РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бліндаж
1. Серафімка
2. Хлебнікаў
3. Серафімка
4. Обер-яфрэйтар Хольц
5. Сер[афімка]
6. [Дземідовіч]
7. [Піліпёнкі]
8. [Хлебнікаў]
9. [Серафімка]
10. [Хлебнікаў]
[11. Нохем]
[12. Качан]
[13. Серафімка]
10. [ХЛЕБНІКАЎ]
        
10. [ХЛЕБНІКАЎ]

        
        Раніцай, як толькі разьвіднела, непадалёк у траншэі пачулася ціхае шархаценьне, якое ненадоўга прыціхла, і Дземідовіч устрывожана расплюшчыў вочы, думаючы, хто: Серафіма ці, можа, паліцаі? Аж не, прыйшла Серафімка. Неяк жвава, бы нават весела, павіталася, улазячы ў бліндаж. Перад сабой яна несла, відаць было, загорнуты ў анучу чыгун, мабыць, з ежай, паставіла на зямлю каля ўваходу. І сама засталася стаяць на каленях.
        – Во, заціркі вам зварыла. Учора мукі намалола, дык гэта… заціркі. Праўда, хлеба яшчэ няма, але ўчыніла хлеб, заўтра сьпяку.
        У куце адразу падхапіўся капітан, сеў, загаманіў бадзёра, з нейкаю стоенай радасьцю:
        – Молодец! Ну и молодец, Серафимка! Затирка, это что: каша?
        – Не-а, зацірка гэта ну… зацірка. Зараз паспытаеце.
        – Ну что ж, ну что ж… Поедим. А то, признаться… Проголодались.
        Дземідовіч таксама паспрабаваў устаць, каб хоць сесьці ці што, – чуўся ён па-ранейшаму кепска, мо нават горш, чым учора. Ноччу ў яго быў жар, біла дрыжака, а пад ранак цела аблілося сьцюдзёным потам, і ён, трудна дыхаючы, пластом ляжаў на плашчы. Побач рухава і моўчкі ўскочыў немец, сеў, праціраючы заспаныя вочы. У бліндаж з траншэі з-за сьпіны Серафімкі цадзілася скупое сьвятло хмарнага ранку.
        – Але ж во, лыжка адна! – пабедавала Серафімка. – Можа, у вас ёсьціка?
        – Черта с два, – сказаў капітан. – Чего нет, того нет.
        Дземідовіч, лежачы, таксама пакруціў галавой. Тады немец, мабыць, зразумеўшы іх клопат, спрытна шаснуў у бакавы кішэнь свайго кіцеля і выцяг адтуль белую лыжку, шарнірна змацаваную з такім жа белым відэльцам.
        – Бітэ.
        Ён працяг яе Дземідовічу, але той адмоўна крутнуў галавой – хай есьць сам. Немец не настойваў – прысунуўся бліжэй да чыгуна, але не зачэрпваў загусьцелую зьверху зацірку – чакаў. Серафімка заклапацілася каля капітана.
        – Дык як жа гэта?.. Ці вы возьмеце самі?
        – А ну, а ну! – сказаў капітан, адной рукой узяўшы ўкладзеную ў яе Серафімкай драўляную лыжку, а другой сьлепа мацаючы берагі чыгуна, што стаяў каля ног. Ямчэй уладкаваўшыся поруч, ён нязграбна ўлез лыжкай у чыгун і выліў зацірку з лыжкі на бот.
        – Ай-яй! – сказала Серафімка.
        Немец таксама нешта прамовіў, і Серафімка далікатна ўзяла з рукі небаракі сваю лыжку, зачэрпнула з чыгуна і асьцярожна данесла яе да разяўленага з-пад бінтоў капітанавага роту.
        – Во так! Ай-яй! Нібы малога…
        – А ничего, пойдет! Давай еще, – запатрабаваў капітан.
        Серафімка дала і яшчэ, – пачала дужа асьцярожна, каб ня капнуць на гразкія капітанавы боты, карміць яго з свае драўлянай лыжкі. Спаважна, бы нават саромеючыся, з другога боку ў чыгун прасунуў кароценькую лыжку Хольц.
        – Ага, бярыце, бярыце! – гасьцінна падахвоціла яго Серафімка, і немец пачаў чэрпаць жвавей.
        – Дземідовіч праглынуў сьлінкі і заплюшчыў вочы, каб нават ня бачыць таго сьняданку. Добра было капітану, які ўжо нічога ня бачыў з таго, што рабілася побач. Ня бачыў, канешне, але ж, мабыць, чуў і ня мог не разумець, што робіцца. Ды і гэтая Серафімка!.. Як ні ў чым не бывала, ядуць разам з немцам і не падумаюць нават, што ён – фашыст, вораг, якія тысячамі забіваюць нашых люзей, бураць гарады і вёскі – пруць на Маскву. Не, ужо Дземідовіч на яго вудачку ня клюне – ні за харчы, ні за лекі. Учора той зноў даў яму стрэптацыд і нават вады ў кварце, але Дземідовіч ня дурань: ён толькі зрабіў выгляд, што праглынуў таблетку, а сам крадком сунуў яе ў кішэню. Ужо тыя таблеткі яму не пашкодзяць. Можа, і не памогуць таксама, але тут ужо ён будзе пэўны. Ня трэба яму такая фашысцкая дапамога.
        – Ну я уже стал наедаться, – задаволена сказаў Хлебнікаў, каўтаючы чарговую лыжку. – Чтоб тем осталось.
        – А хопіць, хопіць і тым, – сказала Серафімка. – Тут шмат, на ўсіх наварыла. Вы ешце, ешце, – заківала яна яфрэйтару, які трохі затрымаў сваю лыжку, зважліва пазіраючы то на яе, то на капітана.
        – Это кто – райкомовец? – насьцярожыўся Хлебнікаў, адчуўшы суседа ля чыгуна.
        – Не, райкомавец ляжыць. Ідзіце во ешце, – сказала Серафімка, зірнуўшы на Дземідовіча ў куце.
        – А, значит, ефрейтор! – здагадаўся капітан. – Ну как русская затирка?
        – О, гут! – прамармытаў Хольц.
        – Гэта. Калі б яшчэ заскварыць… Ці забяліць. А то што ж – посьніца! – забедавала Серафімка.
        – Ничего! И так сойдет!
        Хлебнікаў задаволена адхінуўся да земляной сьцяны бліндажу, сапраўды пад’еўшы, ці, можа, робячы выгляд, што сыты. Ля чыгуна працягваў няўмела сёрбаць яфрэйтар. Дземідовіч жа нерухома ляжаў на сьпіне, трохі прыкрыўшыся плашчом, і Серафімка сказала:
        – Дык чаго ж вы не ясьцё? Лыжка ж ёсьць.
        – Я пасьля, – буркнуў Дземідовіч.
        – Як ваша прастуда? Ці лепей крыху?
        – Мабыць, ня лепей.
        – Ой забылася… Кажух жа вам трэба прынесьці.
        – Было б добра – кажух.
        – А табачку не того? Не расстарались? – ціхім голасам зважліва папытаўся Хлебнікаў.
        – Ой, дык няма ж! Хадзіла па гародах – няма нідзе і самасейкі, – спахапілася Серафімка.
        – Да-а? Ну что ж, потерпим. Правда, ефрейтор?
        – Я, я, – з гатоўнасьцю азваўся Хольц.
        Але той, мабыць, таксама насёрбаўся заціркі і неўзабаве ўзяўся абціраць кавалкам бінту сваю белую лыжку. Тады да чыгуна зьнямогла прысунуўся Дземідовіч. Зацірка для яго была не навіна, ён добра ўведаў яе смак у сваім галаднаватым жыцьці. Але, мусіць, хвароба панішчыла ў ім і адчуваньне голаду, і цяпер больш трох лыжак ён зьесьці ня мог. Ужо колькі дзён ня лезла ў горла ніякая ежа, не пайшла цяпер і зацірка.
        – Усё. Больш не магу…
        – Ой, дык як жа вы без яды? – гаротна зморшчыла тварык Серафімка.
        – Хай вунь той… даядае, – кіўнуў Дземідовіч на немца, і Серафімка спытала:
        – Можа і праўда – даясьцё?
        Яфрэйтар, на дзіва, зразумеў і зноў з гатоўнасьцю дастаў сваю лыжку. За некалькі хвілінаў ён зусім апаражніў чыгун – рэшту старанна выскраб па берагах – мусіць, ня трэба было і адмываць.
        – Ну і добра! – задаволена сказала Серафімка. – Пайду кажух вам прынясу. Ці, можа, увечары?.. Халера на іх, каб на паліцыянтаў не налезьці.
        – Ни в коем случае! Слышь, Серафима? – насьцярожыўся капітан.
        – Дык я ж панімаю. Што ж я, малая…
        – Вот-вот! А иначе всем крышка. И тебе не поздоровится!
        – Я ж акуратна. Аглядаюся ўсё. Каб нідзе нікога.
        – Правильно! Спасибо тебе, милая женщинка, – пранікнёна вымавіў капітан, і ў Серафімкі прыкметна заружавеліся шчокі. Мусіць, хвалілі яе нячаста ў жыцьці, тым болей незнаёмыя мужчыны, і цяпер тая капітанава пахвала сапраўды кранула жанчыну.
        Серафімка загарнула ў анучу пусты чыгун і, прыгнуўшыся, палезла да выхаду. За ёй, трохі счакаўшы, выбраўся яфрэйтар. Хлебнікаў, штосьці засяроджана думаючы, сядзеў пад сьцяной. У бліндажы ўвогуле было ня холадна, толькі часам з траншэі павявала ветрам, а так было зацішна і трохі трымалася накопленае за ноч людское цяпло. Застаўшыся ўдвох, Дземідовіч павярнуў галаву да капітана.
        – Ён – куды?
        – Кто?
        – Немец. Выйшаў – куды?
        – А хоть бы куда! Нам какое дело? – ня надта зважліва адказаў капітан.
        – Вы не баіцёся? – счакаўшы, запытаўся Дземідовіч.
        – А чего мне бояться? Чего уж мне-то бояться? – з горыччу загаманіў капітан.
        – А што выйдзе і гранату сюды. Ці з пісталету?..
        – Зачем?
        – Зачым? Ну, ведаеце… Немец усё ж такі.
        – Черт с ним, что немец! – вылаяўся капітан. – Какой ему смысл – гранату! Он бы мог меня – из пистолета. В первую же ночь. Но ведь не застрелил. Наверно, нет интереса. Сам в западне. И он, и я, и ты тоже. Разве не понятно?
        Дземідовіч змоўчаў – ён не хацеў прадаўжаць такую размову, бо, мабыць, капітан адмаўляўся зразумець простыя рэчы. Цяпер, аднак, ня час быў тлумачыць іх гэтаму ўпартаму чалавеку – іхнюю размову мог пачуць немец. Калі ўжо не пачуў з траншэі?
        Калі яфрэйтар неўзабаве вярнуўся, яны моўчкі сядзелі на ранейшых месцах, бы і не размаўлялі, і немец бадзёра сказаў да капітана, жартоўна паціраючы далікатныя пальцы:
        – Ну, будем немножко… лечить? Посмотреть ваш глаза. Болно?
        – Ничего, сносно. Может, обойдется… Слушай, ефрейтор, ты бы лучше табачку раздобыл… Ну, пук-пук, понимаешь? Сигаретку.
        – Цигареттен? Никс цигареттен, – разьвёў рукамі яфрэйтар.
        – А ты поищи. Может, где убитый, понимаешь? А?
        Яфрэйтар нахмурыў белы лоб пад пілоткай, падумаў і ляснуў сябе па сьцёгнах.
        – Карашо! Хольц идет посмотреть!
        – Сходи, да. Авось где-нибудь попадется. А то, понимаешь, уши пухнут, так курить хочется.
        Згрэбшы з долу сваю плашч-палатку, яфрэйтар вылез у траншэю. З бліндажу было бачна, як ён там сьпярша агледзеўся – у адзін бок, затым у другі – і хутка зьнік недзе. У бліндажы зрабілася ціха, і было чуваць, як дзесь ля ўваходу шаргацеў быльнягом вецер.
        – Вы думаеце, ён не разумее па-руску? – ціха сказаў Дземідовіч.
        – Кто? Немец? Вполне возможно, кое-что понимает.
        – Дык як жа так? – чагосьці ня мог сьцяміць Дземідовіч. Яго болей абуралі зусім безуважныя адносіны гэтага капітана да ворага, і Дземідовіча цягнула распачаць сур’ёзную размову.
        – А что – как же? Он, может, мне курева принесет. Ты же не принесешь, правда? – лёгка гаварыў капітан.
        – Ён можа паліцыю прывесьці. Або сваіх…
        – Ну и черт с ним! Если такой… Или за свою жизнь очень переживаешь? – нешта зразумеўшы, запытаў капітан.
        – А вы не перажываеце?
        – Я не переживаю. Я уже всё пережил, к твоему сведению.
        – Але гэта – не прычына для страты пільнасьці.
        – Чего-чего?
        – Пільнасьці. Ну – бдительности.
        Тыя Дземідовічавы словы відавочна і як мае быць укалолі капітана, ён рыўком падняўся і сеў пад сьцяной.
        – О чем вспомнил! Где же вы, такие бдительные, раньше были? Как в Кремле с Риббентропом целовались?
        Капітан гэтак нечакана пераходзіў на рызыковыя [словы], што Дземідовіч унутрана паморшчыўся, ён такіх размоваў не любіў, ад іх заўжды веяла небясьпекай. Перш чым адказаць, ён трохі падумаў, але адказаў, мабыць, так, як і належала адказаць у такіх выпадках:
        – Калі цалаваліся, дык, мабыць, такая палітыка была. У інтарэсах дзяржавы.
        – Это какой державы? Не нашей ли?
        – Ну канешне, нашай.
        – Ах нашей! Во теперь эти интересы боком и вылезают. Через тех умников.
        – Не лічыце, што там дурнейшыя за вас.
        – Я не личу. Наверное, поумнее. Но вот какое дело. Почему при их уме немцы под Москву топают? А я здесь валяюсь. Слепой. Теперь они что ли мне свои глаза вставят?
        Дземідовіч маўчаў, лежачы ў сваім куце, а Хлебнікаў ужо легчы ня мог. Мусіць, Дземідовіч наступіў на яго набалелы мазоль, і ён загаварыў бадай з адчаем у голасе:
        – Бдительность! На глазах всего мира Гитлер обдуривал – этого не видели! А теперь, когда стало видно, с кого взыскать? Он же безгрешен и гениален во веки веков. А Красной армии отдуваться за эту его гениальность. Своей кровью смывает его всесветную глупость. Чтобы он был безгрешен и величествен, как всегда.
        – Вы гэта пра каго? – з жахам абмёр Дземідовіч.
        – Про кого? Знаешь, про кого.
        – Ну, знаеце!! – сказаў Дземідовіч і змоўк. Ён быў абураны і амаль зьбянтэжаны – такога ён не чакаў. Гэты сьляпы камандзір проста не разумеў, што казаў. І Дземідовіч быў змушаны слухаць, ня ведаючы, што зрабіць. – Такога я ад вас не чакаў, – сказаў ён ледзь чутна. – Вы, мабыць, і ў нашую перамогу ня верыце? Што нашыя вернуцца?
        – Я верю, что наши вернутся, – сказаў Хлебнікаў. – Но я уже к ним не вернусь, вот в чем беда. Даже если и выживу. Я уже не тот. Тот был зрячий, а я слепец.
        – Нельга ж так, усё пра сябе.
        – А про кого же еще? У меня семьи нет, родителей тоже. Я в детдоме воспитывался. И я искалечен навеки. Следовательно, я свободен. Это ты думаешь, как тебе перед райкомом вывернуться, оправдаться хотя бы за этого немца. Наверное же, убить его ты не сможешь – оружия нет. А он вот тебя может в два счета. А не убивает. Ты задавался мыслью: почему?
        – Можа, яшчэ і заб’е, – ціха сказаў Дземідовіч. – Адкуль я ведаю.
        – Не убьет, – упэўнена сказаў Хлебнікаў. – Он теперь с нами повязан одной веревочкой. Ибо все мы здесь неудачники. И выпали из системы. Мы из нашей, он из своей. Мы – брак. А брак известно куда – на свалку.
        – Як гэта брак? – зьдзівіўся Дземідовіч. – Так вы пра сябе можаце сказаць. А я не такі. Я палітычна не перамянюся.
        – Можешь не меняться. Зато к тебе переменятся.
        – Я яшчэ, можа, папраўлюся.
        – Вполне возможно. И дождешься наших. Только что ты в анкете напишешь? Наверное же, придется анкету заполнять?
        Дземідовіч замест адказу ва ўсе вочы недаўменна глядзеў на забінтаваны, неяк задраны ўгару падбароддзем твар капітана.
        – На оккупированной территории был? Был. С немецким фашистом связь имел? Имел. Есть свидетели. Скрыть не удастся.
        Дземідовіч прыгнечана маўчаў. Сапраўды, мабыць жа, пра ўсё тое прыйдзецца ў свой час напісаць, растлумачыць – ці зразумеюць тады яго? Ці ён зваліць усё на гэтага сьляпога капітана. Капітан сьляпы, але ж ты, скажуць, мабыць, быў відушчы, бачыў, з кім спаў у адным бліндажы?
        Чорт бы яго ўзяў, гэтага немца, паныла разважаў Дземідовіч, і адкуль ён зваліўся на іхнюю галаву? Што яму тут трэба? Чаго ён тырчыць каля іх, ня йдзе нікуды? Хоць да сваіх, хоць да фронту, каб здацца ў палон, калі такі – з бракам. Тое, што гэтая гісторыя не абыдзецца для Дземідовіча добра, ён адчуваў пэўна, вось толькі ня ведаў, што было рабіць? Быў бы здаровы, ні адной гадзіны не застаўся б тут, з немцам ды з гэтым вар’яцкім капітанам, якому сапраўды, мабыць, не было ўжо чаго губляць (што возьмеш са сьляпога?). Але ж Дземідовіч мог згубіць усё. Такім потам нажытое, ніколі нічым не заплямленае…
        Мусіць, выказаўшыся пра набалелае, Хлебнікаў змоўк і пачаў чакаць немца. Дужа хацелася курыць, і ён сябе цешыў тым, што калі яфрэйтар доўжыцца, дык, мабыць, недзе шукае. Авось прынясе. Серафімка, ведама ж, жанчына, яна найперш дбае пра харч, ці яна разумее, што мужыку болейза харч бывае патрэбна закурыць? Бяз харчу яшчэ можна пражыць, а вось без табакі… На Дземідовіча Хлебнікаў не злаваў – такіх баяк-перастрахоўшчыкаў за сваё жыцьцё капітан перабачыў нямала. Яны на словах быццам дбаюць пра высокія інтарэсы дзяржавы, прыкідваюцца каменнымі артадоксамі, а самі проста баяцца. Хіба ён сам усё жыцьцё быў не такі, мала баяўся? Зрэшты, час ад часу палохалі добра, было чаго і баяцца. Вось і гэты райкамавец: як пачуў пра тое, што яго напэўна чакае, адразу праглынуў язык. А то – інтарэсы дзяржавы, разумнае кіраўніцтва…
        Рэшту таго дня яны ляжалі моўчкі. Дземідовіч то драмаў, то прачынаўся. Перад вечарам прыбегла Серафімка, прынесла кажух, і Дземідовіч таропка загарнуўся ў яго. Стала куды лепш, і ён хваравіта і квела заснуў. Серафімка сказала, што ўначы будзе пячы хлеб, ранічкай прынясе, тады ім голад будзе ня страшны.
        А немца ўсё не было, і Хлебнікаў пачаў трывожыцца: ці ня здарылася з ім што кепскае? А можа, пабег да сваіх? Усё магло быць. Ён ужо ведаў, што на вайне хапала ўсяго пад самую завязку…

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.