РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нарач
Прадспеў
Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацвёртая
Частка пятая
Частка шостая
Частка сёмая
Эпілог
ЧАСТКА ПЯТАЯ
ЧАСТКА ПЯТАЯ
        
1
        
На пабярэжжы азёрным, зялёным
Павырасталі палацы магнатаў,
Воддаль чарнеюць вузкія загоны,
I валуны, і рыбацкія хаты.
Неба заслала блакітам шырокім
Наднарачанскія нівы і вёскі,
Ціхі магільнік, крыж адзінокі
Каля пахіленай ветрам бярозкі.
Людзі жывуць у палацах ліхія, –
Хлеба ў іх досыць, і хлеб без мякіны –
Глыбака ўгрызліся ў нашу краіну,
П’яўкамі смокчучы сокі жывыя.
Толькі гаруе ўвесь бераг рыбацкі:
Рукі крывавым пакрытыя потам,
Твары абмыты слязамі сіротаў,
Плечы намулены лямкай батрацкай.
Нават і песні там іншыя, неяк
Звоняць яны сіратліва над полем,
Пераліваюцца скаргай жалеек,
Сумам прадвечным па шчасці, па волі.
        
        
2
        
Выйшлі ўсе разам.
Праз межы, праз поле
3 вёсламі моўчкі арцелі ішлі.
3 берага кагаркі
Раптам ўзняліся,
Зніклі ўдалі.
Выплылі лодкі.
– Смела ў дарогу!
– Шчаслівы палоў!
– Помніце – хлеба няма ўжо!..
Хваляў шум.
Звон галасоў.
3 Нарачы выплыла сонца.
Лодкі да сонца плылі.
Біліся хвалі аб вёслы,
Пеніліся і гулі.
Дзеці, жанчыны, старыяI
Сёння на бераг прыйшлі
3 віламі, з пешнямі.
Сталі, чакаюць,
                           калі
Новыя выплывуць лодкі.
– Што, усё яшчэ не відаць?
– Мо толькі выплыве вёска адна?..
Нарач шуміць.
Пільна угледзеўся
Ў гатаўскі бераг Сымон,
У бераг далёкі.
Пеніцца сонца, і хваль перазвон.
– Кагаркі, можа?..
– Не, лодкі!
– Бачыце, бачыце! – бераг ажыў.
Радасна бліснулі вочы,
Быццам іх сонца прамень запаліў.
 
 
Люблю твае, Нарач, затокі і тоні,
Як вецер густыя туманы развесіць.
Ці снежная пена на хвалях зазвоніць,
Цалуючы зоры, калышучы месяц.
 
Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай,
Раскінуўшы сінія хваляў палотны,
Калі ў непагоду сумуеш маркотна
3 рыбацкаю песняй, з зялёным чаротам.
 
Люблю твае буры, твае навальніцы.
Ў іх чую, бы ў песнях, жыццё маладое.
I хочацца блізка грудзьмі прытуліцца
Да чорных ад гневу кіпучых прыбояў.
        
        
3
        
Як навальніцаю, хмараю шэрай
Лодкі плывуць рыбакоў.
Бурна шуміць нарачанскі ўвесь бераг I
Гулам людскіх галасоў.
– Рана сягоння прачнуліся, гады!
– Бачыш, ляціць вартаўнік!
– Трэба было б яго пешняй пагладзіць,
Лодку загнаўшы ў трыснік. –
Чуюцца знекуль ізноў адгалосы:
– Эх, закіпела ўдалі!
– Вернуцца сёння паны без калошаў!
– Вёслы ў работу пайшлі!
3 вёскі, ў сярмязе расхрыстанай, шэрай,
Быццам варона, ляцеў
Полем, пасевамі солтыс Цяцера.
– Рыбы, відаць, захацеў?!
– Што, пане солтыс, чаго пан
                                         прыпёрся?
– Кажаш, паліцыі шмат?..
I галасы, быццам жнівам калоссе,
Зрэзаў нахлынуўшы град.
Толькі чуваць, як калышацца шумна
Возера каля чаўноў.
– Бачыш, ідуцьярыною, праз гумны...
– Будзе з паўсотні крукоў.
 
С т р а ж н і к
 
Хто вас тут склікаў?
 
С ы м о н
 
Ніхто. Прыйшлі самі.
 
С т р а ж н і к
 
Слухайце ж, рыбакі!
Пешні кідайце, пакуль яшчэ з вамі
Не загаварылі штыкі.
 
С ы м о н
 
Ты не гразі нам. Яшчэ ты замолад.
Што нас пужаеш штыком?
Мы ужо бачылі здзекі і голад
Пад акупанцкім ярмом.
Хочаш – страляй у мяне, у старога!
Хай мяне зломе віхор.
Толькі вам, каты, я гэту дарогу
Загараджу да азёр.
 
Г р ы ш к а
 
Не, не табе, стары, з імі спрачацца,
Лезці грудзямі на іх.
Хопіць з навалаю лютай змагацца
Сілы у нас маладых.
 
Р ы б а ч к а
 
Хлеб адабралі ў галодных сіротаў.
Чым мы накормім дзяцей?
Досыць ужо бедавалі гаротна.
Што ж, пан, страляй жа хутчэй!
 
I пахіснулася мора людское,
Рынулі ў бой рыбакі,
Рынулі грозным, кіпучым прыбоем
На акупантаў штыкі.
        
        
4
        
Спяваюць дзяўчаты,
І ў лесе сасоннік,
На прызбе пад хатай
Ім ўторыць гармонік.
Праз межы, загоны,
Вясковыя стрэхі
Плыве з перазвонам
Вясновае рэха.
 
Т а ц я н а
 
Сум грудзі сціскае.
Цябе, мой каханы,
I позна, і рана
Паны ўжо шукаюць.
 
Г р ы ш к а
 
Тут сочаць за намі,
Я сам гэта чую,
Начамі і днямі
Нас нехта пільнуе.
Адно толькі горай,
Што раніцай сіняй
Цябе і азёры
Мне трэба пакінуць.
Я зроднены з тымі,
Што век жывуць працай,
Што ўсталі стальнымі
Радамі змагацца.
I дзе, я не знаю,
Сустрэну світанне,
Якое устане
Ўжо хутка над краем.
Ды толькі я веру,
Што дзень вызвалення
На Нарачы бераг
Прыйду я сустрэнуць.
        
        
5
        
Г р ы ш к а
 
Ты не заснуў, Прахор?
Доўгая ноч...
Нам бы пагутарыць варта.
Нешта шкада пакідаць мне
Нарач, і вёску, і бор.
 
П р а х о р
 
Нешта скуголяць сабакі.
Вецер на сена залазіць,
Рве з узгалоўя пласты,
Спаць не дае.
Можа, так на непагоду.
Чуеш, як шчытам калоціць
I завывае, як воўк?..
Рана збіраешся выйсці?
 
Г р ы ш к а
 
Рана, яшчэ даусходу...
Што ж абарваў, не гаворыш,
Неяк раптам замоўк?
А я ўсё пра азёры думаю.
Прыйдзецца, пэўна,
Брацца не раз за калкі,
Каб адагнаць ад хат нашых гора,
Выкрышыць панскім сабакам клыкі.
Аты, Прахор, можа, дрэмлеш?
 
П р а х о р
 
Не, гавары!..
        
        
6
        
С т р а ж н і к
 
Але ж і цёмна!
Месяц апаў на Нарачы дно.
Хіба поўнач
Мінула даўно?
 
П а л і ц э й с к і
 
Іван, добра ты помніш,
Дзе чыя хата, істопка, гумно?
 
I в а н
 
Я, пан, як заяц польны,
ТІТто ведае, дзе які лубіну сноп,
Ведаю кожную хату.
Гэта сяліба Рыгора старога.
Чорныя латы.
Саломы вецер натрос ля дарогі.
Далей Сымонаў
Плот хату гнілую плячамі падпёр.
Восьізагоны...
Побач гумно... Не адзін, пэўна, ён...
3 ім Прахор...
 
С т р а ж н і к
 
Што ж затрымаўся?
Першы раз? Мо не выпіў паўкварты,
Спужаўся?
 
I в а н
 
Думаю, з вамі ісці мне не варта.
Каб ібыло што...
Я сваё выканаў...
 
П а л і ц э й с к і
 
Можаш ісці!
 
І в а н
 
Пойдзеце проста.
Выстралы вецер заглушыць ўначы.
А калі хто і прачнецца,
Дык будзе па часе.
 
Т а ц я н а
 
Тата, ты спіш?
Чуеш пад вокнамі крокі цяжкія?
Чуеш, на вёсцы сабакі
Як выюць?
 
С ы м о н
 
Можа, ваўкі недзе блудзяць,
Возера з ветрам ў загрудкі ўзялося...
Спі. Хутка днець будзе,
Пэўна табе ўсё гэта здалося.
 
Т а ц я н а
 
Усё ж я лепш выйду і гляну,
Толькі ўскіну на плечы вось хустку...
 
С ы м о н
 
Усё роўна нічога не ўбачыш.
Спіць яшчэ вёска. На вуліцы пуста.
Выйшла... Не спіцца ёй нешта.
        
        
7
        
Т а ц я н а
 
Штотут!..
Гумно адчынена, параскідана сена,
Пэўна, тут быў нехта...
Грышка!..
Пара уставаць.
Грышка!..
 
Чорнымі крыллямі
Вецер ударыў у твар, і далёка
Чутна было, як шумеў бор стары
Над затокай.
– Грышка!..
 
I в а н
 
Тацяна, твой Грышка не прыйдзе.
Можа, не верыш?
Пайшоў на гасцінец разам з Прахорам.
Слухай, Тацяна, цябе ён пакінуў,
Больш ён ніколі не прыйдзе!..
 
Т а ц я н а
 
Але адкуль ты тут узяўся?
 
I в а н
 
Я быў тут блізка.
На возеры быў.
Чуў, як ты клікала Грышку.
 
Т а ц я н а
 
Не, не старайся мяне затрымаць!
 
I в а н
 
Эх, як птушка,
Вырвалася, паляцела!
Пэўна разбудзіць
I вёску усю, і арцелі.
Трэбахавацца...
 
Гэта не вецер калыша лясы,
Гэта трывогі звіняць галасы,
Гэта у рэйку набатную б’юць.
Вырас натоўп рыбакоў,
Бусакі
Лесам асеннім ўзняліся ўгару.
Гулкай трывогі агні-языкі
Ужо ахапілі зару.
– Хто чаго звоніць? – чутна з далі.
– Стражнікі Грышку з Прахорам ўзялі!
– Куды іх пагналі?
– Хто бачыў, калі?
– Трактам кабыльніцкім іх павялі!..
Звонам Тацяна збірае народ.
Чырванню яркай палае усход.
Бурнымі хвалямі ў поле з сяла
Выйшаў узброены, грозны натоўп,
Быццам ўдагон па зямлі паплыла
Чорная хмара...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.