РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
10
        
10

        
        3 НП Іванова ён пайшоў да свайго ланцуга, мяркуючы неўзабаве наткнуцца на кулямёты Ярашчука. Але гэты Ярашчук, мусіць, быў сёння няўлоўны. Камбат прайшоў па схіле да нізу, да самага балота, і нідзе не знайшоў кулямёты. Ён зноў прамінуў іх і зразумеў гэта, калі згледзеў у цемры адзіночныя ячэйкі нейкае з сваіх рот, далей чарнела ў ночы хмыззё, між якога шарэлі плямы балотнага лёду. Яго ніхто не аклікнуў, але ён сам пачуў сцішаны ўначы голас Муратава і здагадаўся, што гэта вярнуліся разведчыкі, якіх пасылаў Маркін.
        — Трэба далажыць на КП. Дзе старшына? Ідзіце на КП.
        — Не трэба на КП,— сказаў Валошын, падыходзячы да некалькіх цёмных постацей.— Усе вярнуліся?
        — Усе, таварыш камбат,— ціха азваўся Муратаў.— На фланговым пагорку нашы.
        Валошын падышоў бліжай, трое байцоў у шапках з адтапыранымі вушамі насцярожана стаялі з вінтоўкамі ля нагі.
        — Былі на вышыні? — запытаў ён.
        — Не, таварыш камбат. Да вышыні не далезлі, дрыгва там. I так во па калена,— сказаў адзін з байцоў і, расхінуўшы полы шыняля, паказаў цёмныя, мусіць, мокрыя, сцёгны.— Але мы чулі.
        — Што вы чулі?
        — Нашыя там. Капаюць акоп. Чулі, лаюцца, і ўсё такое. Па-нашаму, па-руску.
        Валошын прымоўк. Тое, што там нашы, а не немцы, было няблага, але такі метад разведкі гэтых разведчыкаў — на слых — яўна не задавольваў яго. Мусіць, заўважыўшы недавер камбата да вынікаў свае работы, усё той жа баец з жывасцю расказаў:
        — Улезлі ў кусты, сядзім, чуем, яны там зямлю дзяўбуць. Хацелі ўжо вылезці па вадзе, ды чуем, па-нашаму размаўляюць: «Валодзя, куды ты, кажа, падсумкі дзяваў?» — «На шынялі, кажа, мае і твае». Ну, ведама ж, нашы,— з упэўненасцю скончыў баец.
        — Калі нашы, тады трэба ўстанавіць з імі сувязь,— сказаў камбат.— Дамовіцца пра ўзаемадзеянне на заўтра. Паклічце мне лейтэнанта Кізевіча.
        — Ёсць!
        Баец пабег у кірунку да дзевятай роты, а Валошын задуменна паўзіраўся ў той бок, за балотца. Ведама, у цемры ён нічога не ўбачыў, але ён ведаў, што пагорак там быў маленькі, сілу на ім вялікую не размесціш, хіба які ўзвод мог бы там акапацца і памагчы батальёну агнём па вышыні «Вялікай». Толькі хто яго мог заняць — няўжо падышоў авангард суседняй арміі? Гэта было б здорава.
        Чакаючы Кізевіча, Валошын прысеў на цвёрдыя камякі бруствера адзіночнай ячэйкі, некалькі байцоў, што стаялі каля яго, пачалі стукаць ціхенька, але настойліва чаравікамі — грэць ногі.
        — Што там, сапраўды нельга прайсці? — запытаў камбат.
        — Вада там, таварыш капітан. Не ўмерзла. Мы пайшлі — праваліліся, насілу вылезлі.
        — А як жа тыя прайшлі?
        — А хто знае? Можа, дзе і ёсць праход. А ўночы як знойдзеш?
        «Так, так,— думаў камбат.— Наўрад ці іх там многа. Можа, сакрэт ад суседзяў? Але ўсё роўна трэба звязацца. Трэба кагось паслаць».
        Калі валюхастым крокам падышоў з цемры Кізевіч, Валошын сказаў:
        — У вас ёсць талковы сяржант?
        — Гэта навошта?
        — Устанавіць сувязь з вышынёй «Малой». За балотцам.
        — Што ўстанаўліваць! — цепнуў плячом Кізевіч — Там нікога няма.
        — Як няма? Во людзі прыйшлі, чулі — галасы. Нашых, рускіх.
        — Што яны маглі чуць? Я да вечара туды глядзеў — ніводнай жывой душы. Можа, яны ў цемры не на той бугор вылезлі? Можа, правей узялі, там праўда нехта поўзаў увечары.
        Камбат памаўчаў, не ведаючы, што рашыць. Упэўнены тон камандзіра роты яго бянтэжыў, але і хлопцы таксама былі ўпэўнены, што ішлі правільна.
        — Мы ж прама ішлі. Цераз кусты. Пад самы бугор. Але ж там вада, не ўмерзла. Балота.
        — Вось іменна балота. Залезеш — не вылезеш,— сказаў Кізевіч і адвярнуўся.
        — Тым не менш пашліце сяржанта з байцом. Хай дакладна ўстановіць: хто і колькі.
        — Сяржанта! У мяне іх зашмат?
        — Самахвалаў у вас ёсць? Яго і пашліце.
        Кізевіч пастаяў моўчкі і пайшоў у ноч, несучы незадаволенасць новым загадам. Валошыну гэта не дужа спадабалася, але камандзір дзевятай меў асобны характар і рабіў так не першы ўжо раз. Да таго ж ён гадоў на пяць быў старэйшы за Валошына, і гэтая акалічнасць трохі стрымлівала камбата ў падобных сітуацыях.
        Валошын коратка развітаўся з маўклівым, заклапочаным сёння Муратавым і пайшоў у роту Самохіна — важна было дазнацца наконт мінаў на той, галоўнай іх, вышыні. Хоць ён і разумеў, што ўночы сілай двух байцоў не шмат чаго разведаеш на даволі шырокім умерзлым схіле, але ўсё ж. Па крайняй меры, хоць адна знойдзеная там міна дала б камандзіру батальёна знак, што вышыня замініравана і што без яе размініравання нельга пачынаць атакі. Горш, калі яны там нічога не знойдуць і ён заўтра налезе з батальёнам на міннае поле.
        На гэты раз камбат лёгка знайшоў у цемры па-над балотцам маленькі бліндаж Самохіна, ля якога яго, аднак, сустрэў старшына Грак. Ён сказаў, што лейтэнант прылёг адпачыць і пакінуў яго, Грака, дачакацца разведчыкаў з вышыні, якія ўсё яшчэ не вярнуліся. Камбат хвіліну маўкліва пастаяў разам са старшыной, паслухаў, але на вышыні па-ранейшаму было глуха і цёмна, ніводзін гук адтуль не далятаў супраць ветру, і Валошын рашыў вярнуцца на свой КП.
        — Прыйдуць разведчыкі,— адразу ка мне.
        — Ёсць, таварыш камбат!
        Справа з разведкай неспадзявана затрымлівалася на абодвух напрамках, і гэта не магло не турбаваць камбата. Асабліва непакоіла вышыня — нешта дужа доўга не было сяржанта, хоць бы ён там дзе не наткнуўся на баявое ахраненне немцаў, думаў Валошын. Ідучы ў цемры на свой пагорак з НП, ён некалькі разоў спыняўся і ўслухоўваўся. Аднойчы яму здалося, што ён чуе нейкі голас, які даляцеў з вышыні. Але, мусіць, гэта быў голас немцаў, бо калі б яны заўважылі яго разведчыкаў, дык напэўна пачалася б страляніна — без страляніны ўжо не абышлося б. Але пакуль было ціха, і можна было спадзявацца на ўдачу разведкі.
        На НП у траншэі дзяжурыў ужо не Прыгуноў, а Ціток, ён таксама пазнаў камбата і не аклікнуў яго, а толькі паціху затупацеў ботамі, даючы тым знак, што не спіць, назірае і грэецца.
        — Ну як — усё ціха? — запытаў Валошын.
        — Ціха, таварыш камбат. Толькі машыны гурчаць.
        — Дзе гурчаць?
        — Ды там, на гарбу гэтым.
        — На гарбу і будуць гурчаць. Умацоўваюцца.
        Ён прайшоў па траншэі і падняў край палаткі на ўваходзе ў сваё жытла. Цяпер тут было не шмат цяплей, чым знадворку, печка-бітон, мусіць, ужо не гарэла. На яго ўваход у куце ля тэлефоннага апарата заварушыўся, пачаў дзьмухаць у трубку заспаны, з паднятым каўняром Чарнаручанка, побач пад паўшубкам спаў, выцягнуўшы ногі, Гутман, а ля ягонага боку сцяўся намерзлы за сваё дзяжурства Прыгуноў. Ад скрынак падняў санлявы твар Маркін.
        — Ну што там, вярнуліся разведчыкі?
        Валошын зморана ўладкаваўся на сваім месцы па другі бок скрынак, расшпіліў кручкі каўняра і аслабіў дзягу. Зморанае яго цела, нацёртае вопраткай і рамянямі, прагнула расслабнуцца, выпрастаць ногі, толькі выпрастаць тут не было дзе.
        — 3 палка званілі? — замест адказу запытаў Валошын у Маркіна.
        — Гунько абзываўся два разы. Загадаў адразу ж пазваніць, як прыйдзеце.
        — Сну на яго няма,— прабурчаў камбат і пацягнуўся да Чарнаручанкі за трубкай.
        Тэлефаніст на тым канцы провада, мусіць, драмаў і хоць адразу адказаў на пазыўны, але нешта няўцямна змоўчаў затым; Валошын пачакаў і паўтарыў выклік. Гунько таксама спаў і не адразу ўзяў трубку. Нарэшце прыглушаны адлегласцю пачуўся яго незадаволены голас.
        — Да, слухаю.
        — Дваццаць першы «Арла» слухае,— сказаў Валошын і змоўк.
        — А, Валошын! Ну як абстаноўка? Як падрыхтаваўся? Усё гатова?
        — Што гатова? — сказаў Валошын, не тоячы свае прыкрасці ад гэтага звычайнага ў такіх выпадках пытання.— Быў у Іванова — «агурчыкаў» кот наплакаў. Якая ж падтрымка будзе?
        — Будзе, будзе падтрымка. Гэта не ваш клопат. Аб гэтым паклапоцяцца каму трэба.
        — Гэта мне трэба,— стрымана запярэчыў камбат.— Я атакую, а не хто іншы. Таму і клапачуся.
        — Во, ВЫ атакуеце, вы сябе і рыхтуйце. Сваю гаспадарку рыхтуйце. У вас усё гатова?
        
        — Яшчэ не вярнуліся разведчыкі. А на вышыні «Малой» яшчэ невядома хто — нашы ці немцы.
        — Гэта на якой? За балотам? А там нікога няма. Тая вышыня незанятая.
        — А калі ўсё ж занятая?
        — Ды ну глупства, Валошын! Вам усё чэрці здаюцца. Учора мае разведчыкі вярнуліся — там пуста.
        Валошын гаротна ўздыхнуў — учора! За ноч той пагорак можна тры разы заняць і тры здаць, а маёр усё будзе спасылацца на ўчарашнія звесткі «яго» разведчыкаў.
        — Таварыш дзесяты, я прашу дазвол перанесці тэрмін «сабантуя» на гадзіну раней,— ухіляючыся ад бескарыснай спрэчкі, сказаў ён.
        Камандзір палка, мяркуючы па яго паўзе, не зразумеў ці нават здзівіўся.
        — Гэта чаму?
        — Ну раней, разумееце? Пакуль не развіднела. У прыцемку.
        Маёр зноў памаўчаў, пэўна падумаў і адмовіў.
        — Не, нельга. Дзейнічайце па плану. План, разумееш, зацверджан... Наверсе. Так што... па плану.
        Валошын скрыгануў сківіцамі, але змоўчаў, і паколькі Гунько таксама няпэўна маўчаў, адпусціў клапан трубкі, якую і паклаў упоперак на тэлефон. Маркін, відаць, прагнаўшы свой сон, запытальна паглядзеў на камбата.
        — План! Гляджу, заўтра будзе цяганіны праз гэты ідыёцкі план,— не стрымаўся Валошын і вылаяўся.
        — Калі ўжо план, дык кропка,— усё зразумеўшы, уздыхнуў Маркін.— Цяпер Гунько ад яго ні на крок, ведаю.
        — Калі б хоць план, а то... У шэсць трыццаць атака. Чаму ў шэсць трыццаць? Толькі развідняе.— Што не зроблена за ноч, ужо не даробіш — некалі. I людзі не адпачнуць як след. У шэсць трэба ўжо сняданкам накарміць. Ні даразведаць, ні агледзецца... Але ж ім трэба да паўдня аб выкананні далажыць. Каб іх поспехі ў сутачную зводку ўключыць. Таму і гэтая спешка.
        Валошын не мог стрымаць абурэння, хоць праз хвіліну і пашкадаваў аб тым. Наракаць на паводзіны камандзіра палка ды яшчэ ў прысутнасці падначаленых было не ў яго правілах, хутчэй наадварот. Але і стрымацца ў гэты раз было цяжкавата — столькі ўжо назбіралася на ягонай душы за гэтую ноч труднага і нервовага.
        — Ладна,— сказаў ён больш сам сабе, чым іншым.— Вы адпачывайце, Маркін. Да чатырох ноль-ноль. У чатыры я вас падніму, сам пару гадзін драману.
        — Ага, я засну,— пагадзіўся Маркін, але ўсё сядзеў, пазіраючы ў адну кропку на светлай дошцы скрынкі.
        — I, гэта, дайце мне вашай брытвы,— папрасіў камбат.— Пагаліцца хачу.
        Маркін дастаў з палявой сумкі акуратна загорнутую ў кавалак газеты брытву, мыльніцу і круглае, трэснутае пасярэдзіне люстэрка. Камбат пачаў рыхтаваць мыла, а начштаба расслаблена сядзеў, няпэўна пазіраючы на яго падрыхтоўку.
        — Дык я лягу,— паўзапытальна сказаў ён нарэшце, і Валошын пацвердзіў:
        — Ага, кладзіцеся. Да чатырох.
        Маркін адкінуўся на салому і вельмі хутка сціх, нібыта прытаіўся за скрынкамі. 3 глыбокім шумным дыханнем спаў на спіне Гутман, далёка выцягнуўшы ногі ў пацёртых са збітымі абцасамі кірзачах. У куце над скураным футаралам свайго апарата, часта прахопліваючыся, драмаў Чарнаручанка, часам выклікаў «Волгу» і прадзімаў трубку. У печцы агняным водсветам дагарала рэшта вуголля, і слабыя водблескі ад іх ляжалі на цёмных жэрдках у столі.
        Камбат сцягнуў з плеч шынель, падкасаў каўнер гімнасцёркі. Галіўся ён зусім не таму, што заўтра чакаў яго цяжкі бой, у якім магло здарыцца найгоршае з усяго, што здаралася з байцом на вайне. Проста ён адчуваў на шчоках шчацінне і ведаў, што заўтра часу ў яго не будзе. Цяпер жа настала самая ціхая часіна ночы, калі, апроч немцаў, наўрад ці яго хто патрывожыць, і ён супакоена расслабіўся на саломе, застаючыся ў гэтай цішы сам-насам са сваімі клопатамі.
        Націраючы мыльнай вадой абсівераны падбародак, ён у каторы ўжо раз думаў, уздыхаючы, якой па-звярынаму труднай выдалася гэта вайна. Ці калі была яшчэ такая ў гісторыі? Ваенная ўдача на поўдні дала ўздыхнуць з палёгкай, Сталінград абнадзейваў, напэўна, цяпер там весялей. Але тут, у гэтых лясах і балотах, на гэтых пагорках і прасёлках, ля разбураных вайной вёсак па-ранейшаму жахліва цяжка. Па-ранейшаму вораг б'ецца да апошняй магчымасці, упарта абараняючы кожную вышыню ў полі і кожны будынак у вёсцы. Каб яго адолець, колькі патрэбна сілы і ўмельства, і калі чагосьці бракуе, увесь цяжар барацьбы кладзецца на шматпакутную матухну-пяхоту, якой трэба плаціць за ўсё сваёй уласнай крывёю. I часта тыя, хто плоціць па гэтым крывавым рахунку, не могуць сабе і ўявіць, што ў іх бедах можа быць хто вінаваты, што дзесьці не хапіла часу, не ўправіўся транспарт. Ад колькіх прычын залежыць, каб іхняя кроў аказалася меншай і не так катастрафічна таялі іхнія жыцці.
        Гунько рабіў адпаведнае ўражанне сваёй пунктуальнасцю, умеў ліха далажыць начальству і з усёй строгасцю спагнаць з падначаленых. Да таго ж ніхто ў палку з такім форсам не насіў ваенную форму, як яго камандзір, заўсёды апрануты ў форменны шынелак з мноствам рамянёў, планшэтак, абуты ў начышчаныя хромавыя боты пры шпорах. Выгляд яго быў бездакорны. А як ён паводзіць сябе з падначаленымі, як дзейнічае ў баі, гэта начальству не відаць, на полі бою яно з ім не сутыкаецца. Затое гэта вядома ім, камандзірам яго батальёнаў. Просячы перанесці атаку на раней, Валошын напэўна ведаў, што камандзір палка не згодзіцца, бо цэлая сістэма мерапрыемстваў у плане прывязана менавіта да вызначанага тэрміну, які цяпер кампалка сваёй уладай змяніць не мог. Для таго яму давялося б званіць камандзіру дывізіі, дабівацца, каб той нешта перайначыў, даў новыя каманды, нешта адмяніў і нешта ўвёў новае. Але ў такім выпадку камдыву трэба было б пераглядаць нейкія ранейшыя свае рашэнні, вяртацца да таго, што ён ужо палічыў скончаным і да чаго, напэўна, не меў жадання вяртацца, тым болей што яго, безумоўна, чакала нямала іншых, не меней важных і яшчэ не вырашаных спраў. А шкада. Гадзін у шэсць або нават у палове шостай у перадсвітальным прыцемку батальён, мабыць, змог бы без стрэлу, паціху адолець балота і зачапіцца за схіл, да траншэі на гары засталося б менш, тады, можа б, і ўварваліся ў яе, хоць бы і пад агнём. Але тады рабілася непатрэбнай артпадрыхтоўка, яе трэба было б адмяніць, а хто гэта дазволіць? Каму разбірацца, што замест сапраўднай артпадрыхтоўкі будзе адно яе падабенства, якое не шмат дапаможа батальёну сваімі сарака снарадамі, выпушчанымі за дзесяць хвілін на світанні, калі ўсе немцы будуць сядзець у абсталяваных за два дні бліндажах і ў траншэі застануцца адны назіральнікі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.