РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Атака
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
11
        
11

        
        Да часу атакі заставалася яшчэ некалькі хвілін, як на КП пачулі шалёную страляніну ў баку шостай роты. Адчуўшы, што здарылася штось нечаканае, Васілевіч паўслухоўвася з хвіліну, потым устаў з долу і паспакайнелым голасам коратка кінуў Сахно:
        − Я − туды! У шостую роту.
        Сахно не запярэчыў і не пагадзіўся − ён ваўкавата змоўчаў, седзячы на краі варонкі. Люся варухнулася, паімкнулася наперад, бы хочучы нешта сказаць, але не сказала, толькі ўстала і зноў села ля рацыі.
        Васілевіч пайшоў у цемры, натыкаючыся на нябачны ў доле нізкарослы хмызняк і ўглядаючыся ў той бок, дзе ва ўсю моц гулка грахалі чэргі, мігалі, пырскалі агнём ракеты − ві-даць, там сталася нешта нядобрае, і трэба было спяшацца. Вядома, Жаркоў быў някепскі сяржант, Васілевіч ведаў яго даўно і спадзяваўся, што ён не наробіць якога глупства, але ўсё ж ён быў толькі сяржант, а абстаноўка складвалася без асаблівых надзей на ўдачу.
        Ён ішоў адзін. Ардынарца ў яго не было ўжо некалькі дзён (параніла, і ён адправіў яго ў медсанбат), браць якога салдата з роты цяпер, калі так дораг там быў кожны баец, ён не хацеў і таму абыходзіўся адзін з сувязнымі і Люсяй. Цяпер жа, зняты з камандавання, ён страціў і тых і ішоў адзін − пасунуў толькі кабур з «ТТ» бліжэй да спражкі і адклаў каўнер паў-шубка, каб лепш было чуваць навакол.
        Немцы ажно шалелі − усё кідалі за пагоркам у чорнае неба зіхатлівыя гранкі ракет, ва ўсю трашчэлі кулямётныя чэргі, мільготкія трасы, апярэджваючы прыглушаны зводдаль грукат стрэлаў, сям-там імкліва выскоквалі з-за хмызняку і агністымі пісягамі праразалі зорную цемру ночы.
        Хоць капітан і супакойваў сябе, але ўсё ж прыкметна і міжвольна нерваваўся ад усяго, што сталася ў гэтую ноч, і цяпер ішоў, слепа дзёўбаючы ботамі ў хамлакі змёрзлай травы. Ён быў невясёлы і думаў, што людскія хібы − упартасць, самалюбства, пагоня за асабістым, пэўна, яшчэ доўга будуць прыносіць людзям вялікую шкоду. У каторы ўжо раз прыпаміналіся яму мудрыя словы яго старэнькага настаўніка, пасля калегі − Рыгора Іванавіча, чалавека, які нейкім чынам па-свойму аформіў шмат што ў яго, Васілевічавым характары, светапоглядзе, адчуваннях. Ён сказаў некалі: найгоршае хіба нясе чалавек, калі ён дабіваецца ад людзей нечага ў сваю карысць. Гэта злачынства.
        То была праўда. І яшчэ казаў некалі Рыгор Іванавіч, што каб зразумець сутнасць сябра, трэ дачакацца, калі стане ён тваім начальнікам. Сёння акурат вось здарылася, што Сахно з сябра стаў нейкім чынам яго камандзірам, і вось цяпер толь-кі праявіўся ў поўнай меры ўвесь яго чалавечы склад. Васіле-віч адчуваў, што для таго, каб утрымацца неяк на той ступень-цы, на якую выпадкова паставіў яго камандзір палка, Сахно не спыніцца ні перад чым, ужо тут ён забудзе, відаць, і на іх сяброўскія адносіны, і на тую цану, якой можа абысціся батальёну гэтае яго павышэнне.
        І тым даражэй быў Васілевічу даўні, але незабыўны прыклад Рыгора Іванавіча, які ніколі не рабіў таго, што хоць бы ўскосным чынам несла карысць перш за ўсё яму, або таго, што пярэчыла яго перакананням. Калі ён патрабаваў бездакорнага ведання гісторыі, якую выкладаў, дык вучні разумелі, што гэта патрэбна ім самім, гэта не тое, што Вольга Наумаў- на, іх класны кіраўнік, якая крычала калі ў канцы чвэрці: «Вы можаце сабе не цікавіцца, калі такія ёлупы, але вы здайце; мне ацэнкі патрэбны, а то паспяховасць завалілі: найгоршы клас у школе». Тое не дапамагала, як не дапамагалі і ўшчуванні, калектыўныя і індывідуальныя, вучні бачылі, што паспяховасць патрэбна была Вользе Наумаўне болей, чым ім, і не вельмі хацелі вучыцца дзеля такой крыклівай кабеты.
        Колька Васілевіч пяць год з хлапчукоўскай улюбёнасцю адносіўся да гэтага старэнькага, трохі нехлямяжага з выгляду чалавека, у пацёртым пінжачку, які ён бачыў на настаўніку з пятага па дзясяты клас, адзінокага, трошкі разгубленага, трошкі буркатлівага, але па сутнасці вельмі добрага і разумна-га глыбокім розумам чалавека, які шмат ведаў, шмат перажыў і шмат перадумаў.
        Пасля, калі Васілевіч стаў Мікалаем Пятровічам, маладым выкладчыкам фізікі, ён яшчэ болей прывязаўся да свайго ста-рэйшага калегі, іх нешта блізіла ў двуадзіным імкненні па-знаць і перадаць складаную мудрую сутнасць жыцця. Яны разам сыходзіліся калі ўвечары, Рыгор Іванавіч любіў пачаставаць маладога госця чаркаю нейкай наліўкі, што пахла ча-мусьці валяр’янавым каранём, і яны гутарылі. Маладыя яго сябры і сяброўкі-настаўніцы, якія болей бавілі час у местачковым ДСК або ў сваіх маладзёжных кампаніях, дзіваваліся і насміхаліся з двух кніжнікаў, ды Васілевічу гэта было няважна. Заўжды, праседзеўшы вечар у не дужа прыбраным пакойчыку за абсыпаным попелам сталом, ён выходзіў з цяжкой галавой ад супярэчлівых, складаных і вельмі турботных думак, пытанняў, адказу на якія часта не давалі ні кнігі, ні лю- дзі, ні, здаралася, і сам Рыгор Іванавіч. Адказы на шматлікія пытанні жыцця Васілевіч дадумваў сам у доўгія халасцяцкія ночы. Гэты звычай захаваўся ў яго на ўсё жыццё, і за тое ён навек быў удзячны Рыгору Іванавічу.
        У трыццаць сёмым яго не стала. Знік Рыгор Іванавіч у цёмную вераснёўскую ноч, пакінуўшы пасля сябе перавернутую мэблю, параскіданыя паперы і ўзадраную падлогу. Голда Меерсон, даўнішняя яго кватэрная гаспадыня, прыбегла ўранку ў школу і, плачучы, расказала, што адбылося ўночы. Тады ж яна пад вялікім сакрэтам паведаміла збянтэжанаму Васілеві-чу, што, ідучы ў машыну, Рыгор Іванавіч прасіў перадаць маладому сябру, што ён ні ў чым не вінаваты і хутка вернецца.
        Але вярнуцца яму не давялося ні хутка, ні праз доўга, і ніхто не дазнаўся ніколі, што здарылася з ім і ў чым усё ж правінаваціўся ён. Васілевіч некалькі месяцаў пасля таго ха-дзіў як дурны, галава яго, здавалася, распухла ад думак, ён ніяк не мог сумясціць у сабе два такія несумяшчальныя паняцці, як Рыгор Іванавіч і тыя два недарэчныя словы, што да яго прышпілілі. Але тая акалічнасць, што стары гісторык не вярнуўся, наводзіла яго на сумныя думкі і падрывала доўгую і вельмі трывалую веру ў яго. Меркаваць у гэтае справе чаго іншага Васілевіч не мог і не ўмеў, і спатрэбілася некалькі год, каб малады настаўнік шмат што зразумеў, пераацаніў і стаў такім, якім ён быў у гэты цяжкі час вайны, калі людское жыццё стала такім танным. Васілевіч быў цвёрда перакананы, што, нягледзячы на такое багацце смерцяў, усё ж самым дарагім было людское жыццё і што толькі адзін від смерці мог апраўдаць яе − гэта смерць за жыццё, смерць за людскія жыцці і ў самым неабходным выпадку.
        Ззаду ўспыхнула чырвоная ракета − гэта Сахно даў сігнал атакі, і амаль адначасна чыхнулі збоч батальённыя мінамёты. Цераз паднябессе заскуголілі міны; барвовыя водбліскі ракеты цьмяна слізганулі па вяршалінах хмызняку і зніклі, уступіўшы магутнае сіле начной цемры. «Было б болей мін − лягчэй бы дасталася стралкам, − думаў Васілевіч. − Праклятыя Ручайкі: вёсачка дзесяць хат, а колькі клопату. І Патапенку шкада, добры быў ротны…»
        Але дзе ж рота? Васілевіч прытупаў па раллі да некалькіх свежых акопчыкаў на ўзгорку, яны былі пустыя. Нямецкія кулямёты ў вёсцы ўсё білі некуды ў балацявіну ўнізе. «Няўжо Жаркоў атакаваў да часу?» − падумаў капітан, услухоўваючыся ў недалёкую бойку. У яго быў чуйны да рознагалосіцы бою слых, але цяпер Васілевіч не пачуў там ніводнага стрэлу нашае зброі, чамусьці маўчаў і «гаруноў». І ўсё ж ён падумаў, што рота, відаць, была там.
        Насцярожана прыслухоўваючыся да наваколля, ён хуткім крокам пасігаў уніз па адхоне. «Трэ хутчэй дабрацца… Што там нарабіў гэты Жаркоў?» − трывожна думаў камбат. Ён натрапіў на нейкую аўражыну, зарослую хмыззём, у ёй чарнела асабліва густая цемра і недзе на схіле невыразна бялеў лапік снегу. Васілевіч ужо сунуўся туды, ухапіўшыся за падмёрзлае, крохкае суччо, як пачуў непадалёк прыцішаны голас і крокі людзей. Ён прытаіўся і на момант адчуў у сабе прыкрую думку, што, мабыць, Жаркоў не апраўдаў надзеі, пэўна, паразгубляў людзей, розных сувязістаў і абознікаў, і цяпер сарве атаку. Але затым раптам раздалася вельмі ўжо выразнае, такое катэгарычна варожае «Хальт! Хальт!», і ўдарыў аўтамат. Гэта было блізка, праз якіх сто крокаў. Васілевіч выпусціў з рук сцюдзёную галінку, прыгнуўся, нетаропка, стараючыся як ма-га цішай, дастаў пісталет і стаіўся. Аўтамат з цемры даў некалькі таропкіх чэрг, але куль наўкола не было чуваць (зна-чыць, білі не ў гэты бок), затым зусім нечакана і жахліва ў лапоткім грукаце стрэлаў завыў немы жахлівы крык. «Што? Хто гэта? − сцяміўшы небяспеку, трывожна здзівіўся капітан. − Чаму тут немцы?..»
        Чаму яны апынуліся тут, у тыле шостае роты, было невя-дома, але тое, што гэта стралялі яны, было пэўна. Неўзабаве яны пратупалі па раллі ля аўражка, некуды ўгору − на фоне зорнага неба Васілевіч убачыў некалькі іх насцярожаных постацей з аўтаматамі ў руках. Затым зноў стала ціха.
        Здаецца, прыціхла і ў вёсцы. Стрэлы яшчэ бахалі, але куля-мёты прымоўклі, і Васілевічу раптам здалося, што Жаркоў з ро-тай ужо ў вёсцы. І ў той жа час незразумела было, чаму тут апынуўся нехта з яго байцоў, на якога наткнуліся немцы. «Можа, паранены?» − падумаў капітан і, хапаючыся левай рукой за хмызняк, з пісталетам у правай пачаў спускацца ў аў-ражыну.
        Ён скочыў у самае дно і, мінаючы хрупасткія рэшткі снегу, абдзіраючы аб голле твар, пайшоў ля ручая ў той бок, дзе нядаўна закрычаў чалавек. Увесь час капітан адчуваў, што здарылася нешта няпэўна-кепскае, і за ім, відаць, здарыцца горшае, што сунутая ў зубы ворага жменька-рота не прынясе батальёну ўдачы. І яму было вельмі-вельмі пры-кра ад усяго, што здарылася ў гэтую ноч, і асабліва ад свайго камандзірскага бяссілля.
        Па аўражыне ён выйшаў на балацявінку, пасунуўся між кустоў па лёдзе і ўслухаўся. Здаецца, хтось прастагнаў. Ён яшчэ прайшоў трохі і яшчэ ўслухаўся. Над вёскай гарэлі ракеты, але іх дрыготкае святло толькі блытала ў хмызняку цені і не асвятляла долу. Тады ён ціхенька паклікаў, раз і другі, і праз секунду пачуў непадалёк глыбокі нутраны стогн.
        Паранены на спіне ляжаў пад купінай на лёдзе і слаба варушыўся, рэагуючы тым на дапамогу. Васілевічу здалося спачатку, што гэта афіцэр у паўшубку, ён нахіліўся да яго − не, то быў незнаёмы баец без пагонаў і без рамяня. Убачыўшы капітана, ён, відаць, пазнаў яго, ціха застагнаў і прамовіў:
        − Ох!.. Таварыш камбат… ратуйце…
        − Хто вы? − запытаў капітан.
        − Ой, спіна!.. Спіна, ой! − прастагнаў Рыбчонак. − Пабілі ўсіх.
        − Каго пабілі? Дзе рота?
        − Ох, памажыце… камбат! Баліць!
        Васілевіч зразумеў, што чалавек вельмі паранены, у такіх, ведаў ён, не шмат што дазнаешся. Капітан сунуў за пазуху піс-талет і ўзяўся расшпільваць паўшубак Рыбчонка. Той ляжаў на акрываўленым лёдзе, рана была недзе пад вопраткай. Калі Васілевіч павярнуў яго на бок, Рыбчонак застагнаў, заенчыў і моцна ўхапіўся сцюдзёнымі пальцамі за кісці капітанавых рук.
        − Пацярпі трохі. Баліць, але цярпі.
        Капітана вельмі непакоіў лёс роты, вельмі трэба было да-бегчы туды, але ён адчуваў, што калі не дапамагчы байцу, дык ён напэўна загіне ад страты крыві.
        Ён, відаць, нямала пракорпаўся з ім − пакуль знайшоў рану і, не знімаючы гімнасцёркі, індпакетам туга аперазаў паясніцу. Бінта было мала і кроў яшчэ ішла, яна ўшчэнт скрывяніла капітанавы рукі... Урэшце як-колечы ён паменшыў кровацячэнне і выцер аб штаны далоні.
        − Камбат, не кідайце… Не кідайце, прашу − тут немцы…
        − Дзе немцы? Якія немцы? − знарок здзівіўся капітан. − Немцы ў вёсцы.
        − Тут немцы! − з капрызлівай настойлівасцю даводзіў Рыбчонак. − Прашу вас!..
        І сапраўды, бы ў пацвярджэнне яго слоў недзе ззаду, у раёне іх КП, пратрашчэла першая доўгая аўтаматная чарга. «Нарваліся!» − паныла падумаў Васілевіч, адчуўшы цяпер устрывожаны клопат пра Сахно і Люсю.
        Сапраўды, параненага трэба было цягнуць да роты, тут не месца яму, і наогул, падумаў ён, трэ батальён збіраць да аднае кучы, бо ў абстаноўцы нешта крута змянілася ў бок кепскага. Уранку, відаць, грымне бяда.
        − Ну што ж, баец. Давай будзем ісці, − сказаў ён Рыбчонку і пачаў усцягваць яго на сваю спіну. − Толькі трымайся.
        Як-колечы ён узвалок яго на сябе, хістаючыся ўстаў і, падкорчыўшы ношаю голаў, цяжка пайшоў па лёдзе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.