РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
2
        
2

        
        Пагаварыць з начальствам, аднак, не ўдалося.
        Не паспеў тэлефаніст пакруціць ручку свайго жаўтаскурага амерыканскага апарата, як дзесь на паверхні з нарастаннем завыла, данеслася некалькі слабых «ках-ках-ках», і блізкія выбухі скаланулі зямлю. На салому і на печку са столі сыпанула жвірам, ліхтар на сцяне калыхнуўся, загойдаўшы гарбатыя цені. Маркін угнуў над паперамі галаву, Гутман схапіўся за аўтамат і паўшубак. Карбідны агеньчык у ліхтары яшчэ не супакоіўся, як заверашчала зноў і зноў ірванула. Ад серыі з не менш чым дзесяці выбухаў хадуном захадзіла зямлянка.
        — Што за халера?!
        Камбат сунуў за пазуху ўжо нарыхтаваную карту і адхінуў палатку на выхадзе. У начным цемрыве над пагоркам мільганулі туга напятыя агняныя ніці трас — адтуль, з вышыні, цераз іх галовы пад лес. Чэргі былі даўгія і, напэўна, буйнакаліберныя — «дуг-дуг-дуг» — данеслася з вышыні. Але кулямёт раптам змоўк, стала ціха, у цёмным сцюдзёным небе дрымотна раіліся бліскучыя зоркі. Мяркуючы па ўсім, немцы штосьці падпільнавалі ў бліжнім тыле пад лесам. Гутман, стоячы ў траншэі, паспешліва падпярэзваў паўшубак, і камбат кіўнуў галавой.
        — Ану, куляй! Туды і назад.
        — Ёсць!
        Ардынарац, абсыпаўшы зямлю, вылез з траншэі, яго боты пратупацелі ў цемры і сціхлі, а ён яшчэ пастаяў, услухоўваючыся ў невыразныя гукі навокал. Але паблізу зноў стала ціха, толькі недзе далёка за лесам слабым водбліскам пыхаў край неба ад далёкай артылерыйскай кананады.
        — Гэта артылерысты — разявы! Заўжды яны па начах засвецяць,— са злой прыкрасцю зазначыў з зямлянкі Маркін.
        Камбат не адказаў. Ззаду шорхнула палатка, шэрая пляма святла коса легла на бок траншэі, і з дзіркі паказалася галава Чарнаручанкі.
        — Таварыш камбат! Дзесяты...
        Ну вось, так і ведаў! Варта на хвіліну прамарудзіць з дакладам, як ён ужо выклікае сам. Камбат унутрана паморшчыўся, беручы з рукі тэлефаніста трубку, вялікім пальцам рашуча павярнуў клапан.
        — Дваццаты «Бярозы» слухае.
        — Пачаму не дакладваеце? Што там у вас за артпадрыхтоўка? Зноў не выконваеце правіл маскіроўкі?..
        3 першых жа слоў у трубцы было зразумела, што маёр ужо павячэраў і прыдбаў свой звычайны камандзірскі тон. Але каскад ягоных пытанняў, прызначаных ашаламіць, быў прывычны камбату, даўно ўжо не бянтэжыў і нават мала і злаваў. Што зробіш — Валошын ужо змірыўся з роляй нялюбага падначаленага, цярпеў, калі-нікалі агрызаючыся. Праўда, было горш, што часам іхнія ўзаемаадносіны адбіваліся на батальёне, хоць тут ужо ён быў бяссільны што-небудзь змяніць. Камбат па магчымасці цярпліва выслухаў усё і не спяшаўся апраўдвацца — бавіў час, чакаючы, калі з'явіцца Гутман.
        — Алё! Вы што маўчыце? Ці вы заснулі там? — ракатала ў трубцы. I тады камбат дазволіў сабе трошкі іроніі, на якую маёр Гунько звычайна рэагаваў у поўным сур'ёзе.
        — Стараюся прывесці ў сістэму вашы пытанні.
        — Што? Якая сістэма? Вы мне не мудрыце, вы адказвайце.
        — На столькі пытанняў не адразу адкажаш.
        — Дрэнны той камандзір, які не ўмее як след далажыць начальніку. Трэба на хаду хапаць. Начальства з паўслова разумець трэба.
        — Дзякую.
        — Што?
        — Кажу, дзякую за параду. I дакладваю абстаноўку,— рашуча перабіў яго Валошын, каб разам скончыць апрыклыя настаўленні, якія пагражалі зацягнуцца на няпэўны час.— Праціўнік прадаўжае ўмацоўваць вышыню «Вялікую». Візуальна адзначаны земляныя работы з выкарыстаннем доўгатэрміновага пакрыцця — бярвення. Таксама прадаўжаецца...
        — А вы перашкодзілі? Ці, можа, саізволілі спакойна глядзець, як фрыцы траншэі размячаюць?
        — Траншэі, на жаль, яны растрасіравалі ўначы,— не зважаючы на маёраву з'едлівасць, спакойна дакладваў камбат.— Да ранку ўсё было выкапана ў поўны профіль. Кулямётны агонь быў малаэфектыўны з прычыны куленепрабівальнасці ўкрыццяў. Іншыя сродкі ўздзеяння адсутнічаюць. У Іванова «гуркоў» усяго дзесяць штук. Я ўжо аб тым вам дакладваў.
        — Чуў. А хто ў вас дражніць немцаў? Што за расхлябанасць такая ў гаспадарцы? Мусіць, кастры паляць? Ці з бліндажоў іскры шугаюць снапамі. У вас гэта заведзена.
        — У мяне гэта не заведзена. Вы блытаеце мяне з кімсьці другім...
        Гэта была ўжо дзёрзкасць з боку падначаленага, маёр на некалькі секунд змоўк, а затым трохі інакшым, чым раней, тонам зазначыў:
        — Вось што, капітан. Не табе папраўляць, калі і зблытаў. Малады яшчэ.
        Але, здаецца, знікала трыванне і ў Валошына.
        — Дык вось, папрашу не блытаць. Хоць і малады, але вашы знявагі слухаць не маю намеру. Да таго ж папрашу на «вы».
        — Што?
        — Папрашу называць на «вы».
        Камбату вельмі хацелася шпурнуць у кут гэтую трубку і болей не браць яе, бо ўся размова была па сутнасці бязмозглымі прыдзіркамі, калі адзін бок дазваляў сабе ўсё, што хацеў, а другі павінен быў апраўдвацца, ды яшчэ прытрымліваючыся субардынацыі. Але варта было камбату перашагнуць цераз гэтае пачуццё падначаленасці і прыняць прапанаваны тон, як голас на тым канцы провада пацішэў, пракашляўся, і камандзір палка, здаецца, ужо і сам быў гатовы пакрыўдзіцца.
        — Ужо і ў пузыр! Падумаеш, на «ты»! Назваў, бо маю права. Вы маладзейшы. А на старшых у арміі не крыўдзяцца. У старшых вучацца. Дарэчы, ледзь не забыў,— раптам змяніў тон Гунько,— Чырвонага Сцяга палучыш. Загад прыйшоў. Так што віншую.
        «Успомніў!» — са злосцю падумаў Валошын і не адказаў на гэтае спазнелае і сапсаванае віншаванне. Незанятай рукой ён узяў з пальцаў тэлефаніста недакурак, зубамі адарваў заслюнены канец. Аднак не паспеў ён зацягнуцца, як побач, коратка рыкнуўшы, ускочыў на ногі Джым. Блізка ў траншэі пачуўся тупат, шорхат палатак, чуваць было, нехта саскочыў з бруствера. Чарнаручанка кінуўся на выхад, але адразу адхіснуўся ўбок і прыціснуўся да сцяны зямлянкі.
        — Куды тут?
        — Прама, прама,— пачуўся здаля голас Гутмана.
        — Асцярожна, прыступкі.
        — Бачу.
        У дол каля печкі ўдарыў пук святла ад ліхтарыка, які затым здрыгануўся пад нечымі нагамі, і, адхінуўшы палатку, у зямлянку ўваліўся грузны чалавек у цёплай, з каракулевым каўняром, бекешы.
        Джым ля камбата зноў рыкнуў і рвануўся наперад, Валошын у апошняе імгненне ледзьве паспеў ухапіць яго за касматы загрывак. Сабака апантана ўзвіўся на заднія лапы перад чалавекам, які спалохана хіснуўся назад і раздражнёна вылаяўся.
        — Што тут за псарня?
        — Джым, ляжаць! — строга скамандаваў Валошын. Сабака неахвотна адступіў і стаў побач, а чалавек зрабіў крок да святла.
        У дзверы тым часам лезлі і яшчэ, зямлянка зрабілася цеснай і сцюдзёнай, але Валошын упіўся вачмі ў гэтага першага, які выглядаў нечым усхваляваным і рукой трымаўся за галаву без шапкі. Спачатку камбату здалося, што ён адцірае азяблае вуха, але чалавек, нібы безуважны да ўсіх тут, у зямлянцы, адняўшы руку ад галавы, уважліва паглядзеў на далонь. На ёй была кроў. Тут жа да яго падступіўся другі ў паўшубку, з тонкай планшэткай на баку. Пры святле з ліхтара ён пачаў выціраць скрываўленую шчаку чалавека, на шырокім пагоне якога раптам цьмяна бліснула вялікая генеральская зорка.
        Валошын стаяў збоку, разумеючы ўжо, што гэта начальства і што неадкладна трэба дакладваць. Але час для таго быў упушчаны, цяпер было нязручна падступіцца да яго, камбат прамарудзіў і з прыкрым адчуваннем няёмкасці зрабіў крок да генерала.
        — Таварыш генерал...
        — А цішэй нельга?
        Генерал на паўабарота павярнуў да яго незадаволены, немалады ўжо твар з сіваватым пучком кароткіх вусоў пад носам. Секунду яны моўчкі стаялі так, адзін перад адным, абодва вялікія і плячыстыя.
        — Чаго крычаць? Мы ж не на пляцу.
        Валошын яшчэ памарудзіў, падумаўшы, што, мабыць, сказваецца блізкасць перадавой. Але ён усё ж скончыў даклад, хоць і цішай, і генерал, пераставіўшы на скрынцы ліхтар, сеў на яе, не адрываючы рукі ад скроні, на якой, відаць, крывяніла рана. Той, другі, у паўшубку, што выціраў яму шчаку, павярнуўся да Маркіна.
        — Медпункт далёка?
        — Праз чатырыста метраў. У аўражку.
        — Пашліце за доктарам.
        — Доктара няма. Ваенфельчар, таварыш маёр.
        — Не мае значэння. Пашліце за фельчарам. Валошын кіўнуў ардынарцу.
        — Гутман!
        — Ёсць.
        Ардынарац выскачыў у траншэю, і ў зямлянцы запанавала няёмкая працяглая цішыня. Начальства маўчала; зважліва ўтаропіўшыся ў яго, па абодва бакі замерлі Валошын і Маркін. У парозе ля печкі грэў рукі нейкі плячысты баец у бушлаце. Маёр пашукаў вачмі месца, каб сесці, і ўбачыў Джыма, насцярожаныя вушы якога тырчэлі з ценю.
        — Аўчарка?
        — Аўчарка,— стрымана сказаў Валошын і крыху адступіў убок.
        Генерал, грузна павярнуўшыся на скрынках, з цікавасцю паглядзеў на сабаку.
        — О, звяруга! Як зваць?
        — Джым, таварыш генерал.
        Генерал стрымана паляпаў далонню па пале бекешы.
        — Джым, Джым! Ка мне!
        Але Джым толькі варухнуў вушамі і завурчаў нядобразычліва і пагрозліва.
        — Не пойдзе,— сказаў Валошын.
        — Ну гэта мы яшчэ паглядзім,— зазначыў генерал і зірнуў на камбата.— Даўно камандуеце батальёнам?
        — Сем месяцаў, таварыш генерал.
        — А раней чым камандавалі?
        — Ротай у гэтым жа батальёне.
        — Чакайце, як вы сказалі ваша прозвішча?
        — Валошын.
        — Гэта не ваша рота захапіла пераправу ў Клепіках?
        — Мая, таварыш генерал.
        Валошын чакаў, што генерал пахваліць або запытае пра гэты яго даўні, даволі вядомы ў дывізіі подзвіг, за які ён некалі атрымаў першы свой ордэн. Але генерал не пахваліў, а запытаў аб іншым:
        — Дзе пярэдні край вашага батальёна?
        — На паўднёва-заходніх схілах, уздоўж балота.
        — Пакажыце на карце.
        Валошын дастаў з-за пазухі пацёрты гармонік карты і разгарнуў яго перад генералам. Ён ужо здагадваўся, што было прычынай нядаўняй нямецкай страляніны, і думаў, што ў такім разе генералу яшчэ пашэнціла. Магло быць горш. Але навошта яму спатрэбілася так блізка пад'язджаць да перадавой — гэта пакуль што заставалася для камбата загадкай.
        — Вось. Пярэдняя траншэя па прамежкавай гарызанталі над самым балотам.
        Пры цьмяным святле ліхтара генерал стаў моўчкі разбірацца ў карце, адставіўшы яе наводдаль, як пры дальназоркасці. Да яго падсунуўся маёр, які трохі паўзіраўся і аб'явіў з упэўненасцю:
        — Ну, я ж дакладваў. Іменна так: вышыня шэсцьдзесят пяць ноль.
        — Гм... Да. Вышыня шэсцьдзесят пяць ноль. Дык што ж, выходзіць, яна — у праціўніка?
        Генерал падняў на камбата цяжкі з яўным папрокам позірк.
        — У праціўніка,— проста сказаў Валошын.
        — Пачаму вы яе не ўзялі?
        — Не было загадана, таварыш генерал.
        — Ось як! — сказаў генерал з недаверам і пасля паўзы загадаў: — Выклічце сюды камандзіра палка. Валошын павярнуўся да тэлефаніста.
        — Чарнаручанка, выклікайце «Волгу». Маёр тым часам дастаў з кішэні пачак «Казбеку», працяг яго генералу, які аднае рукой узяў папяросу і прыкурыў ад услужліва паднесенай запальніцы. Пасля прыкурыў маёр. У зямлянцы расцёкся духмяны, чужы сярод звычайнага яе дымнага смуроду пах, і Валошын падумаў, што, здаецца, будзе скандал. Ён па-ранейшаму стаяў збоч ад генерала ў напружана-насцярожанай позе, у якой, аднак, адчувалася і пэўная незалежнасць чалавека, упэўненага ў сваёй сумленнасці. Хоць перспектыва, мяркуючы па ўсім, акрэслівалася для яго не дужа зайздросная.
        Чарнаручанка сціпла перадаў на «Волгу» генералаў выклік, і яны ўсе зноў змоўклі, як пры нябожчыку. У гэтай насцярожанай цішыні прывычна зашорхала палатка, і з прыступкі лёгка саскочыла Вераценнікава, санітарны інструктар сёмай стралковай роты. За ёю ўлез Гутман. Валошын змрочна насупіў бровы і ціха сам сабе вылаяўся — Вераценнікава суткі назад павінна была адбыць з батальёна. Ён ужо атрымаў за яе вымову ад камандзіра палка, і цяпер вось напэўна давядзецца атрымаць і другую. Вераценнікава тым часам хуценька акінула позіркам незнаёмыя постаці ў зямлянцы і, ускінуўшы да шапкі руку, упэўнена ступіла да генерала.
        — Таварыш генерал, малодшы сяржант Вераценнікава прыбыла аказаць першую дапамогу пры агнястрэльным раненні.
        Мусіць, не кожны старшына роты змог бы далажыць так хлёстка і ўпэўнена, як гэта дзяўчына ў яўна шыракаватым для яе салдацкім шынялі. Насуплены генералаў твар увачавідкі праясніўся.
        — Харашо, дачка. Паглядзі, што тут мне фрыцы нарабілі.
        Вераценнікава, аднак, не кратаючыся з месца, зноў дзеў-
        банула рукою ў край сваёй шапкі.
        — I дазвольце звярнуцца па асабістаму пытанню, таварыш генерал.
        Генерал здзіўлена прыўзняў галаву, але перш чым ён што-небудзь адказаў, Вераценнікава выпаліла:
        — Загадайце камбату пакінуць мяне ў батальёне.
        Прыкметна здзіўлены, генерал выслухаў яе, пасля спа-
        дылба зірнуў на камбата. Валошын падцяў вусны, ледзьве стрымліваючы абурэнне на санінструктара за яе гэткую бесцырымонную нават для гэтай дзяўчыны выхадку.
        — А што, ён вас адсюль праганяе? — холадна запытаў генерал.
        — Праганяе ў тыл.
        — Такі загад па палку,— вытлумачыў Валошын.— Санінструктар Вераценнікава камісавана як непрыгодная да страявой службы. А вы, таварыш малодшы сяржант, павінны ведаць, як у арміі звяртаюцца да старшых начальнікаў! — строга дадаў ён, звяртаючыся да падначаленай.
        Вераценнікава, аднак, зусім безуважная да камбатавых слоў, па-ранейшаму трымаючы рукі па швах, чакала адказу. Генерал ледзьве прыкметна павёў плячом.
        — Я не магу гэтага вырашыць. Звяртайцеся да вашага непасрэднага начальніка.
        Дзяўчына крыўдліва прыкусіла губу і рэзкім, амаль дэманстратыўным рухам саўганула наперад санітарную сумку. Генерал павярнуўся параненым бокам да святла, Вераценнікава зірнула на яго скроню.
        — Трэба абстрыгчы.
        — Усяго? — здзівіўся генерал з ноткамі гумару ў голасе.
        Вераценнікава, аднак, яго гумар пакінула без увагі.
        — Вакол раны.
        — Ну што ж, стрыжы. Калі маеш чым.
        — Знойдзецца.
        Яна выняла з сумкі нажніцы і даволі спрактыкавана абстрыгла сіваватыя ўжо валасы каля вуха. Генерал моршчыўся, але цярпліва чакаў. Затым дзяўчына дастала скрутак бінта, і яе маленькія рукі ў падкасаных рукавах шыняля пачалі спрытна снаваць складаную схему галаўной павязкі. Некалькі разоў абвіўшы бінтам галаву, яна прапусціла яго пад сківіцу. Генералу гэта раптам не спадабалася.
        — Адсюль убяры. Шыя ў мяне здаровая.
        — Так трэба,— сказала Вараценнікава.— Паводле настаўлення.
        Генерал рэзка павярнуўся да яе ўсім сваім цяжкім тулавам.
        — Якое настаўленне? Мне кіраваць войскам, а вы з мяне пудзіла робіце.
        — Інакш павязка не будзе трымацца.
        — Тады ты не ўмееш перавязваць!
        — Умею. Не вас першага.
        — Сумняваюся.
        — Дык перавязвайце самі!
        Кароткім дакладным рыўком яна раптам абарвала бінт, і не паспелі яшчэ прысутныя ў зямлянцы што-колечы зразумець, як шорхнула палатка і Вераценнікава знікла ў траншэі.
        — Што за самавольства?! — сказаў генерал амаль разгублена.
        Ля яго вуха віселі доўгі і кароткі незавязаныя канцы бінта. Генералаў маёр ускочыў з саломы і пагрозліва сігануў да выхаду.
        — Таварыш сяржант! Ану, вярніцеся!
        — Не вернецца,— ціха зазначыў у куце Гутман, і Валошын, які ледзьве стрымліваў у сабе прыкрасць, выразна паглядзеў на яго. Але маёр ужо звяртаўся да камандзіра батальёна:
        — Як гэта не вернецца? Камбат!!!
        Гэта быў загад, Валошын павінён быў нешта зрабіць, каб выканаць волю начальства, і хоць сам быў амаль упэўнены, што Вераценнікава не вернецца, рашуча накіраваўся з зямлянкі.
        — Малодшы сяржант Вераценнікава!
        Ноч ударыла ў вочы маўкліваю цемрай і сцюжай, вецер круціў над траншэяй дым з трубы. Валошын прыслухаўся: паблізу не чутно было ніводнага гуку.
        — Вераценнікава!
        Яна не азвалася, і ён, душачы ў сабе злосць, пастаяў яшчэ некалькі хвілін у глухой сцюдзёнай цемры. Гэта было чорт ведае што, не хапала яшчэ яму, камандзіру батальёна, бегаць за гэтым свавольным дзяўчом. Сорам, ды і толькі. Але харош і ротны — лейтэнант Самохін, якому ён учора асабіста загадаў адправіць сан-інструктара ў распараджэнне начсанслужбы дывізіі. Самохін тады сказаў «ёсць», а цяпер вось гэтае з'яўленне перад генералам...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.