РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзённікі
1941
1942
1943
1944
1945
1946
1948
1949
1950
1951
1952
1953
1948
1948
        
2.ІV
        
        Радыё перадало аб прысуджэнні мне Сталінскай прэміі за зборнік вершаў «Каб ведалі». Хаджу пад уражаннем гэтай неспадзяванай узнагароды, бо ніхто ў нас на яе мяне не вылучаў, і нават яшчэ няма гэтага зборніка ні на беларускай, ні на рускай мове. Толькі паасобныя цыклы вершаў з яго друкаваліся ў часопісе «Беларусь».
        Прынеслі віншавальныя тэлеграмы ад Твардоўскага, Куляшова, Осіна, Зарыцкага... Няспынныя тэлефонныя званкі.
        Прачытаў пачатак сваёй новай паэмы і забракаваў. Паслаў пісьмо дамоў, ды, відаць, трэба будзе пад’ехаць у сваю Шлькаўшчыну і ўгаварыць, каб там нашы не ўпіраліся ўступаць у калгас, бо ўжо званілі мне з абкома, што дзядзька Максіма Танка сарваў сход, на якім нашы хутаране аб’явілі аб сваёй гатоўнасці пайсці ў калгас, калі ў яго пойдуць дзядзька Фадзей і мой бацька. А сход, здаецца, праводзіў адзін з адказных работнікаў Маладзечанскага абкома Л. Г. Кляцкоў. Відаць, дома не ўяўляюць, чым усё гэта можа закончыцца.
        
        
17.ХІ
        
        Адкапаў у сваіх кніжных залежах стары нумар «Вядомосці літэрацке» і яшчэ раз прачытаў артыкул Ю. Тувіма «Чатырохверш на варштаце» і яго, трэба сказаць, геніяльныя пераклады твораў А. С. Пушкіна. Набраўшыся адвагі, узяўся за пераклады санетаў А. Міцкевіча і выпраўляю ранейшыя свае пераклады.
        Думаў, пасля прэміі буду пісаць лепш, а лепш – не ўдаецца. Толькі ў вершы для малышоў «Жук і Слімак» прабіўся нейкі жывы проблеск. Мо і далей пайсці па гэтай сцяжыне?
        
        390
        
        А гэта навагодні мадрыгал Я. Коласу:
        
Каб у гэтым годзе новым
Была добрая вясна,
I ўраджай нам адмысловы
Выгадавала яна;
Каб у гэтым годзе новым
Дождж заўжды жаданым быў
I па ўсіх лясах, дубровах
Гадаваліся грыбы.
Гадаваліся такія,
Каб сам Колас пахваліў,
Каб у нетры баравыя
Іх збіраць часцей хадзіў.
А ў тым лесе, дзе пытаюць:
– Колькі жыць? – яму заўжды
Кукавала баравая
Незлічоныя гады.
        
        Максім Лужанін казаў, што Я. Коласу спадабаўся мой верш «На камні, жалезе і золаце». Мне толькі здаецца, што перадапошняя страфа лішняя і яе можна было б скараціць, а апошнюю зрабіць не такой сусальнай. А гэта са сваіх назіранняў: трэба асцеражней дзяліцца сваімі ўспамінамі, планамі, бо потым можаш іх сустрэць у творах іншых пісьменнікаў. Так што ў гутарцы з нашым братам варта аб гэтым помніць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.