РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
5
        
5

        
        Першы з выкліканых камандзіраў прыбег малодшы лейтэнант Ярашчук — камандзір прыдадзенага батальёна ўзвода буйнакаліберных кулямётаў ДШК. Самы малодшы па званню ён быў самы стары сярод камандзіраў па ўзросту — гадоў пад сорак дзядзька, былы сельпоўскі работнік з Пензеншчыны, якому некалі перад звальненнем з тэрміновай службы прысвоілі званне малодшага лейтэнанта запасу. Далей гэтае званне на ягоных плячах не расло, што, аднак, мала непакоіла Ярашчука — чалавека прасцецкага, не надта пісьменнага і надта цывільнага. Ён упіхнуў у бліндаж сваё зусім не камандзірскага выгляду, шчуплае, як-колечы захінутае ў чырвонаармейскі шынелак цела і загаманіў хрыплаватым спрасоння голасам:
        — Маразец, хай на яго, усё цісне. Не хапіла за зіму прамярзалаўкі...
        Ярашчук, напэўна, не адразу заўважыў, што ў бліндажы ўсе маўчалі, мала ўспрымаючы бесклапотную добрасць яго настрою. Стоячы на каленях, ён ажыўлена пацёр азяблыя рукі, амаль з дзіцячым прастадушшам паглядваючы на прысутных. Камбат скупа кінуў:
        — Сядайце, таварыш Ярашчук.
        — Ну што ж, можна і сесці, калі не прагоніце. А я гэта ў акопчыку пад брызентам кімарнуў крыху. Ды замёрз, як шчанюк... Ці няма закурыць, лейтэнант? — звярнуўся ён да Самохіна.
        Той дастаў з кішэні шчапоць махоркі і моўчкі працяг яе малодшаму лейтэнанту.
        — А паперкі няма? Ну то знойдзем. Дзесь быў у мяне кавалачак...
        Другім неўзабаве з'явіўся камандзір восьмай лейтэнант Муратаў. Ладна апярэзаны рамянямі, у акуратна прышытых роўненькіх пагонах на плячах, з планшэткай на баку і трафейным ліхтарыкам на гузіку, ён спрытна праслізнуў у бліндаж і, трохі ўгнуўшы голаў, прывычнай скорагаворкай з акцэнтам далажыў:
        — Таварыш капітан, лейтэнант Муратаў па вашаму загаду прыбыў.
        Камандзіра дзевятай давялося чакаць даўжэй. Валошын ужо хацеў другі раз пасылаць за ім, калі ў траншэі пачуліся крокі, кашаль і, урэшце, на праходзе зашорхала палатка. Кізевіч, вялікі і худы, у непадперазаным паўшубку з абвілымі без пагонаў плячамі нязграбна ўлез у бліндаж і, зрабіўшы лёгкі намёк-жэст рукою да шапкі, буркнуў замест дакладу як аб чымсь само па сабе вядомым:
        — Старшы лейтэнант Кізевіч...
        Камбат нерухома сядзеў, прысланіўшыся спіной да сцяны і адзначаючы позіркам уваход кожнага. Ён амаль не рэагаваў на некаторыя вольнасці дакладаў падначаленых, але, мусіць, яны нешта адчувалі ў яго знешняй стрыманасці і са сціплай зважлівасцю прыладжваліся ў доле, побач з Ярашчуком.
        — Ну што ж,— сказаў Валошын і адхінуўся ад сцяны,— Здаецца, усе. Прашу далажыць аб колькасна-баявым стане
        падраздзяленняў. Камандзір сёмай!
        Самохін, які дагэтуль, трохі схіліўшыся набок, з заклапочаным выглядам на ладным бялявым твары сядзеў ля Веры, сеў раўней, падабраў ногі і ўзяў з долу саломіну.
        — У мяне ў страі дваццаць чатыры чалавекі. 3 іх сярэдніх камандзіраў адзін. Сяржантаў два. Кулямётаў: РПД — два, «Гарунова» — адзін.
        Хуценька прагаварыўшы гэта, ён змоўк, нібы згадваючы, што яшчэ можна дадаць да сказанага. Камбат напомніў:
        — Боепрыпасы?
        — Боепрыпасы? На вінтоўку па шэсцьдзесят патронаў, РПД — па тры дыскі. У «Гарунова» дзве каробкі стужак. Праўда, сёння набівалі яшчэ. I ў запасе адзінаццаць цынак. Ось і ўсё.
        — Гранаты?
        — Гранат не лічыў. У старшыны няма. Толькі тыя, што на руках.
        — Не больш чым па гранаце,— уставіў ад увахода старшына Грак.— Усяго штук пятнаццаць будзе.
        — Не багата,— сказаў камбат. Паклаўшы на калені палявую сумку, ён расшпіліў яе і выцягнуў блакнот з алоўкам.
        Самохін змоўк, пальцы яго ўсё круцілі ў руках саломіну.
        Камбат варухнуў брывом і перавёў позірк на лейтэнанта Муратава.
        — Камандзір восьмай.
        Муратаў цепнуў плячыма, нібы распраўляючы іх пад рамянямі, і, увесь падабраўшыся, прыстаў на каленях.
        — Восьмая рота імеется васемнадцаць байцоў, тры сяржант, адын камандыр роты. «Максім» адын, РПД адын. Патронаў мала. Чатыры абоймы на адын вінтоўка. Два лента адын «максім». Гранат мала — дэсят штук.
        Кароценькі яго даклад быў скончаны скорагаворкай, і ўсе памаўчалі, назіраючы, як Валошын нешта памячае ў блакноце. Дымны смярдзючы паўзмрок на даваў згледзець за метр. Старшына Грак, уключыўшы ліхтарык, пасвяціў камбату ў блакнот.
        — Дзякуй. Што ж, малавата, таварыш лейтэнант. I людзей і боепрыпасаў. Берагчы трэба, Муратаў.
        — Как можна берагчы, таварыш камбат? Я камандую: кароткімі чэргамі! Кароткімі чэргамі! Палучается многа кароткіх чэргаў — адна длінны чарга. Расход балшой.
        Усе засмяяліся.
        — Трышкін каптан,— сур'ёзна сказаў Самохін.— Як ні нацягвай — калі мала, дык будзе не хапаць.
        Увогуле гэта было зразумела і без слоў, і тым не менш восьмая ў батальёне аказалася самай слабай. Часткова таму, што наступала ўвесь час у сярэдзіне батальёна і большую частку агню праціўніка брала на сябе. Але і камандзір — малады, гарачы, вельмі старанны лейтэнант Муратаў не дужа ўсё ж дбаў пра тое, каб зберагчы байцоў — у баі лез у самае пекла, падстаўляў сябе і роту пад самы агонь. Вось і засталіся васемнаццаць байцоў. А два тыдні назад, памятае камбат, было нешта каля васьмідзесяці.
        Аднак пры ўсім тым Муратаў быў надзіва часталюбівы і крыўдлівы камандзір. Камбат заўжды папракаў яго асцярожна, намёкамі і цяпер сказаў:
        — А я на васьмую спадзяваўся. Болей за іншых.
        Муратаў адразу ўсё зразумеў, смуглявы чарнабровы яго
        твар успыхнуў на скулах. Ён памкнуўся наперад, але тут жа асеў і змоўчаў.
        — Вось так! — сказаў Валошын.— Старшы лейтэнант Кізевіч.
        Кізевіч неяк напаўсур'ёзна паглядзеў у дымную столь і махнуў рукой.
        — Ат, тое самае. Што дакладваць!
        — А іменна?
        — Ну што: трыццаць тры чалавекі. Два «максімы». Слёзы, а не рота.
        — Боепрыпасы?
        — Боепрыпасы? — перапытаў Кізевіч і ўважліва паглядзеў у цёмны кут бліндажа, дзе нерухома сядзела Вера.— Мусіць, патронаў па пяцьдзесят будзе.
        — А калі канкрэтна?
        Камандзір дзевятай зноў паглядзеў у падстолле. Па ягоным худым твары з прытоенымі пад брывамі маленькімі вочкамі трымцеў адбітак нейкае пакутнае думкі.
        — Канкрэтна — па шэсцьдзесят пяць штук.
        — А да трафейнага «кольта»?
        Ураз спыніўшы на камбату позірк, старшы лейтэнант недаўменна цепнуў вачмі.
        — А што трафейны? Ён так.
        — Як гэта так?
        — На падводзе ляжыць. Што, я з яго страляць буду?
        — Чаму вы? У вас ёсць для таго кулямётчык.
        Кізевіч, відаць было па ўсім, ухіляўся ад адказу, і камбат,
        гледзячы на яго ва ўпор, раздумна пастукаў алоўкам па сумцы. Як заўжды, хітры прыжымісты камандзір дзевятай стараўся абысці самыя непрыемныя для яго моманты, бо, відаць, ужо адчуваў, што яму пагражае. Камбат падумаў, што тут жа трэба выкрыць яго, аднак даклад быў не скончаны, яшчэ заставаўся Ярашчук, і пасля паўзы Валошын кіўнуў у задымлены змрочны кут.
        — Камандзір узвода ДШК.
        — Узвод ДШК пакуль што хліпае. Трое паранены, а так усе дома. Два разлікі, два кулямёты, адна фурманка, два кані.
        — I ўсё?
        -Ну.
        — А патроны?
        
        — Ёсць пакуль. Пакуль хопіць,— лёгка запэўніў Ярашчук.
        Валошын з некаторым недаверам паглядзеў на яго.
        Мусіць, у словах малодшага лейтэнанта было нешта такое, што прымушала ўсумніцца, але ўзвод ДШК нядаўна ўвайшоў у батальён, Ярашчук быў «чужы» камандзір, падначалены яму толькі на час наступлення, і камбат, падумаўшы, не стаў да яго прыдзірацца.
        Збольшага даклады былі скончаны, камбат падбіў у блакноце невялічкі рахунак, і баявыя магчымасці батальёна сталі яму зразумелыя да дробязей. Што і казаць, магчымасці гэтыя аказаліся дужа сціплыя. Грак выключыў ліхтарык. У бліндажы стала куды цямней. Провад аднастайна і смярдзюча дыміў у падстоллі.
        — Таварышы камандзіры. Мяркуючы па ўсім, заўтра давядзецца браць вышыню. Загаду яшчэ няма, але, я думаю, будзе. Так што, не губляючы часу, давайце рыхтавацца да атакі.
        Зрабілася зусім ціха. Так ціха, што было чутно, як у кішэні камбата цікае гадзіннік. Самохін шпурнуў у дол саломіну, якую ўсё ламаў у пальцах. Муратаў напружана ўгледзеўся ў камбата, Ярашчук згорбіўся, сцяўся і стаў зусім непрыкметным у змроку. Кізевіч са здзіўленым выглядам выцягнуў з каўняра паўшубка сваю доўгую кадыкастую шыю.
        — Калі дывізіёны два папрацуюць, дык возьмем,— сказаў ён.
        Камбату гэтыя словы не спадабаліся, і ён нахмурыўся.
        — Наконт двух дывізіёнаў сумняваюся. Баюся, як бы не давялося абысціся адной батарэяй Іванова. Кізевіч здзіўлена чмыхнуў.
        — Іванова? Ды яна ж без снарадаў. Уранку мой старшына хадзіў, кажа, сядзяць гаўбічнікі, а між станін па адной скрынцы. Хоць страляй, хоць палохай!
        Валошын не перабіваў яго, выслухаў са стрыманай увагай старэйшага і спакойна зазначыў:
        — Снарады падвязуць. А вы забяспечце людзей гранатамі. Спатрэбяцца. Старшына Грак?
        Ля парога страпянулася цьмяная постаць Грака.
        — Я вас слухаю.
        — У вас была скрынка з КС. Раздзяліце яе паміж ротамі.
        — Ёсць!
        — А ў вас, старшы лейтэнант Кізевіч, трафейны «кольт», значыць, на возе?
        — На возе. А што?
        — Перадайце яго Муратаву. Ён знойдзе яму лепшае прымяненне.
        Кізевіч пакутна напружыў свой вузкі са згорбленым носам твар.
        — Гэта за якія заслугі?
        — Так трэба.
        — Трэба было свае берагчы. А то свае паразгрохалі, а цяпер на чужое зарыцца.
        — Я ў вас нічога не прашу! — успыхнуў Муратаў.
        — Ну і няма чаго тады гаварыць. А то ўсё «кольт», «кольт»!..
        Валошын спакойна выслухаў кароткую спрэчку ротных, якая, дарэчы, не была навіной у батальёне. Гаспадарлівы Кізевіч болей за ўсё не любіў чымсьці дзяліцца з іншымі, хоць часам мусіў рабіць гэта, бо і ў яго былі слабасці, калі патрабавалася дапамога хоць бы таго ж лейтэнанта Муратава. Робячы выгляд, нібы ніякае спрэчкі тут не было, камбат дадаў роўным голасам:
        — Патроны таксама. Сотні тры іх павінны ў вас быць. А каб Муратаў не шукаў у сябе кулямётчыка, то і яго перадайце. Сіпак, здаецца, ягонае прозвішча?
        — Які Сіпак? Сіпак пяць дзён як у зямлі. Новы кулямётчык.
        Валошын паўхвіліны маўчаў, пераборваючы ў сабе раптоўную тугу ад гэтае навіны — Сіпака ён ведаў даўно, яшчэ з фарміроўкі, і тут, аказваецца, яго ўжо няма. Зусім недарэчы прыпомнілася ягонае прозвішча — усё ж камбат павінен быў ведаць пра выбыцце кожнага з старых. Гэта было куды як непрыемна, але Валошын ніяк не выдаў свае хвіліннай збянтэжанасці і з ранейшай цвёрдасцю загадаў:
        — Перадайце новага.
        — Ну во! Яшчэ і новага! Што я — запасны полк, ці што? — шырока развёў рукамі Кізевіч.
        Валошын ніяк не адрэагаваў і на гэта, змоўчаў, даючы тым зразумець, што пытанне вырашана беспаваротна. Кізевіч, аднак, раззлаваўся, відаць, не на жарт.
        — Як толькі што, усё да дзевятай! «Кольт»! Можа, на «кольт» у мяне галоўны разлік. Я ўжо з яго ўсе арыенціры прастраляў. А цяпер палучаецца: аддай жану дзядзьку...
        — Во і правільна. Каб не хітрыў,— коратка ўставіў Самохін.
        — Ага. Ты не хітрыш? Чэсны такі!
        — Не ў тым справа,— іншым тонам перабіў яго Самохін,— Што там «кольт»! Ты вось лепш запытай, якога ражна мы гэтую вышыню ўчора не ўзялі? Чаго валынілі? Пакуль немцы акапаюцца?
        Кізевіч павярнуў да камбата незадаволены, надзьмуты твар. Іншыя, хто быў у бліндажы, таксама насцярожыліся, чакаючы адказу на тое, што, пэўна, найбольш займала іх. Валошын выдатна адчуваў гэта, сам насіў у сабе тое пытанне, але цяпер выказваць сваёй думкі не стаў, паспрабаваў прамаўчаць. Маўчанне камбата, аднак, не задаволіла ротных.
        — Цяпер папоўзаеш сюды-туды,— сказаў Самохін.
        — Вунь ужо два дзоты адгрохалі. Натанцуешся перад імі.
        Аднак гэта было занадта. Такія размовы ўжо выходзілі
        за рамкі дазволеных у адносінах да начальства, і Валошын цвёрда сказаў:
        — Ну хопіць! Загад ёсць загад. Мы абавязаны яго выканаць. Асабістыя ж меркаванні можаце пакінуць пры сабе.
        Яны ўсе прымоўклі, і ў гэтае цішыні камбат дастаў з кішэні гадзіннік. Было без чвэрці адзінаццаць.
        — Так, усё! — сказаў ён.— Давайце рыхтавацца. Загад аддам дадаткова.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.