РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
МАСКОЎСКІЯ КАМУНАЛКІ
        
МАСКОЎСКІЯ КАМУНАЛКІ

        
        Выбар быў невялікі. Або невыносная нуда палітзаняткаў, або спартовая секцыя, або дабрачынная дапамога самотным старым.
        Магдаліна выбрала апошняе.
        – Ну ты неахайніца! – жахалася аднакурсніца, паўнаватая ружовашчокая Светка-сібірачка. – Побач з табою няёмка прызнавацца, што вучымся ў Літінстытуце. Хоць куртку на плячы зацыравала б...
        – Клопаты пра знешнасць перашкодзяць майму ўнутранаму самавыяўленню! – рагатала невыносная Магдаліна, рассякаючы чарговую лужыну замшавымі чаравікамі, захляпанымі маскоўскай гразёю. – А пра Літінстытут я ўвогуле змаўчала б. Падумаеш, гонар – грамадскае даручэнне... Думала, хоць тут, у «элітарнай» установе, няма такога маразму. Будзем казаць старэчам, што мы з ЖЭСа, і кропка.
        – Ну што ў табе жаноцкага, – абурылася Светка. – Я ўяўляла, што беларуская дзяўчына мусіць быць блакітнавокая, светлавалосая, лагодная...
        – А я нетыповая! – Магда «прычасала» непаслухмяныя валасы рукой, ведаючы, як гэты жэст не падабаецца акуратнай сяброўцы. – І ўвогуле, я – шляхцянка па паходжанні, можа, ува мне генетычна закладзена, што без прыслугі нічога рабіць не ўмею...
        Магдаліна Дарбут нагаворвала на сябе. І рукі ў яе былі ўмелыя, і сама яна, стройная, гнуткая, валасы цёмнай капой, – вабіла вока, нават у самай нязграбнай вопратцы. Прыгажосць, якая не ведае сама сябе... Бровы ўзлятаюць гарэзна і крыху здзіўлена. І ў тонкіх рысах твару – чаканне шчасця і палёту і неўсвядомленая трывога – як на карцінах Батычэлі. Вось толькі сустрэнецца з паглядам зялёных вачэй выпадковы залётнік – і свой пагляд адвядзе і пашыбуе далей, да лагодных і зразумелых.
        А веснавыя сонечныя зайчыкі скакалі па лужынах, па мокрым каменні брукаванкі, зазіралі ў сляпыя вокны двухпавярховых прысадзістых дамоў, нібыта адтуль маглі вызірнуць шчаслівыя абліччы.
        Але гэта быў раён камуналак. Некалі жылі тут шаноўныя купцы, ружавелі круглыя твары іхніх жонак, грэліся на вокнах таўсманыя коткі... Магчыма, што з цікавасцю паглядалі тыя жонкі, як вядуць па вузкай брукаванай вулцы закаваных у кайданы ўдзельнікаў разгромленага ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі паўстання...
        Але Магда пра гэта думала роўна столькі, колькі вераб’і, што купаліся ў лужынках перад бруднымі пад’ездамі.
        Задача дзяўчат была нескладаная. У дэканаце ім выдалі спіс адзінокіх старых. Належала наведацца па кожным адрасе і распытаць падапечнага пра надзённыя патрэбы. Вядома, гэта не азначала, што ўсе патрэбы будуць задаволеныя. Разумелі гэта і старыя... Галоўнае, што да іх нехта прыйшоў, пагаварыў пра набалелае, выслухаў...
        – Гатовыя сюжэты для апавяданняў, – бурчэла Светка, калі яны прабіраліся доўгім цёмным калідорам да чарговага пакойчыка.
        А там – прапахлы лекамі апошні прыпынак чалавечае дарогі, якая са скрыжавання юнацтва бачыцца бясконцай і прывабна-таямнічай, і нельга нават падумаць, што калісьці давядзецца апынуцца на такім сумным прыпынку.
        Кожны візіт – паўгадзіны. Надта ўжо радаваліся гаспадары маладзенькім гасцям. І Магдаліна, да засмучэння сяброўкі, не магла не затрымацца. Ды і самой было цікава паслухаць, параспытвацца.
        Азызлая нізкагалосая старая з іранічнай усмешкай на тонкіх вуснах распавядала пра Маскву трыццатых гадоў, паказвала выцвілыя афішкі і праграмкі канцэртаў. Нават дала пакруціць у руках чорны карункавы веер з ручкай са слановай косці і перламутравы тэатральны бінокль у футарале са змяінай скуры. Старэча, сухі і светлы, як букет мінулагодняга быльнягу, у незвычайна прасторным пакоі з паўкруглымі вокнамі, відаць, колішняй гасцёўні, натхнёна распавядаў пра выступ Маякоўскага ў клубе іхняга завода. Былі і не вельмі цікавыя візіты, са скаргамі на падступных суседзяў. У кватэры Сары Майсееўны Міхельсон, якая паводле жэсаўскіх спісаў лічылася адзінокай, выявілася цэлая куча сваякоў рознага ўзросту. Чарнавокія малечы ганялі па калідоры на самакаце і гарлалі:
        – Бабця! Да цябе прыйшлі!
        Кватэра нумар шэсць была гэткай жа вялікай і няўтульнай, з доўгім цёмным калідорам, як тунель у цаглянай скале. Іван Канстанцінавіч Хмель, самотны пенсіянер, жыў у самым далёкім ад увахода пакоі.
        Добразычлівая суседка падвяла дзяўчат да дзвярэй, але папярэ-дзіла ціхім шэптам:
        – Ён, наш Канстанцінавіч, дзівак... Добры чалавек, дворнікам працаваў... Але не любіць размоў. Так што не крыўдуйце, калі і з вамі размаўляць не захоча.
        І знікла ў адным з пакояў.
        Ціха. Недзе капае з крана вада. На жоўтай сцяне партрэт Гагарына ў авальнай рамцы.
        Гагарын бадзёра падміргваў: «Паехалі!» Але Светка і Магда чамусьці нервова пасмейваліся і не наважваліся пастукацца да дзівакаватага брамніка. Нарэшце сібірачка выпхнула наперад, як заўсёды, сяброўку:
        – Ты ў нас эмансіпіраваная... Ты і стукайся...
        Асцярожныя крокі сціхлі па той бок дзвярэй. Нехта стаяў, аддзелены ад дзяўчат тонкай фанерай, і хрыпла дыхаў.
        – Пайшлі адсюль... – мармытнула Светка, але з таго боку пачулася рыпучае:
        – Хто там?
        Пасля доўгіх тлумачэнняў і ўдакладненняў дзверы расчыніліся. Хударлявы стары з кульбачкай пазіраў на нечаканых гасцей сінімі, як веснавы лёд, вачыма. Нібыта рэнтгенам прасвечваў... Не, ніякіх скаргаў... Усяго яму хапае, таварышы юныя цімураўцы. Усяго яму адваліла жыццё з коптурам. І паветра, і прасторы, і волі. І добрых людзей.
        Іранізуе яшчэ... Дзяўчаты ветліва развіталіся і рушылі прэч. Стары глядзеў ім услед сінімі вачыма.
        – Вось табе і маеш... Быццам жывуць, як у Бога за плячыма, толькі смажанага лёду не стае, – ціха прагаварыла сама сабе трохі пакрыўджаная Магда.
        Стары, відаць, меў надзвычай востры слых, таму што адразу пачуўся ягоны рэзкі, нават уладны вокліч:
        – Паненкі, зайдзіце!
        Вузкі, як саркафаг, пакойчык завешаны паліцамі і фотаздымкамі ў рамках. А кнігі! Магдаліна так і прыліпла да іх – старыя, у скураных парэпаных вокладках, на карэньчыках – назвы з яцем. Блок, Цютчаў, Лермантаў... Нейкія польскія кніжкі... Побач з мастацкай літаратурай – тамы па хіміі, фізіцы, біялогіі... Велізарны том у чорнай вокладцы – «Алхімія». На падлозе, на падшыўцы часопіса «Химия и жизнь», стаяла скрынка, у шчыліне між накрыўкай і кантам паблісквалі шкляныя прылады. Логвішча чарадзея...
        Светка паказала вачыма на фотаздымак: стройны малады чалавек з іранічнымі вачыма ў нейкай дзіўнай вайсковай форме, відаць, афіцэр... Няўжо гэты старэча? Гаспадар цярпліва чакаў, пакуль госці задаволяць сваю цікаўнасць. І раптам з высачэзнай шафы пачуўся шоргат і страшны хрыплы крык... Чорная істота з вялізнымі крыламі скокнула ўніз, на падлогу, быццам ажыла каменная гаргулля.
        Светка завішчэла, як злоўленая русалка. І Магда ледзь стрымала крык... А па паркеце тупатаў крумкач. Чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў-вейкаў паглядала цалкам разумна і зусім не добразыч-ліва. Гаспадар пакоя пагладзіў птушку па прыгорбленай спіне.
        – Ты што ж гэта, Карл Карлавіч, гасцей палохаеш? Сядайце, паненкі.
        Светка і Магда паслухмяна селі на цвёрдую скураную канапу, не зводзячы вачэй з крумкача, які, здаецца, так і цэліў шэрай моцнай дзюбай у гасцей.
        – Вы не служыце ў ЖЭСе.
        Быццам вінаваціць у чым! Магда не дазволіла сабе раздражніцца – гэта ж самотны, хворы чалавек. Дастала з сумкі студэнцкі білет. Старэча нават акуляры на нос уздзеў, каб зверыць фотакартку з тварам госці.
        І зноў – як у палонку. Упёрся вачыма ў Магду і:
        – Вы не масквічка. І не руская. Мне падалося, што я чуў ад вас тую мову, якой ужо не спадзяваўся тут пачуць. Адкуль вы?
        – З Беларусі...
        Крумкач прагарлаў нешта, але не падобнае на бяскрыўднае «кар». Камяк хрыплых гукаў...
        На Магду абрынуўся вадаспад пытанняў на беларускай мове, з нейкім дзіўным вымаўленнем – такога яна яшчэ не чула, гукі ліліся лагодна і спеўна. Адкуль род па бацьку, адкуль род па маці, на якой мове піша артыкулы, чаму не па-беларуску? Ці не ў сваяцтве яна са старавежскімі Дарбутамі?
        – Ну што ж, юная прынцэса, –завяршыў допыт стары. – Відаць, гэта лёс. Я не самы лепшы чалавек у гэтым свеце і не самы моцны. Але дарунак мне сапраўды вялікі. Тое, што вы прыйшлі.
        – Дык якія ў вас пажаданні? Скаргі?– Магда сумелася: так дзіўна глядзеў на яе суразмоўца, з нейкай незразумелай тугою. Відаць, блытае з кімсьці? – Можа, якія лекі вам трэба купіць? Ці прадуктаў? Мы збегаем...
        Стары зноў падцяў вусны, сентыментальны агеньчык у вачах згас.
        – Не, дзякуй, мілая прынцэса. А пажаданні свае скажу наступным разам... Прыходзьце праз тыдзень, зямлячка. У наступны аўторак, добра? У любы час.
        Крумкач цяжка адштурхнуў крыламі паветра і ўзляцеў на шафу. Пасыпалася дробнае папяровае смецце.
        Стары доўга не зачыняў дзвярэй. Магдаліна адчувала спіной ягоны пільны позірк...
        Які дзіўны стары... Трымаецца, быццам апошні салдат разбітага войска.
        – Ты як сабе хочаш, а я сюды больш не прыйду, – дрыготкім голасам прагаварыла Светка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.