РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзённікі
1941
1942
1943
1944
1945
1946
1948
1949
1950
1951
1952
1953
1943
1943
        
16.I
        
        Перад Новым годам цяжка захварэў Кузьма Чорны. Наведаў яго. Ляжыць прыкуты да ложка. Вечарам – казала Рэня – праслухаў апошнія паведамленні і раптам схапіўся за сэрца. Пімен паехаў на Паўночна-Заходні фронт. У апошнім пісьме Любаша піша, што Максімка расце вельмі пацешным хлапчуком і што яна чуецца добра. Не ведаю, як яна там можа адчуваць сябе добра пры сучаснай дарагавізне і зімніх халадах і ўдалі ад Радзімы.
        
        
11.II
        
        Сёння з С. Прытыцкім наведалі нашага таварыша па падполлі цяжка параненага Паўла Адынца. Баіцца, дзівак, каб яго доўга не пратрымалі ў шпіталі і без яго не закончылася вайна. Неспадзявана сустрэў на вуліцы Апанскага яўрэйскага паэта Гелера, вершы якога я калісьці перакладаў. Пры дапамозе партызан нейкім цудам яму ўдалося ўратавацца з беластоцкага гета.
        З Міхасём Ціханавічам былі у Я. Бранеўскай, дзе засталі Е. Путраманта. Пачаставала яна нас такім моцным кофе, што з непрывычкі ў мяне аж сэрца зайшлося.
        
        
7.VІ
        
        Позна вярнуўся з Саюза пісьменнікаў. Міхась Ціханавіч капаўся ў сваёй карэспандэнцыі, потым набіваў папяросы, неўзабаве заваліўся спаць... А я, каб яму не перашкаджаць, прыкрыў абажур настольнай лямпы, узяўся за верш, прысвечаны Я. Купалу...
        
Зноў чэрвень вуліцы Масквы
Заліў расплаўленым блакітам,
I толькі дальні гром зенітак
Напамінае: бой ідзе...
        
        А далей нешта забуксавалі мае радкі. Узяўся за заключную страфу.
        
Настане дзень, настане час –
Усе збяромся на Радзіме.
Ты вечна будзеш сярод нас.
I непаўторнай тваё імя
Легендай стане у вяках,
Паходняй, што сваім праменнем
Паможа ў будучыню шлях
Прабіць наступным пакаленням.
        
        
8.VІ
        
        У Саюзе пісьменнікаў пазнаёміўся з Д. Кедрыным. Падзякаваў яму за яго выдатны пераклад маёй балады «У завею», якая была змешчана ў «Правде» (6.ІІІ), помню, перад самым ад’ездам на работу ў рэдакцыю газеты Прыволжскай ваеннай акругі. А накіравалі мяне туды згодна выдадзенаму загаду: усіх т. з. «заходнікаў» нават з арміі адпраўляць у будаўнічыя батальёны. Агулам перажываў я тады гэту непрыемную гісторыю, бо адчуваў, што гэта – пачатак маёй новай і самотнай Адысеі.
        Часта задумваюся: ці можна будзе калі напісаць усю праўду пра нашы бурныя часы і падзеі, пра незабыўныя сустрэчы з многімі цікавымі і выдатнымі людзьмі, з якімі мне выпала сустракацца, пазнаёміцца. Апошнімі часамі на многае гляджу іншымі вачамі. Гляджу, быццам праз працёртыя акуляры. Відаць, час уносіць свае няўмольныя карэктывы ва ўсё. Адзін з герояў Рамэна Ралана марыў, каб праз кожнае паўстагоддзя адбываўся крытычны перагляд літаратуры, музыкі, мастацтва і ўсё непатрэбнае, лішняе адсейвалася і не перашкаджала нараджэнню новага. Бяда толькі, што ацэнкі мастацкіх твораў заўсёды былі і будуць суб’ектыўныя, супярэчлівыя. У свій час у Расіі Булгарын і Кукальнікаў былі болын папулярнымі, як Пушкін. У Полынчы ў штыкі былі сустрэты першыя творы Міцкевіча і асабліва – Норвіда. А што было ў нас, калі творчасць розных графаманаў процістаўлялася творчасці Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча? А колькі, помню, у нашай Заходняй Беларусі было каранавана розных бездараў!
        
        
9.VІ
        
        Нешта даўно не меў ніякіх звестак ад сваіх саратаўцаў. У апошнім пісьме Любаша пісала, што атрымала паштоўку ад Р. Р. Шырмы, у якой просіць напісаць яго Клаўдзіі Іванаўне, што ён жыў, здароў, працуе ў школе выкладчыкам літаратуры. Трэба было б дзядзьку Рыгору памагчы перабрацца ў Маскву. Я ўжо аб гэтым гаварыў з Ц. С. Гарбуновым. Толькі мой голас – голас «заходніка» – мала тут важыць. Буду прасіць М. Лынькова і К. Крапіву дапамагчы ў гэтай святой справе.
        
        
11.VІІ
        
        Сёння з Аркадзем былі на падмаскоўнай дачы П. К. Панамарэнкі, дзе я ледзь не захлынуўся ў здрадлівай Клязьме. За абедам ішла гутарка аб стварэнні фільма аб партызанскай барацьбе ў Беларусі. Магчыма, нам з Аркадзем і давядзецца пісаць да яго сцэнарый. Удалі ад Радзімы амаль ва ўсіх абвастраецца любоў да яе. Відаць, таму самыя прачулыя творы пра Радзіму, пачынаючы ад Авідзія, Міцкевіча, пісаліся то ў далёкіх блуканнях па свету, то на выгнанні, то ў палоне ці няволі. Думаю, пасля гэтай страшэннай вайны, калі нам суджана вярнуцца дамоў, будзем болын даражыць сваёй зямлёй, а каб не быць на ёй нейкім пустазеллем, даражыць роднай мовай.
        Чамусьці Аркадзь зноў не раіць мне весці ніякага дзённіка. Ды я яго і так рэдка калі бяру ў рукі. Дзякуй богу, з фронту паступаюць усё больш радасныя звесткі. Вельмі хацелася б наведаць сваіх саратаўцаў.
        
        
21.VІІ
        
        У букіністычным магазіне купіў «Слово о полку Лгореве». Некаторыя гавораць, што гэта – падробка, як падробкамі з’яўляюцца: «Песні Асіяна», напісаныя Макферсанам, «Краледворскі рукапіс», напісаны Ганкам, «Песні заходніх славян» Мерыме... Але «Слова», бясспрэчна, ніякая не падробка, твор геніяльнейшага паэта, якога ва ўсёй славянскай літаратуры ніхто яшчэ не перавысіў.
        
        
7.ІХ
        
        Сёння ўсе мы былі ў П. К. Панамарэнкі, які паведаміў, што, нарэшце, партызанам удалося расправіцца з гітлераўскім гаўляйтарам Беларусі фон Кубэ. На пахаванні свайго вернага служакі прысутнічаў сам Гітлер. Зараз у многіх нямецкіх газетах друкуюць аб нябожчыку розныя ўспаміны і яго запіскі аб нашым краі. Калі вярталіся ў гасцініцу, Масква салютавала ў гонар вызвалення Смаленска. Я доўга стаяў і любаваўся на расквечанае ракетамі неба, у якім кружыла і крычала вараннё, напалоханае громам салюта і феерверкам.
        
        
9.ІХ
        
        А фронт з кожным днём набліжаецца да Беларусі.
        
Гэтым памятным дням жыць і жыць у вяках,
Нат калі час сатрэ след пажарышч і попел,
I карэнне смалістае маладняка
Вып’е кроў, што сягоння зрасіла акопы.
Дык вітай жа, народзе, свабоду сваю!
Хай салюты Масквы, нібы громам вясняным,
Над тваёй шматпакутнай зямлёй прапяюць
I асвецяць зарой перамогі жаданай!
        
Г7.ІХ.
        
        Па партызанскай пошце атрымаў два пісьмы: адно ад А. Бурава, другое ад П. Адынца. Бураў піша, што бацькі мае жывы... Ім перадалі нумар газеты, у якой было паведамленне аб узнагароджанні мяне ордэнам Чырвонага Сцяга. Маці з радасці плакала й цалавала газету. Партызаны, якія там базіруюцца, казаў Бураў, аказваюць ім дапамогу. У хуткім часе ён сам збіраецца наведаць Шлькаўшчыну і нашы аколіцы. Чытаю і перачытваю гэта пісьмо з таго свету. «Нельга ў словах перадаць аб палаючай Нарачы... Толькі за апошнія часы немцы спалілі больш 200 вёсак, тысячы людзей забілі, тысячы забралі ў няволю і вывезлі ў нямецкае рабства»... Піша і пра сям’ю Міхася (Машары), якая жыве ў Прудах. Толькі туды цяжэй дабрацца, бо подступы да гэтага пасёлка перакрыты нямецкімі гарнізонам’і.
        А Павел Адынец пад клічкай Вінаградава партызаніць недзе на Беласточчыне. Перадае прывітанне ад Міхася (Васілька). Піша, што ў сувязі з набліжэннем фронту абставіны ўскладніліся, часцей прыходзіцца манеўрыраваць, рабіць «драй драп». Але – нічога. Думаю, перажывем гэту цяжкую барацьбу і сустрэнем нашу Чырвоную Армію. У канцы пісьма – сумная звестка аб гібелі былога віленскага падпольшчыка і нашага старога друга – Бонка, «з грудзей якога немцы сарвалі ордэн Чырвонай Зоркі».
        Сёння забег А. Астрэйка. «Учора, – казаў, – быў у нашых кіраўнікоў. Чытаў ім свае вершы. Як бабры, плакалі наркомаўскія масы».
        Відаць, учарашні хмель не выветрыўся з яго галавы, бо і мне пачаў іх чытаць. Добра, што пазванілі і паклікалі нас на рэдакцыйную нараду, бо, відаць, і мяне давёў бы да слёз.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.