РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Атака
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
8
        
8

        
        Ён пабег з кулямётам, за ім са скрынкамі, трошкі адстаўшы, трухаў сувязіст. Аднойчы здалёку ад хат вёскі некуды наўскасяк праз гароды пырснула сінімі пісягамі чарга − кулямётчыкі адразу ўпалі, але Тарасікаў неўзабаве спахапіўся і ўзяў хобат. Сувязіст жа ляжаў ззаду.
        − Уставай, не палохайся, − сказаў яму Тарасікаў. − Калі ба-чыш − ляціць, гэта не трапіць. Той, што ў цябе, − не ўбачыш.
        Сувязіст змоўчаў і ўстаў, відаць, ён падумаў, што Тарасікаў болей спрактыкаваны франтавік: усё ж стралок, кожны дзень пад агнём, не тое што штабны сувязіст. Тарасікаў, на сваё здзіўленне, і сам адчуў сябе куды болей вопытным і смялей-шым, чым гэты напалоханы хлопец. Гэтая акалічнасць ці, можа, тое, што агонь кулямётаў прымоўк, надало хлопцу рашучасці, і ён ужо падбадзёрыўся крыху.
        Так яны дабраліся да пунькі, з-за якой некалькі хвілін назад страляў нямецкі кулямёт. Яна адзінока вынікла з цемры дзіравай сваёю страхой і ціха тулілася тут пасярод агарода, на водшыбе ад вёскі. Нешта пагрозліва таемнае было ў яе змрочнай нахіленай паставе, і Тарасікаў, не дабегшы да будыніны некалькі крокаў, спыніўся. З-пад хат зусім ужо не-далёкае вёскі сям-там патрэсквалі чэргі, часам нізка па-над зямлёю вырываліся трасіруючыя маланкі, значыць, вораг не пакінуў вёску, але, відаць, націск нашых аслаб.
        Тарасікаў узвалок кулямёт на нейкі ўзмежак і, зводдаль абыходзячы рог пунькі, нясмела зазірнуў у прыцемках на той яе бок. Пэўна, там нікога не было, тады ён паціху падкаціў кулямёт бліжай і спыніўся непадалёк ад вугла ля нейкага дрэўца, камель якога блішчэў белымі плямамі, пэўна, ад куль. Тут валяліся нейкія камяні, мабыць, ад разбуранай пабудовы, ляжала ўгрузлае ў зямлю тоўстае струхлелае бервяно, і Тара-сікаў паставіў ля яго кулямёт. Сувязіст таксама лёг побач, але трошкі ззаду.
        − Давай акапвацца. Лапатка ёсць?
        − Н-не, няма, − усё заікаючыся, шэптам адказаў хлопец.
        − Тады глядзі. Ляжы і глядзі, − загадаў Тарасікаў, а сам хуценька выняў з-за дзягі лапатку і, лежачы на баку, пачаў дзяўбаць цвёрдую, падмерзлую зямлю. Лапатка ўвесь час скрэбла па нейкай жарстве, часам высякаючы сіняватыя іскрынкі… Урэшце атрымалася неглыбокая ямка − адзіночная ячэйка для стральбы. Тарасікаў падпоўз да кулямёта і ўслухаўся.
        Наўкола было ціха і нават, здалося б, глуха, калі б сям-там не вынікалі з зямлі ціхенькія прытоеныя гукі, што сведчылі аб прысутнасці тут людзей. Над пунькай з’явіўся месяц. Акру-жаны раямі яркіх, дробненькіх і зусім распыленых зорак-блішчынак, ён, бы прыплюснутае вока, строга і ўважліва пазі-раў у чорны змрок зямлі. Коўш Вялікай Мядзведзіцы над балацявінай закінуўся чарпаком угору. Па сцішанасці і суладнай мігатні зор відаць было, што час набліжаўся да поўначы. Бойка, відаць, выбілася з сілы і сціхла, але ад хат яшчэ раз-пораз узляталі ракеты.
        Тарасікаў ужо паспакайнеў крыху, бойка прыціхла, і хлоп-цу хацелася пагаманіць. Праўда, ціхенька ныла, не перастаючы, трывога за Жаркова, нідзе не чутна было яго ўначы, але і сам Тарасікаў ужо прыдбаў нешта дужэйшае ў сабе, што дало яму моцы трываць і як-колечы ўпраўляцца на полі бою.
        − Ты адкуль сам будзеш? − запытаўся ён сувязіста.
        Той падпоўз бліжэй і трошкі захінуўся разам з ім кулямётным шчытком.
        − Я гэта, пярмяцкі…
        − Глядзі ты! − шчыра здзівіўся Тарасікаў. − І я ж пярмяцкі.
        − Д-дык землякі?
        − Землякі, выходзіць. А ты даўно ў гэтым палку? − узрадавана запытаўся Тарасікаў.
        Сувязіст падумаў.
        − З паўгода, мабыць. Як з Грахавецкіх лагераў прыбылі, дык і сюды. У роце сувязі быў.
        Сувязіст перастаў ужо ляскаць сківіцай, а Тарасікаў падумаў, што ён куды болей даўні франтавік за яго, Тарасікава, а глядзі ты, які баязлівы. «Гэта што ж, − занепакоена падумаў хлопец, − няўжо і мне не пабароць свайго страху, так ужо і быць усё жыццё трусам?» Зямляк жа яго тым часам ляжаў ціхенька, але, мабыць, і ён трошкі адышоўся ад спалоху і пачаў азірацца.
        − А ц-ці можна г-гэта… з-закурыць? − прашаптаў ззаду сувязіст. − Т-так хочацца…
        − Што ты! − здзівіўся Тарасікаў. − Там жа немцы!
        Сувязіст пакорліва памаўчаў трохі, а пасля запытаў зноў:
        − Гэта ты страляў там ля балота?
        − Я, − сціпла сказаў Тарасікаў. − Страляў, толькі ці трапіў у каго ці не…
        − Добра з кулямётам! − ужо перастаючы і заікацца, зазна-чыў сувязіст.
        − О, гэта, брат, штука! − згадзіўся Тарасікаў.
        − Сп-праўны кулямёт недаступны для пяхоты праціўніка, пакуль у ім ёсць патроны і жывы хоць адзін кулямётчык, − паведаміў хлопец. − Гэта ў настаўленні напісана.
        − У мяне, ведаеш, брат − лётчык, пісаў − Героя далі. Другі недзе падводнік, маёр ці, як у іх там, − капітан трэцяга ранга называецца. А мне вось кулямётчыкам выпала. Сам папра-сіўся ў запасным…
        − А я вось па сувязі, − уздыхнуў баец і, памаўчаўшы, зноў загаварыў пра курава.
        − Слухай, можа, я за пуню схаваюся?.. Хоць дзве зацяжкі?
        − Не, лепей не трэба. Патрывай як-небудзь.
        Сувязіст паслухаўся і застаўся, дзе ляжаў, відаць, ва ўсім падпарадкоўваючыся ўладзе кулямётчыка. Тарасікаў з-за шчыта пільна пазіраў наперад, там, недзе ля хат, раз-пораз ляскалі адзіночныя стрэлы і чыркалі чэргі, пасля пырснула ў поле трасіруючым струменем. Некалькі куль ударыліся ў цемры аб зямлю і агнявымі кроплямі міганулі ў неба.
        − Ці мы тут доўга будзем ляжаць? Можа б бліндаж які змайстраваць? − спытаў сувязіст. Відаць, ён ужо асвойтаўся крыху і не хацеў ляжаць так, без справы. Але Тарасікаў баяўся, каб ён не варушыўся, хлопцу хацелася сядзець як мага цішай, здавалася, так было схоўней.
        − Хто яе ведае, − сказаў ён. − Можа, зноў у атаку?
        У вёсцы тым часам трэснула некалькі стрэлаў запар, пачулася, нібы хтось крыкнуў, і Тарасікаў, насцярожыўшыся, узяўся за ручкі кулямёта.
        − Хоць бы яны не палезлі… немцы, − сказаў ён. − А то… Ты стужкі набіваць умееш? − запытаў Тарасікаў, адчуўшы, што ні-чога яшчэ не мінула − ні бой, ні небяспека, і трэба быць гатовым да ўсяго горшага. Але сувязіст ззаду чамусьці маўчаў.
        − Кажу, давай стужкі наб’ём. Дзве ж парожнія ў нас…
        Зноў маўчанне ззаду. Тады, учуўшы нядобрае, хлопец крутнуўся да сувязіста, які ціха ляжаў, чамусьці ўткнуўшы галаву ў рукі, і не кратаўся.
        − Гэй, ты што?.. Га?.. Чаго?
        Рукі яго задрыжэлі, калені ўраз аслабелі, ён ухапіў земляка за плячо, перавярнуў яго падаткае, незразумела абвялае цела на бок, стрыжаная галава без шапкі важка і бяссільна перакацілася ў цвёрдым доле, і ў чорнае неба вытырклася вострая нерухомая ўжо сківіца.
        − Чаго ты?.. Што табе?.. Што?.. − гукаў Тарасікаў, пакуль не згледзеў на сярэдзіне ягонага лба цёмную мокрую плямку.
        − Братка, што ж гэта ты?.. Як жа гэта? Хто ж цябе так? − дрыготкім роспачным голасам шаптаў Тарасікаў і думаў: «О, божухна, забіла! Як жа гэта ў яго трапіла? Чаму ж я яго не пусціў пакурыць!.. Праклятае ліха − ён жа адчуваў, мабыць, сваю пагібель і прасіўся, а я… От горачка!..»
        Але перайначыць ужо нічога нельга было. Тарасікаў пасядзеў так, збіты з панталыку недарэчнаю смерцю таварыша, і адпоўз на крок у сваю ячэйку.
        Хлопцу зноў стала вельмі ніякавата і вельмі адзінока і боязна. Лежачы ля кулямёта, ураз змаркатнелы, ён раз-пораз пазіраў то наперад, то па баках, то на мёртвага земляка і думаў: «Як жа яго прозвішча? Хоць бы спытаў, як прозвішча! Ах, зямляк, зямляк! Нашто ж ты пайшоў за мной, нашто слухаўся? Прывёў я цябе на пагібель сюды…»
        Толькі што пераможанае нешта ў сабе дало яму апору, ужо з’явілася ўпэўненасць ў сабе і знікла адзінота, знайшоўся таварыш у нялёгкае яго справе, і раптам драпежны вайсковы лёс адабраў яго. І зноў рынулі ў хлопцаву душу пакуты.
        Але калі пойдзе бяда, адчыняй шырай вароты, кажа народ-ная прымаўка. Не паспеў яшчэ Тарасікаў хоць крыху ачуняць ад гэтай свае бяды, як ззаду, за балацявінай раптам загрукацелі аўтаматы, ірванула граната, а пасля раздаўся здзічэлы ад жаху чалавечы крык. «Немцы! − мільганула ў хлопца здагадка, ад якой пахаладзела ўнутры. − І ў тыле немцы!..»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.