РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзённікі
1941
1942
1943
1944
1945
1946
1948
1949
1950
1951
1952
1953
1951
1951
        
28.II
        
        Думаў, што рана буду ў Маскве, але страшэнная замяць перакрыла ўсе дарогі, і за Оршай наш цягнік прастаяў каля васьмі гадзін. Потым аж да Смаленска прабіваліся праз снежныя заносы і траншэі. Гэтымі днямі, у складзе дэлегацыі Таварыства дружбы і культурных сувязяў, еду ў Венгрыю. А пакуль што, уладкаваўшыся ў гасцініцы, пастараюся раздабыць білет у МХАТ на «Мёртвыя душы».
        
        
1.ІІІ
        
        Перасеклі граніцу. Надзвычай сардэчна сустрэлі нас венгерскія сябры. На кожнай станцыі – сустрэчы з прадстаўнікамі Таварыства венгерска-савецкай дружбы, карэспандэнтамі, якія засыпаюць рознымі пытаннямі: чаму ў нас не друкуюцца творы Ясеніна, Ільфа і Пятрова? Адкуль яны гэта ўзялі? Спыніліся ў невялічкай, але вельмі ўтульнай будапешцкай гасцініцы на востраве Маргіт.
        
        
7.ІІІ
        
        Бясконцыя сустрэчы і выступленні. Быў на заводзе Тумана і на ўрачыстым адкрыцці Кангрэса венгерска-савецкай дружбы. Помнік Л. Кошута. Толькі чамусьці гэты нацыянальны герой і кіраўнік паўстання венгерскага народа стаіць з апушчанай галавой. Гаспадары жартуюць, што ён не хоча глядзець на мінуўшчыну. А можа – на сучаснасць? На адкрыцці месячніка дружбы быў Ракошы. Яго жонка і члены ўрада. «Эльен Сталін!» «Эльен Ракошы!» «Са Сталіным – за мір!..».
        
        
8.ІІІ
        
        Знаёміліся з камбінатам Ракошы ці Чырвоным Чэпелем. Выступалі на літаратурным вечары ў філармоніі. Нарадзгас. Дэбрэцэн. Мяне суправаджае вельмі сімпатычная перакладчыца Ала Нікадэмус, якая ў гады вайны шмат адпакутавала ў фашысцкіх лагерах і засценках. Пазнаёміўся з венгерскімі паэтамі Кардашам, Дэвечары і з славутым кавалём-мастаком Экрашам Н’ешам.
        
        
14.III
        
        Нацыянальны музей, Таварыства дружбы. Вечарам з гары Гелерт любаваліся маляўнічым відам Будапешта.
        
        
15.III
        
        На мітынгу на плошчы Нацыянальнага музея чытаў перакладзены на беларускую мову верш Ш. Петэфі «Нацыянальная песня»:
        «Устань, мадзьяр, на кліч айчыны!..»
        
        
16.III
        
        Вышаград. Наведалі дом адпачынку венгерскіх пісьменнікаў. Цікава прайшла гэта сустрэча. Як не хапае ўсім нам такіх творчых кантактаў, абмену думак, шырокіх сувязяў са светам, – без чаго не можа нармальна развівацца ні літаратура, ні мастацтва. Мала ведаюць венгерскія сябры аб нашай беларускай літаратуры, ды і мы не можам пахваліцца сваімі ведамі аб іх літаратуры, якая зараз развіваецца паміж трыма полюсамі: сваімі класічнымі традыцыямі, заходнім мадэрнізмам і сацрэалізмам.
        А вось і Балатон! Спыніліся на пару гадзін у Ціхані. Гэта тут у часе вайны былі страшэнна цяжкія баі. Зямля хутчэй, як людзі, залечвае свае раны. Цішыня. Толькі шумяць хвалі, адна за другой набягаюць на пакаты бераг, усеяны «каменнымі капытцамі» – галькай.
        
        
4.ІХ
        
        Каторы раз бяруся за свой дзённік! Шкада, што шмат прапусціў цікавых старонак жыцця, якія сёння амаль зусім сцёрліся з памяці. Дзённік патрэбен мне для маёй працы. Гэта – не магільнік маіх думак і пачуццяў, куды рэдка заглядае і сам пісьменнік, гэта – шлях з верставымі слупамі-паказальнікамі.
        Гартаю прывезены з Шлькаўшчыны гадавік «Аколіцы паэтаў», увесь пажаўцелы ад сырасці, пагрызены мышамі. Калісьці гэта была трыбуна паэзіі «перажытай», «аўтэнтычнай», трыбуна С. Чэрніка, які змагаўся супроць авангардызму.
        
        406
        
        Пачынаецца кампанія збору подпісаў пад зваротам Сусветнага Савета Міру. Мяне выбралі старшынёй Мінскага камітэта садзейнічання. Запісаўся на Вячэрні універсітэт марксізму-ленінізму, каб крыху лепш падкавацца ідэалагічна. Званілі з Масквы. Камітэт Міру арганізуе паездку ў Кітай.
        
        
8.ІХ
        
        Няспынна марасіць дробны дождж. Учора выступаў на заводзе Кірава. А дома, кожны дзень – то землякі, то госці. Думаў напісаць пра новабудоўлі на Волзе, а потым узяўся чытаць матэрыялы для «Полымя». Вельмі няўважна пачаў апрацоўваць артыкулы свайго аддзела наш прызнаны крытык Сцяпан Майхровіч. Ці не пачаў ён зноў піць, як піў раней?
        
        
16.ІХ
        
        Пішу верш «На Волзе». Толькі ніяк не магу знайсці да яго цікавай канцоўкі. Ездзілі з Любашай у Каралішчавічы. Перад сном пачаў перачытваць Клёнаўскія пераклады сваіх вершаў. Пераклады вельмі няўдалыя. Не ведаю, што з імі рабіць, бо кнігу як найхутчэй трэба здаваць у выдавецтва. Відаць, добры перакладчык, як і добры паэт, з’ява – рэдкая. А пераклад часта вырашае лёс паэта. Агулам, той хто не чытае беларускай паэзіі ў арыгінале, не можа судзіць аб яе самабытнасці і арыгінальнасці. Прызнацца, я не прыхільнік даслоўнага перакладу, бо слова залежыць і ад гучання, і семантычнага значэння, і ад спалучэння яго з іншымі словамі, але не магу і мірыцца з рознай адсябяцінай.
        
        
28.ІХ
        
        Збіраўся цэлы дзень працаваць, але пазваніў А. Куляшоў, і разам з ім пайшлі мы купляць машыну «Победу», а потым на стадыён, дзе нашы дынамаўцы прайгралі вільнюскай камандзе 2:1.
        Спакушаюць мяне ўзяцца за лібрэта «Кветка Цянь-Шаня». Не ведаю, можа, і вазьмуся. Гэтымі днямі пачаліся заняткі ва універсітэце марксізму-ленінізму. З пісьменнікаў запісаліся толькі мы з П. Пестраком. Прызнацца, цяжка мне даецца гэта мудрасць, як калісьці ў гімназіі «Катэхізіс». Здаецца, пакуль чытаю, разумею, а потым усё выветрываецца з галавы, асабліва даты з’ездаў, пленумаў, розных пастаноў.
        
        
29.ІХ
        
        Заўтра збіраемся – П. Броўка, М. Лужанін і я – у Баранавічы, Навагрудак. Мо ўдасца пабываць у Налібоцкай пушчы, на Кромані, дзе апошні раз бачыў гэтыя цудоўныя мясціны ў 1936 г.
        
        
1.Х
        
        Сёлета выдаліся засушлівымі і лета і восень. Нават азімыя не абышлі. На рынку ў Навагрудку – горы яблык, груш, сліў. Быў у музеі А.Міцкевіча, на Замкавай Гары. Горад страшэнна разбураны. На месцы былых вуліц усё яшчэ ляжаць горы шчэбню.
        
        
2.Х
        
        Быў на прыёме румынскай дэлегацыі, сярод гасцей – два пісьменнікі: Марору і Надзь. Куляшоў і я доўга з імі гутарылі на розныя літаратурныя тэмы. I Марору, і Надзь – удзельнікі рэвалюцыйнага падполля. Першы адсядзеў болып дзесяці год у розных румынскіх турмах. Вельмі крытычна яны адзываліся пра Э. Букава, які зазнаўся. З захапленнем гаварылі пра Н. Хікмета, хоць апошнія вершы з налётам натуралізму ў «Лнтературной газете» нам не спадабаліся. Румынскія сябры нат адмовіліся іх друкаваць. Зразумела, што Хікмет, калі яны яму аб гэтым сказалі, быў здзіўлены і не згадзіўся з іх ацэнкай сваіх вершаў. Праўда, самаацэнка рэдка калі бывае аб’ектыўнай. Кожны стараецца пісаць як найлепш, але як атрымаецца – не яму судзіць. Відаць, крыніц паэзіі столькі, колькі людзей. Ды кожная дэфініцыя яе – дэфініцыя мастацтва пішучага. Мы жылі заўсёды і жывём на вялікім скрыжаванні розных паэтык і стыляў. Агулам, мне здаецца, што паэзія, творчасць – рэчы такія інтымныя, як любоў, жыццё і смерць, аб якіх вельмі любяць гаварыць толькі розныя балбатуны.
        
        
4.Х
        
        Разам з А. Куляшовым і П. Кавалёвым ездзіў у Магілёў выступаць перад студэнтамі і курсантамі. Упершыню я наведаў гэты горад. Шкада толькі, што не было часу пазнаёміцца з ім. Вяртаючыся, спыніліся ў лесе. Ля вогнішча перакусілі. Мінск сустрэў нас дажджом. Дома застаў пісьмо ад Дзмітэркі з Кіева, які запрашае прыехаць на пленум СП Украіны. Магчыма, што з Куляшовым паеду ў Кіеў, які дагэтуль толькі бачыў з самалёта.
        
        
11.Х
        
        Прачытаў у «Лнтературной газете» цікавы артыкул Марыі Бануш, які закранае важнейшыя пытанні нашай сучаснай крытыкі і самакрытыкі.
        Цікава, што да вайны амаль усе авангардысты стаялі на левых, рэвалюцыйных пазіцыях, покуль у нас не пачалі ад адных адхрышчвацца, а другіх – сілком цягнуць у сацрэалізм.
        Горкае выказванне Гегеля: «Практыка і гісторыя вучаць, што ні народы, ні ўрады ніколі і нічаму ў гісторыі не навучыліся, ніколі не кіраваліся навукай, з якой трэба было б чэрпаць».
        Цэлы дзень заняты быў падборкай вершаў да зборніка «Выбранае», які выдавецтва запланавала выдаць у 1952 г. Гэтымі днямі з Куляшовым, Кавалёвым наведаем Брэст. Звоняць з ЦК: трэба з нейкай дэлегацыяй ехаць у Прагу. I так, з адной дарогі – у другую.
        
        
23.X
        
        Будучы на Брэстчыне, пабываў у Белавежскай пушчы, дзе нагледзеўся на яе ўладароў – зуброў, на векавыя сосны і дубы, наслухаўся іх шуму-гулу. Упершыню тут убачыў асеннія ландышы. Лісты іх пасохлі, але на сцяблінках, на якіх вясной цвілі прыгожыя белыя кветкі-званочкі, чырванелі пацеркі ягад. Цэлы букет іх прывёз дамоў. Пабываў у Брэсцкай крэпасці, дзе і сёння крывавяць прабоіны і шрамы на руінах сцен: здаецца, усё яшчэ чуюцца выбухі бомб і снарадаў.
        Дома застаў цяжка хворую Любашу. Грып, а да яго – болі ў сэрцы.
        
        
27.Х
        
        З групай пісьменнікаў ездзіў у Рудзенскі раён глядзець, як працуюць канавакапацелі Мацапуры. Бачыў, як трактары цягнуць велізарны плуг, які пакідае за сабой гатовы магістральны канал. Відаць, пры дапамозе такой тэхнікі мы хутка перагаром свае балоты. Толькі куды дзявацца спрадвечным яе жыхарам – журавам, буслам, качкам, кнігаўкам, кулікам... Ніхто пра гэта не думае, захапіўшыся вар’яцкай ідэяй – пакарэннем прыроды. А мне, як чалавеку, які вырас на пількаўскіх імшарах і балотах, чамусьці трывожна на сэрцы.
        
        
28.Х
        
        Вечарам з Любашай глядзелі кінафільм «Мадам Бавары». Заўтра еду ў Маскву, а там – у Варшаву, дзе зараз госціць Міхась Лынькоў, з Варшавы – у Прагу. У складзе дэлегацыі, да якой і мяне далучылі, сем чалавек: П. Н. Трэцякоў, К. С. Сухаў, I. I. Брыцько, Т. Н. Яблонская, А. П. Жураўлёў, Т. I. Бялоў. Да нас, здаецца, яшчэ павінны далучыцца С. Н. Пільчук, Ц. С. Мальцаў.
        
        
4.ХІ
        
        Чэхаславацкая граніца. Перасадка. Дождж, дождж. У пагоні за новымі ўражаннямі, як цыган, не магу спыніцца ў сваіх вандроўках па свеце. А пара. I галава, і дарожны блакнот – поўныя розных тэм. Праўда, запас бяды не чыніць.
        
        
5.ХІ
        
        Былі на прыёме ў міністра прапаганды В. Капецкага, потым – знаёміліся з Прагай, па-святочнаму прыбранай да сустрэчы Кастрычніка. Удалося яшчэ пазнаёміцца з цікавай выстаўкай выяўленчага мастацтва. Шмат бачыў арыгінальных работ чэшскіх і славацкіх майстроў, але і шмат паспешліва і шаржыравана скапіраваных з нашых, савецкіх шырпатрэбаўскіх палоцен.
        
        
7.ХІ
        
        Учора позна вярнуліся з мітынгу. Раніцой паехалі ўскладаць вянкі на магілы савецкіх воінаў. Шмат было народу, асабліва дзяцей. На многіх могілках гараць свечкі. Вецер развявае жалобныя стужкі: «Мы вас помнім», «Мы з пражскага дзіцячага саду № 16 заўсёды ўспамінаем вас, герояў, якія вызвалілі нашу Прагу...».
        Выступаў на адкрыцці выстаўкі «На вечныя часы з Савецкім Саюзам».
        
        
8.ХІ
        
        Сустрэчы. У Саюзе чэшскіх пісьменнікаў неспадзявана сустрэў Гроша. На маё пытанне, як яму падабаецца праект помніка, які чэхі збіраюцца паставіць у знак нашай перамогі і дружбы, адказаў, што не падабаецца. Прызнацца, нельга было з ім не згадзіцца. «Але аб гэтым, – дадаў ён, – павінны сказаць вы. Вас яны паслухаюць, бо да маёй думкі яны аднясуцца іначай: заўсёды, што падабалася паляку, не падабалася чэху, і наадварот».
        На адной з вуліц гід паказаў пацямнелы ад часу дом з двума сонцамі, у якім жыў (1834–1891 гг.) Ян Неруда.
        З пошумам асенніх дрэў аднекуль плыла мелодыя цудоўнай сметанаўскай «Влтавы». А тут жа ў Празе недзе жыве адзін з маіх сяброў, адзін з нашых выдатнейшых артыстаў-спевакоў М. Забэйда. Можа, мне неяк удасца яго тут адшукаць. Бо мне быць у Празе і не сустрэцца з ім – грэх.
        
        
9.ХІ
        
        Наведаў Лідзіцы. У музеі – пісьмы лідзіцкіх дзяцей, у якіх яны просяць прыслаць ім нейкую вопратку і хлеба, «бо мы без мамы, бо мы без таты»... Многія з іх загінулі. З Бамбея прыслалі вялізны звон для лідзіцкага касцёла. Можа, яшчэ хто адклікнецца на яго прызыўны голас і вернецца на свае папялішчы.
        
        
10.ХІ
        
        Выступаў па радыё і ў Саюзе пісьменнікаў, дзе чытаў фрагменты са свайго «Пражскага дзённіка». Потым дэлегацыя наша наведала турму, у якой сядзеў Юліус Фучык. Паказалі нам у падзямеллі шыбеніцу і гільяціну, якую фашысты, калі ўцякалі, разабралі і кінулі ў Влтаву. Але памочнік галоўнага ката Вайса Нерат, якога злавілі, расказаў, дзе яна схавана, і яе дасталі. Яшчэ і сёння віднеюцца плямы крыві на сценах гэтай катоўні. Ніхто не ведае, колькі людзей тут загінула. Кожную пятніцу тут праводзіліся экзекуцыі. Падлік ахвяр вялі вязні па ўдарах гільяціны, якая апускалася кожныя пяць мінут. На сцяне – стаўшыя крылатымі словы Фучыка: «Людзі, будзьце пільнымі!»
        
        
11.ХІ
        
        Дзённік мой нагадвае чарнавы накід аб маіх падарожжах у пошуках новых краявідаў, прыгод, хараства і яго сутнасці. Мо ўсё гэта выклікана недахопам усяго гэтага ў маім ранейшым жыцці і ўцёкамі ад аднастайнай рэчаіснасці?
        Пасля літаратурнага вечара ў Пелзне наведалі размешчаны ў доме Генляйна музей, у якім сярод розных экспанатаў выстаўлены турэцкія фескі, пашытыя вязнямі Дахау для гітлераўскіх штурмавікоў, якія, захапіўшы Каўказ, збіраліся праз Іран маршыраваць у Індыю, кнігі «Бог і жыццё», «Аб свабодзе», «Закон божы», «Біблія» ў пераплётах з чалавечай скуры, булава, якой разбівалі голавы вязням, і зямля ў урнах з усіх канцлагераў.
        Выйшаўшы з гэтага музея, мне здалося, што я выйшаў з пекла, і не верылася, што над зямлёй яшчэ свеціць сонца. Хацелі яшчэ мне паказаць аўтограф Гітлера, але я адмовіўся:
        – Бачыў я яго і ў нас на кожным кроку і ў вашых Лідзіцах...
        
        
13.ХІ
        
        Экскурсія ў замак Кржываклад. Ля сцен замка – велізарныя акамянелыя калоды, знойдзеныя французскім інжынерам Барандам падчас пракладкі дарогі. На адным з балконаў расце стагодняя сасна. Розныя экспанаты, сярод якіх – меч з надпісам: «Калі яго падымаю, жадаю грэшніку царства нябеснага». Праваднік паказаў камеру, у якой у 1651 г. за ашуканства сядзеў вядомы алхімік Эдуард Келі. На двары – цікавы сонечны гадзіннік, лобнае месца, на якім сціналі галовы шахцёрам, што выступалі супроць магнатаў. Адзін з іх забіў ката, які хацеў яму звязаць рукі. У бібліятэцы паказалі Каран 17 века, «Даліміраву хроніку», якую ў свой час чытаў Шафарык, а на астранамічнай кнізе аўтограф Ціха Брага (1601). У замкавай царкве – цудоўны алтар работы аднаго з вучняў Віта Ствоша (Створа у час), які англічане хацелі купіць і давалі 20 мільёнаў крон. За алтаром – фрэскі невядомых майстроў.
        
        412
        
        Амаль цэлы дзень правялі ў Кржывакладзе. Стомленыя, позна вечарам ледзь дацягнуліся да Добржыш, да дома творчасці чэхаславацкіх пісьменнікаў.
        
        
14.ХІ
        
        Сёння, пасля знаёмства з велізарным пражскім металургічным заводам, паехаў з Б. Калявым наведаць хворага Здэнэка Няедлага. Відаць, ён рад быў гасцям. Пагаварылі аб нашых супольных знаёмых. Дамовіліся, што я яму прышлю некаторыя творы нашых беларускіх пісьменнікаў. Толькі ці зможа ён ужо іх прачытаць. Жартуе: – Ужо сёмы ці восьмы інфаркт. Прывык. Апошнія часы яго ў нас крытыкавалі, здаецца, за гісторыю Чэхаславакіі. Непрыемна ўразіла, што гэтага безнадзейна хворага чалавека і на лесвіцы, і ў калідоры пільнуюць нейкія ахоўнікі.
        
        
15.XI
        
        Браціслава сустрэла нас зацемненымі вуліцамі. Учора было выключана святло, чаму я нават быў рад, бо адклалі ўсе намечаныя сустрэчы, і я адзін пайшоў знаёміцца са сталіцай Славакіі.
        
        
17.ХІ
        
        Нудная і нецікавая сустрэча ў СП. Куды цікавейшай была сустрэча з ганчарамі. У музеі ганчарных вырабаў нагледзеўся на цудоўныя экспанаты. На печы, складзенай з кафлі, розныя надпісы: «Кацерына, піме віно, няхай вода тече міло», «Добры збанар на кожнай галаве выкруціць жбан», «Вінко грэе, вінко палі, вінко мудре гловы шалі». Толькі тут можна паверыць, што чалавека Бог вылепіў з гліны.
        
        
18.ХІ
        
        Плаціны на рацэ Ваг. Раніцой спыніліся ў Жыліне, ля помніка савецкім воінам. «Гады мінуць за гадамі і праху не застанецца, але слава аб рускіх воінах будзе жыць ва ўсім свеце». Колькі тут такіх магільнікаў!
        
        
20.ХІ
        
        Турчанскія цяпліцы, Дземеноўская рыбная гаспадарка, сяло Ждьяр, Белаводская даліна і, нарэшце, Татры, над якімі высіцца ў снежнай паласе пік Сталіна. Цікава, як ён зваўся раней?
        
        
21.ХІ
        
        Зноў вярнуліся ў Прагу. У Міністэрстве прапаганды пазнаёміліся з М. Зікмундам і Ю. Ганзелкам, якія паказалі нам толькі што прывезеныя з Паўдзённай Афрыкі знятыя імі новыя кадры свайго фільма. Апошнія сустрэчы, апошнія выступленні. Заўтра адлятаем дамоў.
        
        
25.ХІ
        
        Дамоў вяртаемся самалётам Прага – Львоў – Масква. Разам з намі лятуць два французы, якіх мы пачаставалі чэшскімі яблыкамі. Толькі ў Маскве даведаўся, што гэта французская дэлегацыя, якую сустракаў М. Ціханаў. Ён і пазнаёміў мяне з Ів Фаржам. Ад Ціханава даведаўся, што 27-га пачынаецца Трэцяя ўсесаюзная канферэнцыя прыхільнікаў міру. I так, яшчэ на пару дзён прыйдзецца спыніцца ў Маскве. На канферэнцыі сустрэў Я. Коласа, Ц. Гарбунова, А. Куляшова, К. Крапіву і П. Броўку.
        
        
8.ХІІ
        
        Усё не магу ачухацца пасля сваіх паездак. Заходзіў А. Венцлава, які па заданню Камітэта па Сталінскіх прэміях прыехаў пазнаёміцца з некаторымі пастаноўкамі ў нашых тэатрах.
        Былі з Любашай у Оперным тэатры. Сустрэў К. Буслава, які агарошыў мяне прапановай пайсці на пасаду начальніка аддзялення мастацтва пры Савеце Міністраў. Не ведаю, каму такая вар’яцкая думка магла прыйсці ў галаву. Хутчэй усяго збіраюцца выжыць мяне з «Полымя».
        Перакладаю Н. Хікмета і чытаю новы раман I. Гурскага. Відаць, будзем друкаваць, бо пакуль што ў рэдакцыйным партфелі няма нічога лепшага.
        Званілі з ЦК, каб не давалі мы няўзгодненых з дырэктыўнымі органамі твораў. Я думаю, што спрэчкі, разыходжанні ў ацэнках – з’ява натуральная. Нас павінны палохаць адсутнасць у творчых арганізацыях такіх спрэчак і цішыня. Бо ў літаратуры няма гладкіх дарог, да яе вядуць – крутыя і няходжаныя. I кожны павінен ісці сваёй дарогай.
        
        414
        
        Ёсць такі дыялог у барона Брэмбэуса: – Ці ёсць у вас добрыя кнігі? – Не, але маем вялікіх пісьменнікаў. – I так, маеце літаратуру? – Ні ў якім разе, маем толькі кнігарні.
        Мне здаецца, кожны крытык, які любіць павучаць, павінен мець свой план рамана, паэмы, бо як жа іначай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.