай круглую шакаладную цукерку і неахвотна з’еў. – Гаспадары на лецішчы начаваць засталіся. А мне суразмоўцы трэба. Я адзін не прывучаны... – і другую цукерку – дзёўб! Калі мышка ўбачыла, што папугай есць шакаладныя цукеркі, ды яшчэ без ахвоты, адразу палагаднела. – Шаноўны папугай, я вельмі рада з табой пазнаёміцца. Я сама люблю пагаварыць з разумнымі істотамі. Між іншым, мае гаспадары – паэты. – І чым жа яны цябе кормяць? – папытаўся папугай і ўзяўся за наступную цукерку. Мышка аблізнулася і пачала выдумляць: – У нас процьма ўсякіх цукерак, арэхі ў шакаладзе, а бананы і ананасы проста не ведаем, куды падзець. – Няўжо твае цукеркі смачнейшыя за мае? – зацікавіўся папугай. – Ты такіх ніколі не еў! – запэўніла мышка. – Вось... Калі хочаш... дай мне зараз тваіх цукерак, а заўтра прылятай да мяне... У суседнюю кватэру. І еш мае цукеркі, колькі хочаш, – а сама між тым думае: «Усё роўна ён з клеткі не выберацца...» Папугай павагаўся і скінуў для госці дзве цукерачкі. Пік-Пік схапіла іх і ўцякла дадому. Цукеркі аказаліся надта смачнымі. Мышка з’ела іх і спакойна заснула і забылася пра новага знаёмага. Але назаўтра ў фортку нехта пастукаў. – Мама! – закрычала Веранічка. – Да нас папугай прыляцеў! Хутчэй адчыні! Мышка схавалася ў норку. А папугай сеў на стол і закрычаў: – Цукер-ркі! Цукер-ркі! А-на-на-сы! Мама і Веранічка здзівіліся. – Ён, напэўна, згубіўся, – сказала Мама. – Даўно не еў. І прынесла з кухні цукерак і яблык. – Што? – закрычаў папугай. – Каб я еў нейкія карамелькі? Арэхі ў шакаладзе давайце! – Адкуль мы табе возьмем арэхі ў шакаладзе? – зазлавала Мама. – Еш тое, што і мы ямо! – Падман! – залямантаваў папугай. – Дурная шэрая мыш падманула такую разумную істоту, як я! – і пачаў сварыцца і трашчаць крывой дзюбай. – Галякі! Жабрацтва! Мышка Пік-Пік ледзь не плакала ад сораму. На шчасце, у дзверы пазванілі. – Ці не залятаў да вас наш папугай? – пачуўся ў калідоры голас суседкі. – Я тут! Я тут! – азваўся папугай і кінуўся да сваёй гаспадыні. І больш мышка ніколі з ім не сустракалася. Нават стуку ў сценку не чула.
|