РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Журавінавы цьвет
1
2
3
2
Як толькі у хлявы загналі дзень,
Улан у хаце Баўтрука сядзеў,
Падпёршы п’яны цэбар-галаву.
Аб чым ён толькі там не гаварыў!
I пра паход з Баторым на Маскву,
Пра Чэнстахоў, пра Запарожжа, Крым,
I ў кожнай бітве ён гэроем быў:
Сьсякаў уланскай вострай шашкай лбы.
Пры гэтым горда грудзі выпінаў,
Як быццам станавіўся на парад,
I на грудзёх, здаецца, расьцьвітаў,
Як сонца, бронзавых мэдаляў рад.
 
Баўтрук як быццам і ня чуў яго,
Ўсё падпраўляў у сьветачы агонь
I толькі хітра збоку паглядаў.
Калі ж успомніў пра дачку улан,
Пра ураджай, які з палёў сабраў,
Што ён жыве без мазалёў, як пан,
I лепш бы, пэўна, яшчэ жыў, калі б...
Стары парупіўся, гасьцю даліў
I, выпіўшы, пытацца сам пачаў
Пра ураджай, мэдалі, ярыну...
Улан, асалавеўшы, маляваў
Далей пяром Сянкевіча вайну.
 
Раіна слухае. Здаецца ёй,
Што бацька хітра петлямі, трапой
Вядзе суседа п’янага ў кусты,
Каб той дарогі простай не знайшоў,
Ды і улан, мо’ п’яны, не аб тым,
Аб чым задумаў, гутарку павёў.
Глядзіць на госьця: сьмелы, стройны сам,
Дзе зь ім зраўняцца нашым дзецюкам.
А як умее складна размаўляць.
А ў скокі пойдзе – не стрымаць размах,
Аж толькі шпоры на нагах зьвіняць,
А гляне – пацямнее у вачах...
 
– Ды што ж, стары, ўжо мне пара ісьці,
Ў цябе язык, хоць лапці ім пляці,
А госьця ты і не спытаў, чаго
Ў адведзіны з гарэлкаю прыйшоў...
Пасаг?.. Ў мяне ёй хопіць усяго!
Як паню, прыбяру дачушку ў шоўк.
Мець будзе хлеб, і соль, і малако,
Забудзе вашу мову мужыкоў...
Раіна выйшла...
                                            Ў прыўне на кубле
Лягла... Закраўся ў сэрца нейкі страх,
Падплыў сьлязамі... Поўнач на сяле
Прапелі пеўні ў пунях і таках.
 
Баўтрук прамову слухаў да канца,
А потым, у адказе, малайца,
I хутар, і сабак пачаў хваліць.
Што ён ў ваколіцы дзяцюк адзін,
I розуму бог даў, і шмат зямлі...
Улан расьцьвіў, бы ў масьленіцу блін...
– Ды вось, – цягнуў далей Баўтрук стары, –
Дзяўчыну лепей пашукай ў двары;
За гэткага з-пад чарапічных стрэх
Гатова паляцець сініц хоць сто.
А нам, мякіньнікам, і лезьці грэх
У панскія харомы ці за стол...
 
Улан устаў бялей як палатно.
– Мо’ дзе спаткаемся, стары, мы зноў –
Глядзі, каб не зьліняла барада! –
Схапіў бутэльку... Эх, перанясло!
Гранатай ў бабскі качарэжнік даў,
Аж пырснула пчаліным роем шкло.
– Э-эх, сусед!..
                                Шкада мазоліць рук! –
Крактаў, вылазячы з-пад тапчана,
                                                                            Баўтрук,
Схаваўшы галаву – сівы качан.
– Багаты чым, тым і дарым гасьцей...
Калі што і ня так, пан, выбачай!..
Улан паплыў, як хмара, да дзьвярэй...
 
– А ты ня плач, яшчэ няма чаго!
Забудзесься празь месяц ці праз год, –
Стары Баўтрук Раіну пацяшаў, –
Ня свой, чужы нам гэты чалавек,
Цябе б не разумеў, не шанаваў.
Жыцьцё зусім яму не ў галаве...
Няхай па-добраму пакіне нас.
I безь яго мэдаляў, без лампас
Мы пражывём папраўдзе, як жылі.
Яшчэ зарана хліпаць уначы!..
Ці, можа, скрыўдзіў ён цябе калі?..
Што ж мне ты не адкажаш і маўчыш?
 
I раптам зразумеў Баўтрук стары.
Вясной на вечарыне да зары
Улан з Раінай усю ноч гуляў.
Адводзіў посьле... За гумном сьляды –
Баўтрук успомніў – мокрая ральля
Адбіла, сам яшчэ гадаў тады:
– Мо’ хто на сене п’яны начаваў... –
Стары сярмягу зь вешака сарваў,
Накінуў, перабраўся цераз плот,
Прыслухаўся: шум ветру... лазьнякоў...
I, гнаявыя вілы на плячо
Ускінуўшы, ў бок хутароў пайшоў...
 
З балот крынічыў вецер-сухавей,
З-пад сініх зор па стрэхах, па траве
Вішнёвую ўздымаючы мяцель,
Паводкай зелянеючай сплываў
I маладосьць – садоў расьцьвіўшых бель –
Гарачым вірам, подыхам зьмятаў.
Пад дзень суцішыўся і пацямнеў.
Спакойна неба дыхала ў паўсьне.
Пасыпаў дождж, як пацеркі, густы,
Па сьцежках зазьвінеў і між трысьця.
Набраклі нівы, дрэвы і кусты
Разбуджанымі сокамі жыцьця.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.