РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Атака
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
7
        
7

        
        Пасля таго, як Жаркоў, апантана крычучы, пабег па ланцугу, Тарасікаў адчуў, як непадуладная яму, жахлівая немач апанавала яго зморанае цела. Здалося хлопцу, што пагібель, як тая спілаваная хвоя, ужо нахілілася над яго галавой і вось-вось абрынецца і жахліва прыкончыць яго такое кароценькае і недарэчнае жыццё. Сапраўды, ці доўга тут можна было пра-жыць, калі ўсе трасы з-за ўзмежка кіравалі якраз на яго, усе ракеты ўзляталі над самай яго галавой − пэўна, немцы ўбачылі кулямёт і з усіх сіл узяліся расстрэльваць яго. Думалася хлопцу: варта было з-за ўзмежка высунуць нават палец, як яго адразу б зрэзалі кулі. Праўда, Тарасікаў нікуды не высоўваўся, ён нават не паварочваў галавы, але ўсю тую жудасць угары ён адчуваў кожнай самай маленькай часцінкай свайго цела, якое, здавалася, стала цяпер спляценнем адных толькі балючых, напухлых нерваў.
        І ў той жа час у ягоных вушах трывожным крыкам гучаў усё загад сяржанта Жаркова адкрываць агонь, і пякла душу нядаўняя злосная азвярэласць на яго − разгубленага, збянтэжанага, прыдушанага страхам няўмеку. Тарасікаў невыразна адчуваў, што ў яго ўпёрлася нешта вельмі важнае, што ён замінае чамусьці ў баі, нешта стрымлівае, але страх і ўладарная вяласць не давалі нічога зрабіць. Адно толькі карцела сціснуцца ў камячок і праваліцца ў зямныя нетры, дзе не было гэтага грукату, трас, трэскату разрыўных і распранаючага да нутра ззяння варожых ракет.
        «Трэба страляць… трэба страляць, − казаў ён сам сабе. − Трэба стра-ляць…» І тут жа праз бязвольную нерашучасць спрабаваў некага заспакоіць у сабе, угаварыць, задобрыць, каб зменшыць пакуты і адсунуць надалей самы жахлівы час: «Зараз… Зараз… Яшчэ трошкі… Яшчэ паўхвілінкі… Зараз…»
        Немцы білі па ўзмежку. Збітая разрыўною чаргой, пераламілася і ўпала з плоту яшчэ адна жэрдка, пыхкалі і затухалі ракеты, раптоўна азаралася і раптоўна чарнела наваколле − хаты, гароды, узмежак і ўскраек балацявіны, − а Тарасікаў усё ляжаў, упёршы голаў ва ўзмежак. Ён і сам ужо адчуваў, што не спраўдзіў свае абяцанкі, свайго пакутнага намеру, разумеў, што ён проста баіцца − не за сваё жыццё, не таму, што ён вельмі хацеў жыць, − проста так баіцца, бо не мае сілы пера-адолець у сабе нейкай слабасці перад гэтай апантанай раз’юшанай сілай, што бушуе, мільгоча і грукаціць па зямлі і ў небе. Яна, гэтая лютая сіла, паралізавала, задушыла ўсе яго чалавечыя здольнасці, ён адчуваў сябе не болей чым якою кузуркай, якой нават смешна супраціўляцца гэтай смертаноснай раз’юшанай стыхіі вайны.
        Але не меней уладарна і сурова дапякала яго і сіла загаду, за які − адчуваў ён − яму перападзе ад сяржанта і нямала. І тады ён скрывіў губы ад крыўды, бо раптам і вельмі выразна зразумеў, што ўсе тыя страхі ягоныя − не што іншае, як самая паганая чалавечая трусасць. За тое ён апаліўся крыўдаю на са-мога сябе, у ім з’явілася нянавісць да некага агідна слабага ў сабе, які столькі часу ашукваў яго, угаворваў, заспакойваў, і хлопец у парыве злараднае помслівасці аб’явіў сабе, як прысуд:
        − Баішся, паганы трус! Баішся! А ну, устаць!.. Устаць!!! − ледзьве не крыкнуў Тарасікаў.
        І ён заварушыўся, прыўзняў голаў − цераз узмежак агнявымі пчоламі імчалі ў хмызняк раі куль, наперадзе, з-пад цёмнай гарбіны будыніны, пыхкаў і пыхкаў агеньчык, і выляталі тыя бліскаўкі-трасы.
        «Баішся! Калоцішся! − з помслівай асалодаю здзекваўся з сябе Тарасікаў. − А ну, уставай! Агонь!!!»
        − Тарасікаў, агонь! Агонь! Такую тваю… − гучэла ў вушах суровая каманда Жаркова.
        І хлопец устаў, нясмела прыўзняў голаў, падсунуўся да кулямёта, каб захінуцца яго сталёвым шчытком, і паглядзеў наперад. Каля самага вуха люта фыркнула некалькі нябачных куль, узляцела ракета, хлопец зноў тыцнуўся тварам у зямлю, а калі зноў счарнела ўваччу, торапка, каб не даць узгарэцца ў сабе спалоху, ухапіў ручкі кулямёта і націснуў спуск.
        Чарга аглушыла яго, збянтэжыла, але ён не адпусціў пальцаў і яшчэ праз некалькі секунд здзіўлена сцяміў, што жывы і што трасы нейкім незразумелым чынам міналі яго, рассейваючыся скрозь у чарнаце ночы. І тады ён на момант прыпыніўся і зірнуў у прыцэл. У вузенькай рамцы відаць быў кароценькі мігатлівы бляск пад чорным узгоркам будыніны, і хлопец, давярнуўшы кулямёт, зноў націснуў на спуск.
        Ён ціснуў яго, аж покуль хапіла духу ў грудзях, а калі задыхнуўся ад напружання, адняў пальцы. У вачах усё бліскалі аранжавыя пыхаўкі ад кулямёта. Сэрца яго шалёна стукацела, было дужа страшна − хлопец рассунуў локці і зноў прыпаў да зямлі. І, відаць, зрабіў гэта ў час, бо зараз жа з варожага боку сыпануў сюды рой куль. Некалькі іх мільганула ўгары паверх кулямёта, а некалькі гучна ляснулі ў шчыт і агністымі мухамі зыўкнулі ўгору і ўбакі; Тарасікаў аж здрыгануўся, абмёр, але спакваля сцяміў, што жывы і нават не ранены. Ён ас- цярожна прыўзняў голаў у касцы і зірнуў з-за кола − там, наперадзе, на рагу чорнай пахілай будыніны па-ранейшаму кораценька і часта папыхквала полымя.
        Было цёмна і ў гэтае цемры Тарасікаў адчуў сябе трошачкі схоўней. Ракеты, мабыць, болей за іншае прыгняталі яго (мо- жа быць, яшчэ ад тае ночы, калі іх бамбілі на вялікай станцыі − тады ўсё ў доле было заліта святлом мноства страшэнна яркіх ракет-ліхтароў, што віселі ў небе). У цемры ж адчуваць сябе куды лепей, калі б толькі даўжэй была тая жыццеахоўная цемра.
        Трошкі аддыхаўшыся і асмялеўшы, Тарасікаў яшчэ раз зірнуў наперад − кулямёт з-за будыніны папыхкваў кудысь, але трасы ішлі ўбок, і Тарасікаў, хуценька прыўзняўшыся, навёў кулямёт і замацаваў яго. Калі ён зноў узяўся за ручкі і прыўзняў ахоўнік, хваляванне і нерашучасць зноў ахапілі хлопца, і ён паляжаў яшчэ, не адважваючыся ўтапіць спуск. Але ўрэшце з ярасцю і злосцю на сябе зрабіў гэта, кулямёт затрэсся і хлопец, здаецца, ад страху ажно прыплюшчыў вочы. Ён разумеў, што цяпер нямецкі кулямётчык прыкмеціць яго і ў самыя бліжэйшыя секунды будзе вырашана, хто каго.
        Кулямёт пратарахцеў доўгую чаргу і змоўк, Тарасікаў здзівіўся, не адразу здагадаўшыся, што скончылася стужка. У той час загарэлася ўгары ракета, і ён раптам убачыў, як наперадзе, да тае пунькі, дзе страляў яго вораг, бяжыць нейкі салдат. Трапіўшы пад ракету, ён пляцнуўся на гарод, умомант раскінуў ногі і пусціў з аўтамата чаргу. «Заб’юць! Заб’юць! − стукнула ў голаў думка. − Там жа кулямёт!» І Тарасікаў, спалохаўшыся за таго смельчака, не стаў ужо хавацца ад ракеты, а ўхапіў зводдаль новую каробку і стаў зараджаць «гарунова».
        Ракета пагасла, а Тарасікаў, сцяўшы белыя броўкі, нейкі час узіраўся ў цемру, каб пабачыць, што сталася з тым байцом. Навёўшы кулямёт, ён пачаў пільнаваць тую плямку, каб адразу, як пыхне яна, пусціць туды струмень сваіх нябачных смяротных куль.
        Аднак кулямёт той болей і не стрэліў.
        Тым часам страляніна трохі паслабла, Тарасікаў адзначыў гэта і здзівіўся, падумаўшы, што бой быццам сціхае, а ён усё жывы. Хлопец папільнаваў яшчэ, думаючы, што, можа, урэшце блісне ўсё ж варожы стрэл, але час ішоў, а агеньчыка ўсё не было. Тады раптам Тарасікаў адчуў, што ча-мусьці аж шкада яму − хлопец толькі што ўбачыў у сабе маленькую яшчэ і такую радасную надзею, што пераможа. Ён пачаў ужо спадзявацца на сябе, бо ведаў, што страляць умеў трапна, вока ў яго было вострае, вось толькі нянавісны неадчэпны страх − з ім хлопец ніяк не мог зладзіць.
        Але раптам ён спахапіўся, што нікога не чуваць побач, мабыць, усе ўжо пабеглі далей, можа, нават узялі вёску, а ён застаўся з кулямётам адзін. Адрывацца ж ад усіх, заставацца ззаду Тарасікаў не хацеў, хоць і было вельмі страшна, ён усё ж імкнуўся заўсёды не адстаць, бо адзінота палохала яго не меней, чым нямецкі агонь.
        Не ўстаючы з долу, ён заварушыўся, прыгледзеўся, услухаўся і падумаў, што сапраўды трэба падавацца туды, наперад. Праўда, дужа боязна было вылазіць з-пад выратоўчага ўзмежка, падстаўляць усяго сябе ворагу і кожную хвіліну адчуваць, як накіраваны на яго з цемры ствалы нямецкіх куля-мётаў. Але ж трэба!
        Тады ён прыўзняўся, на каленях дацягнуўся да сваіх скрынак, узяў адну ў руку, другую зашчаміў падпахай, правай павярнуў кулямёт і, прыгінаючыся і дужа баючыся, павалок яго па гародзе. Праўда, доўга яму цягнуць не давялося: неўзабаве зноў засвяціла ракета, хлопец адразу ўпаў на ўмерзлыя глыжы долу. Але ён не хаваў ужо свае галавы, ён агледзеўся навакол і ўбачыў, што ззаду цераз узмежак з-пад паламанага плоту вылазіць яшчэ нехта. Ён ціхенька гукнуў яго і махнуў ля зямлі рукою.
        Калі зноў сцямнела, ён пачуў блізкі шорхат і неўзабаве ўбачыў шараватую ў цемры постаць. Баец быў незнаёмы, пэўна, сувязіст, ён падпоўз да Тарасікава і моўчкі запытальна ўставіўся ў яго невыразным у цемнаце тварам. Тарасікаў павярнуўся і паклаў на зямлю абедзве свае скрынкі.
        − На, бяры. Паможаш! − зусім ціха, ажно сам здзівіўся (ці не страціў голас), прашаптаў хлопец і адразу закашляўся. Баец зразумеў, падпоўз бліжай, нясмела і няспрытна загрэбаў пальцамі па скрынцы, каб узяць як яе, і тады Тарасікаў, сутаргава, нястрымна кашляючы, убачыў, што ніжняя сківіца ў байца дзіўна неяк адпала і дрыжыць. Спачатку ён здзівіўся, падумаў, ці не пакалечыла хлопца, а пасля здагадаўся: гэта ж ён напалоханы і баіцца.
        − Бяры, бяры хутчэй! − гучней ужо загадаў Тарасікаў і, ускочыўшы, пацягнуў кулямёт.
        Калі ён, змораны, упаў праз хвіліну, байца ля яго не было. Тарасікаў пачакаў трохі, угледзеўся ў цемру і паклікаў:
        − Гэй, дзе ты? Сюды!
        Валюхаючы задам, той неўзабаве прыпоўз, але ўсё стараўся трымацца ззаду, за кулямётам, пэўна, каб прыхавацца за яго. Тарасікаў у гэты раз павярнуўся і лепей разгледзеў твар новага свайго памагатага. Гэта быў малады, як і ён, хлопец, толькі, відаць, доўгі, бо цыбатыя ногі яго шырока раскінуліся ў доле, твар вузкі, востры падбародак усё ціха ляскаў і ледзьве не кранаўся долу.
        − Ты што, баішся? − запытаў Тарасікаў. Баец паглядзеў управа, улева і, заікаючыся, вымавіў:
        − Пят-т-трова раз-зарвала. Там на уз-змежку.
        − Якога Пятрова?
        − С-сяржанта, камандзіра л-лінейшчыкаў. Т-там, − паказаў баец цераз плячо, а сам, відаць, быў ні жывы ні мёртвы ад страху.
        Тарасікаў адчуў, як нібы сцюдзёнай вадой пляснула па яго спіне, бо яму здалося, што гэта забіла Жаркова. Ён трошкі ўжо асмялеў, адкараскаўся ад баязні і прывык за гэтыя кароткія, але дужа страшныя хвіліны, да таго, што смерць толькі палохае, але абыходзіць іх бокам, а тут аказваецца, што вось быў чалавек і загінуў, да таго ж гэтак блізка ад яго. Хлопец памаўчаў крыху, збянтэжаны, а пасля намогся і саўладаў з сваёй ніякаватасцю. Адчуўшы сябе старэйшым тут і ў нейкай меры начальнікам, ён стрымана сказаў:
        − Ну ладна. Давай пайшлі. Не адставай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.