РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сымон-музыка
Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацвёртая
Частка пятая
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
        
I
        
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?
 
Гэй, адвечныя курганы,
Сведкі прошласці глухой!
Кім вы тут панасыпаны?
Чыёй воляю-рукой
Вы раскіданы па полі,
Даўных спраў вартаўнікі?
Эх, не скажаце ніколі,
Што казалі вам вякі!
Вы пуцінаю няроўнай
Бежыце ўдалечыню,
У бок Віліі чароўнай
І пад светлую Дзвіну.
 
Край мой родны! Дзе ж у свеце
Край другі такі знайсці,
Дзе б магла так, поруч з смеццем,
Гожасць пышная ўзрасці?
Дзе бы вобруку з галечай
Расквітнеў багацтва цуд
I дзе б з долі чалавечай
Насмяяліся, як тут?..
Скрозь вяночкі дрэў вясёла
Над мястэчкам ці сялом
Цэрквы, стромкія касцёлы
Вежы ўзносяць к небясом.
А званіцы перад святам
У касцёл, царкву завуць,
Каб «прад Богам і прад братам
Віны ўсе свае пачуць».
Родны край! у Божа імя,
У чэсць косцелаў, царквоў
Паміж дзеткамі тваімі
Многа легла камянёў;
Многа выйшла трасяніны –
Меч, агонь знішчалі край:
З двух бакоў «айцы» дубінай
Заганялі нас у рай!
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
I цяпер над намі, брацце,
Яшчэ ў сіле той раздор –
I папоўскае закляцце,
I ксяндзоўскі нагавор.
 
Брацце мае, беларусы!
У той кнізе людскіх спраў
Сам лёс, мусіць, для спакусы
Гэты край нам адзначаў.
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш звэяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек,
Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.
I лілася кроў нявінна,
Швед набытак наш паліў,
А ўрад царскі самачынна
Тут гвалтоўнасці тварыў,
Будаваў астрог народу
I барбарскім капылом
Мерыў волю і свабоду,
А культуру нёс з калом.
I без жалю капытамі
Конь казацкі тут ступаў
I збажынку з ярынамі
Талачыў і драсаваў.
 
Родны край! ты разарваны,
I на захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сцягвае гужы,
Каб з варшаўскае майстэрні
Беларусу сшыць халат,
Ды ні ксёндз, ні пан не верне
Плынь гісторыі назад!
Эх, чаго нам не прыйшлося,
Брацце мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!
Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы шлях свой адзначаць
I сваім уласным краем
Край свой родны называць?
 
                                 * * *
 
– Гэй, Сымон! Сымон! ты чуеш?
Сонца ўжо ўзышло – пара!
Ці забыўся, дзе начуеш?
Час нам выбрацца з двара! –
Дзед-жабрак прачнуўся рана,
Будзіць хлопца. – Уставай!
Хварэць нечага на пана,
Хоць падзяку людзям дай!
I збірае дзед манаткі
Ды бубніць сабе пад нос:
«Дзе ж ён дзеўся, небажаткі?
Куды прах яго панёс?»
 
– Эй, ты чуеш? дзе ты згінуў?
I няма адказных слоў.
Дзед трывожна погляд кінуў:
– Мусіць, збег, каб я здароў!
I затросся дзед ад страху,
Думка мозг яго ажгла:
«Абакраў, гад, і даў маху!»
I сама рука лягла
На мяшэчак пад пахвінай,
Але цэл той вузялок.
I мысленна прад хлапчынай
Тут пакаяўся дзядок.
«Але дзіва, што з ім стала?» –
Сам сябе стары пытаў.
А тым часам сонца ўстала,
Промень першы завітаў
У гуменца з-пад шчыцінкі,
I ў палосцы залатой
Незлічоныя пылінкі
Закружыліся, як рой;
Пташкі-ластаўкі ляталі
То на двор, то са двара,
Над гняздзечкамі снавалі
I так міла шчабяталі,
Як бы жычылі дабра.
Злез дзед з торпу ў замяшанні:
«Дзе ж падзеўся той Сымон?
Ці дзе ходзіць спазарання,
Непаседа-ветрагон?»
Абышоў дзед двойчы клуню,
Клікнуў раз, другі – няма!
I напала на дзядуню
Неадчэпная дума:
«Кінуў хлопец яго, кінуў!
Эх, не ўмеў з ім ладзіць ён!»
I шкада яму хлапчыны –
Збег музыка, збег Сымон!
– А дзе ж хлопчык твой, дзядуня?
– Няма, панюхна, няма
Ні за клуняю, ні ў клуні,
Вось шукаю, ды дарма, –
Ну, знік проста, як кампора1...
 
Ой, праспаў яго, праспаў!
Ой жа ліха, гора, гора!
Я без хлопчыка прапаў!
Гаспадар сам выйшаў з хаты,
Устрывожыўся ўвесь дом,
Абышлі ўсе клеці, спраты,
Аглядзелі ўсё кругом,
Нават збегалі к суседу,
Каб напасці хоць на след, –
Не знайшлося нідзе следу,
Сіратою стаўся дзед.
– Ось, як бы я страціў сына,
Так шкада, каб я здароў!
– Уцёк, дзедка, твой хлапчына
Да другіх гаспадароў!
Ганна смутна і маркотна,
Яна думае аб ім.
Дзе ж падзеўся ён, гаротны?
I куды пайшоў? за чым?
I чаму ён не паведаў?
Хоць бы слоўка ёй сказаў!
Эх, нядобры хлопчык дзедаў –
Свет дзяўчынцы завязаў!
А яна ж аб ім гадала,
Думку марыла аб ім:
Ці ж было б тут свету мала?
Ён бы й тут быў не чужым.
Папрасіла б яна тату –
Так напэўна б і было, –
Каб яго прыняць у хату
Ці прыстроіць дзе ў сяло...
А мо ён дзе спіць на сонцы
У садку за вішнячком?
Ёй надзеі ткуць красёнцы
Залаценькім чаўначком.
I дзяўчынка ў той надзеі
Ідзе ў сад, ідзе сама.
Але там, на санцагрэі,
Пуста ўсё, яго няма!
Пуста ў садзе і журботна,
Як бы страціў нешта сад,
Нават лісцечка дрыготна
Шум вядзе на смутны лад.
А вось тут, пад гэтай грушай,
Ён сядзеў, а з ім яна.
Ён тут сэрца ёй парушыў,
Вымаўляла тут струна.
Выйшла Ганна на дзядзінец,
Сэрца сцісквае туга.
Унь у свет бяжыць гасцінец,
Над ім сцелецца смуга.
Навакол ляжаць прасторы,
Тчэ ім наміткі туман,
I замлелі ў хлебным моры
Хвоя тая і курган...
Знаць, не вернецца ніколі,
Там чужыя рубяжы,
А на ростанях – таполі
Ды збуцвелыя крыжы.
Куды ж ён пайшоў? куды?
Дзе ляглі яго сляды?
 
Нікнуў зорак блеск халодны,
I святлеўся неба край;
Лёгкі пар, туман усходны,
Апяразваў лес і гай;
А Сымон, ачараваны
Гэтай раніцы красой
I выпадкам негаданым
Добрай ночкі веснавой,
Сам не ведаў, што з ім, дзе ён,
Проста чуў, што ён шчасліў,
Чымся новым быў авеян,
Новых сілак чуў прыліў.
Ён пазнаў тут асалоду,
Ён пазнаў тут новы свет,
То, чаго не ведаў зроду, –
Ласкай хлопчык быў сагрэт.
Ён цяцер, бы на граніцы,
На высокім рубяжы;
Па адзін бок – блеск дзянніцы,
Па другі – цьма, дзе ён жыў.
Ён цяпер – бядак, убогі,
Выклікае толькі жаль.
Ці ж зачынены дарогі
У той край, у тую даль,
Дзе здабыць ён можа долю,
Шчасце талентам здабыць?
 
Ён жаданням дае волю,
Ён, як людзі, хоча жыць.
Азірнуў ён і абмерыў
Далі ветлыя палёў,
Сіле ён сваёй паверыў,
Зову новых галасоў.
I Сымонка азірнуўся,
Кій-крывулю свой узяў,
У бок дому павярнуўся,
Ганну ў сэрцы павітаў:
«Будзь шчасліва, краска-зорка!
Не пагардзіла ты мной,
I ў маёй ты долі горкай
Будзеш зданню дарагой.
I вы будзьце ўсе здаровы,
Будзь і ты здароў, дзядок.
Няхай к вам з набыткам новым
Новы з’явіцца дзянёк!»
        
        
        ––––––––––––
        1 Кампора (камфора) – цвёрдае лятучае рэчыва.

        
        
        
        
II
        
Я пайду, адзін пайду я.
Вольны вецер хай гадуе
Мае думкі, мае мары,
Мае песні, казкі-чары.
Я пайду, міну лясочкі,
Што чарнеюць, нібы бровы:
Там пабачу я свет новы,
Там пацешу свае вочкі,
Там другія ўчую словы...
Я міну, міну лясочкі.
За лясочкамі, за гаем
Далі, лёгшы сінім морам,
Вабяць душу мне прасторам
I чаруюць новым краем,
Клічуць к нейкім нрвым зорам
Далі, злеглыя за гаем.
На прасторы сэрцу люба!
Прывітаюць мяне краскі
I мне будуць баяць казкі,
Мне ўсміхнецца постаць дуба,
Чараў поўная і ласкі, –
На прасторы сэрцу люба!
 
Пабяжыць у свет дарога
Праз узгоркі, праз лагчынку;
Будзе ветрык гнуць былінку,
I навеюць думак многа
Мне пра мілую дзяўчынку
Далі тыя і дарогі.
 
Я пайду, адзін пайду я.
Няхай дзед сабе сярдуе:
Я яму цяпер не служка –
Сам сабе хачу быць панам,
Разлучыцца ўжо пара нам.
Вольным быць хачу, як птушка.
Ціхай ранічкай, да сонца,
Хлопчык выбраўся з двара,
Ідзе ён у свет бясконцы
Пашукаць таго дабр’а,
Каб змяніць свой лёс паганы,
Новым спосабам зажыць,
Каб увагі і пашаны
Перад ёю заслужыць.
У Сымонкі планаў многа.
О, ён слаўна зажыве!
Гэта новая дарога
Родзіць мары ў галаве..,
 
Па баках палі ляжалі,
Пападаліся гаі,
I дарогі прабягалі
Чыста срэбра-ручаі
I шчасліва беглі далей
Між высокіх беражкоў,
Гаманіла хвалька з хваляй
Спевам роўным галасоў,
Хлопцу ў душу закідалі
Водгук згоды і спакой;
Іх алешыны віталі
I ад сонейка хавалі,
Стаўшы дружнаю сцяной.
Беглі сцежкі між жытамі
Па пагорках, па лагох,
I ззяў гожа васількамі
Поля жытняга разлог.
Шоў Сымон адзін, свабодны
I не звязаны нічым.
Чуўся ён і полю родным
I тым хмаркам веснавым;
I вітаў іх, ім смяяўся
Падарожны малады
I ціхутка ў іх пытаўся:
«А вы, мілыя, куды?
Дзеткі сонца і зямлі,
Клопат, думкі – ўсё пазбыта,
Вас нягоды абышлі».
А дарога у пяць нітак
Павіваецца, бяжыць,
Наабапал з ёю жыта
Каласкамі гаманіць.
I бягуць-бягуць малюнкі
Поля, лесу і лугоў,
I ляжаць, бы тыя стрункі,
Зелень-засевы шнуроў.
А вось там, на павароце,
Дзе высокі крыж стаіць,
Яблык вежы ў пазалоце
Ззяе ў небе і гарыць.
Хлопчык далып ідзе дарогай,
Сонца стала прыпякаць.
Разважаць пачаў убогі,
Дзе б спажывы пашукаць.
Убок сцежка павярнула,
Лёгшы зграбнаю дугой,
А з-за дрэў страха зірнула
I два коміны на ёй.
Падышоў Сымон – карчомка
Са стадолай і дваром:
Добра ўсім вядомы Шлёмка
Быў даўно тут карчмаром.
Шлёму лаялі і білі,
Ды не моцна, не са злом,
Бо яго такі любілі,
Не міналі яго дом.
I то: як з ім не паладзіць?
Як бы ты ні быў з ім груб –
I пасудзіць і парадзіць
Ды і выпіць даць не скуп,
Абы толькі былі грошы,
Няма грошай – напавер, –
Адным словам, быў харошы,
Толькі й ты яму адмер.
Дык не дзіва, што да Шлёмы
Плыў народ, як у касцёл,
Шоў і свой і незнаёмы,
З хутароў ішлі і з сёл.
Тут пасэсар1, арандатар,
Дробны шляхціц, важны пан,
Хто папіць, гульнуць аматар,
Кожны міл быў і жадан.
Затрымаўся тут Сымонка:
Ці зайсці яму, ці не?
Паглядзеў – пуста скарбонка!
«А што зробіцца тут мне?»
Хоць нясмела, ды ступае
На карчомны ён парог
I са страхам азірае
Гэта логава-бярлог.
Удоўж сцен стаялі лавы;
За сталом – гурткі людцоў,
На сталах – сляды патравы:
Хлеб, агрызкі селядцоў.
Пры бутэльках гоман яркі,
Там і цесць, і сват, і кум;
З рук у рукі ходзяць чаркі,
А ў галовах бродзіць шум.
Пах гарэлкі, дым махоркі
Звіс пад столлю, як туман,
I ад смеху і гаворкі
Дрыгаціць карчма-майдан.
– Го, музыка тут, музыка!
Ану, хлопча, – тра-ля-ля!
Патанцуем, сват Грамыка,
Каб аж бухала зямля! –
А музыка – дух у пятах:
Як залучаць тут – бяда!
Людзі п’яныя – вар’яты, –
Аж бярэ яго жуда.
Але тут падскочыў Шлёма.
– Ну й чаго збаяўся ты?
Тут, у карчме, мы ўсе дома!
 
А ты ж, можа, не святы?
Ідзі далей – месца хваціць,
Ну не бойся: не з’ядуць!
Паіграй жа, пане браце,
У кішэню накладуць!
Павярнуў Сымонка крута:
– А чаго ж баяцца тут?
Міг адзін, адна мінута –
Талент вынесе на суд.
Выняў скрыпку, смык падмазаў
Ды па струнах як павёў –
Ціха стала ўсё адразу,
Моўкне бура галасоў.
Павярнуліся галовы
У той бок, дзе граў Сымон,
I спыняе ўсе размовы
Гэтых струн прыўдалы звон.
оўна карчма тога звону,
Ён яе рве берагі,
I ківае ў тахт Сымону
То адзін тут, то другі;
А як пусціць лад вясёлы,
Забірае рух мужчын:
Разгарнуў Грамыка полы,
Казака йдзе сам-адзін;
I самога нават Шлёму
Забірае гэты рух,
Падае кійкі другому,
А сам кажа толькі: «Ух!»
Выйшла Хава, дзецяняткі
Пазбягаліся сюды,
Ходзяць плечы іх, лапаткі
На вясёлыя лады.
Кончыў граць, скідае шапку –
Даказаў сваё ж такі!
I працягвае ён лапку –
Зазвінелі медзякі.
Адараюць хлопца шчыра
I грашыма і дабром,
А Грамыка даў паўсыра
I дзесятку серабром.
А ў агульным шуме-крыку
Выхвалялі яго ўсяк:
– Чый ён, жэўжык? Ось музыка!
Ось, псякроў яго, мастак!
Першы крок – пачатак справы,
Слова – Шлёмы самаго,
Штось прамовіўшы да Хавы,
Ідзе Шлёма да яго.
– Слухай, хлопча, мой малойчык!
Хочаш нештачка ты знаць?
Да мяне зайдзі ў пакойчык:
Маю штось табе сказаць.
Што ж ён скажа? знаць цікава!
Трохі цяміць і Сымон,
Бы й на лад выходзіць справа,
I ў пакойчык ідзе ён.
Зашчаміўшы грошы ў жмені,
Ён вайшоў у той пакой;
У пакоі страхаў цені
Мільгатнулі талакой.
Вочы ўзняў ён, што за дзіва,
А які ж там гэта дзед?
Чаго ён глядзіць так скрыва?
I дзіўны ж такі партрэт!
Пойдзе ўлева, стане ўправа, –
Рабін2 поглядам жывым
Так і цягнецца за ім!
Вось праява, дык праява!
Хіба ўгневаны ён чым?
Але валіць тут кагалам
Племя Шлёмава ў пакой
I пастала цесным валам
I гудзе наперабой
То з Сымонкам, то з сабою,
А з іх самы дасціпны
Бярэ скрыпку і рукою
Дакранаецца струны;
I не рад Сымон той чэсці
I кампаніі такой, –
Хоць бы ногі як унесці,
Горш астрога той пакой!
А той Хаім змайстраваўся,
Каб і смыкам павясці, –
Тут Сымон усердаваўся
Ды стаў Хаіма трасці.
 
Хаім толькі скаліць зубы,
Скрыпку ўжо бярэ Абрам.
– Го, Абрамка! го, мой любы!
Скрыпка кажа – ці-ра-рам?
Ён да скрыпкі здольнасць мае...
Ну, пайшлі вы! вон! авэк! –
Шлёма новы тон прымае,
Шлёма – спрытны чалавек!
– Вось паслухай мяне, Шлёму:
Знаю, хлопча, я твой хлеб!
Кепска жыць вось так, без дому, –
Я ўсё бачу, я не слеп.
А ты б мог жыць так як трэба,
Мець прыпынак, пэўны кут,
I па бораду мець хлеба,
I не мець вось гэты бруд.
На табе ж адно лахмоцце, –
Уй, які халат-рызман,
На цябе зірнуць страхоцце,
I сам высах, як таран.
Трэба ж справіць і адзенне,
I мець боцікі ў запас,
I да квасу мець, і квас, –
Трэба ў грунт пусціць карэнне;
Трэба ж нешта мець на мэце,
Калі маеш тут цара,
А не шворыцца па свеце,
У двор ходзячы з двара.
А што выхадзіш? нічога!
Проста... нельга тут маўчаць! –
I пачаў, пачаў малога,
Як той бацька, навучаць.
– Хочаш быць ты чалавекам?
Хочаш мець прыпынак-кут?
Заставайся ў мяне тут!
Пад маёю будзь апекай.
У мяне бываюць людзі,
Ды не простыя – паны,
Любяць музыку яны;
Вечарынка часам будзе,
А ты возьмеш сабе скрыпку –
Цім-та! цім-та! Ці-лі-лі! –
Шлёма рукі ўскінуў шыбка,
Як бы струны там былі,
А ён сам мастак-музыка,
Аж Сымона бярэ смех.
– Ну, турбота невяліка,
I адмовіцца тут грэх!
Дык якое тваё слова?
Ну, падумай і скажы!
– А што ж? граць мне ўжо не нова,
Скрыпка, смык мне не чужы,
I я згодзен быць у пана,
Я застацца тут гатоў!
Так Сымонка негадана
Там прытулішча знайшоў.
        
        
        ––––––––––––
        1 Пасэсар – часовы ўладальнік, арандатар маёнтка.
        2 Рабін (яўр.) – духоўная асоба.

        
        
III
        
Дом карчомны быў вялікі,
Месца хваціць хоць каму,
А тым болей для музыкі:
Чаго ж трэба больш яму?
Кухня будзе сем на дзесяць,
Там ёсць печ, за печчу – кут.
Хоць прусы там куралесяць,
Але Шлёма сказаў: «Гут!»
Што там добра? – цёпла, суха,
Спі сабе, як добры пан,
А што ходзіць прус-псяюха
Або злодзей-таракан, –
Пагадзіцца з гэтым трэба:
Многа ў свеце валацуг,
Жыць дазволіла ім неба,
Іх не возьмеш на ланцуг.
У той кухні меў пасаду
Шлёмаў парабак Яхім;
Хлопца ўзяў ён пад уладу
I памог яму сім-тым.
– Ось цяпер ты князь, ды годзе!
Пазайздросціць сам прусак,
Той,. што ў шчыліне-гасподзе
Век праводзіць, небарак, –
Жартаваў Яхім з музыкі,
Як абладзілі пасцель.
– I сам Шлёма, пан вялікі,
А яшчэ большы круцель,
Так не будзе з сваёй Хавай
I ў пярынах спачываць, –
Так казаў дзяцюк рухавы,
Бо любіў пажартаваць.
            Агню няма.
            У кухні цёмна.
            Спіць Яхім,
            А думкі-дым
            Плывуць сукромна,
            Як і цьма.
            Не спіць Сымон.
            Карчма варожа.
            Рабін там
            I Шлёма сам.
            Тут нейк нягожа,
            Не йдзе сон.
            Але дарма –
            Пяройдзе ночка,
            Будзе дзень,
            I нікне цень
            У тым куточку,
            Нікне цьма.
            Яркім светам,
            Агняцветам
            Свеціць штосьці, –
            То – Яна!
            I з усмешкай
            Думак сцежкай
            Прыйшла ў госці,
            Бы вясна!
            Скробат мышкі,
            Крокат вышкі,
            Кашаль сценны,
            Звон крыла.
            А яна з ім
            Ходзіць разам
            Блескам дзённым...
            Прэч, імгла!
            Яны ўсюды
            Толькі ў пары,
            Але імі
            Повен свет.
            Песні-гуды,
            Думкі-чары...
            Яе імя –
            Агняцвет!
I падхопяць зноў Сымовку
Думкі-мары, мыслі-сны
Ды ў яе нясуць старонку,
Дзе спаткаліся яны.
У вачох – садок прыветны;
Бн авеены дабром,
Звіс над ім спакой сусветны
Дыяментавым шатром.
А ў шатры тым – зор блісканне,
Спеў музычны цішыні,
Мілы голас, вобраз-ззянне,
Вочак промені-агні.
А ва ўсім тым карагодзе
Думак-вобразаў і мар
Выкрадаецца, як злодзей,
Цемнік-сон, сон-уладар.
I хлапчынка ўжо не знае,
Дзе тут сненне, дзе тут яў,
Дзесь далёка дух лунае, –
Крыллі сон яму разняў.
У аправе кос іскраных
Дзень выходзіць з-за зямлі,
Яснавокі і румяны,
Паліць свечачкі ў галлі
I пучочкамі скрозь лісце
Разлівае ззянне-смех
Для супольнае карысці
I для радасці і ўцех.
Ён зірнуў і ў кут Сымонаў
I сказаў, відаць, па дружбе,
Што Сымонка тут на службе,
Каб службовы доўг выконаў.
Ён пасцельку прыбірае,
Думак поўна галава,
Ён над службай разважае –
Што ж за служба? Якава?
А тым часам выйшла Хава,
Аддае такі загад –
Кухню вымесці рухава,
На двор выгнаць куранят.
Так зачаўся дзень тут новы –
На паслугах хлопчык наш:
Ён па воду, ён на дровы,
Ён і ў пограб і ў салаш.
I сам Шлёма дасць работу,
Бо ўсё згодзіцца ў жыцці,
На ўсё трэба мець ахвоту,
Каб свой потым лёс знайсці.
Праўда, хлопца прыадзелі,
Далі Хаімаў каптан,
Шлёма з Хавай аглядзелі
I сказалі: «Ну, як пан».
I Сымон быў рад і з тога;
Зубаскал жа той Яхім
Тут пасмейваўся з малога
I пацвільваўся над ім.
– Падарунак, браце, хвацкі!
Ты цяпер – пан Лапсярдацкі.
Эх, ярмолачку б дадаць!
Кім ты стаўся б – не згадаць!
Адна ганьба, што аблезлы,
А так добры лапсярдак! –
Хоць Яхім быў хлопец не злы,
Ды на кеплі быў мастак.
Хлопцу ўсё было тут нова:
Шлёма, Хава і іх дом,
Звычай іх, жыццё і мова,
Іх трусенне над рублём.
У карчомцы быў асобны,
Свой уласны жыцця лад,
Свой рахунак, брудна-дробны,
Права, звычаі і ўрад.
Карчма рэдка пуставала:
Чуць развідніцца – сюды
Хоць чыя душа вітала,
Шоў стары і малады.
Цэлы дзень рыпелі дзверы;
I былі такія тут,
Што ніяк не зналі меры
I, сагнуўшыся, як склюд1,
Вартавалі церпяліва
Кампанейскіх малайцоў,
Пазіралі так лісліва
На заезджых тут людцоў.
 
Так было тут у дзень будны,
А ў святы і не прайсці:
Брата, бацькі было трудна
Тут разгледзець і знайсці.
Але ўлетку, то нічога:
Вось зімой зайдзі ў карчму!
Тут падзівішся, нябога,
Збудзеш смутную думу.
Тут падчас трасуцца сцены,
Лавы крышацца, як соль.
Часта ў ход ідуць палены,
Як разыдзецца тут голь.
Сёмка тут пачне казанне,
Як Мацюта лез на плот,
Як Чылін спяваў літанне,
Як жаніўся Лысы Дод;
Пра шаўца пачне ён казкі,
А як скажа – з смеху ляж!
Як у Хасі з яго ласкі
Нарадзіўся Масыяш.
Два Антосі – Лузун, Лата –
Пацяшаюць тут усіх,
А Базыль, Карусь, два браты,
Зводзяць двух братоў другіх.
Тут зубамі крэпкі Сыса
Ступу тоўстую насіў,
А вар’яту Янка Лысы
Пуза ботамі мясіў.
А той жылы ўсе напружыць,
Голы выпучыць жывот,
Янку носіць ён і кружыць –
З смеху поўзае народ.
Тут, бывала, ў карк Піліпа .
Жонка гнала з карчмы вон,
I аб сына стары Клыпа
Чапялу ламаў ці млён2.
Тут ігрышчы адбывалісь
Перад святамі зімой,
I трасліся, калыхалісь
Сцены, дошкі пад нагой.
Дзецюкі, пабраўшы пары,
Тут ляталі, як віхры,
Як у полі на папары
У гіз бегаюць валы.
Верцяць дзевак, бы круцёлак,
На паветры іх нясуць,
Сцены, прыпек і пяколак3
Іх хвальбонамі4 мятуць;
Аж падлога пад нагамі
Гнецца, крэхча і рыпіць,
I агонь у тахт з рубцамі
Ў лямпе з подскакам гарыць.
Патамяцца, папацеюць –
Дзверы насцеж – на мароз,
Покі лбы пахаладзеюць
I пачне сінецца нос.
Танцавалі маладыя,
Весяліліся, пілі,
Для іх скокі, гульні тыя
Многа радасці няслі.
А Сымонка, як пракляты,
Ім да трэціх пеўняў граў,
Толькі ён не ведаў свята,
Светлай радасці не знаў.
Без ахвоты-захаплення
Ускідала смык рука;
Не хапала і цярпення,
Сіл падчас у бедака
Граць праз цэлых тры гадзіны
Несканчоную кадрьгль;
Марнаваўся век дзяціны,
Талент друзіўся на пыл.
Рана хлопчык падымаўся,
То каморкі падмятаў,
То пры кухні завіхаўся,
Шлёму, Хаве памагаў.
I так кожны дзень заняты,
А каб час не марнаваў,
Ад Сымонкі Шлёма кляты
Смык і скрытнсу адбіраў.
– Так, мой браце, так, Сымоне, –
Падбаўляў агню Яхім, –
Не ў гуморы ты штось сёння;
Шлёма – кепскі твой айчым.
Ты – падкухцік, ты – музыка,
Падмятайла, ваданос,
Лупіць Шлёма з цябе лыка,
Як каня запрог у воз!
Бедны ты, брат, і няшчасны –
Без кароны стаўся цар:
Над скрыпуляй над уласнай
Ты цяпер не гаспадар!
Няма ў Шлёмы к табе ласкі,
Не згрунтуеш ты, брат, з ім!
Цяжка жыць з чужой папаскі,
Лепш ідзі к бацькам сваім:
Сэрца бацькава не камень,
Бацькаў хлеб смачней віна,
I не зломіць табе рамень5
Праца бацькава гумна.
– А ты служыш вось, Яхіме.
– Ну, то я – другая справа:
Шлёма мне духоў не выме
I не возьме ў рукі Хава.
Я, брат, знаю, што мне трэба,
У мяне ёсць пэўны план: -
Я вазьму кусішча хлеба,
А не зношаны каптан!
Я – салома, ён – мякіна,
Мне гарэць, а Шлёме – гніць,
I салома-сіраціна
З вольным ветрам паляціць.
Толькі ўскіну я вачыма –
Мой і погляд робіць след,
Ты пачуеш пра Яхіма
I сам родзішся на свет...
Эх, Сымон!.. ды ты не пара,
Не таварыш ты мне, друг:
Мой таварыш – воўк паджары,
А быць можа, і ланцуг.
Праўду кажа ці жартуе?
Ці наводзіць ён туман?
А мо шайку дзе гуртуе
Ён, разбойнік-атаман?
Не, у карчме штось няладна.
А той рабін! Ён дзіўны,
Вочы злосны, неспагадны
I нянавісці паўны.
Ляжа хлопчык у куце тым,
Сон не йдзе. Ён там адзін;
Эх, нямала тых гадзін
Аддае ён думкам гэтым!
        
        
        ––––––––––––
        1 Склюд – тапор з выгнутым тапарышчам.
        2 Млён – ручка, пры дапамозе якой круцілі жорны.
        3 Пяколак – шырокі прыступак у бакавой сцяне печы.
        4 Хвальбоны – аборкі на падале спадніцы.
        5 Рамёны – плечы.
/sense_sup
        
        
        
        
        
IV
        
            План гатовы,
            Зложан цвёрда,
            Воля горда,
            Непарушна:
            У свет новы
            За дубровы,
            Бо тут душна!
            Сустрэнь, поле,
            Прытулі ты!
            Я пазбыты
            Твае ласкі!
            Хочуць волі,
            Просяць долі
            Песні-краскі.
            Сустрэнь, лесе,
            Ясным смехам,
            Гучным рэхам
            Загукай!
            I ў завесе
            Тваіх шатаў
            Голас братаў
            Мне падай!
            Глянь ты, сонца,
            З-за аблокаў
            Добрым вокам:
            Я – твой сын!
            Я ў палонцы,
            Лёдам скуты,
            Я прыгнуты,
            Я адзін!
 
Разгарнуць хачу я крылле –
Я ў свет вольны палячу,
Бо мне тут не па плячу,
Бо я тут – жывы ў магіле;
Я пастаўлю сілу сіле,
Волю сам я ўзяць хачу!
Так, даволі! досыць здзеку!
Не, павук, я больш не твой:
Зведаў я тваю апеку,
Час сквітацца мне з карчмой!
Хітры ты, шынкару-Шлёма:
Скрыпку ўзяў маю ў палон,
Каб не кінуў твайго дому,
Каб быў звязаны Сымон.
У Сымонкі ўсё гатова,
Абмяркована даўно.
Ён жыццё пачне нанова,
Гляне ў новае акно.
Праўда, ён – не так і бедны:
Грошай мае рублёў тры
Да дзве грывенькі з гары1
I траяк яшчэ той медны!
I ён тыя заработкі
Панясе аддасць бацьком,
Хоць на момант на кароткі
Завітае ў родны дом.
Эх ты, родненькі куточак!
Ці ж не думаў ён аб ім?
Многа думаў, не спаў ночак
Тут, слугуючы чужым!
Сніўся родны дом хлапчыне,
Вабіў моцна, бы святло.
Млела сзрца па айчыне,
Хоць і цяжка ў ёй было.
Ды хто ведаў гэты смутак,
Тугу хлопца-гаруна?
Хіба гэты вось закутак,
Печ да немая сцяна!
Але гэта ўсё пазбыта:
Ён не служка тут больш – квіта!
Ён гадае аб дарозе,
Сніць яе штоночку ў сне
I яшчэ аб кімся грозіць –
Ці ж ён дом яе міне?
Так гадае наш музыка,
Планы строячы цішком,
Толькі вось дзе закавыка:
Скрыпка ў Шлёмы пад замком!
I ці ж гэта справядліва?
Ашуканец ён і лгун!
Каб той Хаімка саплівы
Смеў крануцца яе струн!
Эх, не раз агонь пякучы
Па ўсіх жылах прабягаў,
Калі Хаім скрыпку мучыў,
А Абрам дапамагаў!
Не знаходзіў хлопец месца.
Зубаскал жа той Яхім,
Як заноза, ў сэрцы ўесца,
Кеплі строячы над ім:
– Эх, Сымоне, мая рыбка!
Ну, прапала твая скрыпка!
Раз да Хаіма папала,
Лічы смела, што прапала!
Раве – чуеш? як карова!
А ён, падла, б’е з-за вуха,
Як тым цэпам, як абухам, –
Ну, не грае – коле дровы!
А ўсё рабін той насаты!
А ўсё рабін: гэта ён
Зацягнуў цябе ў палон!
Ох, лахудра! ох, пракляты! –
Не стрываў раз ён – балюча!
Ён туды бяжыць з калом,
А там Шлёма за сталом;
Каб не Шлёма, была б буча.
– Твая скрыпка будзе цэла:
Я ж гляджу яе тут сам,
Граць і тромкаць – яе дзела!
Ну, больш Хаіму не дам!
I Сымон не робіць шуму,
Хоць вяліка тое зло,
Ён стаіў у сэрцы думу,
Каб дагадак не было.
Як жа вызваліць з палону
Скрыпку, сэрца яго часць?
Як прабрацца за заслону?
Хто памогу яму дасць?
Там і дзеці, там і Хава,
Шлёма сам і той вядзьмак...
Не прыступішся ніяк, –
Не, нялёгкая то справа!
Ляжа ў запечку хлапчына,
Абмяркоўвае свой план.
Можа, здарыцца часіна,
Як заедзе які пан
I музыку затрабуе,
Як бывала тут не раз,
Шлёму ў лапці і абуе,
Скарыстае гэты час.
Ды калі яно што будзе?
Толькі час звядзеш дарма,
А ты ўсё служы паскудзе,
Покі прыйдзе зноў зіма.
Ды зноў будзь усю тут зіму,
Абівай яго парог...
Расказаць хіба Яхіму:
Ён напэўна б дапамог.
Але не: Яхім жартлівы –
Смешкі будзе строіць, кпіць.
Можа, Хаім той саплівы?
Яго можна падкупіць...
Ой, не, не! Ён скажа Шлёму,
Тады будзе шмат трудней;
Не казаць тут лепш нікому,
Лепш зрабіць усё самому –
Так надзейней, спакайней.
Але як? Вось дзе загвоздка!
Асцярога трэба, спрыт...
Ну ты, Шлёма! ну, псякостка,
Ашуканец, жываглыт!
Але як бы ні было там,
Ён паставіць на сваім,
Ён пралезе хоць бы кротам,
Бо пад Шлёмавым тут ботам
Ён не хоча быць зусім.
Ходзіць хлопец, выглядае,
Вухам ловіць кожны крок;
Цягне хлопца шафа тая,
Што замкнёна пад замок.
 
Ён прыслухаўся – нікога!
Ён у той пакой бягом!
Сэрца стукае ў малога,
А ў вушах гудзе, як гром.
Ён паслухаў – ціха ўсюды,
Шбы вымерла карчма;
На дварэ дзесь Шлёма руды,
Хавы такжа тут няма.
Да дзвярэй ён крок ступае,
Ён нямее, прыліпае.
I скрозь шчылінку ў замок
Той пакойчык аглядае...
Стукнуў хтось – ён раптам скок!
Прытуліўся ў кут у цёмны,
Дух стаіўшы, ні мур-мур!
Скуль жа стук той патаёмны?
Ці прабег дзе проста шчур2?
Да дзвярэй ён зноў шыбуе,
Міг адзін, і клямка – бразь!
А скрозь цішу грабавую
Хтось крычыць яму: «Не лазь!»
Але хлопец не зважае,
Ён да шафы – пад замком!
Стукнуў злёгку кулаком,
Стук насмерць яго пужае,
А на стук той скрыпка – бом!
Хтруны ціха зазвінелі,
Адгукнуліся яны,
Бы агонь прабег па целе,
Трэпет палкі і дзіўны.
Так вось дзе яе няволя!
Але йдуць... Ён вобцас вон!
З карчмы выскачыў на поле,
А ў вушох – той струнны звон.
I свідруе мозг пытанне:
Ці замецілі, ці не?
Момант страху і хістання
Хлопца томіць, хлопца гне.
Ён на карчму пазірае,
Каб пытанню даць адказ,
А яна маўчыць, старая,
Пэўны маючы выраз.
Не: там ціха, мёртва-глуха,
Там нічога не чутно.
Толькі Шлёма ў нейкім руху.
Што б то значыла яно?
Выйшаў хлопец за стадолу.
Дзень надвечары. Цяплынь,
А на полі па-над долам
Жыта гойдаецца плынь;
Там дарога так знаёма.
Унь і дуб той і той клён...
Ён стаіўся нерухома:
Да стадолы ідзе Шлёма,
Невясёлы, смутны ён.
Ходзіць, чухае чупрыну,
Штось мармоча, бы дурны,
Штось сказаў Абраму-сыну,
I кудысь ідуць яны.
Пастаялі на дарозе,
Шлёма зноў ідзе назад;
Хава, хлопцы ўсе ў трывозе...
Ці ж то ён іх зрушыў лад?
Ці не знаюць, што ў каморцы
Быў ён з замерам ліхім?
Але чуе ў іх гаворцы
Словы: «Ганаф»3 і «Яхім».
Пачынае хлопец цяміць:
Знік Яхім кудысь з канём.
Асвятлілі яму памяць
Тыя словы, як агнём:
«Я, брат, знаю, што мне трэба,
У мяне ёсць пэўны план:
Я вазьму кусішча хлеба,
А не зношаны каптан;
Толькі ўскіну я вачыма –
Мой і погляд зробіць след,
Ты пачуеш пра Яхіма
I сам родзішся на свет!»
Так, прыйшла яго часіна, –
Ім цяпер не да яго!
Але трусіцца хлапчына,
Каб не вынікла чаго.
Абыходзіць ён стадолу,
Ідзе ў кухню са двара,
Погляд кідае наўкола,
Бачыць – постаць карчмара.
Аглядае ўсё дарогу,
А з ім Хаім і Абрам.
Самы час прарваць аблогу –
Толькі рабін адзін там.
Ён падосак4 бярэ ў рукі,
Каб з тым справіцца замком;
Ідзе ціха, ані гуку,
Бы кот, крадзецца цішком.
Стаў, паслухаў – мёртва-глуха.
Дзверы штурхнуў, шусь туды;
Прылажыў яшчэ раз вуха,
Поўны страху і жуды, –
Ціха ўсё. А рабін строгі
Са сцяны глядзіць стражэй...
Ці то вушы, ці то рогі?
Бровы ссунуты ніжэй,
Погляд злосны і нямілы.
Тут да шафы хлопец – скок!
Штурхнуў дзверцы з усёй сілы, –
Бразь там зашчапка-кручок!
Разышліся дзверцы самі,
Чуе ён знаёмы гуд...
Скрыпка родная! ты тут!
Ён дрыготнымі рукамі
Скінуў з вешалкі сурдут,
Скрыпку борздзенька знімае,
Скрыпка з ім! Цяпер – гайда!
Ён скрыпулю абнімае...
– У ты, рабін-барада! –
Крок ступіў і на канапу!
Кулаком яму патрос.
– У ты, чортавая лапа! –
I дзве пстрычкі даў у нос!
        
        
        
        ––––––––––––
        1 З гары – звыш таго.
        2 Шчуры – мышы, пацукі.
        3 Ганаф (яўр.) – злодзей.
        4 Падосак – вузкая жалезная паласа знізу драўлянай восі (у калёсах).

        
        
        
        
V
        
Страшнавата, сцішна ўночы...
Нібы ходзіць хтось, шалпоча,
Пустым смехам дзесь рагоча...
Ці то, можа, плача Шлёма –
Не ўсё добра ў яго дома!
А там нешта бы рухома...
Ці то вочы, тыя вочы?
Страшнавата, сцішна ўночы!
Ноч так зманна, так варожа!
Спатайку наскочыць можа
Нехта страшны з свайго ложа...
А там... што там? двое, трое, –
Клубок страхаў, там іх роі,
I не злічыш ты іх зброі,
Многа іх! ён іх не зможа:
Ноч так зманна, так варожа!
Хоць бы месяц выплыў з хмары:
Асвятліў бы ён абшары
I развеяў тыя чары.
Месяц выплыў, пасвятлела;
З мроку цэркаўка бел-бела,
Як і ён, глядзіць нясмела –
Болей страху на іх твары.
Месяц! лепш схавайся ў хмары,
Бо ў тым блеску-асвятленні
Больш замецен» менш збавення –
Страшна гэтае суценне!
Ці з кары старога дуба
Нос высоўваецца, губа,
Смех, ды страшны; рот бяззубы,
Хтось вылазіць з-пад карэння...
Ці то помста зневажэння?
Страшна гэтае суценне!
Хлопцу сцішна і маркотна...
Ноч цянюецца дрыготна...
Дзесь хтось свіснуў траякротна,
Свіснуў!.. хто? для якой мэты?
Ці то знак які? прыметы?
Ці то страшны рабін гэты?
Ці то пташка мімалётна?
Хлопцу сцішна і маркотна.
Ноч глыбее, поўнач скора;
Свецяць ў небе бледна зоры,
А карчма з-за касагору
Выглядае так жалобна;
На астрог яна падобна.
Ён, яна стаяць асобна,
Яны разам былі ўчора...
Ноч глыбее, поўнач скора.
Крыкнуў певень дзесь далёка.
Ды так глуха, так глыбока,
Так нясмела-адзінока!
Ціш, глухота, нема ўсюды,
У вушах бы енкі-гуды,
У вушах той рабін руды...
Што там бачыць яго вока?
Крыкнуў певень дзесь далёка.
Але блізка час світання,
Знікнуць страхі ўсе дазвання,
Дык жыві ж ты, вандраванне!
Мрок радзее, ноч святлее,
Ноч і добрай быць умее.
Жывіць душу зноў надзея,
Сэрца цешаць песні рання...
Блізка, блізка час світання!
            Дрэмле чутка ў полі ніва,
            Выступае лес маўкліва
            З мроку чорнаю пілою;
            Хмарак шоўкавая грыва
            Рассцілаецца гулліва
            Агнячырванай мятлою.
Тыя ж зоркі, бы дзяўчаткі,
Дзесь бягуць у свае хаткі,
I апошні раз іх вочкі
Шлюць свой усмех развітання, –
Промень ласкі і кахання, –
Да наступнай яснай ночкі.
Дзень праз цёмныя заслоны
Падымае сцяг чырвоны,
Каб сагнаць з зямлі туманы.
Чырвань льецца на загоны,
Нішчыць цьмы пасады-троны;
Дню складаюць гімн паляны.
Хлопец чуе адраджэнне;
Ноч прайшла, пазбыта цьма,
Волен ён, канец мучэнню,
Не гняце яго карчма!
Так прывольна, так прасторна!
Што было – прайшло як дым;
Ён ідзе, ідзе напорна
Крокам смелым, маладым.
 
Ён вітае яснасць неба,
Сакаўное поле, лес,
Пах зямлянай, свежай глебы,
Каласкоў жывы навес,
Мнагадумныя прасторы
I шумлівыя бары...
Унь і хвоі ў жытнім моры,
Бы дзве родныя сястры,
Ён пазнаў іх, ён ім рады –
Ён замеціў іх тады.
Скора будуць і прысады –
Ці не іх унь то рады?
Ён ідзе, падходзіць сонца,
Лес агортваецца ў сінь...
Будзе горача бясконца,
Хоць садзіся адпачынь!
Убок глянуў, там сунічкі,
Бы каралі на траве.
Ну, прыпынак невялічкі –
Ён збярэ іх жменькі дзве!
I лясок тут такі слаўны –
Так і горне той лясок.
I дзесь дрозд, знаёмы даўны,
Падае там галасок,
Як бы ў госці заклікае.
I Сымонка не чакае:
Ён з дарогі зварачае
I на сонцы пад кустом
Прысядае, спачывае,
Потым моцна засыпае,
Распасцёршыся пластом.
Доўга спаў ён, як забіты;
Сонца ўстала на паўдні,
I гудуць над ім сярдзіта
Дзеці лесу, авадні.
– Устань, любы! – шэпча сонца.
– Уставай! – шуміць дубок.
– Абудзіся, галубок! –
Кажуць травак валаконцы.
– А-а! – Ён вочы раскрывае.
– Дзе ж то я? – глядзіць вакол.
Перад ім сцяна жывая,
Над ім шапка баравая,
Лес – зялёны частакол.
I адразу ясна стала –
Вольны ён, ён не слуга!
Разышлася і прапала
Гэта сонная смуга!..
Але што то? здань ці дзіва?
Ці то лес навёў туман?
Мільгатнула штось маўкліва,
Промень кінуў смех шчаслівы,
Бы ажыў унь той дзірван,
Вочкам бліснуў дурасліва!
Не, не можа быць, то – зман!
То быў вобраз іскраззянны,
Момант радасці, надзей,
Сэрца гімн агнём параяным,
Песня зорак, санцавей.
Знікла здань – так сон знікае,
Але водгулле яе
У вачох яшчэ бліскае
I спакою не дае.
Ды якая ж то праява?
Сон няўспомнены ці яў?
Ці русалчына забава?
Ці лясун пажартаваў?
I задумаўся хлапчына:
«Сон такі прысніў, знаць, я».
Над ім гэтая хвіліна
Вее чарамі жыцця.
– Э! – махнуў Сымон рукою,
Каб ход іншы думкам даць:
– Не мне з доляю такою
Аб ёй марыць і гадаць!
Сеў і з клунка ён вымае
Рыбу, хлеб, кладзе на дол;
Няхай Шлёма прабачае:
Шабасовы1 гэта стол!
Будзе снеданне, бы ў пана,
На пахучым мурагу...
Што за цуд? з таго дзірвану
Хтось азваў: – Сымон! а-гу!
Ён ускочыў, азірнуўся,
Галавой абвёў вакруг;
Бачыць – куст узварухнуўся,
I адтуль, бы светлы дух,
Тварык мілы выглядае,
Здаваленне, смех на ім,
Шчасце-радасць маладая
Ззяе сонцам веснавым.
– Ганна! Родненькая Ганя!
Крок наперад ён ступіў,
Так здзівіўся! і ў тым стане
Рукі смешна апусціў.
– Ай, Сымон! які дзіўны ты! –
Ганна смехам залілася.
Смех, бы зорамі спавіты,
I галоўка самавіта
З траўкі-зелені ўзнялася,
I бліскаюць яе вочкі,
Як у жыце васількі;
Голас – срэбраны званочак,
Шчочкі – макавы лісткі.
– Дзе спаткаліся, Сымонка!
Як жа ты папаў сюды?
А як зыгнуў ад нас гонка –
Помніш тую ноч... тады? –
Ганна борзда гаварыла,
Распытоўвала сябра,
Нават трошкі пажурыла,
Што іх выракся двара.
– Я збірала тут суніцы,
Зірк – аж бачу, нехта спіць!
Я спужалася, дурніца:
Злодзей, думаю, ляжыць!
Я ўжо бегчы прэч хацела,
Ды дай, думаю, зірну
На «разбойніцкае цела».
Крок ступаю я нясмела,
Голькі ціхенька гарну,
Як зірнула ж – і пазнала!
I так шкода цябе стала –
Не пасмела я будзіць,
I гадзіны дзве чакала –
«Няхай, думаю, паспіцы».
Ці здароў жа? як жывецца?
Скуль ідзеш? куды? зачым?
Сядзьма тут! – Яна смяецца
I садзіцца радам з ім.
I так добра стала ў лесе!
Ён бярэ яе руку,
А зязюлька на суку
У жывой зялёнай стрэсе
Ім варожыць штось – ку-ку!
Ён глядзіць дзяўчынцы ў вочы,
Ён маліцца ёй гатоў.
Ёй сказаць так многа хоча,
Ды не знойдзе толькі слоў –
Аж той дрозд з яго рагоча!
 
                  С ы м о н
 
Ах, Гануська, як я рады!
I вось, Ганя, што дзіўно:
Мяне гнала штось з прысады
I шаптала мне адно:
«Ідзі ў лес, у лес зайдзі!
Адпачынь там, пасядзі!»
I так выйшла ўсё да ладу!
 
                  Г а н н а
 
Ты ж адкуль ідзеш, Сымонка?
 
                  С ы м о н
 
Я ў карчме служыў, ды ўцёк.
Ох, карчмар мне так дапёк –
Ну, хоць кідайся ў палонку!
 
                  Г а н н а
 
Бедны! бедны! А ты вырас,
Ну, зусім дзяцюк другі,
I няма тае смугі...
А ў вачох той самы выраз –
След нязбыўнае тугі...
А скажы: ты помніў нас?
I мяне ці ўспомніў з раз?
 
                  С ы м о н
 
Не было тае часіны,
Таго вечара і дня,
Каб і ты й твая радня
Не прыйшлі мне на ўспаміны.
Я ляжу адзін, бывала,
Ноч зацятая, жуда,
I смяртэльная нуда
Кіпці выпусціць і джала.
Але ўспомню аб табе я –
Чымся добранькім павее,
Забываецца карчма;
Зноў абудзіцца надзея,
Што ў жыцці не вечна цьма.
 
                  Г а н н а
 
Дык ты помніў, што ёсць Ганна
Дзесь на хутары ў глушы?
 
                  С ы м о н
 
Ты была ў маёй душы
Заўжды міла і жаданна.
 
                  Г а н н а
 
Ты, здаецца, за сняданне
Думаў сесці? Снедай, дружа!
Чаго тут сціскацца дужа?
Абы меў на то жаданне!
А то хочаш: будзем разам
Мы спраўляць маёўку тут?
 
                  С ы м о н
 
Я скажу, як Шлёма: «гут!»
 
                  Г а н н а
 
А мой полудзень пад вязам –
Баль устроім, як паны!
Там з суніцамі збаночак,
Сыру смачнага кусочак
I грачанікі-бліны.
 
 
У цяньку старога дрэва
Селі, снедаюць яны,
I іх сэрцы згоды, спеву,
Светлай радасці паўны.
Не змаўкае іх гаворка:
Расказаў Сымон аб тым,
Як жылося яму горка,
Хто быў Шлёма і Яхім,
Як ён рабіну ліхому
Там папомсціўся за здзек,
I як пойдзе ён дадому –
Ён, з грашамі чалавек!
Павандруе ў свет з скрыпуляй,
Песні будзе ён складаць,
Ён людзей дабром атуліць,
Каб палёгку людзям даць.
Потым сціх Сымон панура,
Смутак злёг яму на твар, –
Так змаўкае перад бурай
Поля стомлены абшар.
Ганна голаву схіліла,
Смуткавала і яна,
Бы адным крылом акрыла
Іх мысль нейкая адна.
 
                  С ы м о н
 
Што ж мы змоўклі? Эх, Гануся!
Як падумаю, што зноў
Я адзін павалакуся –
Проста ў сэрцы стыне кроў.
Я нядаўна быў шчаслівы,
Не гадаў я ні аб чым,
Не палохаў свет жахлівы,
Як бы я не жыў у ім,
Бо ў той міг перад сабою
Меў цябе, цябе адцу.
Сэрца білася табою,
Бы сваю знайшло вясну
Ў свеце гора і блукання;
Ды канец ёсць усяму:
Наша скончыцца спатканне,
I мой дзень у сум змяркання
Зноў апусціцца, бы ў цьму.
Мы разойдземся. Дарогі
Нашы розна пабягуць:
Поміж намі ёсць парогі,
I нам іх не абмінуць.
Мы, Гануся, – каляіны,
Адной скрыпкі дзве струны –
Іх аднакі скрозь пуціны,
Ды не сходзяцца яны...
 
                  Г а н н а
 
Кінь, Сымонка, смутак гэты,
Ты «не ў родных каранёх»,
Многа ў свеце ёсць дарог,
Дык шукай жа свае мэты,
            А парогі –
            Прэч з дарогі!
Ты паслухай: хай у полі
Роўна колейкі ідуць,
Няхай дзве струны, дзве долі
Песню ў згоднасці вядуць.
Пойдзем вось да нас у госці –
Не цурайся нашай хаты.
А для мамы і для таты
Многа будзе весялосці!
 
                  С ы м о н
 
Я зайду да вас, Гануся!
Я найду к табе дарогу,
Я прыйду к твайму парогу –
Дом пабачу і вярнуея!
Залатыя твае слоўкі –
Мая песня ў час вандроўкі,
Ты як бы дала мне крылле,
Многа радасці дала,
I забудзе чарнабылле,
Краскі згледзеўшы, пчала.
 
 
                  Г а н н а
 
Ну, то хоць на развітанне
Паіграй, Сымонка, мне,
Каб мінута расставання
Нам казала аб вясне.
 
 
Слухаў ён, мацнеў душою,
Свет хацелася абняць,
На калені стаць прад ёю,
Ёй жыццё сваё аддаць.
I чароўна зыкаў хвалі
Паліліся, пацяклі,
А зязюлька кукавала
Ім аб радасцях зямлі.
        
        
        ––––––––––––
        1 Шабасовы (яўр.) – святочны.


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.