РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзённікі
1941
1942
1943
1944
1945
1946
1948
1949
1950
1951
1952
1953
1944
1944
        
25.V
        
        Быў у Ф. Маркава. Даведаўся аб смерці сястры Верачкі. Не ведаю, як перажылі бацькі гэту трагедыю. Маркаў зноў збіраецца быць у нашых краях. Трэба будзе праз яго паслаць пісьмо дамоў. На вуліцы сустрэў пахавальную працэсію. I я далучыўся да праважаючых. Сёй-той здзіўлена паглядзеў на мяне, але, відаць, здагадаўся, што і ў мяне бяда. Апусціўшы галовы, аж да крэматорыя праводзілі нябожчыка. А кім быў ён, я не асмеліўся запытацца.
        
        
20.VІ
        
        На мяне часта находзяць такія хвіліны, калі хочацца напісаць нешта значнае. Мо і сёння да мяне вернецца страчаны супакой, і я зноў вазьмуся за пяро.
        
        
3.VІІ
        
        З групай работнікаў ЦК на трох грузавых машынах едзем з Новай Беліцы на фронт. Сонца ледзь прадзіраецца праз хмару пылу, якая вісіць над дарогай. Сёння Чырвоная Армія вызваліла Вілейку. Аж не верыцца, што хутка магу дабрацца да сваёй Шлькаўшчыны.
        
        
6.VІІ
        
        Едзем з рознымі прыгодамі: то машына псуецца, то спыняемся, то прарываемся пабочнымі дарогамі з Дукоры на Рудзенск, а там, далучыўшыся да групы партызан атрада В. I. Казлова, едзем у напрамку былога Бабруйска. Аж да самага Мінска – жудасная дарога вайны: тысячы разбітых машын, гармат, танкаў і трупы, трупы, трупы нямецкіх салдат. Шмат на якіх участках дарога прастрэльвалася разрозненымі нямецкімі часцямі і ўласаўцамі, якія стараліся прарвацца на захад. Нарэшце – Мінск. Не горад – а велізарны магільнік. Аж страшна хадзіць па яго зарослых травой руінах. Сям-там жаўцеюць лапінкі жыта, зелянеюць градкі нейкай гародніны, ды партызаны папасваюць коней.
        
        
18.VІІ
        
        Сёння М. Лынькоў, П. Броўка, А. Куляшоў, Вайняровіч і я ездзілі ў Трасцянец, дзе ўсё яшчэ дагараюць горы трупаў. Кажуць, што тут загінула каля 200 тысяч чалавек. Бачылі ўзарваную печ, у якой палілі трупы, і дзесяткі велізарных ям, дзе ссыпалі косці, попел ахвяр. З гэтага лагера ніхто жывым не вяртаўся. На зямлі ляжалі груды перапаленага жалеззя і розных рэчаў. На кацялках віднеліся розныя надпісы: «Шура Гарадкова, Урбановіч Галя 421, В. В. Луц (надпісы зроблены на беларускай мове), Алек Ступень, сел 18 ноября 1942 г., рожд. 1927 г., Хранкоў, Тнмохнн Н. Н. (гэты надпіс на ацалелай старане біклагі, другая расплавілася на агні). Бондар Сцяпан, Шэлькін, Тегеза Кошігаіо^ісгб^упа 4.УІ. 1944 г., Войтеховскнй Нван М., 1921...».
        На расплаўленай смале ўграз салавей. Ледзь мы яго выратавалі.
        З М. Лужаніным і П. Глебкам у Чырвоным касцёле аглядалі цікавыя роспісы П. Сергіевіча. Зараз усе разам (М. Лынькоў, П. Глебка, М. Лужанін і я) жывём у невялічкай ацалелай халупе на вул. П. Крапоткіна, 61. Магчыма, сюды перавязу і Любашу з Максімкам.
        
        
26.VІІ
        
        Выбраўся ў Вільню. Начаваў у Ашмянах у нейкай польскай сям’і. Гаспадары цікавіліся, дзе пасля вайны пройдзе граніца з новай Полынчай. Відаць, збіраюцца эвакуіравацца. Амаль усю ноч прагаварыў я з імі. Ды і так не заснуў бы, бо несціхана раўлі машыны, танкі, няспынна ішлі калоны мабілізаваных у армію.
        
        
31.VІІ
        
        I так, зноў у Вільні. Прайшоў праз прадмесце Новы Свет, праз Вострую Браму. На вуліцы Канарскага, дзе некалі жыў з Аляксандрам і Мікалаем Хадзінскімі, наведаў сваіх былых гаспадароў – Шаф’янскіх, ад якіх даведаўся, што маці Любашы жыве на сваёй Буковай вуліцы. Адразу ж пабег яе наведаць, застаў яе на агародзе. Капала бульбу. А дзе бацька? Памёр.
        У хаце застаў Кіру – жонку В. Таўлая, якая ўсю вайну па падробленаму пашпарту пражыла ў яе. Ноччу быў страшэнны налёт нямецкай авіяцыі на Вільню. Бомбы трапілі ў эшалон з рэактыўнымі снарадамі, і ўзрыўной хваляй былі зраўняны з зямлёй многія прывакзальныя будынкі, вуліцы.
        Даведаўшыся аб арышце П. Радзюка, узброены карэспандэнцкім пасведчаннем, падпісаным П. К. Панамарэнкам, хадзіў у адпаведныя ваенныя інстанцыі прасіць яго вызваліць, бо яго добра ведаю, калісьці сядзеў з ім на Лукішках, а ў часе вайны ён, будучы настаўнікам у беларускай гімназіі, памагаў партызанам наладжваць радыёапаратуру. Паабяцалі разабрацца.
        
        
1.VІІІ
        
        Наведаў ксяндза Адама Станкевіча. Кіра расказвала, што ён уратаваў ад расправы групу камсамольцаў і памог вызваліць з нямецкіх лап В. Таўлая. У айца Станкевіча застаў Янку Шутовіча. Вельмі цёпла яны мяне сустрэлі, хоць і адчувалася ў іх нейкая трывога, разгубленасць: што будзе з імі? I не дзіва, бо за кватэрай ужо сачылі. Калі я чытаў ім сваю паэму «Янук Сяліба», у пакой уварваўся нейкі тып, каб праверыць у прысутных дакументы, але маё пасведчанне змусіла яго рэціравацца. Развітаўшыся з А. Станкевічам і Я. Шутовічам, я і сам падумаў, што сітуацыя складаная і невядома, што іх чакае.
        
        
6.VІІІ
        
        Выехаў з Вільні. На папутных машынах дабраўся да Мядзела, адкуль, разам з Ф. Маркавым і партызанам яго злучэння, у другой палове дня быў у Пількаўшчыне. А дома шмат радасці і шмат гора, бо даведаўся аб трагічнай смерці сястры Верачкі і яе малыша. Пастарэлі мае бацькі, падраслі Федзя, Людміла. Добра, што хоць ёсць яшчэ нейкі хлеб. Трэба будзе ім памагчы, хоць зараз і ў самога пуста ў кішэні. А трэба мне яшчэ перавезці з Арэхава ў Мінск і Любашу з Максімкам і пачынаць заводзіць сваю гаспадарку.
        
        
1.ІХ
        
        Трэба будзе перавезці Любашыну маці ў Мінск. Усю вайну жыла з ёй і зараз жыве былая жонка Валянціна Таўлая – Кіра Бранд, якую яна ўратавала ад немінучай смерці ў Віленскім гета. Цікавыя суседзі пыталіся ў старой: «Хто ў цябе жыве?» Яна ўсім адказвала, што гэта незаконнанароджаная яе дачка, якая толькі пасля смерці мужа прыехала да яе. Прызнацца, хоць гэта Кіра – чалавек і адукаваны, культурны, мне не спадабалася: абсалютна не арыентуецца ні ў палітыцы, ні ў жыццёвых справах. Не ведаю, як з ёю Таўлай сышоўся. Што магло быць супольнага ў іх? Мне асабліва не спадабалася пасля расказаў старой, згараванай Любашынай маці, як гэта Кіра сябе паводзіла з ёю. Напалохаўшы старую, што немцы могуць арыштаваць яе за падораныя ёй некалі сваячніцай дзве дарагія, з цудоўным сярэбраным акладам іконы, прадала іх некаму. Або як угаворвала сваіх сяброў Федэцкіх, што выпадкова пачула маці, каб яны прыносілі старой мыць сваю бялізну. I гэта тады, калі гэта старая пакутавала з пераломанай рукой. Зараз хоча, каб я памог уладкавацца на нейкую работу, каб я пазнаёміў яе з літоўскімі пісьменнікамі, бо яна збіраецца выдаць зборнік вершаў В. Таўлая і ўжо дамовілася з нейкім мастаком-афарміцелем.
        З Вільні прывёз цэлую кіпу даваенных беларускіх, польскіх, украінскіх газет, часопісаў і цудам ацалелую, знятую ў славутым фотаатэлье Зданоўскіх нашу з Любашай фатаграфію.
        Тэмы, якія, можа, некалі стануць вершамі: «Бутэлька, вылаўленая ў моры», «Пажар старой карчмы», «Падарожжа з Калумбам», «Рэпатрыянты», «Багароб».
        Трэба было б перакласці баявы верш Ванды Зеленьчык «Марш Народнай Гвардыі» «Мы са спаленых сёл»...
        
        381
        
        А гэта перапісваю з блакнота, толькі не помню чые радкі:
        
«Нам смерць нясе вораг паганы,
Ды мы яго стрэнем агнём.
Наперад у бой, партызаны!
ІПтыкамі ў баю, партызаны,
Дарогу да сонца праб’ём!»
        
        
28.ІХ
        
        З брыгадай нашых і маскоўскіх пісьменнікаў выехаў на Другі беларускі фронт, якім камандуе гвардыі генерал-палкоўнік А. Гарбатаў. Па дарозе спыняліся на начлег у Баранавічах і ў Беластоку. Ледзь адшукаў той дом, у якім жыў перад вайной. Замбраў. Да Варшавы – 100 кіламетраў.
        На прыёме ў А. Гарбатава пазнаёміліся з генерал-лейтэнантам, прадстаўніком стаўкі Галоўнага камандавання Мядзведзевым, начальнікам палітаддзела генерал-маёрам Амасавым, які расказаў, як падчас атакі паў яго конь, а салдат-узбек падбег, выразаў кавалак мяса забітага каня і далей пабег у атаку.
        
        
2.Х
        
        Цэлы дзень былі на пазіцыі дывізіі генераллейтэнанта Івашачкіна. Потым з М. Лыньковым трапілі ў дывізію генерал-маёра Вяроўкіна. Да позняй ночы чытаем дывізіённую прэсу, знаёмімся з байцамі. Ідуць несціханыя баі. Ад краю да краю чырвоным агнём палыхае небасхіл.
        
        
8.Х
        
        Па дарозе ў Новыя Явары трапілі з М. Лыньковым пад артабстрэл. Начавалі ў супрацоўнікаў франтавой газеты паэта Несцерава, пісьменніка Сцюарта і свайго даўняга знаёмага паэта Савіцкага.
        
        
12.Х
        
        Перакачавалі ў дывізію генерал-маёра Валасатых. З палкоўнікам Грузенбергам былі ў часцях, якія рыхтаваліся да наступлення. Роўна ў 12.00 ночы пачалася кананада з плацдарма за ракой Нараў, ад якой калацілася ўся зямля. Раніцой, калі крыху пацішэла, прыйшлі гаспадары хаты, у якой мы прыпыніліся. Разам з наступаючымі часцямі ідзём за Нараў.
        
        
14.X
        
        Спыніліся ў форце Ружана. Уся зямля перагарана снарадамі, апаленая агнём, пакрытая забітымі. Пахавальныя каманды засыпаюць траншэі, поўныя трупаў нямецкіх салдат. Нашых – пахавалі асобна ў магілах.
        Перайшлі ў форт «Ромб», які стаіць на высокім пагорку. Няспынна б’юць гарматы, «кацюшы», сотні ракет уздымаюцца ў неба, ахопленае заравам пажараў. Недзе за намі ўзрываюцца нямецкія снарады. Іх нейкія сухія выбухі заглушаюць галасы на камандным пункце.
        
        
3.ХІ
        
        Толькі што вярнуліся з камандзіроўкі, як зноў трэба збірацца ў дарогу. М. Лынькоў, К. Крапіва, А. Куляшоў, М. Машара і я едзем па загаду П. К. Панамарэнкі ў Полыдчу, на Беласточчыну. Выдалі нам на дарогу пісталеты, на ўсякі выпадак, каб было чым бараніцца ад акаўцаў. Заданне: памагчы ў рэпатрыяцыі беларусаў у Савецкі Саюз.
        
        
6.ХІ
        
        На машыне прыехаў у Гайнаўку і адразу пайшлі па вёсках агітаваць. А вёскі тут досыць заможныя і прыгожыя. Ва ўсіх хаты чыстыя, прасторныя. Людзі не вераць, што тут будзе Польшча. Пішуць у Маскву, Сталіну, каб перанёс граніцу за Буг, далей на Захад. Не хочуць пакідаць землі сваіх бацькоў.
        
        
23.ХІ
        
        Дома сустрэлі нас з сумнай звесткай: памёр Кузьма Чорны. Са смерцю гэтага выдатнага майстра беларуская літаратура панесла велізарнейшую страту. Напісалі мы з А. Куляшовым развітальнае слова. Не ведаем толькі, ці яго надрукуе наша «Звязда», бо ў рэдакцыі неяк насцярожана аднесліся да гэтага.
        
        
28.ХІ
        
        Пахавалі Кузьму Чорнага. У жыцці, як у велізарнай рацэ, смерць чалавека не пакідае прыкметнага следу. Але смерць такіх людзей, як К. Чорны, пакідае на гэтай рацэ віры, якія зніжаюць яе ўзровень і доўга б’юцца ў берагі рэчышча.Газеты чамусьці не далі, напісанага з Аркадзем, пасмертнага слова пра К. Чорнага.
        
        
30.ХІ
        
        Пазычыў у А. зборнік палемічных артыкулаў М. Горкага, з рэзкай негатыўнай ацэнкай дзейнасці У. Леніна ў першыя гады Кастрычніцкай рэвалюцыі. Цяпер усумніўся, што «зборы твораў» сапраўды з’яўляюцца зборамі ўсіх твораў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.