РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бліндаж
1. Серафімка
2. Хлебнікаў
3. Серафімка
4. Обер-яфрэйтар Хольц
5. Сер[афімка]
6. [Дземідовіч]
7. [Піліпёнкі]
8. [Хлебнікаў]
9. [Серафімка]
10. [Хлебнікаў]
[11. Нохем]
[12. Качан]
[13. Серафімка]
4. ОБЕР-ЯФРЭЙТАР ХОЛЬЦ
        
4. ОБЕР-ЯФРЭЙТАР ХОЛЬЦ

        
        Обер-яфрэйтар Хольц каторы раз крадком падбіраўся да бліндажу, стаіўшы дыханьне, слухаў. Ён ужо ведаў, што там хаваецца паранены рускі, хоць яшчэ ні разу ня бачыў яго. Затое ён бачыў, як сёньня па схіле пагорку ўніз бегла руская жанчына з клумачкам у руках – напэўна, несла сюды правіянт. Сапраўды, хутка яна зьнікла ў траншэі недзе каля таго бліндажу, доўга не паказвалася адтуль, і Хольц, падкраўшыся па траншэі бліжэй, намагаўся падслухаць іхнюю размову. Аднак чуваць было кепска, да таго ж перашкаджаў дождж – гучна лапатаў па яго напятай на плечы, злубянелай палатцы, хоць скідай яе ў гразь. Можа, і варта было б скінуць, каб пачуць, аб чым там гаварылі рускія, ды Хольц ня быў упэўнены, што, пачуўшы, нешта зразумее – усё ж яго веданьне рускай мовы было дужа адносным. Неяк пад горадам Баранавічы, дзе ён два дні кватараваў у рускай гаспадыні, ён спрабаваў загаварыць з ёй, дык не зразумеў нічога, дарэчы, як і яна яго таксама. Аказваецца, як ён дазнаўся пасьля, гэтая руская мова мае яшчэ дыялекты, беларускі напрыклад, зразумець які яму не памог і ягоны нямецка-рускі размоўнік, што ён заўсёды насіў у кішані шыняля. Насіў да той памятнай начной бамбёжкі ў Оршы, калі Хольц гэтак бязглузда згубіў боты, санітарную сумку і шынелак з тым самым размоўнікам. Праўда, сансумку яму неўзабаве выдалі новую, боты ён таксама прыдбаў у фельдфебеля батальёну Зудермана, а шыняля з размоўнікам так і не расстараўся аж да гэтага жахлівага бою. Зрэшты, цяпер і тое, і другое было б яму вельмі дарэчы. Асабліва шынелак.
        Усё ж пакуль выручала палатка – штатная камуфляжная трохвуголка з металічнымі правушынамі па ражках, без яе ён, мусіць, прапаў бы.
        Адышоўшыся на тры-чатыры траншэйных калены, обер-яфрэйтар асьцярожна выглянуў з-за бруствера – тая руская жанчына была ўжо далекавата, можа, на самым версе пагорку, цяпер яна бегла без аніякай ношы – значыць, клумачак пакінула ў гэтага параненага рускага. Цікава, якога яна ўзросту, гэтая жанчына, можа, маладая, падумаў Хольц. Паранены, мабыць, таксама малады афіцэр ці сяржант, і ў іх, магчыма, каханьне, можа, такое, як апісваецца ў рускіх раманах Талстога ці Дастаеўскага. Гэта, канешне, здорава – каханьне да параненага салдата, яна клапоціцца аб ім, лечыць, носіць ежу і захоўвае вернасьць навек. А калі ён памрэ, дык яна паступіць у манастыр і будзе да канца сваіх дзён маліць за яго бога. Прыгожае каханьне, шкада, у немцаў такое не прынята.
        Хольц адышоўся па траншэі далекавата ад бліндажу, сьмялей паглядзеў па-над брустверам – на касагорыну і на шырокую разлогу тарфянога балота, месцамі залітага вадой. Мясцовасьць тут паніжалася, было болей стаячай вады, дно траншэі ператварылася ў гразкае месіва, і ён далей не пайшоў. Пад вечар рабілася холадна, у траншэях гуляў нейкі асаблівы траншэйны скразьняк, ён даўно ўжо прабіраў лёгка апранутага обер-яфрэйтара. Зноў жа, сыпаў гэты надакучлівы дождж. Схавацца ад дажджу тут проста не было дзе. Праўда, на тым фланзе, бліжэй да дарогі, было некалькі пяхотных нораў, у якіх можна было б трохі затуліцца ад дажджу. Але там, ля дарогі, было, мусіць, больш небясьпечна, чым на гэтай балацявіне, і Хольц стараўся там не паказвацца. Мінулую ноч ён прапакутваў пад разьбітым, спаленым самаходам непадалёк ад брукаванкі, там дужа сьмярдзела паленай гумай і жалезнай акалінай, і ён болей дрыжэў, пад сваёй плашч-палаткай, чым спаў. Дзе яму пераспаць сёньня, ён проста ня мог прыдумаць і ад ранку сноўдаў па траншэі. Гэтыя рускія ўсё ж надзіва непрактычныя людзі, думаў обер-яфрэйтар, ладзілі абарону, столькі накапалі траншэяў, асноўных і запасных пазіцыяў, а крытых бліндажоў абсталявалі ўсяго два. Адзін разьбіла прамым пападаньнем снараду, і там цяпер будзе сьмярдзець ад непрыбраных, расшкуматаных трупаў, другі вось заняты гэтым параненым. Хоць ты яго выкурвай адтуль гранатай? Ці, нібыта ў гаспадара, прасіся пераначаваць?
        Каб задужа не вытыркацца з мелкаватай, па грудзі, траншэі, Хольц прысеў у яе ня сушэйшай мясьціне, захінуўся мокрай палаткай і пачаў думаць аб сваёй горкай долі, якую яму наканавала вайна ці, можа, болей за вайну, – яго занадта страпцівы, неўраўнаважаны характар. Хаця ён ведаў, што на вайне ня надта памагалі і жалезныя нервы, цьвярозыя галовы і вытрымка, вайна ўсіх перамагала сваёй таўстамордай логікай. Ужо нашто меў жалезную вытрымку ягоны сябра класны радыст Франк, што пад носам у рускіх карэкціраваў артылерыйскі агонь, меў жалезны крыж і тры дні таму загінуў ад рускага снараду. Другі яго сябра і зямляк Крыстоф Шмідт, спакойны грэнадзёрскі унтэрафіцэр, былы студэнт камерцыйнага факультэту, таксама скончыў куды як пагана: пасьля цяжкога раненьня яму ампутавалі абедзьве нагі, і цяпер ён езьдзіць на інваліднай калясцы па вуліцах свайго Оберхаўзена. Што ж датычыць цьвёрдаскурага саксонскага біцюга, іхняга камандзіра батальёну гаўптмана Лінхарда, дык яго ненавідзеў увесь батальён і асабліва ён, обер-яфрэйтар Хольц. Зрэшты, праз гэтую сваю нелюбоў да гаўптмана ён, Хольц, і апынуўся ў сваім цяперашнім драматычным становішчы. Такіх, як Лінхард, напаўпісьменных салдафонаў-выскачак у перадваенныя гады зьявілася процьма ў вермахце, дзе яны сталі галоўнай апорай нацызму, бо былі вольныя ад грузу маралі, адукаванасьці ці хоць бы якой мінімальнай культуры і маліліся толькі аднаму ідалу: фюрару. І хай бы сабе маліліся, пажыраючы адзін аднаго, але для вайны ім таго стала мала – спатрэбілася процьма людзей іншых гатункаў-запасьнікоў, камерсантаў, інтэлігентаў, якіх яны не лічылі за салдат, а таму і за людзей таксама. Хольцу дык яшчэ пашэньціла, ён быў толькі адносна падначалены гэтаму Лінхарду, бо як обер-яфрэйтар санітарнай службы меў некаторую незалежнасьць у батальёне. Ва ўсякім разе па падначаленасьці гэта далёка ня тое, што які-небудзь камандзір узводу штурмавой роты. І тым ня менш і яму хапіла зьняваг і прыдзірак ад гэтага тупарылага саксонца, былога млынара і кайзераўскага фельдфебеля, які толькі пры нацызьме дапяўся да афіцэрскага чыну. Можа, два дні таму Хольц зрабіў і не па-хрысьціянску, і напэўна парушыў прысягу, але, пасланы ад’ютантам Прошке выцягнуць з поля бою параненага гаўптмана, ён раптам падумаў: а калі не цягнуць? Лінхард ляжаў у канаве з распоратай, акрываўленай брушынай, жыць яму засталося няшмат. Бой быў жахлівы, і Хольц ледзьве дапоўз да гаўптмана пад пякельным агнём рускіх «максімаў», а тут яшчэ паўзьці з ім назад. Да таго ж гэты Лінхард быў з цэнтнер вагою і са два метры росту, як было далёка не атлетычнага складу Хольцу цягнуць яго два кіламетры да тарфянішча. Двое тых, што ўжо спрабавалі гэта зрабіць, ляжалі побач, унурыўшыся прабітымі галовамі ў прыдарожны быльнёг. Хольц таропка перавязаў рану непрытомнага афіцэра і, счакаўшы, калі трохі ўціхне рускі агонь, паўзком падаўся па канаве назад. Ён так разважыў, што да вечара рускія тут прайсьці не дадуць, а Лінхард неўзабаве сканае, ня трэба будзе нікуды яго і валачы. Неяк выбраўшыся з-пад агню на батальённы КП, ён бадзёра далажыў ад’ютанту, што гаўптман Лінхард, на вялікі жаль, мёртвы і эвакуіраваць яго ў тыл ня мае магчымасьці. Якое ж, аднак, было зьдзіўленьне обер-яфрэйтара, калі праз пару гадзінаў фельдфебель Шнітке, гэты рыжаморды мясьнік з Цюрынгіі, прывалок жывога яшчэ гаўптмана, і той, перш чым сканаць, паскардзіўся на яго, обер-яфрэйтара Хольца, што той знарок не эвакуіраваў яго з-пад агню. Ад’ютант тут жа загадаў арыштаваць обер-яфрэйтара, але пакуль ён у гарачцы бою знайшоў для таго канваіраў, Хольц ня стаў чакаць. Адразу зразумеўшы, чым для яго гэта скончыцца, ён крадком выбраўся з КП на тарфянішча, знайшоў добрую з вадой яміну, над берагам якой і праседзеў да вечару. Ён напружана абдумваў сваё становішча, але так і не прыдумаў нічога. Батальён тым часам выбіў рускіх з іх абароны і сьцягнуўся на шашу. Хольц тады прабраўся з тарфянішча ў пустую рускую траншэю і засеў тут, ня ведаючы, што рабіць далей. Зьявіцца ў батальён ён ужо ня мог, для батальёна ён стаў дэзерцірам, прабірацца ў тыл было болей чым небясьпечна; мусіць, здацца рускім у палон было адзіным, хоць і далёка ня самым для яго лепшым выйсьцем. Але дзе тыя рускія? І як яму дапяцца да іх? У баявой паласе яго найперш схопяць свае ж, немцы, тады будзе ганьба, ваенна-палявы суд, можа, нават расстрэл. На вечнае гора яго мяккай, ласкавай маці. Пра бацьку, даволі крутога характарам чалавека, ён нават баяўся падумаць: бацьку напэўна будзе спляжана ўся яго універсітэцкая кар’ера з яго нядаўна заслужаным прафесарскім званьнем. Ён ужо ведаў новую завядзёнку нацы: у падобных выпадках жорстка спаганяць ня толькі з непасрэднага віноўніка, але і з усёй ягонай радні. Як гэта аб тым ён не падумаў раней? Але ці ён спадзяваўся, што гэты саксонскі сьвіньнюк акажацца такім жыцьцястойкім нават пры сваім сьмяротным раненьні. Цяпер яму чорт ведае што рабіць далей?
        Можа, лепей застрэліцца?
        Але застрэліцца ён, мабыць, пасьпее, парабелум у яго заўжды пад рукой у цьвёрдай скураной кабуры на дзязе, – парабелум ён пакуль што ня кіне. Толькі што карысьці ад пісталета, калі тут пустая разьбітая траншэя і нідзе ні кавалка хлеба, ні сухара, ні галеты. У траншэі скрозь пустыя стралковыя ячэйкі, вёскі ж наўкола папалены, жыхары іх пакінулі, усе кудысьці сыйшоўшы. Трэці дзень ён нічога ня еў і аташчаў так, што не ўпраўляўся падцягваць на жываце адвіслую з пісталетам дзягу. Ды яшчэ гэтая санітарная сумка з палявым камплектам медыкаментаў. Сумку ён ужо ледзьве цягаў на плячы, усё наважваўся дзе кінуць, але чамусьці ня кідаў, бо нешта замінала яму зрабіць тое, нібы ведаў, што яна яшчэ паслужыць яму. Цяпер, пасунуўшы яе на калена, Хольц нечакана падумаў: а што?.. А што калі ён зьявіцца ў той бліндаж як медык і паможа рускаму? Бо калі паранены, дык наўрад ці ён абыдзецца без медыцынскай дапамогі, якой тут чакаць болей няма ад каго. Руская жанчына – напэўна ж, ня доктар.
        Обер-яфрэйтар устаў і пайшоў па траншэі назад. Дзіўна, думаў ён: не зважаючы на зьверскі агонь нямецкай артылерыі і мінамётаў, забітых было тут нямнога, болей там, ля дарогі, а на гэтым участку ён ня бачыў ніводнага трупа. Ці, можа, рускія пабралі з сабой забітых? Толькі наўрад. Хутчэй за ўсё гэты ўчастак траншэі ня быў імі заняты і служыў нібы запасной ці адсечнай пазіцыяй. Ну але гэта, можа, і лепей, Хольц не любіў трупаў – ні сваіх, ні рускіх. Яшчэ як вучыўся на медыцынскім факультэце, доўга ня мог прывыкнуць да іх у анатамічным флігелі і звычайна пасьля заняткаў там да канца дня ня мог зьесьці нічога, абыходзіўся кавай. Цяпер, праўда, тое мінулася, і, калі б было што, ён бы зьеў побач з усякім трупам. Ну але ў рускага павінна быць, мо з таго клумачку што-нішто яшчэ засталося.
        Ён зноў ціха падкраўся да апошняй павароткі траншэі, зірнуў на ўваход у бліндаж. Але ў чарнаце нары-ўваходу нічога не было відаць, бы там і не было нікога. Каб хоць не нарвацца на кулю, падумаў Хольц. Каб не нарвацца на кулю, напэўна, разумней было правесьці невялікія перагаворы, і ён, усё стоячы за павароткай, ціха кашлянуў.
        У бліндажы па-ранейшаму было ціха, ніхто адтуль ня выглянуў, але Хольц адчуў, што яго ўсё ж пачулі. Тады ён узяў з бруствера мокры камяк зямлі і шпурнуў ім бліжэй да ўваходу.
        – Кто? Серафима? – глуха данеслася з бліндажу.
        Першае рускае слова Хольц зразумеў пэўна, але ён ня мог даўмецца, што азначае другое, і зноў ціха пакашляў.
        – Кто там?! Не подходи! Стреляю! – ужо зусім грозна раздалося ў бліндажы, і Хольц трохі зьдзівіўся: ого, як сьвірэпа!
        – Іх… Я нэмец, – сказаў ён.
        – Прочь! Стреляю! – чулася з бліндажа.
        – Ніхтс бояться, – як мага спакайней сказаў Хольц. – Іх… Я бояться. Я есть дезертір.
        Неспадзявана для сябе ён захваляваўся і зблытаў асабістыя займеньнікі, але, мусіць, рускі яго ўсё ж зразумеў, бо памаўчаў троху і зноў крыкнуў:
        – Бросай оружие! Не подходи!
        Гэты адказ трохі зьбянтэжыў обер-яфрэйтара: калі кідаць зброю, дык, мусіць, можна было падысьці. Але гэты камандуе не падыходзіць. Тады ён рашыў перавесьці размову на іншае.
        – Рус, я ест доктор. Медіціна.
        – Какой еще доктор? – гучна данеслася з бліндажу разам з ужо знаёмым Хольцу рускім матам, які, аднак, даў обер-яфрэйтару зразумець, што ягоныя словы зрабілі ўражаньне. І ён рашыў тут жа замацаваць свой маленькі посьпех.
        – Іх… я немного перевязаль…
        У бліндажы настала маўчаньне, пагрозаў больш не было, і Хольц наважыўся. Трохі падняўшы з палаткі рукі, каб паказаць, што яны бяз зброі, ён выйшаў з-за павароткі. Але толькі ён ступіў першы крок, як у бліндажы раздаўся крык і тут жа бахнуў пісталетны стрэл. Кулі ён не пачуў, аднак борзьдзенька шаснуў назад, за земляны вугал.
        – Рус-дурак. Обормот! – сказаў ён, злуючыся.
        Тады пасьля нядоўгага маўчаньня з бліндажу глуха пачулася:
        – А закурить есть?
        – Курить? Табак? – зьдзівіўся Хольц.
        – Да, табак. Есть табак?
        – Сигареты.
        – Ну давай лезь, черт с тобой!
        Хольц зьдзівіўся, у яго быў у кішэні пачаты пачак танных цыгарэт, але ён цяпер не курыў – галодны, ён звычайна траціў да іх ахвоту.
        На ўваходзе Хольц спадзяваўся ўбачыць рускага з накіраванай у яго зброяй, ды ня ўбачыў нікога. Тады ён апусьціў рукі і, сагнуўшыся, палез у нару.
        – Рус, ніхтс боялся. Іх… Я дезертір, – ціха гаварыў ён, ведаючы, што будзе пачуты.
        Тут жа ў прасторным пустым бліндажы ён убачыў рускага, той з забінтаванай галавой ляжаў у куце, і ў яго аслабелай руцэ калаціўся скіраваны на ўваход пісталет.
        – Ніхтс пістоля! – мірна сказаў Хольц, ужо зразумеўшы, што перад ім сьляпы. Брудная, няўмела наладзеная павязка спаўзла да кончыку носа, з-пад яе па зашчаціненым падбароддзі цяклі гнойныя выдзяленьні, ад якіх брудам і плямамі ўзялася гімнасьцёрка ля каўняра.
        – Майн гот! – сказаў Хольц. – Это ест очень плёхо. Будет перевязать.
        – Дай закурить! – перш за ўсё патрабаваў рускі, не выпускаючы з рукі пісталета.
        Хольц знайшоў у кішэні пакамечаны пачак […]* , выняў адну [цыгарэту] і ўклаў у замурзаныя пальцы сьляпога. Пасьля дастаў з нагруднага кішаня запальніцу, доўга пстрыкаў сінім агеньчыкам, пакуль тая загарэлася, і паднёс рускаму. Той прагна зацягнуўся, выпусьціў дым і аблёгся на шынелак.
        Рускі маўчаў, усё прагна цмыгаючы цыгарэту, але пісталет апусьціў долу, і Хольц рашуча расшпіліў санітарную сумку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.